Мастак Павел Южык: Шлях да сябе…

Корпаючыся ў слаба абжытай спадчыне і лёсах заходнебеларускіх мастакоў, я зрабіў «адкрыццё»: даваў Бог ім век працяглы і творча ўрадлівы. За выключэннем тых, хто скончыў жыццё самагубствам, быў расстраляны органамі НКУС, заняволены ў Магаданскі ці які іншы канцлагер, загінуў пад нямецкімі бомбамі, быў выкінуты на эміграцыю або змушаны быў сядзець як мыш пад венікам у БССР.

 



Корпаючыся ў слаба абжытай спадчыне і лёсах заходнебеларускіх мастакоў, я зрабіў «адкрыццё»: даваў Бог ім век працяглы і творча ўрадлівы. За выключэннем тых, хто скончыў жыццё самагубствам, быў расстраляны органамі НКУС, заняволены ў Магаданскі ці які іншы канцлагер, загінуў пад нямецкімі бомбамі, быў выкінуты на эміграцыю або змушаны быў сядзець як мыш пад венікам у БССР.

Тлумачэнні, відаць, палягаюць у рэфлексах. У інтэлігенцыі, складнікам якой ёсць творцы, надзвычай моцна развіты рэфлекс мэты. Акадэмік Паўлаў казаў, што рэфлекс — «асноўная форма жыццёвай энергіі кожнага з нас». Ён сцвярджаў: «Усё жыццё, усе яго паляпшэнні, уся культура робяцца рэфлексам мэты, робяцца толькі людзьмі, якія імкнуцца да той ці іншай пастаўленай мэты… жыццё перастае прывязваць да сябе, як толькі мэта знікае».

Не надта шматлікая заходнебеларуская інтэлігенцыя (даючы веры даследчыку М. Косману — 2,28 працэнта ў «Крэсах»), была ўзроўню высокага і гарту моцнага. Яе высілкамі і энергіяй жывіўся рост нацыянальнай свядомасці, актывізаваўся сацыяльны, культурны і вызваленчы рух, беларускае жыццё ўвогуле.

Звесткі пра жыццё і творчасць Паўла Южыка надта скупыя. Самая змястоўная на сёння крыніца — нарыс «Мастак родам з Вётхава». Належыць ён пяру знанага гісторыка культуры, доктара філалогіі, беларусіста Арсена Ліса. Але не меў тады пад рукою паважаны даследчык дакументаў, якія толькі зараз, амаль выпадкова, патрапілі на вочы. Мяркую, не лішне будзе ўдакладніць, прыўнесці якую новую крэску ў эскіз партрэта мастака з Вётхава, што на Смаргоншчыне.

Настаўнік і мастак

10 сакавіка 1874 года святар Залескай Св. Пакроўскай царквы Іосіф Камінскі здзейсніў таямніцу хрышчэння немаўляці, нарачонага Паўлам (нарадзіўся 4 сакавіка 1974 года), сына былога садоўніка аранжарэі князя Агінскага, Тамаша Захаравіча Южыка і яго жонкі, хатняй гаспадыні Марыі Фадзееўны з вёскі Новааляксандраўка (Вётхава), аб чым і быў зроблены адпаведны запіс у кнізе.

Усе акалічнасці жыцця скіроўвалі хлопца, што атрымаў пачатковую адукацыю ў прыхадской Міхневіцкай школе, у рэчышча агульнае, афіцыйнае, праваслаўна-расійскае. Як Павел патрапіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, невядома. Ці то бацька, прагны да ведаў, шукаў шляхі навукі для сына і знайшоў недалёка даступную навучальную ўстанову, ці то юнака запрыкмецілі дзяржаўныя «купцы», што рэкрутавалі тутэйшую моладзь пад расійскі трыкалор у аддаленых закутках былога Вялікага княства Літоўскага. Калі і так, то Тамаш Захаравіч, відаць, быў рады аддаць сына ў навуку за дзяржаўны кошт. Вядома, што ў 1893 годзе 19-гадовы юнак апрануў кумачовую кашулю-касаваротку, падвязаў яе папружкай з жоўтай цэшкай, на якой ззяла абрэвіятура МУС, заправіў сінія шаравары ў наваксаваныя боты і пачаў угрызацца ў граніт навукі.

