Малая радзіма акадэміка Карскага

У студзені споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння акадэміка Яўхіма Карскага. 29 красавіка — 80 гадоў з дня яго смерці. 5 мая — народзіны вядомага даследчыка-краязнаўца і настаўніка Апанаса Цыхуна — стваральніка музея Яўхіма Карскага і прадаўжальніка яго справы. Да гэтых юбілейных датаў прымеркаваў свае нататкі адзін з паплечнікаў Апанаса Цыхуна — старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, былы настаўнік школы-гімназіі №30 Гродна, краязнаўца Аляксандр Крой.



У студзені споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння акадэміка Яўхіма Карскага. 29 красавіка — 80 гадоў з дня яго смерці. 5 мая — народзіны вядомага даследчыка-краязнаўца і настаўніка Апанаса Цыхуна — стваральніка музея Яўхіма Карскага і прадаўжальніка яго справы. Да гэтых юбілейных датаў прымеркаваў свае нататкі адзін з паплечнікаў Апанаса Цыхуна — старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, былы настаўнік школы-гімназіі №30 Гродна, краязнаўца Аляксандр Крой.

(На здымку: На радзіме Я.Карскага. Лашанская Свята-Мікалаеўская  царква. Фота Аксаны Савашынскай)


Вёска Лаша

Вёска Лаша знаходзіцца ў 7 кіламетрах ад шашы Гродна — Ваўкавыск над рэчкай Лашанкай. У пісьмовых крыніцах згадваецца пад 1539 годам, калі яна была валасным сялом. У Пісцовай кнізе Гродзенскай эканоміі напісана, што ў Лашы ў ХVІ стагоддзі ўжо існавала царква св. Міколы і згадваецца святар Андрэй. Пазней царква стане ўніяцкай, а ў 1839-м зноў ператворыцца ў праваслаўную.

Назва вёскі, па версіі В. Жучкевіча, паходзіць ад старой назвы прытока Свіслачы Лахвы, сёння рэчка Лашанка. Ёсць таксама версія даследчыка Яшкіна «лаша» — пустое, голае месца. У Лашы пражывае каля 220 чалавек, з іх пенсіянераў — каля 70. У часы Другой сусветнай вайны 29 жыхароў вёскі загінулі. У вёсцы Лаша вучыліся адзін з праваднікоў дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі першы міністр асветы БССР Антон Баліцкі і герой СССР генерал арміі Міхаіл Грыгаровіч.

Род Карскіх-Навіцкіх

Пасля заканчэння ў 1857 годзе Гродзенскага духоўнага вучылішча ў Лашы быў назначаны дзячком шаснаццацігадовы Фёдар Мікалаевіч Навіцкі. Воляй лёсу ён пазнаёміўся з дачкой мясцовага дзячка Ануфрыя Вікенцьевіча Карскага, род якіх у Лашы з’явіўся ў пачатку ХІХ стагоддзя з прыбыццём сюды Вікенція Карскага. Знаёмства Фёдара з Магдалінай Карскай з цягам часу перарасло ў каханне, а ў снежні (стары стыль) 1860 года ў іх нарадзіўся сын Яўхім. Яго прозвішча запісалі па маці. Пазней у іх нарадзіліся яшчэ 4 сыны (Мікалай, Іван, Аляксандр, Уладзімір) і дзве дачкі (Марыя і Вера). Па апошніх даследаваннях стала вядома, што сям’я Навіцкіх-Карскіх у 1862 годзе з’ехала з Лашы ў Барысаўскі павет (сяло Быча). Сям’я шмат вандравала па царкоўных прыходах.

Брат Яўхіма Мікалай працаваў у банку Растова. Іван быў святаром Мінскага павета ў Блячыне, дзе ў 1920 годзе выпадкова з Карскімі-Навіцкімі (Яўхімам і Іванам) пазнаёміўся гімназіст, будучы вядомы паэт Новік-Пяюн. Брат Аляксандр быў начальнікам руху Варшаўскай чыгункі, напісаў падручнік для інжынераў-чыгуначнікаў. Сястра Вера — замужам у Таліне. Марыя — замужам за святаром у Менскім павеце. У Волме пад Мінскам у 1902 годзе памерла Магдаліна Карская — маці Яўхіма. Бацька Фёдар памёр праз 16 гадоў, у 1918-м, і пахаваны каля царквы Бутча Слуцкага павета (сёння Ганцавіцкі раён). Новыя звесткі пра бацькоў і дзяцей Карскіх-Навіцкіх з’явіліся толькі ў 2007–2008 гадах дзякуючы дырэктару Клецкага гісторыка-этнаграфічнага музея А. Блінцу і праўнуку Яўхіма Карскага — А. Карскаму.

