Людамір Сляндзінскі. Трайны партрэт

Свой трайны аўтапартрэт — мастака ў трэцім пакаленні, тэарэтыка мастацтва і грамадскага дзеяча — Людамір Сляндзінскі не напісаў на палатне. Але ўвасобіў у жыцці. У гэтым партрэце ёсць яркія беларускія колеры.



Людамір Сляндзінскі


Трайны партрэт адной асобы ў трох іпастасях — рэч надзвычайная, калі не сказаць адзінкавая. Прыклады таму ёсць. Гэта, перадусім, «Трайны партрэт кардынала Рышэлье» — палатно, што належыць пэндзлю французскага мастака Філіпа дэ Шампенэ (1642). Гэта шэдэўр Ван Дэйка — «Трайны партрэт караля» (1635, Віндзарскі палац — Каралеўскі збор), на якім манаршая асоба паказана ў трох ракурсах.

У беларускім мастацтве маем «Аўтапартрэт» Язэпа Драздовіча (1943), у якім творца паказаў сябе ў трох іпастасях: мысляра-даследчыка нябесных бегаў, мастака-жывапісца і літаратара адначасова.

Ад прадзедаў-дзядоў…

Дакументальных звестак пра пачынальніка мастацкага роду Сляндзінскіх вобмаль. Вядома хіба, што дзед — Аляксандр Сляндзінскі — ад 1819 па 1831 год вучыўся ў Віленскім універсітэце ў аднаго з заснавальнікаў прафесійнага выяўленчага мастацтва Яна Рустэма (1762–1835) і скульптара Казіміра Ельскага (1823–1825), які атрымаў адукацыю ў Парыжы (1821–1822) і Рыме (Акадэміі Св. Лукі, 1823). Пазней жыў у розных мясцінах правінцыі.

Аляксандр Сляндзінскі (дзед Людаміра). Аўтапартрэт

Паводле даследчыцы Рыты Янонене, Аляксандр Сляндзінскі, якім апекаваўся галоўны кіраўнік інсургенцыі 1831 года князь Адам Чартарыйскі, доўга «жыў у розных мясцінах правінцыі» пасля здушэння паўстання. Так доўга, што ў яго ў 1837 годзе ў мястэчку Скрэбні, каля Янава, што на Піншчыне, нарадзіўся сын Вінцэнт.

На карысць версіі ўдзелу Аляксандра Сляндзінскага ў паўстанні гаворыць і яго шчыльная сувязь з родам чынных удзельнікаў паўстання — Бенедыкта Тышкевіча (з галіны Лагойскіх). Працуючы ў Чырвоным Двары (зараз Раўдондварыс) каля Коўна, з 1842 года Аляксандр быў іх мастаком, а з 1848-га —выконваў абавязкі хатняга настаўніка малявання ў маёнтку.

У 1852–1856 гадах намаляваў алтарную карціну «Крыжовы Шлях» і некалькі абразоў для касцёла Св. Тэрэзы (Вільня), пісаў свецкія партрэты, як адзначаюць польскія даследчыкі, у «стылі, блізкім да твораў Рустэма». У 1870-х гадах маляваў алегарычныя і побытавыя сюжэты з філасафічным падтэкстам, а таксама сцэны жыцця простага люду.

Вінцэнт Сляндзінскі (бацька Людаміра). Аўтапартрэт

Сын Аляксандра Вінцэнт пайшоў па слядах свайго бацькі. Ад яго ж атрымаў свае першыя ўрокі малявання, а яшчэ ад Канута Русецкага (1801–1860), таксама вучня Рустэма, сябра Таварыства філаматаў.

Яблык ад яблынькі…

Людамір Сляндзінскі, прадстаўнік трэцяга пакалення віленскіх мастакоў, нарадзіўся пахмурным днём 1889 года ў Вільні на Сніпішках, у Зарэччы — раёне віленскай рамесніцкай галечы, які цяпер з’яўляецца своеасаблівай незалежнай культурніцкай рэспублікай з уласнай канстытуцыяй — Ужупіс.

Дзяцінства сваё Людамір правёў у цётак — Канстанцыі Прозаравай і Ізабелы Францкевіч у мястэчку Качаны (Віленскай, а з 1842 года — Ковеньскай губерні). Мяркуем, маёнтак знаходзіўся дзесьці ў наваколлі Мядзела. Вучыўся ў Першай віленскай гімназіі і школе І. Трутнева, па заканчэнні якой у 1909 годзе юнак паехаў у Пецярбург, дзе на пачатку вучыўся ва ўніверсітэце па спецыяльнасці «юрыспрудэнцыя».

