Людміла Гразнова

Людміла Мікалаеўна даволі часта бывае ў мяне ў гасцях, але тое тэлефанаванне ўсё ж такі было ў нейкім сэнсе нечаканым. Яна папрасілася… пагрэцца. Справа ў тым, што ў маім доме размешчаны «Опорный пункт Советского РУВД г. Минска», які ў народзе называюць «парняком». Сюды пасля чарговай спробы правесці ўстаноўчы сход прывезлі некалькі дзесяткаў актывістаў «Маладога фронту». Праваабаронца Людміла Гразнова прыехала да міліцэйскага будынку, каб іх маральна падтрымаць.

Першы выбар



Людміла Мікалаеўна даволі часта бывае ў мяне ў гасцях, але тое тэлефанаванне ўсё ж такі было ў нейкім сэнсе нечаканым. Яна папрасілася… пагрэцца. Справа ў тым, што ў маім доме размешчаны «Опорный пункт Советского РУВД г. Минска», які ў народзе называюць «парняком». Сюды пасля чарговай спробы правесці ўстаноўчы сход прывезлі некалькі дзесяткаў актывістаў «Маладога фронту». Праваабаронца Людміла Гразнова прыехала да міліцэйскага будынку, каб іх маральна падтрымаць.

Першы выбар

Людміла Гразнова (да шлюбу — Пракапенка) нарадзілася 8 чэрвеня 1953 года ў Дзяржынску. Яе бацькі тады жылі ў 20 кіламетрах ад гэтага райцэнтра, у вёсцы Путчына. Потым сям’я пераехала ў Фаніпаль, Плешчаніцы, але першыя ўстойлівыя ўспаміны ў яе звязаны са Старобінам (не блытайце гэту назву са Старобінам, на месцы якога быў адбудаваны Салігорск).

Бацька Гразновай, Мікалай Фёдаравіч Пракапенка, быў першым сакратаром Старобінскага райкама партыі. У гэтым гарадку Людміла і пайшла «першы раз у першы клас». У звычайную школу. І толькі праз шэсць гадоў (1965) пачала вучыцца ў «крутой», якой тады лічылася сталічнай школе №42. Менавіта ў гэтым годзе ў Мінск у Міністэрства сельскай гаспадаркі перавялі працаваць яе бацьку. Партыйную наменклатуру, як і вайскоўцаў, на «новы фронт» «кідалі» даволі часта — ратацыя кадраў.

Дарэчы, Мінск стаў апошнім месцам працы Мікалая Фёдаравіча. Тут ён узначаліў абкам партыі, а пасля — даследчы інстытут, які займаўся пытаннямі сельскай гаспадаркі. З гэтай пасады выйшаў на пенсію і стаў працаваць загадчыкам сектара. 24 снежня 2004 года трагічна загінуў.

Людміла Гразнова добра малявала і чарціла, але паступаць на прэстыжны архітэктурны факультэт БДУ не адважылася. Абрала палітэканамію, бо заўсёды любіла матэматыку, якая па гэтай спецыяльнасці вызначалася як «прафілюючая».

Потым пайшла ў аспірантуру вывучаць «палітэканомію сацыялізму». І вельмі хутка зразумела, што такой навукі не існуе, але тады былі пэўныя правілы гульні. Давялося іх прыняць. У 1980 годзе стала кандыдатам эканамічных навук. Жыццё быццам усталявалася, увайшло ва ўстойлівую каляіну.

Аднак на зломе перабудовы Людміла рэзка змяняе свой лёс — дзеля агульных дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне з навукі пераходзіць у палітыку. У 1990 годзе была створана Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі, і праз два гады Людміла Гразнова стала намесніцай старшыні (на той час Аляксандра Дабравольскага). У 1995-м яна рызыкуе балатавацца кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета 13-га склікання. І перамагае. У складзе ВС яе абіраюць намесніцай старшыні Камісіі па бюджэту, падатках, банках і фінансах.