Памятныя мясціны

У вёсцы яшчэ адчуваецца дух Карскіх, захаваліся месцы і памяць, звязаныя з іх жыццём. Лаша — старадаўняя беларуская вёска з адметнай беларускай культурай, мовай, традыцыямі, якія вывучаў і запісваў Іван Ануфрыевіч Карскі, дзядзька Яўхіма па маці. Сям’я Карскіх аказала ўплыў на станаўленне малога Яўхіма. Дзядзька будучага акадэміка атрымаў духоўную адукацыю. Спачатку працаваў настаўнікам, а потым на працягу 47 гадоў служыў дзячком у розных цэрквах Гродзенскай губерні. Ён паўсюль збіраў фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы і адсылаў іх П. В. Шэйну, вядомаму этнографу. На лашанскіх могілках Іван Карскі ў 1880 годзе паставіў помнік сваім суродзічам, які захаваўся да нашых дзён. Побач стаіць і помнік самому Івану Ануфрыевічу Карскаму.

Напрыканцы 1990-х гадоў з ініцыятывы А. Цыхуна і гродзенскіх валанцёраў, месца пахавання Карскіх па маці было адноўлена ў належным стане. У рэстаўрацыі помнікаў могілках Івана Карскага і яго родных зноў дапамог старшыня калгаса імя Дзяншчыкова Васіль Свірыд, праз падтрымку якога ў 1992 годзе была выдадзена кніга А. Цыхуна «Акадэмік з вёскі Лаша».

Знакі памяці


Падчас шматлікіх экспедыцый Карскі аб’ехаў больш сотні мястэчак і вёсак, вывучаючы асаблівасці беларускай мовы і межы яе распаўсюджання. Працуючы ў Варшаўскім універсітэце, час летняга адпачынку звычайна праводзіў разам з сям’ёй каля Нёмана (Мігова, Панямунь), там ён адпачываў і працаваў. Пісаў лісты вядомым людзям, сябрам. Захаваліся звесткі, што з Мігова 21 чэрвеня 1909 года ён адаслаў ліст рэдактару газеты «Наша Ніва» А. Уласаву.

На малой радзіме Карскага ў вёсцы Лаша захаваўся будынак, дзе працаваў у мясцовай школе першы музей Карскага. Напачатку 1990-х школа і музей у Лашы былі зачынены. Пасля надання гімназіі №1 (раней школа-гімназія №30) у Гродна імя Яўхіма Карскага, было вырашана стварыць новы музей. З 1995 годзе ў гімназіі №1 працуе адноўлены музей Карскага, які ў тым ліку арганізуе экскурсіі па мясцінах, звязаных з жыццём і творчай дзейнасцю акадэміка. У музеі Луцкаўлянскай школы захоўваюцца рэчы акадэміка, перанесеныя з музея ў Лашы.

Лаша. Гродзенскія  краязнаўцы і студэнты ГрДУ  каля  будынка, дзе  знаходзіўся першы
музей Я.Карскага (1964—1992)

 

У Гродна імя Карскага носіць вуліца, а таксама абласная бібліятэка, якая адзначыла свае 180-годдзе. Ва ўніверсітэце адбываюцца міжнародныя Карскія чытанні. У 1990 годзе ўрад Беларусі ўсталяваў 8 стыпендый імя Яўхіма Карскага.

На Карскія чытанні прыязджаў з Санкт-Пецярбурга праўнук акадэміка Аляксандр Карскі, які сур’ёзна заняўся вывучэннем спадчыны прадзеда, склаў поўны спіс яго прац, рыхтуе пра яго кнігу. Новую і вельмі цікавую інфармацыю пра Я. Карскага і яго родных знайшоў дырэктар Клецкага музея Андрэй Блінец.

Краязнавец Апанас Цыхун

Але што б мы ведалі пра жыццё і творчасць акадэміка Карскага, пра яго родных, каб не даследчык-краязнаўца Апанас Цыхун? Нарадзіўся ён у суседняй з Лашай вёсцы Кунцаўшчына. Рана памерла яго маці, з маленства яму прыходзілася працаваць, каб дапамагчы сям’і. Аднойчы, праязджаючы на возе з сенам праз вёску Лаша, бацька прыпыніў каня і кажа: «А ці ведаеш, сынку, што ў гэтай Лашы нарадзіўся хлопчык, Яўхімам клікалі. Калі вырас, дык стаў вялікім вучоным, напісаў шмат розных кніжак. Пра яго і бацюшка ў царкве казаў».

