Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Лявон Савёнак — псеўданiм Крывiчанiн

У 1930–1931 гадах чарговым этапам вынішчэння беларускага народу стаўся разгром, што ўвайшоў у гісторыю як «Справа Беларускага нацыянальнага цэнтру». Да 1 лістапада па справе БНЦ было арыштавана 9 700 чалавек, у тым ліку і Лявон Савёнак.



Лявон Савёнак


Нарадзіўся Лявон Савёнак 26 чэрвеня 1897 года на Глыбоччыне ў вёсцы Вялец у сям’і Вікенція (1865–1898) і Вольгі (1869–1962) Савёнкаў. Пачатковую асвету здабыў у Глыбокім, куды пераехаў разам з маці і старэйшымі сёстрамі, Анютай і Ксеняй, пасля смерці бацькі вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, якую скончыў у 1917 годзе. Тут разам з ім студыявалі такія знаныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху, як Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пётра Мятла, Флягонт Валынец, Міхась Чарот. Пасля семінарыі два гады вучыўся ў кадэцкім корпусе ў Пецярбургу.

На пачатку першай беларусізацыі, у 1922 годзе, Лявон Савёнак з групай глыбоцкіх настаўнікаў прыехаў у Мінск, дзе пазнаёміўся з настаўніцай Апалоніяй Радкевіч, якая сталася ягонай жонкай. У іх нарадзіўся сын Лёдзік, а праз 5 год — дачка Зора. Сям’я засталася жыць у Мінску.

У хуткім часе Усевалад Ігнатоўскі паклікаў Савёнка працаваць карэспандэнтам у газету «Савецкая Беларусь», што тады друкавалася па-беларуску. Савёнак многа ездзіў па Беларусі, пісаў рэпартажы і фельетоны.

У склад рэдакцыі таксама ўваходзілі М. Маразоўскі (Гурын), рэдактар, постаці якога не адну старонку ва «Успамінах» прысвеціць праз гады Васіль Рагуля, Змітрок Бядуля, Міхась Чарот, Янка Пашкевіч, Павал Каравайчык. Алесь Дудар у сваіх паказаннях па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі» расказваў пра атмасферу ў газеце, што яна «мала падобна была да атмасферы савецкай газеты. Адчувалася, што большасць супрацоўнікаў аддае сваю працоўную сілу і гэтым абмяжоўваецца: погляды ж свае разглядае як нешта асобнае, незалежнае ад той справы і ад тых прынцыпаў, якія праводзіла газета. Праўда, ніякіх антыпартыйных і антысавецкіх гутарак не было, але адчувалася і само сабой разумелася, што партыя сама па сабе, а «Савецкая Беларусь» сама па сабе». І як вынік — 27 чэрвеня 1929 года на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б У. Затонскі, які ўзначальваў камісію па праверцы нацыянальнай работы ў БССР, абвінаваціў газету ў нацыянал-дэмакратычных скажэннях. На старонках гэтай газеты, пазней названай «утульным прыстанішчам беларускіх нацыяналістаў», друкаваўся артыкул Паўла Трамповіча «Шляхі беларускай інтэлігенцыі», артыкулы Міхася Зарэцкага і Тодара Глыбоцкага, што распачалі «тэатральную дыскусію», а таксама вядомы «Ліст 3-х» (Андрэя Александровіча, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага) пра антыбеларусізацыю.

Не дзіва, што Савёнак быў звольнены з працы як нацдэм. З лютага 1929 года ён працаваў на будоўлі, на заводзе «Ударнік», з ліпеня 1932-га — стыльрэдактарам навукова-тэхнічнага выдавецтва. Але гэта не змяніла ані ягоных поглядаў, ані паводзінаў. Нават больш. Як пісаў сакрэтны супрацоўнік ГПУ ў сваім чарговым даносе: «Такія заядлыя беларускія культурнікі, як Чаржынскі, Бялькевіч, Пашковіч, Савёнак, Каханоўскі і шмат хто іншы, хто раней у штодзённым прыватным і грамадскім жыцці гаварыў выключна па-беларуску, пачалі з усмешачкай утрыравана гаварыць па-руску, дадаючы: няхай ужо іншыя гавораць на нацыянал-дэмакратычнай мове, а мы будзем гаварыць на інтэрнацыянальнай».