14 ліпеня 1895 года Павел Южык атрымаў пасведчанне № 338 аб заканчэнні Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Працаваць выпала ў народных вучылішчах вёсак Сітцы і Падброддзе. Настаўнічаць было цікава. Але вярэдзіла душу прага да мастацтва. Малады педагог, відаць, быў знаёмы з трохі старэйшым за яго багамазам і жывапісцам рэлігійнай тэмы Францам Багданавічам Сташынскім (Смаргонь, 1868–1942), які параіў яму паспытаць шчасце ў першай і адзінай на той час мастацкай установе краю — Віленскай школе малюнку І. П. Трутнева.

Шмат намаганняў прыкладаў мастак з былых прыгонных І. П. Трутнеў па вяртанні акаляючых Вільню земляў у праваслаўе. Далучаў акадэмік сваіх гадаванцаў да царкоўнага жывапісу і пісання абразоў яшчэ са студэнцкай лавы. Сам больш за 20 гадоў быў царкоўным старастам віленскай Прачысценскай царквы, для якой выканаў іканастас (за жыццё акадэмік уласнаручна напісаў абразы для дваццаці іканастасаў!). Спрычыніўся да гэтай, не чужой яму, працы і Южык. Але не сталася пісанне абразоў для яго тады сэнсам жыцця. Клікалі зямныя справы. Пытанне — настаўнічаць на агульную карысць народу, сярод якога жыў, ці маляваць для царквы, для сябе — вырашылася неяк само сабой.

У 1901 годзе Павел вярнуўся на выкладчыцкую ніўку. «Сплочваць пазыкі» ды і жыццё наладжваць. 11 ліпеня 1908 года настаўнік Віленскай прыхадской вучэльні Павел Тамашавіч Южык, «павянчаўся ў Цатаўлянскай Багародзіцка-Казанскай царкве Ковеньскай губерні з дзявіцай Клаўдзіяй Усцінаўнай Дзерывозка».

А напярэдадні першай сусветнай вайны пачала складвацца і службовая кар’ера ў Дырэкцыі народных вучэльняў.

З вайной жа ўсё перайначылася. Залямантавалі святары пра набліжэнне супастатаў. Беззваротна з’ехала ў Самару школа Трутнева. Спешна рыхтаваліся да ад’езду ў глыб Расіі дзяржаўныя ўстановы. Эвакуацыя ператваралася ў тлум бежанства. Пакавалася Канцылярыя народных вучылішчаў. Южык падзяліў лёс больш чым мільёна жыхароў краю.

Бежанец

«Эвакуяваўся ў горад Роўна, дзе настаўнічаў…» — адзначана ў біяграфічнай занатоўцы. Апрача ўражанняў, мастацкі плён бежанскага перыяду — «альбом малюнкаў Южыка: тыпы, жанравыя сцэнкі з украінскага народнага жыцця», — сведчыць А. Ліс.

«Паступіў у мастацкую вучэльню Пензы». Гэта інфармацыя адносіцца, відаць, да канца 1917 — пачатка 1918 года. Як і чаму Павел апынуўся там, таксама невядома. Але губернская Пенза мела добрую мастацкую вучэльню, заснаваную ў канцы ХІХ стагоддзя губернатарам Сільверставым па ўзоры вучэльні Штыгліца. (Тут вучыліся такія творчыя асобы, як кубафутурыст А. Лентулаў, канструктывіст У. Татлін, акадэміст В. Волкаў і інш. У 1910 годзе яе ўзначаліў вучань Рэпіна, выпускнік Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў — М. Ф. Пятроў (1872–1941). У 1918 годзе вучэльню рэарганізавалі ў Вольныя мастацкія майстэрні і надалі ім статус вышэйшай навучальнай установы).

Папулярная ў парэвалюцыйныя часы форма Вольных мастацкіх майстэрняў (ВММ) адпавядала, як кажуць, «выклікам часу», рэвалюцыйнаму імкненню зруйнаваць і пераўвасобіць літаральна ўсё. Галасаваннем абіралі выкладчыкаў і дысцыпліны. Змагаліся за свабоду творчасці. Выбіралі жыццё і лёсы…

Наўрад ці Южык быў першым «аратарам» у тым мітынговым шматгалоссі. З цікаўнасцю, але і з насцярогай назіраў ён гэты рэвалюцыйны шал у мастацтве.


