Мілы Богу і людзям, вечны выгнаннік і пілігрым

За спінай яго называлі «бабай», пра што ён, дарэчы, добра ведаў. Але не зважаў на гэта, таму што верыў: кожны чалавек выпраменьвае святло, якое ў стане змяніць свет.

Тамаш Зан



Ва ўнутраным ліставанні кіраўніцтва філаматаў адзначала, што ён «да заданняў не здатны, у іх выкананні слабы і няўстойлівы, у суджэннях за ветрам ідзе». Тамаш Зан — адзін з заснавальнікаў таварыства філаматаў і самы папулярны сярод іх, стваральнік масавай таемнай арганізацыі «Таварыства прамяністых», шматлікія творы якога на беларускай мове згубіліся ў завірусе часу.


Народжаны ў карчме



Тамаш Зан нарадзіўся 220 гадоў таму, 21 снежня 1796 года ў карчме вёскі Мясата Ашмянскага павета ў сям’і ўдзельніка паўстання Тадэвуша Касцюшкі — Караля Зана. Той вымушаны быў хавацца ад рэпрэсій расійскіх уладаў і мусіў уцячы. Маці Тамаша, Кацярына, вымушаная была бегчы з немаўлём Тамашам і старэйшым сынам Вінцэнтам у лес, каб не трапіць у рукі казацкім войскам. Толькі дапамога мясцовай сялянкі ўратавала ім жыццё.

Пасля амністыі Караль знайшоў працу аканома ў маёнтку Вязынь, а Тамаш пайшоў у парафіяльную школу мястэчка Узда. У 1807 годзе хлопец паступіў у гімназію ў Мінск, дзе, згодна Зану, «нянавісці і розніцы між нацыямі не ведалі». Яго сябрамі ў гімназіі сталі браты Міхал і Юзэф Верашчакі, праз якіх Зан пазнаёміўся з іх сястрой Марыляй, якая пры яго пасярэдніцтве пазней стала каханай Адама Міцкевіча.

З-за хваробы давялося пакінуць гімназію і перабрацца ў арандаваны бацькамі фальварак Выверы пад Маладзечна. Менавіта ў Маладзечанскай павятовай школе Тамаш завяршаў навучанне. Тут упершыню праявіліся яго арганізацыйныя здольнасці да розных забаў. Пад яго кіраўніцтвам вучні школы ладзілі гульню ў вайнушку, у якой удзельнічалі дзве арміі: адна лічылася войскам сілы — бога Марса (Расійскай імперыі), другая ж любові — армія бога Апалона (Рэчы Паспалітай).


«Архіпрамяністы»



У 1815 годзе Тамаш Зан паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, падпрацоўваў гувернёрам, увайшоў у разнастайныя таемныя таварыствы, у тым ліку масонаў, пакуль, урэшце, у 1817 годзе не стаў адным са стваральнікаў таварыства філаматаў. Аднак яго сур’ёзна не ўспрымалі нават найбліжэйшыя сябры, а яго ідэі выклікалі толькі смех.


Р. Жукоўскі. Томаш Зан у час навучання ў Віленскім універсітэце


Таму для іншых філаматаў стала сапраўднай нечаканасцю, калі ў сярэдзіне красавіка 1820 года тэорыя «прамяністасці» Зана ахапіла ўніверсітэцкую моладзь. Праз месяц нават скептычны ў адносінах Зана Малеўскі вымушаны быў пісаць да Міцкевіча: «Пра Занаўскіх прамёнках пісаць, гэта пісаць пра рэчы, што пераходзяць у веру. Навёў вялікі шум, кажуць паўсюль, вітаюцца прамяністыя…»

6 мая 1820 года была праведзена маёўка, на якую сабралася шмат моладзі. Гэтая падзея яшчэ больш папулярызавала ідэі прамяністых, захапіўшы студэнцкія інтэрнаты і ўсю Вільню. Па горадзе актыўна карысталіся словамі «распуснік» або «прамяністы», і нават дзеці сталі затыкаць насы, калі чулі брыдкія словы: «Злыя словы абуджалі ў прамяністых пачуццё дрэннай воні, таму на двузначныя рэчы ці мовы нос затыкалі».