Лявон Савёнак з калегамі ў рэдакцыі

 

Зразумела, што новых рэпрэсій доўга чакаць не трэба было.

У 1930–1931 гадах чарговым этапам вынішчэння беларускага народу стаўся разгром, што ўвайшоў у гісторыю як «Справа Беларускага нацыянальнага цэнтру». Да 1 лістапада па справе БНЦ было арыштавана 9700 чалавек, у тым ліку і Лявон Савёнак. 15 студзеня 1934 года Калегія ГПУ вынесла прысуд: зняволенне ў лагерах.

Калі б не гэтым разам, дык іншым Савёнак абавязкова трапіў бы ў кіпцюры ГПУ, якое даўно мела свае віды на аўтара кніжкі фельетонаў «Чароўная іголка». Аўтар прыкрыўся імем Лявона Свэна — яшчэ адным псеўданімам, але гэта падманула хіба толькі бібліятэчных супрацоўнікаў, якія каталагізавалі кніжку як належную замежнаму, шведскаму пісьменніку. Дакладней, пачалі каталагізаваць, бо хутка агледзеліся пільныя супрацоўнікі органаў, кнігу забаранілі і знішчылі бадай што ўвесь наклад, а ён быў немалы — тры тысячы асобнікаў.

Кніжка фельетонаў «Чароўная іголка» Лявона Свэна 

Пяцігадовую высылку Лявон Савёнак адбываў спачатку ў Паўднёвай Сібіры, а потым у Алтайскім Краі. Працаваў на будоўлях, дзе цесна сышоўся з сіяністамі з Мінску, якіх было даволі шмат, моцна згрупаваных, з добрымі кантактамі, як казалі, ажно ў Швейцарыі. Яны добра паставіліся да беларускага нацыяналіста і прапанавалі нават сваю дапамогу, сувязі. Лявон Савёнак пачаў аб’ядноўваць вакол сябе беларусаў, але нехта данёс — і сіяністаў раскідалі па розных лагерах, а самога Савёнка перавялі ў штрафныя калоны.

У 1939 годзе, калі тэрмін пакарання скончыўся, Савёнак вярнуўся ў Беларусь і настаўнічаў у вёсцы каля Крычава, а пасля ў ваколіцах Мінску, бо ў самім горадзе жыць яму было забаронена.

Улетку 1941-га, пасля акупацыі Мінску немцамі, Савёнак быў інтэрнаваны, як і ўсё мужчынскае насельніцтва гораду, і некалькі тыдняў праседзеў на Камароўскіх балотах. А калі пачалася «другая беларусізацыя», працаваў журналістам у «Беларускай газеце». Менавіта на яе старонках друкаваўся найбольш вядомы твор Савёнка «Дзённік Ів.Ів. Чужанінава» — сатырычнае адлюстраванне жыцця шараговага беларуса пад акупацыяй. Твор гэты крытыкі ставяць у адзін шэраг з «Запіскамі Самсона Самасуя» Мрыя.

Напрыканцы сакавіка 1944-га кіраўніком рэпертуарнай секцыі Беларускага культурнага згуртавання Янкам Ліманоўскім было прынята рашэнне ажыццявіць пастаноўку камічнай оперы «Тарас на Парнасе», і ён запрасіў Лявона Савёнка напісаць лібрэта. Той ужо пачаў накідваць тэкст, характарыстыку сцэнічных вобразаў, але не хапіла часу. Апошні запіс у сшытку напрацовак — горкі: «Калі на «Узвышша» ўсходзілі 5 месяцаў, дык на Парнас пры такіх тэмпах можна залезці за тры гады». Сапраўды, часопіс «Узвышша», які меліся аднавіць, быў цалкам гатовы да друку, але свету не пабачыў, адбіты быў толькі няпоўны сігнальны экземпляр. Не ўбачыла свету і опера «Тарас на Парнасе».

Герой самага вялікага твора Савёнка, Іван Іванавіч Чужанінаў, піша дзённік на працягу году, а вось сам аўтар, на жаль, ніякіх запісаў не вёў — так, зрэдзьчасу пакідаў радок-другі ў сшытку, да якога потым ніколі не вяртаўся. І ўсё ж:

«28.06. Ноч у БЦР. На Паўночным вакзале. Ноч на таварнай.

29.06. Бамбардавалі. Правадыры ў кусты. «Герой», які напачатку хадзіў з аўтаматам, паваліўся зь перапугу ў яму з глінай. Выйшаў пад раніцу, як зэбра.

— Навесілі!

— На нас?

— На нас.

30.06. Стоўбцы. Трывога. Паэта (або пісьменьнік) ліе горкія сьлёзы (ладна выпіўшы) — толькі паэта можа зразумець гэта. Можа глядзімо на гэта апошні раз».

Развітанне сапраўды было назаўсёды. Пачалася эміграцыя, а з ёй — чарговы, «новы этап беларусізацыі», які, што праўда, у нашай гісторыі яшчэ не атрымаў свайго «парадкавага нумару».

У Нямеччыне Савёнак апынуўся спачатку ў беларускім лагеры DP Міхельсдорф, а потым у DP Остэргофен, заснаваным зімой 1947 года. Прытулак у ім знайшлі больш за 400 беларусаў. Дзякуючы Станіславу Станкевічу, Антону Адамовічу, Міколу Равенскаму ды Апалоніі і Лявону Савёнкам, гэты лагер стаўся адным з цэнтраў беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Тут пачала выдавацца газета «Бацькаўшчына» (першы нумар выйшаў 31 кастрычніка 1947 года), якая адыграла выключную ролю на эміграцыі: тут працавала драматычная студыя пад кіраўніцтвам Аўгена Кавалеўскага; тут выдаваўся часопіс «Рух», была сядзіба Беларускага нацыянальнага цэнтру (БНЦ).

У 1947-м у лагеры быў выдадзены першы нумар часопіса «Сакавік», не ў апошнюю чаргу дзякуючы Лявону Савёнку. Менавіта ў яго захоўваўся поўны варыянт (у адрозненне ад выдрукаванага Язэпам Лёсікам у 1920 годзе ў газеце «Беларусь») гістарычнай драмы Каруся Каганца «Сын Даніла». Антон Адамовіч, даведаўшыся, што ў Савёнка ёсць драма Каруся Каганца, загарэўся жаданнем яе выдрукаваць. Так паўстала ідэя новага часопіса. У ім, акрамя навелы В. Бірыча (Антона Адамовіча) «Афрадыта-Ост», вершаў Рыгора Крушыны, Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, быў змешчаны і пачатак «Дзённіка Чужанінава», які атрымаў новую назву — «Запіскі эмігранта». Выглядае на тое, што аўтар збіраўся не толькі перадрукаваць «Дзённік» з «Беларускай газеты», але і працягнуць жыццяпіс героя ў лагерах DP. На вялікі жаль, публікацыя не была скончаная, і працяг «Дзённіка Чужанінава» не ажыццявіўся.

Старонка з рукапісу Лявона Савёнка 

У лагеры Остэргофен Лявон Савёнак працаваў дырэктарам Беларускай гімназіі, якая адчынілася 24 лютага 1947 года. Разам з ім, выкладчыкам матэматыкі, настаўнічалі Антон Адамовіч (гісторыя), Мікола Кунцэвіч (лацінская і замежная мовы), Пётра Манькоўскі (англійская мова), Мікола Равенскі (спевы), Апалонія Савёнак (родная мова і літаратура), Зінаіда Станкевіч (прыродаведа і фізіка) ды іншыя. Лявон Савёнак выкладаў таксама на адукацыйных курсах для дарослых.

З лагеру Остэргофен Савёнкі пераехалі ў Розенгайм, дзе і ён, і ягоная жонка Апалонія працягвалі выкладаць у гімназіі. Савёнак часта ездзіў у Мюнхен, дзе інтэнсіфікавалася палітычнае жыццё антыкамуністычнай эміграцыі з СССР. Навязаў цеснае супрацоўніцтва з украінскай газетай «Украіньскі Вісті» і рэдактарам Іванам Баграным.

4–5 чэрвеня 1948 года ў горадзе Канстанцы (Французская зона) адбыўся з'езд праваслаўных беларусаў, да правядзення якога прыклаў немалыя намаганні і Лявон Савёнак, і сам быў сярод ягоных удзельнікаў. Гэты з'езд стаўся вырашальным у адраджэнні Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

У ЗША Лявон Савёнак пераехаў у 1950 годзе. Гэта быў час, калі ў Радзе БНР, сябрам якой ён быў ад 1947-га, адбыўся раскол (1952–1954 гады). Прычынай расколу было стаўленне да палітыкі «Амерыканскага камітэту вызвалення ад бальшавізму» (першапачатковая назва — «Камітэт вызвалення народаў Расіі»). Справа ў тым, што з пачаткам «халоднай вайны» ў Вашынгтоне паўсталі як бы дзве плыні — два погляды на дачыненні з СССР. Пентагон уважаў, што ў тагачасных умовах адзінай гарантыяй міру можа быць нарошчванне ўзбраення. Палітыкі з Кангрэсу лічылі, што прапаганда, вывучэнне СССР маюць не меншае значэнне.

Лявон Савёнак

У выніку іх актыўнай дзейнасці паўстаў Інстытут вывучэння гісторыі і культуры СССР, радыё «Вызваленне» (пазнейшая «Свабода»). Афіцыйна амерыканскі ўрад заявіў: ён змагаецца з камунізмам у СССР і ў гэтай барацьбе падтрымоўвае ўсе народы — беларусаў, летувісаў, украінцаў. Але ён не вырашае далейшы лёс земляў, што знаходзяцца зараз пад расійскай акупацыяй. На бок гэтай афіцыйнай палітыкі, палітыкі так званага «непрадрашэнства», стала частка сяброў Рады БНР разам з прэзідэнтам Міколам Абрамчыкам. Яны прытрымліваліся думкі, што сёння неабходна максімальна атрымаць дапамогу ад афіцыйнага Вашынгтону, а ўжо потым уздымаць пытанне пра незалежнасць Беларусі.

Другая, даволі значная частка сяброў Рады БНР, не пагадзілася з гэтым і стварыла фракцыю «Асцярожнага супрацоўніцтва з Амерыканскім камітэтам», у якую ўваходзіў і Лявон Савёнак. Гэтая фракцыя заявіла, што незалежнасць Беларусі была абвешчана яшчэ ў 1918 годзе, і на пазіцыях непрадрашэнства Рада БНР з «Амерыканскім камітэтам вызвалення ад бальшавізму» супрацоўнічаць не можа. Быў створаны механізм для перавыбараў Прэзідыуму і прэзідэнта. Старшынёй камісіі па падрыхтоўцы рэферэндуму быў абраны Лявон Савёнак.

Перамагла група Міколы Абрамчыка. Тыя сябры Рады, што не пагадзіліся з палітыкай «непрадрашэнства», паступова адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасці ў Прэзідыуме, а Аўген Каханоўскі нават выйшаў з Рады.

Палітычная і грамадска-культурніцкая дзейнасць Лявона Савёнка на эміграцыі — тэма асобнай, грунтоўнай размовы: адзін з ініцыятараў стварэння Камітэту незалежнай Беларусі (разам з Лявонам Галяком, Юрыем Сабалеўскім, Анатолем Плескачэўскім), сябра Цэнтральнага камітэту Аб’яднання беларускіх нацыянал-дэмакратаў (старшыня Аўген Каханоўскі), рэдагаваў газету «Беларус», уваходзіў у дарадную камісію па перакладу Бібліі, які ажыццяўлялі Янка Станкевіч ды пастар Масей Гітлін. Як журналіст, што добра ведаў савецкую прэсу, апрацоўваў манаграфію аб прэсе БССР (на жаль, яна не захавалася), а таксама даваў шмат інфармацыі ў заходнія даведнікі аб падсавецкім друку на Беларусі (La Presse Derrièrele Ridean de Fer. Paris, 1948; The Free Press of the Supressed Nations. Augusburg, 1950).

Памёр Лявон Савёнак 21 лютага 1974 года. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансвіку.

Пра аўтара:

Лявон Юрэвіч — архівіст, даследчык гісторыі і культуры эміграцыі. Нарадзіўся ў 1965 годзе ў Мінску. Ад 1993 года жыве ў ЗША. Працуе ў Нью-ёрскай публічнай бібліятэцы. Сябра Беларускага інстытута навукі і мастацтва, а таксама рэдакцыйнай калегіі часопісу «Запісы БІНІМ». Аўтар і ўкладальнік кніг, прысвечаных беларускай эміграцыі.

Каментаваць