Матылёк на золкай далоні

Беларусы — народ даволі эгаістычны, бо найперш кожны думае пра сябе, жывуць кланамі, дапамагаюць бліжняму найчасцей, калі бліжні папярэдне ўжо дапамог або калі ёсць спадзяванне, што дапаможа ў будучым…

Васіль Гадулька. Фота з сайта zhabinkalib.by

Васіль Гадулька. Фота з сайта zhabinkalib.by



Нялітасцівы, трагічны лёс паэта Васіля Гадулькі (1946–1993), як і яго творчы набытак, дзякуючы неабыякавым людзям выявіўся толькі пасля  яго нечаканай і загадкавай смерці. Адна з такіх асобаў — паэтка з Гарадзеншчыны Галіна Самойла. Іх меладраматычнае ліставанне, змешчанае ў кніжцы, а таксама псіхалагічныя і філасофскія калізіі жыцця Гадулькі яна і спрабуе патлумачыць у гэтых суб’ектыўных развагах.


Я бачыла Васіля толькі на семінары маладых творцаў у «Іслачы». Мы з ім амаль не гутарылі, проста прысутнічалі побач на занятках, дзе разбіралі творчасць кожнага ўдзельніка семінара, чыталі свае вершы і слухалі вершы іншых. З намі пастаянна былі Рыгор Барадулін і Яўген Міклашэўскі. Прыязджалі Ніл Гілевіч, Яўгенія Янішчыц. Сяргей Грахоўскі, Іван Навуменка тады адпачывалі ў  Доме творчасці. Астатніх не памятаю. Васіль Гадулька быў увесь час разам з Васілём Сахарчуком. У самым канцы семінара ўсе пачалі абменьвацца адрасамі. Вось тады мы з Васілём і далі свае адрасы адзін аднаму, як і ўсім іншым удзельнікам сустрэчы. Першым напісаў ён, я яму адказала… Думаю, таму, што мы вызначылі адзін аднаго па творчасці. На маю душу з усіх тады пачутых леглі яго вершы, на яго душу — мае. Аб чым гэта гаворыць? Аб тым, што мы падобныя...


Я ведаю пра Васіля Гадульку тое ж, што цяпер ведаюць усе, хто прачытаў наша ліставанне і папярэднюю кнігу «Голас», выдадзеную Леанідам Галубовічам, дзе змешчаны ўспаміны пра Васіля  Гадульку ягонага сябра Васіля Сахарчука і нешматлікіх пісьменнікаў, якія з ім сустрэліся. Падрабязнасцей ягонага дзяцінства, юнацтва, дарослага жыцця не ведаю.


Што наконт характару, то Васіль быў сарамлівым чалавекам, нясмелым. Сарамлівасць — гэта фактычна сацыяфобія, якая можа мець розныя ступені праяўлення. Я ведаю свой узровень сацыяфобіі, узровень Васіля я не ведаю, але што яна ў яго была — гэта факт. Тэмперамент у нас меланхалічны: мяккасць, чуллівасць, самотнасць, нерашучасць, няўпэўненасць, разгубленасць у нязвыклай сітуацыі. Людзям меланхалічнага тэмпераменту, тым больш сарамлівым, супрацьпаказана працаваць з людзьмі. А мы выбралі прафесіі настаўнікаў…  Я магла б працаваць настаўніцай у базавай вясковай школе, дзе маленькія класы, але ж я паехала жыць у горад… Васіль мог бы быць цудоўным перакладчыкам, але ж не навідавоку, не непасрэдна ў зносінах з замежнымі гасцямі, а, напрыклад, перакладаючы мастацкую ці тэхнічную літаратуру для распаўсюджвання, для друку. Такім чынам, мы дрэнна ведалі сябе і свае магчымасці, калі выбіралі прафесіі.


Мужчын-меланхолікаў рэдка кахаюць жанчыны, таму што жанчына ўсё ж хоча мець мужа-абаронцу, апору сям’і. Уявіць сабе сям’ю з Васілём Гадулькам я нават не спрабавала: і я нічога не магу, і ён нічога не змог аж да сарака гадоў. Як жыць?  Трэба ж змагацца, а хто гэта будзе ра­біць, калі мы абое не можам? Мы з ім былі ідэальнымі сябрамі з поўным узаемаразуменнем, і на сённяшні дзень, калі для мяне ўжо не важна маё месца сярод людзей, а важна мець побач роднага чалавека, які мяне разумее, я выбрала б, безумоўна, Васіля Гадульку. Але  каханне да аднаго мужчыны (без сяброўства) і сяброўства з другім (без кахання) мая доля дала мне адначасова. І я зрабіла той выбар, які падаваўся мне больш правільным на той час, я пайшла туды, куды мяне тады паклікала сэрца.  Зрэшты, і тое, і тое было няпоўным, аднабаковым…


