Лятаючы рыцар Грамады

25 мая спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння дзеяча нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі і беларускай эміграцыі, журналіста, паэта і выдаўца Сяргея Хмары (сапраўднае прозвішча Сяргей Сіняк).



Паштоўка да юбілею Сяргея Хмары


Пра Сяргея Хмару ў савецкім друку пісалася ўсё толькі адмоўнае. І толькі ў сакавіку 1991 года мне ўдалося надрукаваць у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» невялікі артыкул пра гэтага своеасаблівага чалавека.

Трагічны лёс сяброў

У канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў у Слоніме іх усе добра ведалі. Яны пісалі вершы, выступалі на літаратурных вечарах, сустрэчах, друкаваліся ў мясцовай і віленскай прэсе. Гэта былі Сяргей Хмара, Анатоль Іверс і Сяргей Новік-Пяюн. Іх аб’ядноўвала любоў да свайго краю, да роднай мовы, на якой яны паўсюдна размаўлялі.

Пры паляках два Сяргей і Анатоль былі пад наглядам польскай паліцыі, пасля 1939 года — пад пільным вокам НКУС, у гады вайны — страх быў і перад немцамі, і перад савецкімі партызанамі. Менавіта вайна скразною лініяй прайшла праз лёс гэтых хлопцаў, яна іх разлучыла назаўсёды.

Сяргею Хмары ўдалося ўцячы на Захад. Сяргей Новік-Пяюн у снежні 1944 годзе быў арыштаваны органамі НКУС, а праз год адпраўлены на 10 гадоў на Калыму. Анатоля Іверса арышты мінулі, хаця немцы расстралялі ягоную жонку і бацьку. А сам паэт, жывучы ў Слоніме, да самай смерці насіў кляймо «нацыяналіста». Пасля вайны, як пісаў Васіль Быкаў у сваёй кнізе «Доўгая дарога дадому», Анатоль Іверс «быў звольнены з працы, выключаны з СП і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе».

Мне пашанцавала ў жыцці з гэтымі людзьмі быць добра знаёмым, шмат гадоў сябраваць. Яны распавядалі мне пра сваё жыццё-быццё, найперш пра акупаваны немцамі Слонім. І што дзіўна, кожны з іх у сваім трагічным лёсе абвінавачваў сяброў. Адышлі на той свет, але так і не памірыліся. Хаця Сяргей Хмара гэтага хацеў, часам дасылаў ім свае газеты і часопісы. Але хлопцы маўчалі. Хто з іх у чым быў вінаваты — цяжка судзіць.

Аляксей Васіленя, Сяргей Хмара, Язэп Дакіневіч. Слонім, 1943 год

І ўсё ж самым неразгаданым, розным і супярэчлівым быў у жыцці і застаецца ў гісторыі беларускай літаратуры і гісторыі нацыянальнага руху Сяргей Хмара-Сіняк. Нават месца яго нараджэння падаецца па-рознаму. Адны выданні пісалі, што ён нарадзіўся ў Пінску, другія — у Адэсе, трэція — у Слоніме. Ды і сам ён паведамляе ў сваёй аўтабіяграфіі, што нарадзіўся ў Адэсе.

А на самай справе Сяргей Сіняк нарадзіўся ў вёсцы Казлоўшчына былога Слонімскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён) 25 мая 1905 года. Калі яму споўніўся год, бацькі ў пошуках працы выехалі на Украіну, пасля  — у Варшаву, а потым, калі пачалася Першая сусветная вайна, жылі ў Казані, Растове-на-Доне і ў Варонежскай губерні.

Бунтар

У 1918 годзе пры нявысветленых абставінах загінуў бацька. Сяргей з маці і з малодшаю сястрою вярнуліся ў родную вёску. Вучыцца хлопчыку не было за што. Таму, пасля пачатковай школы, ён займаўся самаадукацыяй: шмат чытаў па-руску, па-беларуску і па-польску, асабліва зачытваўся раманамі Генрыка Сянкевіча.

І працаваў: пастухом, лесарубам, землякопам, агароднікам, падзёншчыкам у маёнтку, будаўніком… На працы заўсёды дамагаўся справядлівасці. Аднойчы нават запусціў каменем у панскага аканома за тое, што няправільна і мала налічылі заробак. Аканом выгнаў яго з працы і даў мянушку «бунтар». Пасля яго выганялі з будаўніцтва дарогі за арганізаваны страйк, з маёнтку, дзе працаваў касцом, з іншых месцаў.

