Малішэўскі: Няма ніякай справядлівасці — бʼюся, таму што бʼюся

Лаўрэат Беларускай прэстыжнай прэміі «The BOBS-2016» блогер Віктар Малішэўскі разважае пра тое, ці небяспечны «Антыжурналіст» для ўлады, пра нянавісць да журналістыкі, выказванні Ананіч і дэмакратыю.
Віктар Малішэўскі. Фота з сайта belsat.eu

Віктар Малішэўскі. Фота з сайта belsat.eu



50 долараў, онлайн «Фоташоп» і крыху вольнага часу


— У першую чаргу я хачу павіншаваць вас з перамогаю. Наколькі гэтая перамога важная для вас?

— Спытайцеся ДыКапрыё, ці для яго важна было атрымаць «Оскара», ці ў «Лэстэра» — наколькі важна яму было перамагчы ў чэмпіянаце Англіі па футболе. Гэта цікавы досвед мабілізацыі людзей у інтэрнэце. Паводле любых паказальнікаў блог «Такие дела» меўся прайграць галасаванне. І гэта сведчыць пра пэўныя магчымасці беларусаў.

Мне падаецца выдатным той факт, што сайт, які каштуе 50 долараў, і блогера, што робіць «лічбы дня» з дапамогаю бясплатнага «Фоташопа-онлайн», могуць прызнаць на такім узроўні.

— Ці вы знаёмыя з блогамі іншых удзельнікаў? Мне, напрыклад, падалася цікаваю ініцыятыва «Прожито» — збор дзённікавых запісаў як вядомых, так і цалкам звычайных людзей.

— «Прожито» — простая ды сімпатычныя ідэя. «Такие дела» — нам не хапае такога рэсурсу, трэба сцягваць іхныя ідэі.

— Як зʼявілася ідэя гэтай «мовы лічбаў»? Чаму «Антыжурналіст»?

— На пытанне «пра антыжурналіста» адказваю журналістам у кожным інтэрвʼю. І ў мяне ёсць некалькі цалкам розных версіяў адказу. Самая правільная: я хачу, каб журналісты перасталі задаваць адны і тыя ж пытанні. Можна ж запытацца, напрыклад, навошта вы хлусіце, што не журналіст? Або так: за што вы ненавідзіце журналістыку?

— А за што вы ненавідзіце журналістыку?

— За тое, што ўсе медыі напішуць пра бамжа з пераходу, якога штурхануў міліцыянт, атрымаюць «сучасны трафік» — і забудуць пра гэтага бамжа.

— Гэта ж закон медыяполя. Пяць хвілінаў мы смуткуем з прычыны смерці кагосьці, пяць хвілінаў цешымся праз пэўную нагоду — і ўсё гэта ператвараецца ў бясконцую плынь.

— Ну, дык і няма чаго потым скардзіцца, што вас не хочуць пачуць.

Колькі прыкладна асобаў наведваюць публікацыю на вашым сайце?

— 2–3 тысячы.

— Які быў першы пост на «Антыжурналісце»?

— Першы пост быў пра тое, як у музеі Берасцейскай крэпасці, «у рамках плана па платных паслугах», мне спрабавалі прадаць права пераздымаць ліст лейтэнанта, што ён напісаў за некалькі дзён да вайны.

— І чым усё скончылася?

— Я запрапанаваў: «У такім выпадку, ці вы можаце перавесці грошы ягонай сямʼі?» І тады далі здымаць бясплатна.

— Што прымушае вас пісаць?

— Крыху вольнага часу ды безліч свабодных ідэяў — трэба з імі нешта рабіць. Яшчэ я чытаю нашыя СМІ…

«Б’юся, таму што б’юся»


— І вас прабівае на «напісаць»? Гэта што, паталагічная цяга да справядлівасці?

— Няма ніякай справядлівасці (смяецца). Бʼюся, таму што бʼюся.

— Прыгожа. Ну, а наколькі гэта прынцыпова для вас: пісаць ці не пісаць? Што прымусіла бы перастаць пісаць?

— Я не пішу дзеля прынцыпу. Добрая кніжка мяне спыніць.

— Якога кшталту гэтыя кніжкі?

— Калі я пачну нешта чытаць, то ўсё. З апошняга: Фаўлз, Дастаеўскі, Дзмітрый Быкаў.

— Якім чынам так здараецца, што ўрадоўцы выкладаюць у агульны доступ лічбы, якія потым іх саміх і дыскрэдытуюць?

— А яны нічога не выкладаюць. Яны даюць справаздачу пра добра праведзеную працу. Напрыклад, падаткавая інспекцыя не паведамляе пра тое, што 99% праверак далі вынік — падаткавая цешыцца гэтымі цудоўнымі лічбамі ды справаздачыцца пра сваю эфектыўнасць. Тая ж фігня з судамі ды 98% прысудаў.

— Ці вас неяк хвалюе, што мы жывем у эпоху  капіпасту?

— Слушны копіпаст можа быць круцейшы за арыгінал. І гэта праблема арыгіналу.

— Вам лічбы не сняцца? Не стаміліся?

— Я праз лічбы мала сплю — прыходзіцца пісаць па начох.

— Дык, можа, і ну яго? Навукоўцы ўжо даўно даказалі: хто спіць уначы і рана кладзецца — той доўга жыве.

— Няма іншага часу на блог, і мне цалкам хапае пяці гадзінаў, каб выспацца.