З боку Васіля Гадулькі было да мяне і каханне, і сяброўства, я разумею гэта цяпер і разумела тады. Не магу пагадзіцца, што гэтае каханне было ягоным няшчасцем, чарговым жыццёвым «няшанцам», як гэта расцэньваюць людзі, якія пішуць пра ягоны лёс. Быць здольным на такое каханне, перажыць яго, нават безадказнае, гэта само па сабе ўжо вялікае шчасце, бо яго амаль не бывае на зямлі. У мяне вось, як я ўжо сказала, такога адзінага кахання не было — яно распалавінілася… Таленавітыя людзі нерэалізаваныя ў жыцці пачуцці заўсёды рэалізуюць у творчасці. Я ўпэўнена, што менавіта ў стане закаханасці (да мяне ды іншых жанчын)  Васіль напісаў шмат  высокіх па гучанні вершаў. Такім чынам, і ў гэтым плане каханне было шчасцем, а не бядою.

 
Хоць я і напісала Васілю ў адным са сваіх лістоў, што не розніца ў нашых узростах паўплывала на мой выбар, але  цяпер я думаю, што  раз’яднаў нас усё ж такі ўзрост, які ляжаў паміж намі, і звязаныя з ім жыццёвы вопыт і сістэма каштоўнасцяў кожнага з нас. У свае дваццаць пяць я абсалютна не ведала, што такое адзінота, беднасць, незразуметасць, безабароннасць. Маёй праблемай была толькі мая сарамлівасць, ва ўсім астатнім я была шчаслівая. Калі Васіль пісаў мне, яму было сорак. І я саракагадовая, перажыўшы многае з таго, што папярэдне перажыў Васіль,  была ўжо цалкам, сэрцам і розумам, з Васілём Гадулькам, але Васіля тады ўжо не было на свеце.


Дарэчы, жанчын-меланхолікаў таксама не вельмі кахаюць, бо мужчыны не любяць павышанай эмацыянальнасці, трывожнасці, плаксівасці, якія ўласцівы  такім  жанчынам. Суцяшаць, суперажываць — гэта не мужчынскі занятак, гэта ім надакучвае. Таму і маё каханне не збылося… Шквал маіх эмоцый мог бы вытрымаць хіба што толькі Васіль Гадулька…


Сарамлівыя людзі звычайна такімі нараджаюцца. Я думаю, што Васілёву праблему ў яго сялянскай вясковай сям’і не лічылі праблемай і ніяк ёю не займаліся ні бацькі, ні настаўнікі. Таму сваю праблему Васіль цалкам прынёс у дарослае жыццё. Людзі вельмі добра, на ўзроўні падсвядомасці, адчуваюць, з кім маюць справу: з дужым псіхалагічна чалавекам ці са слабым. І хоць праз хрысціянскую рэлігію ў нашым грамадстве прапагандуюць для людзей-вернікаў ідэю любові, на самай справе наш свет пабудаваны на кульце сілы. Нездарма існуе пагаворка ў народзе: «Правы той, у каго болей правоў». Сіла чалавека грунтуецца на моцным тэмпераменце, на характары цвёрдым і на месцы ў грамадскай іерархіі, якое ён здолеў заняць. Людзі слабага тэмпераменту і характару не канкурэнтаздольныя ў барацьбе за такое месца.


Талент паэта не ў лік. На сённяшні час няма сапраўдных крытэрыяў, па якіх можна было б выявіць, вартае штосьці напісаў паэт ці не. Таму ў паэзіі ацэньваюць часцей за ўсё  асобу паэта (моцную і камусьці цікавую), а не сам талент (які можна аб’ектыўна ацаніць, калі абстрагавацца ад асобы).


Васілю лёс падарыў адданага сябра Васіля Сахарчука, які талент Гадулькі ацаніў вышэй, чым свой (на што здольныя толькі сапраўдныя сябры)  і шмат публікаваў яго вершаў у раённай газеце. Ён жа, наколькі мне вядома, выцягнуў Васіля Гадульку ў свет, на рэспубліканскі семінар маладых літаратараў. Васіль Сахарчук зрабіў усё, што мог, каб рукапіс кнігі Васіля Гадулькі трапіў у сталічныя перыёдыкі і выдавецтва. Астатняе ад яго ўжо не залежала. У тым, што творчасць Васіля Гадулькі засталася на зямлі пасля смерці аўтара, вялікая заслуга Васіля Сахарчука, на маю думку. Бо, калі б яго не было ў жыцці Васіля Гадулькі, то ці захоўваў бы апошні наогул свае вершы і ці напісаў бы ён іх так шмат? Усё ж такі для творцы вельмі важна, каб быў на ягоныя творы водгук. Васіль Сахарчук, як я разумею, захаваў архіў Васіля Гадулькі, які пасля смерці Васіля Сахарчука трапіў да Леаніда Галубовіча.