У пачатку 1920-х гадоў Сяргей Сіняк наладзіў кантакты з сябрамі Беларускай Народнай Рэспублікі, з рознымі адказнымі заданнямі ездзіў у Варшаву, Вільню, Слонім. Знаёміўся з беларускімі вайскоўцамі, з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі — Рамуальдам Зямкевічам, Гальяшом Леўчыкам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Аляксандрам Уласавым. Стаў адным з арганізатараў Таварыства Беларускай Школы (ТБШ), арганізаваў 12 беларускіх школ. У Брэсцкім абласным архіве захоўваецца пасведчанне на імя Сяргея Сіняка, сябра ТБШ.

У сярэдзіне 1920-х гадоў Сяргей Сіняк уступіў у Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду. На Слонімшчыне ён арганізаваў 32 гурткі Грамады, якія налічвалі каля трох тысяч чалавек.

У 1930 годзе Сяргея Хмару выбралі сакратаром пасольскага клуба «Змаганне» ў Пінску, ён спрабаваў закласці беларускую гімназію і выдаваць часопіс. Праз год Сяргей ужо працаваў інструктарам Галоўнай управы ТБШ у Вільні, а яшчэ праз год яго арыштавала дэфензіва, і разам з Браніславам Тарашкевічам адправілі ў турму.

У час працэсу Грамады польскі пракурор-абвінаваўца назваў Сяргея Сіняка «лятаючым рыцарам Грамады». Наогул, Сяргей пры паляках, пры саветах і пры немцах за сваю актыўную беларускую палітычную і творчую дзейнасць адсядзеў каля 11 гадоў у турмах. У сваёй аўтабіяграфіі (зборнік «Мы») ён пісаў: «Мае школы — Лукішкі, турмы ў Слоніме, Гародні, Пінску, Берасці, канцэнтрацыйны лагер Картуз-Бяроза і шмат іншых».

Сяргей Хмара (трэці справа) з беларускімі пісьменнікамі, 1944 г.

Пра яго актыўнасць і смеласць у Заходняй Беларусі паведамляла нават ТАСС. Гэтае паведамленне апублікавалі ўсе газеты СССР. «Слоним (Западная Белоруссия). 13 октября. Заместителем начальника городского отряда рабочей гвардии Слонима работает широко известный в Западной Белоруссии молодой, талантливый поэт Сергей Хмара. С оружием в руках он охраняет свой город и организует борьбу с притаившимся остатками офицерских бандитских шаек. До прихода в Слоним Красной Армии поэт находился в концентрационном лагере Картуз-Береза. В польских тюрмах, казематах и лагерях он провел 6 лет. В своих произведениях Сергей Хмара писал о тяжелой доле угнетавшихся панами хлеборобов Западной Белоруссии и выражал уверенность в том, что скоро настанут времена, когда крестьяне будут свободными и счастливыми. Сбылись слова поэта, эти времена настали», — пісала газета «Социалистическая Якутия» 17 кастрычніка 1939 года.

Са зброяй у руках Сяргей Сіняк не ваяваў, а вось пяром валодаў добра. Першы надрукаваны верш з’явіўся ў газеце «Беларуская крыніца» ў 1925 годзе. Ён меў назву «Годзі, мы доўга цярпелі, мы доўга хадзілі ў ярме». А праз тры гады паэты і празаікі Заходняй Беларусі выдаюць у Вільні зборнік «Рунь веснаходу», дзе побач з вершамі Хведара Ільяшэвіча, Наталлі Арсенневай, Міхася Васілька, Яўгена Бартуля і іншых аўтараў надрукаваны і творы Сяргея Хмары-Сіняка.

Вокладка першай кнігі Сяргея Хмары

А вось яго першы паэтычны зборнік «Бунтарнае» і кніга прозы «Шляхам барацьбы» загінулі падчас ліквідацыі выдавецтва «Рунь». Але ў 1939 годзе першая кніга вершаў «Жураўліным шляхам» Сяргея Сіняка пад псеўданімам Хмара ўсё ж пабачыла свет у Вільні.

Арышт, воля і эміграцыя

У 1937 годзе Сяргей Сіняк у Дзятлаве арганізаваў літаратурную сустань «Маладая Ускалось». Планаваў разам са сваімі аднагодкамі і старэйшым слонімскім паэтам Гальяшом Леўчыкам выдаваць аднайменны літаратурны часопіс. Але палякі не дазволілі.

Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, Сяргей Хмара жыў у Слоніме. Праз два тыдні яго арыштавалі і пасадзілі ў мінскую турму, а пасля перавялі ў Чэрвень. З пачаткам вайны арыштаваных з Чэрвеня пагналі пехатою ў Магілёў. Па дарозе Сяргей змог уцячы і вярнуцца ў акупаваны немцамі Слонім. Прыдбаўшы невялікую кніжную краму, ён прадаваў беларускія часопісы, газеты і кнігі, прымаў удзел у выданні газеты «Слонімскі кур’ер», выступаў на раённым радыё.

Акрамя гэтага арганізаваў брыгаду Беларускай самапомачы. Але пасля таго, як брыгада адмовілася ўдзельнічаць у рабаваннях гета, яна была немцамі ліквідавана, а Сяргея зноў пасадзілі ў турму. І толькі дзякуючы намаганням сябраў праз пэўны час ён быў вызвалены.

Сапраўды, меў рацыю Юрка Віцьбіч, калі казаў, што «ўсялякі без вылучэння акупант Беларусі (паляк, расеец, немец) саджаў Сяргея Хмару за краты, а таму ён больш за іншых мае права пісаць:

Усьцяж — Беларусь!

Беларусь — на вуснох,

У сэрцы ж —

Чорная здрада!..»

У 1944 годзе Сяргей Сіняк едзе ў Германію, баючыся зноў трапіць у засценкі НКУС. Спачатку працаваў дырэктарам Беларускага інфармацыйнага бюро, а пасля рэдактарам газеты «Голас беларусаў». Ужо тады ён пачаў адраджаць літаратурную сустань, але на гэты раз не маладой, а «Баявой Ускалосі» са знакам «Двупагоняй» — гэта значыць з абаронай Беларусі і з Захаду, і з Усходу. Па-ранейшаму пісаў вершы і выдаў свой другі зборнік паэзіі «Мы». З Германіі яго шлях ляжаў у Канаду ў Таронта, дзе Сяргей Хмара і пражыў усё сваё жыццё.

Значок “Двупагоня”

Займаўся выдавецкай дзейнасцю. Выдаў там 18 нумароў часопіса «Баявая Ускалось», а таксама каля 370 нумароў газеты «Беларускі голас». Апошнія два нумары выйшлі з друку пад назваю «Водгаласы». Усе — за асабісты кошт. У іх паведамлялася пра жыццё на Беларусі, пра справы беларускай дыяспары на эміграцыі, друкаваліся вершы беларускіх паэтаў, гістарычныя матэрыялы.

Ён любіў і паважаў, крытыкаваў і злаваў на прадстаўнікоў БНР і БЦР, але сам ад іх заставаўся ўбаку. Ён быў прыхільнікам «трэцяй сілы» на эміграцыі. І нам сёння трэба прымаць Сяргея Хмару такім, якім ён быў.

Не стала Сяргея Хмары-Сіняка 4 верасня 1992 года. На жаль, беларускі друк пра гэта не паведаміў. А дзясяткі замежных часопісаў і газет змясцілі на сваіх старонках развітальныя словы. Вось што напісала, напрыклад, украінская газета «Новий шлях» (Канада): «Сяргей Сіняк народився 87 років (і три місяці) тому в Білорусіі, пережив царя, революцію, дві світові війни, табори, еміграцію, і розвал комуністичноі імперіі. І тепер, власне тепер він був потрібний своій Батьківщині, але — Бог рішив інакше…».

* * *

У 2009 годзе мне ўдалося сабраць лепшыя творы Сяргея Хмары і выдаць асобнай кніжкай пад назвай «Рабінавы хмель». Фундатарам кнігі выступіла яго дачка Магдалена Сіняк, якая жыве ў Таронта і працуе на Канадскім тэлебачанні. У 2008 годзе яна ўпершыню наведала Беларусь і радзіму бацькі, пабывала ў вёсцы Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна, дзе бацька нарадзіўся.

Магдалена Сіняк упершыню наведала Беларусь і бацькаву радзіму, лета 2008 г.

Магдалена Сіняк выдатна размаўляе па-беларуску, а таксама шчыра беражэ пра яго памяць і любіць Беларусь, а таксама спадзяецца, што беларусы будуць жыць багата і шчасліва. За гэта ўсё жыццё змагаўся яе бацька.

Абмеркаванне:

  • Алесь Манцэвич
  • 2015-05-25 20:04:55
Дзякуй, Сяргей Микалаевич за цикавы артыкул.
  • Вольга (Магилёу)
  • 2015-05-27 12:32:15
выдАТНЫ МАТЭРЫЯЛ. Чытаю, перачытваю. Колькі цікавых людзей жыло на Беларусі. Дзе яны? Якія іх лёсы?...

Каментаваць