Цалкам лагічна, што Людміла Гразнова была сярод тых, хто выступаў за імпічмент А. Лукашэнку, бо добра разумела, чым абернецца для краіны эканамічны разварот у мінулае. На жаль, яны прайгралі.

Апазіцыя апазіцыі

Двойчы (у 2004-м і 2008-м гадах) Гразнова імкнулася атрымаць дэпутацкі мандат, але гэта былі ўжо іншыя выбары. У Палату прадстаўнікоў «прапускалі» толькі тых, каго прызначыла ўлада.

Апазіцыйная палітыка канцэнтруецца ў партыях, якія падвяргаюцца ціску, рэпрэсіям і выводзяцца па-за сістэму. Вынік — паступовая маргіналізацыя палітычнай апазіцыі, драбленне партыйных структур, барацьба амбіцый.

Можа, гэта памылка, але асабіста я не ведаю прыкладаў рэальнага аб’яднання дэмакратаў — надта шмат амбіцый. Часцей за ўсё бывае наадварот. Таму тое, што ў 1995 годзе адбылося ў лесе пад вёскай Журавінка (Дзяржынскі раён), заслугоўвае асаблівай пашаны.

Нагадаю — 1 кастрычніка 1995 года Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі злучылася з Грамадзянскай партыяй, якой кіраваў Васіль Шлындзікаў. Так узнікла Аб’яднаная грамадзянская партыя. Гразнова стала сябрам Палітсавета, а ў 2004 годзе — намесніцай старшыні. На гэтай пасадзе адпрацавала да красавіка 2008-га.

Не хачу прымаць чыйсьці бок, бо, як вядома, у адной і той жа падзеі, звычайна, адразу некалькі «самых праўдзівых» версій. Скажу толькі, што асноўнай прычынай адыходу (альбо адхілення?) Гразновай ад першых роляў у АГП сталі розныя погляды на сучасную палітыку. Яе і кіраўніцтва. Падкрэсліваю: погляды, а не персанальныя сімпатыі-антыпатыі. Бо менавіта Гразнова восенню 2005 года на першым Кангрэсе дэмакратычных сілаў прапанавала абраць адзіным кандыдатам на прэзідэнцкія выбары кіраўніка АГП Анатоля Лябедзьку… А праз пэўны час стала адной з тых, хто адкрыта падтрымлівае яго палітычнага саперніка Аляксандра Мілінкевіча.

Самастойнае плаванне

Чаму адбыліся такія метамарфозы? Сама Людміла Гразнова тлумачыць іх тым, што Мілінкевіч больш паслядоўна адстойвае інтарэсы Беларусі і ўважлівей ставіцца да «трэцяга сектара».

А Гразнову без усялякіх перабольшванняў можна назваць адной з «піянерак» сярод тых, хто, выбіраючы паміж палітычнымі баталіямі і праблемамі недзяржаўных структур, аддаў перавагу апошнім. Тэзіс вельмі ўмоўны, таму што стварэнне ў 2003 годзе «непалітычнага» «Праваабарончага альянсу», дазволіла Гразновай захавацца ў «вялікай» палітыцы.

Памятаю, што першапачаткова арганізацыю меркавалася назваць домам, але ў гэты момант у Вільнюсе адкрыўся Дом правоў чалавека, і іх «дом» давялося перайменаваць у «альянс». Факт, які даволі красамоўна сведчыць пра гатоўнасць да кампрамісаў. Калі гэта не прынцыповыя моманты, Людміла Гразнова не будзе «ўпірацца, як баран».

Шчыра кажучы, спачатку я паставіўся да стварэння яшчэ адной праваабарончай арганізацыі даволі скептычна. Пры жаданні можна назваць дзесяткі прыкладаў, калі ўся праваабарончая дзейнасць абмяжоўвалася стварэннем нейкай новай структуры. І толькі. Тым больш, што канкурэнцыя ў гэтай сферы заўсёды была даволі моцная. «Вясна», Беларускі Хельсінскі камітэт… Шмат хто лічыў: адным «кукарэку» ўсё і скончыцца. Памыліліся.

