«Мне хапiла б свайго незабытага. Толькi як я пра тых прамаўчу?»

Яны сябравалі тры дзесяцігоддзі, але потым разышліся, — Ніл Гілевіч і Васіль Быкаў. Мабыць, з гэтай прычыны Ніл Сымонавіч нічога не напісаў для кнігі ўспамінаў «Наш Быкаў», якую ў 2004 годзе сабраў-уклаў Генадзь Бураўкін. А можа, і праз тое яшчэ, што да гэтага часу разышоўся ўжо і з Бураўкіным…


Аднак калі ў 2010-м, неяк завітаўшы да Ніла Сымонавіча, я прапанаваў пагаварыць пра Быкава для альманаха «Асоба і час», што ўкладаў Аляксандр Фядута, пагаварыць менавіта таму, што няма яго ўспамінаў пра Васіля Уладзіміравіча, Гілевіч, хоць адмаўляўся ад усялякіх інтэрв’ю, ахвотна і адразу пагадзіўся. Мы доўга тады гутарылі, Ніл Сымонавіч сказаў, у прыватнасці: «Я ніколі нікому не глядзеў у рот, у тым ліку і Быкаву — я ў душу глядзеў Васілю». Гаварыў яшчэ: «Такая наша блізкасць з Быкавым сяму-таму не падабалася. Але што рабіць? Жыццё ёсць жыццё. Я цяпер горка шкадую, горка плачу, але назад нічога не адкруціш…»

Апошні раз яны бачыліся ў 1998-м, у гадавіну БНР, калі Гілевіч падпісаў сябру маладосці сваю кнігу «Ёсьць зямля…»: «Васілю Быкаву — чыё жыццё і слова памагае трымацца ўсёй беларускай Беларусі. І, можа, у першую чаргу — мне. Хай літасцівы і шчодры на ўсё добрае будзе да цябе Бог! Ад сэрца — Ніл Гілевіч. 25.3.98».

…Зрэшты, усё гэта ўзгадалася цяпер з той прычыны, што ў галаве ўвесь час усплывае верш Гілевіча, пра які сам ён распавёў: «Неяк гартаючы фотаздымкі Быкава, я наткнуўся на гэты здымак, дзе ён — лейтэнанцік малодшы ў шыняльку і ў пілотачцы, такі змучаны юнак у дваццаць гадоў, гэта 1944 год. І ў мяне адразу выдыхнулася, я тут жа напісаў: “Сорак трэці. Віхура смяротная…”» Наогул Васілю Быкаву прысвечаны дзясяткі вершаў, але, як на мой погляд, дык гэта адно з самых шчымлівых прысвячэнняў:


                        Тым, што ваявалі

Сорак трэцi. Вiхура смяротная.

Ёй — нi краю яшчэ, нi канца.

Як ты бачна, бяда ўсенародная,

У паглядзе падлетка байца!..


Мне хапiла б свайго незабытага.

Толькi як я пра тых прамаўчу? —

Шынялёк i пiлотачка Быкава

Неадступна стаяць уваччу.


Яны, канешне, цяпер сустрэнуцца, там, у вечнасці. І ім, безумоўна, будзе, пра што пагаварыць…

Вечная вам памяць, Ніл Сымонавіч...

Той самы фотаздымак Васіля Быкава, 1944 г





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць