Мех бульбы за верш. 10 фактаў пра Дануту Бічэль з нагоды 80-годдзя паэткі

3 снежня спаўняецца 80 гадоў паэтцы, стваральніцы музэя Максіма Багдановіча ў Горадні Дануце Бічэль. Напярэдадні паэтка расказала Свабодзе пра каханне, выдатных мужчын і легендарных жанчын, з якімі яна сустракалася ў жыцці.


1. Пра закаханых у яе чытачоў



Пра гэта трэба доўга думаць (усміхаецца), пытанне вельмі складанае. Назваць некага з чытачоў, напэўна, не магу. А вось прыгожыя гісторыі заўсёды здараліся, калі мы сустракаліся з Янкам Брылём і Мацеем-Юзэфам Канановічам. Яны любілі са мной пажартаваць, разыгрывалі мяне, расказвалі пра мяне нешта смешнае, але мілае і жартаўлівае. Мне было вельмі прыемна з імі. А вось Уладзімір Калеснік, сустракаючы мяне, заўсёды казаў, што прачытаў мае «кантычкі», альбо часам называў мае вершы малітоўнікам, бо ўжо тады лічыў іх духоўнымі. Але іх я не магу залічыць проста да чытачоў.

2. Пра самы ўражальны падарунак за вершы


Звычайна мне дарылі мех бульбы (смяецца), бо я жыву ў такой краіне. У мяне пра гэта быў напісаны адмысловы верш: «...Хто прывязе мне два мяхі бульбы на зіму, буду маліцца яму...» Але калі прыгадаць самыя вялікія падарункі для мяне, то хочацца сказаць пра тых, хто прычыніўся да выдання маіх кнігаў. Як і сёння памятаю, як Карпюк узяў сшытак маіх першых вершаў, сам надрукаваў іх на машынцы і адвёз Алесю Адамовічу. Той падключыў Анатоля Вялюгіна, зрабіў яго рэдактарам, і так з'явілася кніга «Дзявочае сэрца». Другую кнігу мне дапамагаў выдаць Рыгор Барадулін, мы разам правілі вершы, каб кніга магла прайсці цэнзуру.
Прэзентацыя кнігі Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас” у Біскупцах, роднай вёсцы пісьменніцы. 5 жніўня 2008 году

Прэзентацыя кнігі Дануты Бічэль “Хадзі на мой голас” у Біскупцах, роднай вёсцы пісьменніцы. 5 жніўня 2008 году



Калі пачала пісаць прозу, то стала яшчэ складаней выдаваць свае кнігі. Але і тут атрымлівала падарункі: Павал Мажэйка дапамог выдаць «Хадзі на мой голас». Кіраўнікі Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч выдалі «Мост святога Францішка». Кнігу на польскай мове «Ty to ty» выдаў Мацей-Юзаф Канановіч. І да майго 80-годдзя вялікі падарунак мне зрабіў Кастусь Цвірка. Ён увёў мяне ў «Беларускі кнігазбор», паставіў у адзін шэраг з беларускімі класікамі. І я вельмі ўдзячная ўсім ім за такія падарункі.

3. Пра пачуцці да Васіля Быкава

Данута Бічэль і Васіль Быкаў

Данута Бічэль і Васіль Быкаў



Магчыма, я была ў яго крыху закаханая, але гэта было хутчэй платанічнае каханне, якое натхняла на творчасць. Гэта быў доўгі перыяд у маім жыцці, і нашыя размовы, найчасьцей тэлефонныя, сканчаліся, але потым мелі працяг у маіх вершах. Цяжка сказаць цяпер, што паміж намі тады было. Мы сустракаліся, гулялі ўздоўж Нёмана, ён шмат расказваў. Яму трэба было некаму выказацца, а мне было цікава тады ўсё паслухаць, што ён гаварыў.

4. Пра закаханасць Уладзіміра Караткевіча



Нехта нас сфатаграфаваў у Мінску на пісьменніцкім з'ездзе. Ён стаяў, прытуліўшыся да мяне плячом, але ён інакш ніколі і ня мог стаяць. Мой муж вельмі раўніва паставіўся да гэтага здымка, і я парвала тую фотакартку ў яго на вачах. А Караткевіч насамрэч быў закаханы ва ўсіх жанчын на свеце. Прычым вельмі дэманстратыўна гэта рабіў, а таму я папраўдзе ня ведаю, у каго ён быў закаханы. У яго была вельмі рамантычная натура, і такой атрымлівалася ягоная літаратура. Ён спальваў сябе ў слове, а ў жыцці атрымлівалася ўсё па-іншаму.