Дзейнасць любых праваабаронцаў асацыюецца перш за ўсё з работай у судах, але для Гразновай яна пачалася не з гэтага. У выпадку, з якога дэ-факта пачалася яе праваабарончая дзейнасць, ніякага суду не было ўвогуле. І сам выпадак надарыўся задоўга да стварэння «Праваабарончага альянсу». Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Хадыку арыштавалі вясной 1996 года, а «зачынілі» іх справу вясной 1997-га. Яны сталі другімі, хто трапіў за краты пры сучаснай уладзе (раней толькі паэт Славамір Адамовіч за верш «Убей президента»), і амаль першымі, хто трымаў там палітычную галадоўку.

Маці Вячаслава Сіўчыка звярнулася да дэпутата Вярхоўнага Савета 13 склікання Людмілы Гразновай з просьбай сабраць сярод калег подпісы за вызваленне яе сына і Юрыя Хадыкі з-за кратаў. У той час выканаўчая ўлада яшчэ прыслухоўвалася да заканадаўчай, таму гэта акцыя несумнеўна прынесла сваю карысць. Прайшла яна вельмі плённа і хутка, подпісы збіраліся нават падчас пасяджэнняў. Агулам больш за 50 подпісаў — тых, хто не быў у паслухмянай «большасці» і не баяўся. Неверагодны факт і на той час. Сёння ж гэта немагчыма па вызначэнню.

Не дзеля «птушачкі»

З 1997 года Гразнова бывае на судах пастаянна. Прайшло іх ужо больш за 200 (гэта, калі падсумаваць, складае больш як год жыцця). Навошта? Сама Людміла тлумачыць так: «Калі ты ходзіш на суды, падтрымліваеш чалавека, дзелішся інфармацыяй, размаўляеш з роднымі, гэта вельмі важна. Калі бацькі падсуднага бачаць, што падтрымаць іх сына або дачку прыходзяць з палітычнага асяроддзя, то пачынаюць разумець, што іх дзіця не пачало займацца чымсьці незаконным альбо недазволеным. Пачынаюць разумець сваіх дзяцей. Так у нейкім сэнсе легалізуецца тое, чым усе мы займаемся».

Для сучасных беларускіх судоў характэрнай можна лічыць адну акалічнасць — усе ўсё там добра разумеюць. Тое, што гэта ў нейкім сэнсе спектакль, ведаюць гледачы, сведкі, суддзі. І тыя, хто за кратамі, таксама. Але «цікавая» атмасфера — не адзіная іх выбітная прыкмета. Нярэдка бракуе папросту атмасферы, паветра. Залі судоў, дзе адбываюцца працэсы, звычайна невялікіх памераў. І калі яны цалкам запаўняюцца, дыхаць няма чым. Па вялікаму рахунку, беларускім праваабаронцам трэба даваць малако за шкоднасць.

Дарэчы, прайсці на некаторыя суды Гразнова не змагла, бо яны былі «закрытымі». Самы знакаміты — суд над сябрамі грамадскай арганізацыі «Партнёрства».

Зразумела, што акрамя гэтай дзейнасці ёсць і іншая. «Праваабарончы альянс», напрыклад, займаецца конкурсамі «Беларусь у еўрапейскім кантэксце», інфармацыйнымі, адукацыйнымі і іншымі праектамі. Іх шмат. Але сутнасць не толькі ў колькасці.

Галоўная сутнасць і мэта — абарона правоў чалавека, не абстрактнага, а канкрэтнага, які несправядліва трапіў пад судовы пераслед. Сутнасць і мэта — у прававой адукацыі, у фарміраванні праз праваабарончую дзейнасць перадумоваў для ўсталявання ў Беларусі сапраўднага вяршэнства Закона.

Гледзячы на Людмілу Гразнову, зусім не падобную на волата, даволі цяжка ўявіць, што гэтая сціплая жанчына, спакойна, без позы, робіць такую цяжкую і патрэбную справу.

Каментаваць