Мастачка, якая малявала Скарыну і Дуніна-Марцінкевіча

У 1943 годзе слонімскую мастачку Рэгіну Бялецкую адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Пасля вайны Рэгіна ў родны горад не вярнулася, а разам з мужам засталася жыць у Польшчы ў Быдгашчы.



Рэгіна Бялецкая


У сваёй выдатнай кнізе «Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі», выдадзенай у серыі «Бібліятэчка «Новага Часу», Сяргей Гваздзёў прыгадвае слонімскую мастачку Рэгіну Бялецкую.
 
 
Аўтар кнігі апісвае партрэт Кастуся Каліноўскага, які мастачка стварыла ў 1942 годзе ў Слоніме. Сяргей Гваздзёў піша: «Гэта жывы і вельмі натуральны (па кампазіцыі, жывапісу, псіхалагічным стане) герой невялікага палатна напісаны на фоне ранішняга неба і беларускай вёсачкі. Чалавечая непасрэднасць: здзіўленне і адначасова цікаўнасць у вачах і твары героя вельмі натуральна спалучаюцца са звыклымі сацыяльна-знакавымі характарыстыкамі асобы…» 
 
 
Але Сяргей Гваздзёў, апісваючы твор мастачкі, у двух месцах пераблытаў яе прозвішча, называючы Бялецкую Бяльцовай. Тым не менш, аўтарам партрэта Кастуся Каліноўскага сапраўды з’яўляецца Рэгіна (Алена) Бялецкая-Гвяздоўская. У 1920-х — пачатку 1940-х гадоў яна жыла ў Слоніме. Вось пра яе і хачу сёння згадаць.
 
 
Мастачка Рэгіна Бялецкая-Гвяздоўская нарадзілася 30 студзеня 1915 года ў Томску (Расія) у сям’і Майкла і Зінаіды Бялецкіх. Па іншых звестках, мастачка нарадзілася каля Томска ў тайзе. Школьную адукацыю пачала ва Уладзівастоку, а скончыла ў Слоніме. Справа ў тым, што бацька рана памёр, а маці з дачкой вярнуліся на Бацькаўшчыну — у родны Слонім, дзе маці хутка ўладкавалася на працу ў шпіталь.
 
 
Маляваць Рэгіна пачала рана. Спачатку на паперы стварала партрэты сваіх знаёмых, сяброў, аднакласнікаў. Усе пазнавалі сябе на малюнках юнай мастачкі: адным яны падабаліся, іншыя з іх смяяліся, а трэція рэкамендавалі вучыцца мастацтву. Дзяўчына і сама разумела, што трэба вучыцца. Таму, атрымаўшы сярэднюю адукацыю, паступіла на факультэт выяўленчага мастацтва Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. 
 
 
 
Пасля вучобы Рэгіна Бялецкая вярнулася ў Слонім, дзе пачала працаваць настаўніцай малявання і чарчэння ў першай сярэдняй школе. Там пазнаёмілася з настаўнікам гэтай школы Станіславам Гвяздоўскім, выйшла за яго замуж і пакінула працу ў школе. 
 
 
Дома спадарыня Бялецкая-Гвяздоўская стала сур’ёзна займацца мастацтвам. Яна брала заказы і з радасцю іх дома выконвала.
 
 
 
 
У чэрвені 1941 года ў Слонім прыйшлі немцы. Але яны пэўны час не перашкаджалі слонімскай мастачцы працаваць. Неяк заснавальнік Слонімскага краязнаўчага музея Язэп Стаброўскі папрасіў мастачку намаляваць Кастуся Каліноўскага, бо набліжалася гадавіна паўстання 1863 года. Мастачка памятала карціну Пятра Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў». Але тут патрэбен быў партрэт кіраўніка паўстання. І яна пачала шукаць у Слоніме натуршчыка, падобнага да Кастуся. І неўзабаве яго знайшла. Гэта быў Георгій Пыцель — вучань адной з гарадскіх слонімскіх школ.
 
 
Высокі статны юнак з густой чарнявай шавялюрай і блакітнымі вачыма на мужным твары вельмі нагадваў правадыра сялянскага паўстання. Рэгіна загадала Юрку, так звалі яго сябры, адпусціць валасы даўжэй, бо так патрабавала мода другой паловы XIX стагоддзя. Натуршчык «абваласаціўся», і мастачка прынялася за справу. А прыйшоў час — і карціна заняла ганаровае месца ў адной з залаў Слонімскага краязнаўчага музея. Дарэчы, і сёння ў Слонімскім краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага знаходзяцца чатыры карціны мастачкі — гэта два партрэты Кастуся Каліноўскага (адзін — рэпрадукцыя карціны Пятра Сергіевіча), Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Францыска Скарыны. 
 
 
 
 
У 1943 годзе мастачку дэпартавалі на прымусовыя работы ў Германію, дзе яна знаходзілася да лета 1945 года. Пасля вайны Рэгіна Бялецкая ў Слонім не вярнулася, а разам з мужам засталася жыць у Польшчы ў Быдгашчы. Там яе прынялі ў Асацыяцыю польскіх мастакоў і дызайнераў.
 
 
У Польшчы мастачка шмат працавала, стварыла цікавую серыю партрэтаў дзяцей, займалася насценным роспісам, афармляла плакаты, а таксама ўстановы культуры, клубы-кафэ, дамы асветы ў розных гарадах Польшчы. З сярэдзіны 1960-х гадоў Рэгіна Бялецкая-Гвяздоўская ад уражанняў антычнага мастацтва праваслаўных абразоў Балгарыі, Югаславіі і Румыніі, пачала ствараць свае іконы, а таксама афармляць праваслаўныя храмы. 
 
 
Жывучы далёка ад Слоніма, мастачка не парывала сувязяў з родным горадам. Яна шмат гадоў перапісвалася з заснавальнікам Народнага музея Слонімскай сярэдняй школы № 4 Аляксандрам Жукоўскім. Па просьбе настаўніка мастачка напісала і даслала ў музей партрэт Героя Савецкага Саюза Кузьмы Гнедаша (1914–1944). Партрэт мастачкі і сёння зберагаецца ў школьным музеі.
Летам 1974 года мастачка наведала Румынію, дзе выпадкова атрымала харчовае атручванне. Яна некалькі месяцаў змагалася з хваробай, але хвароба яе перамагла: 18 снежня 1974 года Рэгіны Бялецкай-Гвяздоўскай не стала. За некалькі месяцаў да смерці мастачка рыхтавала сваю вялікую рэтраспектыўную выставу ў Беластоку і Быдгашчы. Выставы адбыліся, але іх не пабачыла сама мастачка. Людзі, якія цікавіліся яе творчасцю, пабачылі тады станковы жывапіс мастачкі, яе каляровыя малюнкі, насценны роспіс і іншыя творы.
 
 

Каментаваць