— Вы кажаце: «Каб мой блог быў на беларускай мове, ягонае падтрыманне было б яшчэ большым». Чаму?

— Таму што не кожны беларускамоўны будзе галасаваць за цябе ў намінацыі «Найлепшы блог на расейскай мове», і я іх разумею.

— Беларуская ўлада раз-пораз блакуе нейкія сайты, але, як я разумею, ваш — ніколі. Ці вам не крыўдна?

— Нельга проста так узяць ды абвергнуць сваю ж афіцыйную статыстыку.

— Ці можна зрабіць выснову, што, на думку рэжыму, вы не ўяўляеце для яго пагрозу?

— Апошняму рэжыму Еўропы небяспечна баяцца некага там блогу. Ды і пофіг…

— Вы, я думаю, у курсе, як узбаламуцілася дэмакратычная тусоўка праз хамскія паводзіны і дзіўныя заявы байкера Залдастанава. На вашую думку, ці варта забараняць яму ўезд?

— Наогул забараняць трэба толькі тое, што прапануе забараняць дэмакратычная частка грамадства. Была б выдатная краіна.

— Наколькі вы дэмакрат адносна ўсялякіх забаронаў на ўезд, выезд, выступы?

— Гэта не будзе іншая краіна, калі пачнуць дазваляць канцэрты Вольскага і забараняць Залдастанава.

Маветон і патрыёт


— На маю думку, вы маеце скажонае ўяўленне пра дэмакратыю. У Польшчы вунь карэспандэнту «Russia Today» забаранілі ўезд, ва Украіне наагул усім запар забараняюць. Ці гэта дэмакратычна, забараняць усім, хто памыляецца, кажа не тое, што хоча дэмакратыя, ці нават хлусіць?

— Ага, разумею, што дэмакратыя мусіць вучыць сябе абараняць, а ўсе напалоханыя Украінаю і гатовыя «крыху ахвяраваць». І, мне падаецца, гэта занадта небяспечная спакуса, пастка, якая даводзіць, што забароны больш эфектыўныя за свабоду слова. І даводзіць гэта дэмакратыя, што выдатна (І доказам гэтаму дэмакратыя, што выдатна).

— Як вы ставіцеся да СМІ, якія працуюць з-за мяжы на замежныя грошы?

— Калі СМІ маюць канцэпцыю, усе яе разумеюць, гэтыя СМІ адкрыта кажуць, адкуль яны надаюць і за якія грошы — наагул няма праблемы. Да таго ж, вы забываеце пра тых, хто дае гэтыя «грошы з-за мяжы» на развіццё дэмакратыі, напрыклад.

— У кніжцы пра журналісцкую этыку Анатоля Гуляева ёсць выказванне аднаго беларускага філосафа, паводле якога ўсё медыяполе ў Беларусі выразна падзеленае на прадзяржаўныя і апазіцыйныя СМІ, што кожнай з дзвюх гэтых групаў уласцівыя свае міфы, і што яны несвабодныя ад ідэяў барацьбы — адныя з апазіцыяй, другія — з рэжымам. Што вы пра гэта думаеце?

— Думаю, філосафу ўдалося заняць тую ўнікальную пазіцыю, якую не могуць заняць беларускія і любыя іншыя СМІ. Самыя бесстароннія медыі — фудблогеры. Асабліва тыя фудблогеры, у якіх няма густу (такіх большасць). Пакуль ніводнаму СМІ не ўдалося дасягнуць падобнай бесстароннасці.

— Вы так сказалі, што паводле вашых словаў «бесстароннасць» цяпер падаецца нечым недарэчным і безгустоўным.

— Мне падаецца, так і ёсць.

Імкненне да бесстароннасці — глупства, у выніку ты ўлюбляешся ў сваю бесстароннасць і здзяйсняеш яшчэ больш глупстваў. Мне падабаецца пазіцыя супраць усіх, яна больш сумленная.

— Думаю, такая крытычная пазіцыя, «супраць усіх» — найлепшая для журналіста. Незалежныя СМІ супраць усіх ці супраць рэжыму?

— Вядома, супраць рэжыму. Але, з другога боку, СМІ павінны сачыць за ўладаю — гэта іхная праца.

— У лютым 2015 году ў праграме на «Беларусь-1» міністр інфармацыі Лілія Ананіч сказала прыкладна наступнае: «Інтэрнэт — магутная зброя, з яго дапамогаю можна як выхаваць у людзях нешта добрае і напоўніць ведамі, але ён можа выхоўваць і дэструктыўныя праявы, заклікаць дзяцей да суіцыду, альбо заклікаць выходзіць на Плошчу». Чаму яны дазваляюць сабе фактычна атаясамліваць канстытуцыйнае права заклікаць выходзіць на Плошчу з заклікамі дзяцей да суіцыду?

— Міністэрства інфармацыі — дзіўная структура. Яно можа быць амбудсменам, агароджваць свабоду слова і меркаванняў ад дзяржавы, але можа ўводзіць цэнзуру і абмяжоўваць правы людзей на інфармацыю, чым захоплена і займаецца.

— Ці вы лічыце сябе патрыётам Беларусі?

— Я нават не размаўляю на «мове». Лічыць сябе патрыётам — маветон — таму так, я патрыёт.


Гутарыў Яўген Балінскі, belsat.eu




Каментаваць