Ігнат Дамейка так апісаў свайго сябру, Тамаша Зана як «сярэдняга росту, смуглаватага твару, з малымі агністымі вачыма і цёмнымі кучаравымі валасамі, з высокім ілбом, які трохі звужаўся ўверсе. Калі ён спяваў, імправізаваў, тады ад яго, казалі, ад чала і вачэй нібы сыходзіла праменне, якім проста паланяў сэрцы ўсіх, хто яго слухаў. Нездарма Зан атрымаў ганаровую мянушку «архіпрамяністы».

У адказ на пытанне бібліятэкара Кантрыма, што ж такое прамяністаць, сам Зан адказваў, што «ў гульнях мы хочам моладзь заахвоціць да шляхетнасці, да дабрачыннасці, да навукі спосабам вясёлым. Усе сілы, якія вядуць да добрага, — прамяністасцю, да злога — распустаю называем».

Уплыў Зана перайшоў усе чаканні. Папулярнасць гэтага дзівака, якім яго бачылі, абудзіла зайздрасць як сярод малодшых сяброў філаматаў, так і старэйшых. Выключнасць і пэўная таямнічасць, якой сябе акружылі прамяністыя, не магла падабацца іншым. Былы жаўнер Касцюшкі, універсітэцкі бібліятэкар Кантрым заўважыў: «Той дурань альбо лайдак, калі не належыш да Прамяністых, бо гэта добрыя людзі».

Недапушчаныя да таварыства Зана заснавалі аб’яднанне «антыпрамяністыя». Філамат Петрашкевіч ужо праз некалькі тыдняў пасля слыннай маёўкі паведамляў Міцкевічу: «Маем сяброў і несяброў. Першых лічба большая, але калі ўспомнім, што дробныя прычыны вялікія наступствы нараджаюць, тады да нешматлікіх непрыяцеляў належыць нам так адносіцца, як былі велькімі».

Студэнт Рукевіч, якога не ўзялі ў прамяністыя, перарабіў на манер зваротаў да айца-заснавальніка — Тамаша Зана, некалькі хрысціянскіх малітваў: «Ойча наш, прамёнку святла», альбо «Веру ў айца прамёнку». Гэта дайшло да біскупа, а ад яго да баязлівага рэктара Шымона Малеўскага, сын якога перадаў інфармацыю ад свайго бацькі да Міцкевіча: «Хутка дойдзе да Пецярбурга, не будзе часу тлумачыцца».

Зан жа быў у добрым гуморы. Жартаваў з віленскіх плётак, а ў прапагандзе прамяністасці бачыў добрыя вынікі: «Нарабіў гуку, ніколі аб тым не мысліў, ніколі не спадзяваўся. Шмат добрага з такога кроку, можам спадзявацца і шмат зрабілі…»


Тамаш Зан. Малюнак Яна Рустэма.


І ўсё ж дзейнасць таемных таварыстваў у Віленскім універсітэце зацікавіла царскія ўлады, якія ў 1823 годзе арыштавалі іх заснавальнікаў, у ліку якіх апынуліся Юзаф Яжоўскі, Адам Міцкевіч, Ян Чачот. Але Тамаш Зан узяў віну за заснаванне аб’яднанняў на сябе, чым уратаваў астатніх.

Перад адпраўкай у ссылку да яго пусцілі сям’ю і сяброў. У апошні вечар у камеры Зана сабралася некалькі дзясяткаў чалавек: «…Чачот пад акампанемент гітары Тамаша спяваў толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы, песню жалосную, развітальную, якая сваёй мелодыяй і зместам выклікала ўсеагульны плач…»:

«Да лятуць, лятуць да дзікіе гусі,

Да нас павязуць да далёкое Русі…»