Спадчына

З ацалелай спадчыны мастака работ вядома няшмат. Пашчасціла бачыць іх дзякуючы ласцы супрацоўнікаў Смаргонскага краязнаўчага музея — галоўнага захавальніка фондаў Надзеі Маркаўны Емельянавай і дырэктара музея Марыі Леанідаўны Майсені. Дзесятак камерных партрэтаў, кампазіцыя «Гувернантка з дзіцем», з два дзесяткі лірычных краявідаў 30-х гадоў рознай ступені захаванасці ды яшчэ колькі цудоўных, з глыбокім грунтоўным унутраным зместам, дасканала рэалістычных партрэтаў сваякоў канца 30-х гадоў у прыватнай калекцыі. Асабняком (стылёва і па часе выканання) стаіць партрэт старога ў акулярах і з доўгай сівой барадой. Ён уладкаваўся з разгорнутай кнігай на адкрытай тэрасцы на фоне буяючай зеляніны сада. Імаверна, што пагрудная, профільная выява, якая не так даўно, па стане сваёй захаванасці, была на мяжы небыцця — партрэт бацькі мастака, селяніна Тамаша Южыка. Нават гэты сціплы даробак дае ўяўленне пра мастака, дапамагае хоць контурна акрэсліць яго творчае аблічча, меркаваць пра творчы патэнцыял заходнебеларускага творцы.

Невялічкія абразы (дзіцячыя і жаночыя мадэлі), натоленыя сонцам, гучаць фарбамі спадзеву надыходзячага дня. Асобныя з партрэтаў абуджаюць у памяці вобразы Рэнуара, Сярова. Паясныя, пагрудныя выявы зафіксаваны то на рэалістычным, прыродным, то на ўмоўным, пададзеным як «каляровы шум», то на аднастайна роўным, нейтральным фоне. Адметныя работы і па каларыстыцы, і па пластычных прыёмах. Ад дынамічнай экспрэсіі (дзяўчына ў чырвонай кофтачцы) праз дасканалы рэалізм, што мяжуе з натуралізмам (аголеная натура), да далікатна-пяшчотных, іканапісных лесіровак. Усе з бачаных партрэтаў — стылёва розныя па мастацкім мысленні. Ёсць і агульнае, што яднае творы незалежна ад жанру. Яго душа — мастакоўская палітра. Аптымістычна-светлая, жыццядайная, пабудаваная на гарманічным спалучэнні лёгка-валошкавых, блакітных, ізумрудных, высакародных срэбна-шэрых і залаціста-охрыстых фарбаў, суладдзі цёплых і халодных тонаў. Палітра гэта стварае спакойны і працяглы, святочна-чысты настрой. Напісаныя працы прыгожа, далікатна, не зважаючы ні на якія акалічнасці няпростых часоў.

У гады грамадзянскай вайны, што распачалася з усталяваннем Савецкай улады, у будынку ВММ месціўся шпіталь. Шмат хто з пастаяльцаў яго пакутаваў на тыфус. (У гэтым тоіцца псіхалагічная адметнасць характару ці стану асобных мадэляў, але гэта не надае жывапісу Южыка песімізму і безнадзейнасці.)

Майстэрні працавалі ўвесь час. Працягваў свае штудыі і Павел Южык. Застаючыся прыхільнікам рэалістычнага, адухоўленага мастацтва, ён не хлусіў сабе. Маркоцілася сэрца па Радзіме.

Да дому

10 красавіка 1918 года Павел Южык атрымаў пасведчанне, з якога вынікала, што ён знаходзіцца ў адпачынку па 15 верасня 1918 года і мае права свабоднага праезду ў два бакі, права на атрыманне ільготных квіткоў як на цягніках, так і на параходах. Аднак у красавіку ён не паехаў. 3 чэрвеня 1918 года на гэтым жа пасведчанні кіраўнік майстэрні зрабіў дадатак наступнага зместу: Южык вязе з сабой эцюднік (скрынку) з фарбамі і пэндзлямі, карціны, неабходны рыштунак для малявання. І тады ён выправіўся ў дарогу. Чаму? Правандраваць паўтары тысячы кіламетраў праз імперыю, ахопленую ліхаманкай рэвалюцыі, бандытызму, грамадзянскай вайны і акупацыяй, пад няпэўныя ўлады ў беларускім краі, каб праз колькі месяцаў прарабіць гэты ж шлях у адваротным накірунку, да Пензы?

30 кастрычніка 1918 года Южык уладкаваўся на працу ў Пензенскі Губсавет. Не будучы палітычна заангажаваным, адукаваны, малады і поўны энергіі, ён прагне быць карысным людзям. Пачатак «ваеннага камунізму», чырвоны тэрор, незабяспечаныя харчовыя карткі не надта абнадзейвалі. Але кволіўся ў душы спадзеў… Раптам і сапраўды гэтая новая гармонія? Не тое, каб спакусіўся, але зацікавіўся. Працаваў як мае быць, аддана, сумленна, і мясцовыя ўлады ацанілі. Прапанавалі новае месца. Больш адказнае і «сытае», што таксама было істотным.

15 кастрычніка 1919 года Павел Южык атрымаў пасведчанне супрацоўніка НКВД № 837. Мусіць жа нехта кантраляваць мясцовыя ўлады, ахоўваць рэвалюцыйны парадак ад усялякай пошасці. (Арганізацыя яшчэ не мела надзвычайных паўнамоцтваў, як ВЧК.) Наўрад ці хто быў тады здольны сасніць чалавечы кошт будучай калектывізацыі, будоўляў сацыялізму, папраўча-працоўных лагераў, брацкіх магіл і бязвесных лёсаў.

Южык лічыў абавязкам служыць і выгодаў аніякіх не меў і не шукаў. Нядоўга фанабэрыўся Павел Тамашавіч у галіфэ і скураной куртцы з рэвалюцыйным маўзерам. Не спакусіўся кар’ерай у «органах». Рознае можна меркаваць. І што характарам не сышоўся з тамтэйшымі рускімі калегамі ў разуменні такіх паняццяў, як «закон», «рэвалюцыйная неабходнасць», «спагада». А можа папросту на ўласныя вочы ўбачыў джына рэвалюцыі, выпушчанага з бутэлькі, і тады расчараваўся ў чарговай сацыяльнай утопіі? Хто ведае... Вядома іншае — ён трызніў Радзімай. Спраўна адзначаў пасведчанне на рээвакуацыю ў мясцовым бежанскім камітэце.

Дамоў! Мо па ўсталяванні польска-савецкай мяжы, а мо і раней. Радзіма ж не вызначаецца абліччам пануючага рэжыму. Яна проста Радзіма.

Да сваёй беларушчыны

Было яму ўжо пад пяцьдзесят, трэба было асталёўвацца, мець грунт пад нагамі, не сядзець жа на шыі ў пляменніка. З Вётхава рушыў Южык да Вільні. Спрабаваў наладзіць кантакты з Рускім домам. Але ў польскай Вільні, відаць, рускія — і карэнныя, і нядаўнія ўцекачы з бальшавіцкай Расіі — пачуваліся псіхалагічна не надта камфортна, а таму паводзілі сябе часам не дужа добразычліва. Мо таму, ці яшчэ з якой прычыны, у Паўла Южыка з імі і не заладзілася.

П. Южык. Сваячка

 

Неспадзяванкай сталася запрашэнне ў кастрычніку 1923 года на выкладанне малявання ў Віленскай беларускай гімназіі. Гэта «кузня беларускага духу» ад часоў свайго заснавання славілася дабратворнай атмасферай, самавітым педкалектывам, здольным упрыгожыць любую навучальную ўстанову.

Не варта шмат казаць, як часам міжвольна, у прыватных гаворках і дзелавым кантактаванні, на спеўных вечарынах, праз іншыя гімназічныя імпрэзы дабіраў Павел Южык сваю беларушчыну. Як насычаўся новымі ведамі і разуменнем з быццам бы звычайных кніжак-падручнікаў, зборнікаў вершаў, календараў-гадавікоў, разнастайных перыёдыкаў, на якія так багаты быў заходнебеларускі друк. Імаверна, што моцнае ўражанне на яго зрабіла «Геаграфія Беларусі» Аркадзя Смоліча, які і сам не так даўно працаваў у ВБГ. Праз гэтую кнігу-падручнік, вартую не аднаго фаліянта, Южык дазнаўся і пачаў усведамляць псіхалогію народа і асаблівасць беларускага светаўспрымання, увачавідкі ўбачыў, як краявід уплывае на станаўленне асобы. Здавалася, зразумеў сябе, уласны характар і беларускі свет увогуле. Ён нібы фізічна адчуў глебу пад нагамі. За гады працы ў ВБГ спакваля ўгрунтаваў падмурак для ўласнай душы. У свае амаль 50 гадоў пачаў Павел Тамашавіч засвойваць літаратурную беларускую мову і, відаць, трошкі яшчэ саромеючыся, намагаўся выкарыстоўваць яе ў побыце. «…Нават паспрабаваў напісаць паэмку па-беларуску аб лёсе дзяцей вёскі ў горадзе» (А. Ліс). У Беларускай віленскай гімназіі ён, пэўна, канчаткова ўсвядоміў, што ён не рускі, але яшчэ і не беларус.

П. Южык. Швагерка

 

Пачуваўся тутэйшым. Раз-пораз, узяўшы кіёк у руку ды прыхапіўшы эцюднік, выпраўляўся на ўскрайкі горада ў Новую Вілейку, ці на ўзгоркі «польскай Швейцарыі» — ваколіцы Нова-Вільні, маляваць. Апынуўшыся сам на сам з нерукатворнай прыгажосцю натуры, усё болей і болей прагнуў увасобіць на палатне ўвесь неразменны на медзякі мітусні і «значных лёсавызначальных падзеяў» свет.

Істотнымі былі «гімназіяльныя» часы ў жыцці мастака і настаўніка, струменілі яны павольна, але не без шурпатасцяў. Непасрэднасць і натуральнасць падлеткаў, іх прага да ведаў цешылі і бадзёрылі. Але іх «юнацкі максімалізм», а яшчэ больш зачараваны позірк у бок камуністычнага Усходу, які ён пабачыў на ўласныя вочы, а мо і «абпёкся», змушалі трымацца трошачкі ў баку.

Не ў хаўрусе, але засяроджана і самастойна рабіў ён што мог. Рэальна. Ніколі не адмаўляў аднавяскоўцам у дапамозе па кантактах з адвакатамі, дапамагаў рыхтаваць судовыя скаргі па спрэчных пытаннях. Вяскоўцы ж ставіліся да «Тамашавіча» адпаведна. З павагай, хоць і не ўлягаў ён, што дзівіла суседзяў-сялянаў, у гаспадарчыя клопаты, усё болей маляваў і настаўнічаў.

П. Южык. Юнацтва

 

Ва ўсіх ягоных жыццёвых захадах чулася, што хоць і не атаясамліваў, то ставіў побач і ўпоравень такія паняцці, як асвета і свядомасць. Кім, як не «тутэйшым», быў яго бацька, селянін-садоўнік, які назву кожнай травінкі-былінкі, кожнай кветачкі ведаў, як гучыць яна на лаціне? Ды хіба толькі назоў ведаў? Павел Южык ішоў далей.

Адчуванне знітаванасці асветы з нацыянальнай свядомасцю не пакідалі, відаць, яго не толькі ў ВБГ, а і пазней, падчас настаўніцтва ў Віленскай духоўнай семінарыі, да 27 кастрычніка 1930 года. Неўзабаве 13 лістапада таго ж года Южык атрымаў ліст з Варшавы, з міністэрства асветы «ў сувязі з атрыманнем пенсіі».

«Мілыя вобразы роднага краю»

Відаць, тады, на пачатку 1931 года і перабраўся разам з маладой, «гарадской» жонкай — Марыяй Аляксееўнай на сталае жыццё ў Вётхаў. Пабудаваў прасторны дом на моцным падмурку з пакоем-майстэрняй і вялікімі вокнамі, што глядзелі на таямніча-зменлівы лес. Пасадзіў «англійскую» (блакітную) елку перад домам, але да працы на спадчынным лапіку зямлі так і не прыгарнуўся. Аддаў у арэнду аднавяскоўцу, а сам жыў на сціплы пенсіён і працягваў маляваць, ішоў да свайго небакраю, не пакутуючы ад «адсутнасці творчай атмасферы». Партрэты аднавяскоўцаў і сваякоў, былых вучняў, а асабліва краявіды разыходзіліся па акрузе.

Краявіды някідкія, абагульненыя, выразна лаканічныя ў кампазіцыйнай будове і колеравым рашэнні, нават аскетычныя. Іншыя з іх, з добрым адчуваннем перспектывы, насычаныя паветрам, дэталёва-падрабязныя, са складаным колеравым гучаннем, багатыя на разнастайныя цені і рэфлексы. «Родныя вобразы роднага краю» — ваколіцы Вётхава і Залесся былі часткай яго існасці, а ён, у сваю чаргу, мусіць адчуваў сябе неад’емнай часцінкай гэтай натуры. Шчасцем гэтай еднасці ён дзяліўся з усімі.

Бачыў прыгажосць натуры, вычуваў яе ў сваёй душы, пісаў усё новыя і новыя творы. Пісаў усё. Ад мройлівага ранішняга золку (дзяцінства — прадвесня), да згасаючых прамянёў (ці водбліскаў) самотнай восені. Да сталасці, да надыходзячай неспазнанасці казачнага пераўвасаблення краявіду ў зіму. У цнатліва чысты подых белага колеру, якім быў захоплены ўсё жыццё.

«Карткі» (краявіды), як іх і зараз называюць мясцовыя жыхары, не толькі хораша і настраёва перадавалі партрэтнае падабенства «роднага кута» ці якога яго аскепіка. Бязмежная, як сама натура, нізка яго не атрыбутаваных і не датаваных краявідаў перадавала розныя поры году, станы, настроі і нюансы прыроды і ўвасабляла замкнёнае каляндарнае кола.

Зразумела, што «карткі» гэтыя, блізкія душы і зразумелыя чалавеку зямлі, знаходзілі ў іх непасрэдна шчыры эмацыйны водгук.

Старажылы і суродзічы Паўла Тамашавіча згадваюць і доўгачаканыя, але заўжды раптоўныя святы вынасу іконы з яго дома-майстэрні (у перадваенныя гады Южык шмат пісаў абразоў для навакольных цэркваў). Асабліва ж дбаў пра старажытную, ад ХVI стагоддзя, Залескую царкву, якую спалілі ў сярэдзіне 60-х ХХ стагоддзя, дзе ягоныя абразы суседзілі з іканапіснымі дарункамі князёў Агінскіх.

Сыход

Ад верасня 1939 года жыццё душы зніякавела. Наўрад ці Южык зразумеў гэта, хутчэй адчуў душой. Вакол загучалі новыя песні і лозунгі, паўсюдна адбываліся народна-вітальныя сходы, утвараліся сельсаветы, фарміраваліся атрады «Рабочай гвардыі». Дзялілі зямлю. Пачыналі карчаваць эксплуататарскі элемент.

Балюча, відаць, адгукаўся вадаспад падзеяў у чуллівай душы не маладога ўжо мастака. Не выключана, што і самаму прыйшлося «паспавядацца» ў другой палове сакавіка 1940 года перад кампетэнтнымі органамі. Лозунг новай улады: «Кто не работает, тот не ест». І мусіў пенсіянер Южык выкладаць маляванне ў Залескай школе.

З 1 кастрычніка 1941 года Павел Южык настаўнічае не толькі ў Залескай, але і ў народнай школе ў Сіньках, але ўжо з іншай прычыны, пра што сведчыць даведка, выдадзеная Маладзечанскім раённым аддзелам народнай асветы 5 красавіка 1943 года. «Не дзеля большага кавалка хлеба …заробак настаўніцкі быў сціплы, ледзь не сімвалічны… быў клопат, каб дзеці ў час ваеннага ліхалецця не заставаліся без школы, не дзічэлі» (А. Ліс).

Усё мацней і мацней грукатала на Усходзе. Але аперацыі «Багратыён» Павел Южык не дачакаўся, 16 сакавіка 1944 года завяршыў свае зямныя справы і пайшоў з гэтага жыцця да свайго небакраю.

Крый Божа каму нават уявіць крык болю і адчаю Марыі Аляксееўны, «гарадской паненкі», над неспрактыкаванасцю якой вяскоўцы незласліва кпілі… Хавалі мастака, настаўніка, сапраўднага вясковага інтэлігента, свайго «Тамашавіча» ўсім Вётхава. З непакрытымі галовамі ішлі сяляне, вучні — былыя і тагачасныя.

Больш чым з паўстагоддзя таму распачалося вяртанне да нас спадчыны мастака. Не надта шпаркае і далёка яшчэ не завершанае.

Каментаваць