Бацькавы словы запомніліся і — так атрымалася — вызначылі матывацыю ці не галоўнай справы жыцця Апанаса. Ён закончыў Лашанскую школу, куды вярнуўся ўжо настаўнікам пасля атрымання дыплома Гродзенскага педінстытута. Яшчэ студэнтам даведаўся ад выкладчыка беларускай мовы спадара Гурло адрас дачкі Я. Карскага. Напісаў ёй ліст, атрымаў першае фота свайго земляка і зрабіў у школе невялічкі куток, прысвечаны Яўхіму Карскаму. Потым і ўнучка з Ленінграда дашле новыя фота і дакументы.

Аднойчы Лашанскую школу наведае вядомы вучоны з Мінску Фёдар Янкоўскі і натхніць Апанаса Цыхуна на стварэнне сапраўднага музея Карскага, які і адкрыўся 19 снежня 1964 года. Праіснуе гэты музей да 1992 года, калі з-за малакамплектнасці будзе зачынена Лашанская школа.

Варта адзначыць уклад былых і сённяшніх настаўнікаў Лашанскай школы і Гродзенскай гімназіі №1(школа-гімназія №30) — Т. Еўтух, В. Шарову, загадчыц музея Н. Якімовіч і І. Прытульчык, педагога і дырэктара Лашанскай школы (1979–1986) С. Трафімава, загадчыка музея ў Луцкаўлянах У. Козырава, дырэктара Клецкага музея А. Блінца, вучоных А. Майсяёнка і М. Канюшкевіч, былых вучняў школы ў Лашы і гімназіі №1 Гродна, якія па драбніцах збіралі інфармацыю і матэрыялы для музея славутага вучонага.

У 2006 годзе была адкрыта новая пашыраная экспазіцыя музея Я. Карскага ў новым памяшканні. Дзякуючы куратару музея В. Карнелюку, у памяць аб стваральніку першага музея ў Лашы і натхняльніку ў стварэнні новага музея ў Гродна быў урачыста адкрыты і асобны стэнд А. Цыхуну. Адзін з нешматлікіх заходнебеларускіх інтэлігентаў, які пакінуў глыбокі след у духоўнай спадчыне Прынямоння. Шматгадовы даследчык жыццёвага і творчага шляху Карскіх, збіральнік скарбаў народнай мовы Гродзенскага раёна. Яго першая кніга пра Я. Карскага выйшла толькі ў гады незалежнасці ў 1992 годзе, калі аўтару было 82 гады, апошняя — пятая, «Пройдзеныя шляхі-пуцявіны», — у 2003-м.

Літаральна пару месяцаў не дажыў А. Цыхун да свайго 95-годдзя. Яшчэ пры жыцці ён стаўся амаль легендай у справе асветніцка-краязнаўчай дзейнасці, у захаванні духоўнай спадчыны. Вёў перапіску з роднымі Я. Карскага, з вучонымі Б. Кітам, Ф. Янкоўскім, пісьменнікамі В. Быкавым, Я. Брылём, Н. Гілевічам і інш. Пісаў вершы, граў на скрыпцы, выдатна спяваў, займаўся пчалярствам.

Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч яшчэ пры жыцці Апанаса Пятровіча вельмі высока ацаніў яго непаўторную, у трох тамах, кнігу «Скарбы народнай мовы», матэрыялы для якой збіраў 40 гадоў. Гэтую працу Гілевіч назваў подзвігам настаўніка. Навуковы рэдактар гэтай кнігі прафесар П. Сцяцко адзначыў, што мала хто з вядомых дактароў навук можа параўнацца з Апанасам Цыхуном такім вялікім укладам у скарбніцу беларускай культуры. Самародак-даследчык, ён прадоўжыў справу свайго земляка Яўхіма Карскага.

----------------------------------------------------------------------------

Акадэмік Яўхім Карскі

Філолаг, этнограф, палеограф, фалькларыст. Акадэмік Пецярбургскай (1916) і Чэшскай АН (1929). Правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1922). Двойчы дэмакратычным шляхам абіраўся рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта (1905, 1908 гг.). Старшыня камісіі па адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнік і ганаровы старшыня Усебеларускага з’езда (Мінск, 1917 г.). У сваёй фундаментальнай трохтомнай працы «Беларусы» на падставе глыбокага параўнальна-гістарычнага даследавання мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвяковай культуры беларусаў упершыню навукова абгрунтаваў іх нацыянальную самабытнасць як самастойнага народа. Аўтар «Этнаграфічнай карты беларускага племені. Беларускія гаворкі», з якой у беларускім мовазнаўстве пачалася новая навука — лінгвістычная геаграфія. Узнагароджаны Ламаносаўскай прэміяй (1901 г.), залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства (1894 г.) залатым медаль імя К. М. Бацюшкава(1892,1902), прэміяй імя Бацюшкава (1910) і імя В. В. Ахматава (1913) і інш.

Алесь Крой

Каментаваць