Такім чынам, я зноў буду спрачацца з тымі, хто  лёс Васіля Гадулькі  называе суцэльным «няшанцам», як гэта вызначыў, дарэчы, і ён сам. У сяброўстве, хай сабе і адзіным, ён быў шчаслівым чалавекам.


Пасля семінару Васіля Гадульку прызналі таленавітым і ў Мінску — і даволі часта публікавалі ў «ЛіМе». Але ж пра выданне ўласнай кніжкі не мог парупіцца з-за свайго характару. За яго зноў клапаціўся той жа Васіль Сахарчук, значна больш упэўнены ў сабе і мужны чалавек, аднак вынікаў і ад яго клопатаў не было.


Беларусы — народ даволі эгаістычны, бо найперш кожны думае пра сябе, псіхалагічна нашы людзі  вельмі адасоблены адзін ад аднаго,  жывуць кланамі, дапамагаюць бліжняму найчасцей у тых выпадках, калі бліжні папярэдне ўжо дапамог або калі ёсць спадзяванне, што дапаможа ў будучым…  Беларусы талерантныя і мяккія да іншаземцаў, а ўнутры краіны гэта даволі прагматычны народ, заглыблены ў матэрыяльныя каштоўнасці больш, чым у духоўныя.  Статус у грамадстве і матэрыяльны дабрабыт — вось крытэрыі паспяховасці чалавека для беларуса. Крыўдна, што і ў літаратурным свеце крытэрыі прыкладна такія ж.


Васіль Гадулька  вучыўся заўсёды толькі  на выдатна, быў разумны ва ўсіх адносінах, меў відавочны талент… Сам жа сцвердзіць сябе не мог з-за сарамлівасці. Хай бы ж людзі пра яго падумалі, напрыклад, тады, калі выключалі яго з інстытута замежных моваў: «А дзе будзе працаваць гэты юнак з яго здольнасцямі?» Выключылі і больш не  пацікавіліся хлопцам…  


А пасля, калі ўжо ў сталым узросце прызналі яго талент, чаму ён заставаўся паляводам?  Была ж раённая газета побач, бібліятэка…  І няўжо нідзе не былі патрэбныя перакладчыкі? Там жа ад Жабінкі і Брэст недалёка. Нікуды ж яго не запрасілі на працу… можа, ужо з-за п’янкі, з-за дрэннай рэпутацыі. Але ж і гэта магло б выправіцца, калі б чалавеку далі шанец. Таму ён застаўся адзін і ішоў па жыцці сваім адзінокім шляхам. Так і дажыў да поўнага расчаравання ў жыцці і перастаў за жыццё змагацца: «І страшна памерці, і жыць невыносна…»


Васіль Гадулька меў слабы тэмперамент, але гэта не зна­чыць, што ён быў унутрана слабым чалавекам. Ягоная сіла была ў тым, каб заставацца сабою насуперак усяму, захоўваючы свае каштоўнасці, свой талент і розум, нават калі яны і не былі асабліва запатрабаванымі.


Ён захаваў гэта ўсё, і людзі, нарэшце, звярнулі на яго ўвагу: пасля смерці, тады, калі ўжо не важныя ні статус, ні тэмперамент, ні сіла, ні слабасць.

У сваім цяперашнім узросце я стала разумнейшай, смялейшай, дабрэйшай, чым была ў маладосці, але выправіць лёс ужо немагчыма...


Калі гаварыць пра Васіля Гадульку, то ён цярпеў дастаткова доўга, змагаўся са сваёй самотай, не азлабляўся на жыццё і людзей. Быў мяккім і добрым, інтэлігентным да апошняга дня (што відаць з усіх яго лістоў да мяне). Бог даў яму застацца на Зямлі ў ягонай творчасці, якая свеціцца дабрынёй і пяшчотай, якая ўражвае крыштальнай чысцінёй. Магчыма, ён прыходзіў у свет, каб навучыць нас быць дабрэйшымі адзін да аднаго, своечасова заўважаць таленавітых людзей і ганарыцца імі падчас іх жыцця, а не пасля іх смерці…


Мы павінны навучыцца гэтаму, калі хочам заставацца на Зямлі беларусамі.



Каментаваць