Але хутка перайшоў у Мастацкую акадэмію, у майстэрню Зміцера Кардоўскага (1866–1943) — выдатнага малявальшчыка, узгадаванага на ўзорах класічнага мастацтва, які заўжды за прыклад браў малюнак Гальбейна, стрыманы каларыт Веласкеса і бенедзікцінскія адносіны да працы.

Гладкі і, здавалася б, сухаваты жывапіс, дакладна вывераны малюнак Кардоўскага прывабліваў нямногіх. Але Людамір ні абвяргаць, ні ўпарціцца гэтаму не стаў. Закончыўшы акадэмію ў 1916 годзе і перажыўшы ваенна-рэвалюцыйныя нягоды ў процьме падпрацовак і вандраваннях па парэштках неабсяжнай імперыі, толькі ў 1920-я гады Людамір вярнуўся на родную Віленшчыну. Ён уладкаваўся выкладчыкам малюнка ў гімназію Жыгімонта Аўгуста і з галавой акунуўся ў вір прафесійнага і грамадскага жыцця.

Вільня

Стварыць арганізацыю, якая б дапамагала мастакам, па большасці сярэдняга пакалення, узнікла ў Фердынанда Рушчыца. Увасобіць жа гэтую ідэю ў жыццё выпала Людаміру Сляндзінскаму. У траўні 1920 года ён спрычыніўся да заснавання віленскага Таварыства артыстаў-пластыкаў (WTAP) і быў абраны яго прэзідэнтам (пераабіраўся аж да 1939 года).

Бадай, першай публічна-адукацыйнай справай маладой арганізацыі сталася стварэнне школы малюнка пры WTAP (27 лютага 1921 года), якую таксама ачоліў Людамір Сляндзінскі. Увасобіўшы гэту ідэю, ён прыхоўваў да часу ад знешняга вока далёка ідучыя стратэгічныя планы літвіна.

Справа ў тым, што ў 1920-я гады мастакі розных краін былі апантаныя пошукам агульнанацыянальнага стылю. Пошукам былі занятыя і сябры нефармальнага варшаўскага аб’яднання «RYTM» і «сацыяльна блізкія» ўрадава-дзяржаўнай Польшчы сябры «Брацтва Св. Лукаша», закладзенага Тадэвушам Прушкоўскім ды іншымі. Тэарэтычныя праграмныя ўстаноўкі WTAP падштурхоўвалі яго сяброў да класіцызму, які падкрэсліваў лінію і змест, абапіраўся на італійскую школу ранняга рэнесансу, багаявіў італьянскае квадрачэнта — ідэал віленскай школы пачатку ХІХ стагоддзя. Наступным тактычным крокам было запачаткаванне часопіса «Poіudnie» (рэдактар Ст. Вазніцкі).

Варшава… І зноў Вільня

Уласная мастацкая кар’ера Сляндзінскага крута забірае ўгару ад выставы 1922 года, пасля якой ён атрымаў замову на роспіс плафона ў палацы Рады Міністраў, а пазней на выкананне эскізаў і роспісу залы пасяджэнняў Сейму Рэчы Паспалітай, мастацкае аздабленне рэзідэнцыі міністра замежных спраў. Уплыў ягоны быў настолькі моцны, што мастацкую супольнасць ахапіла хвароба «а ля Сляндзінскі».

У 1923 годзе Сляндзінскі выканаў манументальную працу «Алегорыя Палоніі». Наступная праца — плафон у прэзідэнцкай бібліятэцы. Пазней ён робіць фрэскі ў сядзібах віленскага ашчаднага банка і толькі што пабудаванага гаспадарчага Банка краёвага.

Развіваючы спрадвечныя тэмы — «Праца», «Удача», «Ашчаднасць», — ён звяртаецца да сімволіка-алегарычных вобразаў і прыкладае намаганні сцвердзіць новую міфалогію, якая ў нечым перагукваецца з эстэтычнымі ідэаламі тагачаснай Нямеччыны. Рух у гэтым накірунку заўважны з сярэдзіны 1920-х гадоў, знакавай з’явай якога сталася станковая алейная карціна «Дафніс і Хлоя» (1926).

Замовы падтрымлівалі не толькі маральна. Фінансавая незалежнасць дала Сляндзінскаму магчымасць наведаць Парыж, Рым, Фларэнцыю, Венецыю і пашырыць уласны кругагляд. Падарожжы спалучаліся з выкананнем манументальных замоваў, бліжэйшым знаёмствам з новымі мастацкімі павевамі, у тым ліку і мастацтвам новай рэчаіснасці, што набірала моц у Германіі.