5. Пра аповесць «Данута» Аляксея Карпюка


Не, не, гэта не было звязана са мной. Ён узяў для назвы тутэйшае беларуска-польска-літоўскае імя. Прычым ад пачатку ягоная гераіня мела іншае імя, але потым ён спыніўся менавіта на гэтым. Мяне яшчэ нават не было ў Горадні, калі ён напісаў гэтую аповесць. Пра яго магу прыгадаць толькі ўсё самае лепшае і разумею, што пры жыцці не здолела цалкам ацаніць ягоныя заслугі. Калі Быкаў працаваў у літаратуры на сваю асобу і гэтым славіў Беларусь, то Карпюк працаваў на ўсіх адразу. Яму не трэба было тварыць вялікага Карпюка, ён ствараў еўрапейскую Горадню, ён працаваў для людзей.
Данута Бічэль прамаўляе на 100-х угодках Ларысы Геніюш. Зэльва, 2010 год

Данута Бічэль прамаўляе на 100-х угодках Ларысы Геніюш. Зэльва, 2010 год



6. Пра стасункі з Янкам Брылём


Янка Брыль быў чалавекам эмацыйным, вельмі цёпла ставіўся да жанчын-літаратарак і імкнуўся ім заўсёды дапамагчы. Пра кожную жанчыну ён меў станоўчыя думкі. Памятаю, паскардзілася яму на тое, што ў выдавецтве паздымалі з кніжкі шмат маіх вершаў, а ён мне: «Што ты перажываеш, у цябе там столькі харошага засталося...» І так гэта цёпла, з увагаю. Для яго жанчына — гэта як аб’ект для слухання, у яго тады з'яўлялася красамоўства і ён рос у сваіх вачах, гаварыў мудрыя рэчы. Ён быў заўсёды прыстойным семьянінам і ніхто ніколі не мог яго ў гэтым папракнуць.


7. Пра ксяндза Уладзіслава Чарняўскага


Я была ў Вішневе ў ксяндза Уладзіслава Чарняўскага ўсяго тры разы. Мой сын быў пахрышчаны ў Вішневе, і шлюб ён там браў. Калі я малюся, то ў пераліку сваіх родных запісваю айца Уладзіслава.

Я дагэтуль падтрымліваю сувязь з музеем, які ёсць у Вішневе, праўда, наведацца да іх праблематычна.

8. Пра сучасных беларускіх святароў


Вядома, заўсёды быў недзе беларускі святар, нават сярод тых, хто быў закатаваны ці загінуў у гады ліхалецця. І цяпер ёсьць добрыя ксяндзы і біскупы, якія працуюць на Беларускі касцёл. Але з сённяшніх святароў я хачу назваць імя Ігара Лашука. І я ведаю, што ў нядзелю 3 снежня Ігар Лашук будзе маліцца ў Багданаве за мяне. Гэта я ведаю.

9. Пра гісторыю з Ларысай Геніюш

Данута Бічэль, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў пасля выступу ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 год



​Цяжка цяпер прыгадваць зноў і зноў нейкія падрабязнасці нашага з ёй сяброўства. Скажу, што Ларыса Антонаўна ліставалася з многімі, сама казала, што любіць пісаць лісты, і ў сваіх лістах яна пісала летапіс свайго жыцця. А мне на ўсё жыццё застаўся на ўспамін той кавалачак стужкі, калі нас здымалі ў ейным садзе і мы проста працягвалі адна адной рукі. Я разумею, што ўвайшла ў літаратуру дзякуючы толькі таму, што аказалася ў нейкі час у тым гародчыку з ёй. Можа, гэта і смешна, але гэта праўда, бо ніхто пасля гэтага мяне не пакідаў. Калі я была маладая і прыгожая, хадзіла на тэлевізію і чытала вершы — яно ўсё некуды канула ў лету, і ніхто пра гэта ніколі не згадвае. А той маленькі кавалачак стужкі, які зняў Юрка Голуб і які ўвайшоў у новы фільм на «Белсаце» пра Ларысу Геніюш, запісаў у гісторыю і мяне.


10. Пра навуку Наталлі Арсенневай


Мы ліставаліся з ёй у апошнія гады. Яна жыла ў Амерыцы, і там, вядома, не была абцяжараная праблемай, як пражыць на пенсію. Яна апісвала, як гуляла па парку, як збірала там грыбочкі. На мае лісты яна адказвала бяз спеху, але тое, што і як яна пісала, навучыла мяне не перадаваць у лістах ніякіх эмоцый. Пісаць лісты яна навучыла мяне толькі ў спакойным стане, паколькі ў кожным лісце ты творыш гісторыю. Вось гэтыя рэчы я ад яе і ўзяла, і цяпер ніколі не пішу лісты ва ўзбуджаным стане. Яе спакой, філасофскае, нават містычнае стаўленне да важнага, пра нашы адносіны да свету — гэта перадалося ад яе мне.

***
Данута Бічэль

Данута Бічэль



​Данута Бічэль нарадзілася ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. У 1962 годзе закончыла Горадзенскі педінстытут імя Я. Купалы. Доўгі час працавала настаўніцай. Была стваральніцай і дырэктаркай музею Максіма Багдановіча ў Горадні.

Яе пяру належаць зборнікі паэзіі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Ты — гэта ты» (1976), «Дзе ходзяць басанож» (1982) (Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы), «А на Палесьсі» (1990), «Ты не самотны...» (1997), «Снапок» (1999), «У Будслаўскай сьвятыні ты ранішняй зоркай...» (2004), «На белых аблоках сноў» (2002), «Ойча наш...» (2008).

Аўтарка кніг прозы «Хадзі на мой голас» (2008), «Мост святога Францішка» (2010), а таксама зборнікаў паэзіі для дзяцей — «Лузанцы» (1982), «Габрэнька і Габрусь» (1985). Многія вершы паэткі пакладзены на музыку.


Каментаваць