Заснавальнік музея, геолаг, сябар Гумбальта

Нарэшце, у кастрычніку 1824 года Тамаша Зана выправілі ў ссылку ў Арэнбург, дзе год ён правёў у турме. 22 лістапада 1825 года яго вызвалілі. У вольны час Зан пачаў праводзіць геалагічныя даследаванні, збіраў нумізматычную, мінералагічную і заалагічную калекцыі. З-за абмежаванай колькасці адукаваных чыноўнікаў ваенны губернатар Сухтэлен прызначыў у 1830 годзе Зана ў Арэнбургскую памежную камісію. Менавіта знаходзячыся на дадзенай працы, Зан арганізаваў першы ў Арэнбургскім краі музей, заснаваны 24 лістапада 1830 года. Ужо праз год той налічваў больш за тысячу экспанатаў.



Тамаш Зан. 
Карціна невядомага мастака.


Пасля задушэння паўстання 1830–1831 годзе ў Арэнбургскай губерні з’явілася 2800 ссыльных з тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы. Зан дапамагаў уладкавацца сваім землякам. Але ў 1833 годзе па ілжываму абвінавачанню ўлады распачалі справу пра змову ссыльных і спробу ўзняць паўстанне. Тамаш у ліку абвінавачаных зноў апынуўся за кратамі.

Пасля таго, як улады разабраліся ў справе, Зан быў зноў выпушчаны на волю, каб яшчэ больш актыўна займацца навуковымі даследаваннямі. Ён пазнаёміўся з вядомым нямецкім вучоным Аляксандрам Гумбальтам, які прыехаў на Урал, і дзякуючы яму зацікавіўся геалогіяй. Тамаш Зан пачаў самастойныя геалагічныя росшукі, у выніку знайшоў радовішчы нафты, золата і іншых каляровых металаў.

У 1837 годзе яго навуковая дзейнасць была высока ацэнена імператарам Мікалаем І, і Зану дазволілі пераехаць у Санкт-Пецярбург. У сталіцы Расійскай дзяржавы ён займаўся апрацоўкай сабраных матэрыялаў і працаваў у бібліятэцы Горнага ўніверсітэта, у якім у 1839 годзе здаў экзамены на кваліфікацыю горнага інжынера. Двойчы Тамаш Зан выступаў з дакладамі ў Рускім геаграфічным таварыстве.


Ваньковіч. Партрэт Томаша Зана


«Мілы Богу і людзям»

У 1840 годзе Зан атрымаў дазвол вярнуцца на Радзіму. Ён спачатку працаваў у Віленскім корпусе горных інжынераў, затым інспектарам дзяржаўных маёнткаў, пакуль нарэшце не набыў маёнтак у Аршанскім уездзе і ў 1845 годзе не выйшаў у адстаўку. Здавалася, што цяпер можна адчуць, што такое сапраўдная воля, але Тамаш Зан цяжка захварэў. Як адзначае Ігнат Дамейка, «гэта быў пачатак вар’яцтва, якое прыйшло не адразу, нягледзячы на лекі, што даваў яму брат».

Сябры ўзялі на сябе клопаты за хворым. Яму дапамагала Марыля Верашчака, якая выйшла замуж за графа Путкамера і жыла ў маёнтку Больцінікі (сёння вёска ў Воранаўскім раёне). Тамаш вандраваў па сябрах, пакуль у вёсцы Аборак не пазнаёміўся з Брыгідаю Свентажэцкай. Нягледзячы на рознасць у больш чым два дзесяткі гадоў, у кастрычніку 1846 года Брыгіда і Тамаш Зан ажаніліся. Далейшыя дзевяць гадоў Зан вёў актыўнае жыццё, займаўся краязнаўчымі росшукамі і літаратурнай творчасцю, а жонка падарыла яму чатырох сыноў.



Тамаш Зан памёр 7 ліпеня 1855 года ў набытым маёнтку Кахачын, з якім напачатку ён ніяк не мог справіцца, і таму наракаў на свой лёс «вечнага выгнанніка і пілігрыма».

«Мілы Богу і людзям» — менавіта такі надпіс пазначаны на могілках у Смалянах на помніку Тамаша Зана, асоба якога зрабілася легендай яшчэ пры жыцці.



Каментаваць