Апрача ўсяго іншага, Сляндзінскі напрыканцы 1920-х — у першай палове 1930-х гадоў быў асобай аўтарытэтнай. Гарадскія ўлады абавязкова звярталіся да яго па пытаннях арганізацыі музея сучаснага мастацтва, стварэння камісіі па манументальнай прапагандзе (усталяванне помнікаў Сыракомлю, Міцкевічу, Вітаўту Вялікаму), экспертызе архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Гульня ў перацягванне каната

Летам 1925 года, вярнуўшыся на сталае жыццё ў Вільню, Людамір Сляндзінскі быў запрошаны Рушчыцам на пасаду загадчыка кафедры манументальнага жывапісу Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя, дзе працаваў да пачатку Другой сусветнай вайны — выкладаў, выконваў абавязкі намесніка дэкана і дэкана.

Галоўны ідэолаг WTAP любіў прыгаворваць: «Каб быць добрым паэтам, трэба грунтоўна спазнаць літаратуру класічную». У ягонай майстэрні, хоць і не эксперыментавалі, але да асобы майстра ставіліся з пашанай. Узорамі творчасці для яго былі Фрацішак Смуглевіч і Ян Рустэм.

З лёгкай рукі Т. Дабравольскага ў грамадска-мастацкім ужытку ўкараніўся тэрмін «Віленская школа». Здабыты аўтарытэт і пазнаванне яго праз WTAP адгукаліся не заўжды добразычлівай сталічнай крытыкай. Яго папікалі за тое, што ён закрэслівае вялікі атрад варшаўскіх мастакоў, маўляў, погляды ягоныя традыцыйныя. Што прысабечвае іх для патрэбаў уласнай творчасці. Што шчыльна кантактуе з афіцыйнымі ўладамі, каб мець ад іх гарантаваныя замовы і іншыя выгоды…

Дзейнасць WTAP на правінцыі, а галоўнае, вектар яе скіраванасці, не на жарт усхвалявала ідэолагаў і сталічнае чыноўніцтва ад мастацтва і падштурхнулі (калі не справакавалі) стварэнне ў Варшаве Інстытута прапаганды мастацтва (IPS). У красавіку 1933 года IPS адначасова адчыніў дзве супольныя выставы, на якіх было паказана 96 твораў 17 мастакоў і персанальную — Людаміра Сляндзінскага. Экспазіцыя з 80 прац знаёміла варшаўскага гледача з творчым даробкам майстра за апошнія 8 гадоў.

Па выніках выставы мэтр атрымаў і ўхвалы, і крытыку. Дасталася і іншым удзельнікам супольнай выставы. Але гэта не перашкодзіла ім атрымаць запрашэнне на вясновую выставу 1934 года ў Сан-Фрацыска.

Пазней, у 1937 годзе, ідэолаг IPS Конрад Вінклер абрынуў на творцу вадаспад знішчальнай крытыкі. «Мастацтва прафесара Сляндзінскага і яго школа — гэта анахранізм, непаразуменне, якое вырасла на тле дробных амбіцый прафесара… яно несувымернае з творчымі ідэямі Захаду», — пісаў ён.

Больш цёплым прыём быў у восеньскай Варшаве ў 1937 годзе, калі IPS выставіў віленскіх мастакоў у больш шырокім складзе — далучыліся Сеўрук, Чурыла, Дабржанскі і іншыя.

Далейшы крывавы кругабег грамадска-палітычных падзей, якія неўзабаве абрынуліся на Еўропу, Сляндзінскі трываў у Вільні. Жывучы ад 1941 года ў своеасаблівым Доме-камуне мастакоў на Пагулянцы, як і большасць выкладчыкаў універсітэта Стэфана Баторыя, падтрымліваў сувязь з яго падпольнымі структурамі супраціву. Зазнаў нястачу, пераслед гестапа. Як і ўсе, перажываў і іншыя нягоды.

Пасля вайны Сляндзінскі з’ехаў у Кракаў, дзе жылі сваякі па бацькоўскай лініі. Выкладаў малюнак і скульптуру на архітэктурным факультэце Політэхнічнай акадэміі. «То былі часы не надта спрыяльныя для мастацтва ў кірунку сапраўднага рэнесансу», — заўважаў А. Блажэвіч. У 1948–1952 гадах мастак зазнаў уплыў сацрэалізму.

Людамір Сляндзінскі ўдзельнічаў у шматлікіх супольных выставах, меў і персанальныя: у 1950-м, 1957-м, 1962 гадах у Кракаве, у 1972-м — у Беластоку, у 1973-м — у Варшаве і нават у музеі Акадэміі мастацтва ў Ленінградзе (1975).

Памёр мастак 26 лістапада 1980 года ў Кракаве. На сотыя ўгодкі яго нараджэння была арганізавана выстава ў галерэі «Арсенал Беластока».

Каментаваць