Мужнасць і самаахвярнасць Юрыя Хадыкі

Улада чакала пакаяння, а атрымала бестэрміновую палітычную галадоўку. Учынак сапраўднай мужнасці і самаахвярнасці. У абарону Юрыя Хадыкі разгарнуўся моцны рух салідарнасці. Гэта быў 1996 год.


Калі ў 2008 годзе для газеты «Новы час» пісаўся гэты нарыс, Юрый Віктаравіч Хадыка жыў побач, і я даволі часта бачыў, як са сваёй жонкай ён хадзіў на Камароўку. Цяжка было паверыць, што гэты вонкава спакойны і ціхі чалавек — адзін з самых актыўных дзеячаў беларускага адраджэнскага руху найноўшага часу. Поруч з Зянонам Пазьняком, Міхасём Ткачовым яшчэ ў савецкі час ён быў адным са стваральнікаў Беларускага народнага фронту. Легенда Беларускага Адраджэння.

Сёння, калі яго не стала, я вырашаў паўтарыць той нарыс. Каб было больш зразумела, каго мы страцілі.

СВЕТЛАЯ ПАМЯЦЬ СВЕТЛАМУ ЧАЛАВЕКУ!

Вось эпізод, які калі-небудзь увойдзе ў падручнікі па гісторыі. Бо ён не толькі яркі сам па сабе, але і выбітны сваім знакавым сэнсам, увасабляе канец савецкай сістэмы ў Беларусі. Хаця яна фармальна яшчэ праіснавала два гады. Студзень 1989 года, стадыён «Дынама» да краёў запоўнены людзьмі. Мітынг, які ладзіць БНФ з дазволу і пры ўдзеле гарадскіх уладаў. Упершыню за ўсе савецкія дзесяцігоддзі. Ашаламленне і ўздым — так узгадваюць агульную атмасферу, што панавала на стадыёне, удзельнікі той падзеі. Прамоўцам ад БНФ — тысячагалосы гул і свіст ухвалення, прамоўцам ад уладаў — гул і свіст ганьбы.

Тым больш, што новыя адраджэнцы дэманстравалі ўжо і новую, нязвыклую для савецкіх людзей, стылістыку мітынговых выступаў — вобразную і эмацыйную. І таму запамінальную. Канкрэтны змест праз гады забыўся, але ж атмасферу і яркія эмацыйныя ўражанні відавочцы таго «матча» помняць да гэтага часу. Найчасцей узгадваюць выступ Юрыя Хадыкі, які параўнаў штурм савецкай цытадэлі са штурмам сярэднявечнага замка, акружанага глыбокім ровам. І першыя кагорты рыцараў кідаліся ў роў, самаахвярна высцілаючы сваімі целамі масток для наступу новых кагорт ваяроў.

У той час гэта параўнанне ўспрымалася як рамантычная гіпербала. Пра ахвяры ўсур’ёз ніхто не думаў. Юрыю Хадыку выпала сваім жыццём і ўчынкамі пацвердзіць суровую праўду сваіх слоў і намераў. Пра гэты эпізод яго відавочцы мне распавялі пазней. А непасрэдным штуршком для напісання палітычнага нарыса пра Хадыку стаўся... тэлефонны званок. Справа ў тым, што ў даведніку «Хто ёсць хто ў Беларусі» ёсць спасылка на кніжку «Іншадумцы» вядомага журналіста Аляксандра Уліцёнка, які быў маім кіраўніком і настаўнікам у журналістыцы. Ад яго і даведаўся, чаму гутарка з Хадыкам стаіць у кнізе першай і напісана на рускай мове. Таму што гэты артыкул рыхтаваўся раней за іншыя і датуецца вераснем 1991 года. І таму што — зараз цяжка паверыць — тады Хадыка ведаў рускую мову лепш за беларускую. Вось вам і эпізод, які найбольш красамоўна сведчыць пра «агрэсіўна-нацыяналістычную сутнасць» БНФ. Пад сваімі сцягамі гэты рух збіраў найбольш актыўную частку беларускага грамадства, якое ўжо прагла перамен. Перабудова адкрыла шлюзы.

Юрый Віктаравіч Хадыка нарадзіўся 23 чэрвеня 1938 года ў Мінску. Зразумела, што яго першыя дзіцячыя ўспаміны звязаны менавіта з вайной і падрыхтоўкай да яе. Юрасю было менш за тры гады. Яго бацьку, які быў будаўніком, перавялі ў Ваўкавыск, дзе ўзводзілі абаронныя ўмацаванні ўздоўж мяжы. Тыя самыя, частку якіх аднавілі ўжо ў нашы дні ў якасці музейнага комплексу пад назвай «Лінія Сталіна». Заходняя Беларусь. Ваўкавыск. Мноства маленькіх крамаў. Аднойчы ў адну з іх, дзе былі дзеверы вяртушкай, зайшла маці Юрася, а маленькі хлапчук крыху адстаў і ўсё тупаў і тупаў па колу, і ад адчаю гучна заплакаў. Без смеху Хадыка распавядаў мне, што з таго часу запомніў боты вайскоўцаў на ўсё жыццё.

1 верасня 1945 года ён пайшоў у незвычайную, мужчынскую, сталічную 60-ю школу. Менавіта ў ёй Хадыку дадуць мянушку «прафесар», якая стане фактам яго біяграфіі праз шмат гадоў. І яшчэ эпізод. Святло ў той пасляваенны час гасла даволі часта. Аднакласнікі Юрыя вынайшлі дзіўны спосаб штучных, па ўласным жаданні, электрапаўз. Выкручвалі лямпачку, слінявілі кавалак прамакаткі і ўстаўлялі ў патрон. Сліна высыхала, прамакатка пераўтваралася ў ізалятар, святло гасла. Але ўрок працягваўся. Настаўнікі прасілі каго-небудзь з вучняў пераказаць апошнюю прачытаную кнігу. Хадыкі жылі недалёка ад Пушкінскай бібліятэкі, якая тады была за сённяшнім Палацам Рэспублікі. Пазней гэтыя ўрокі вусных апавяданняў, як лічыць сам Хадыка, неаднойчы будуць яму ў дапамогу.

Школу Юрый скончыў з залатым медалём і паехаў паступаць у створаны Капіцам Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут (МФТІ), аднак набраў там так званы напаўпрахадны бал, які, аднак, быў настолькі высокім, што даваў права залічэння ў любы іншы маскоўскі інстытут. Гэта яму і прапанавалі, аднак ён паслухаўся парады маці і вярнуўся ў Мінск.


У 1960 годзе скончыў фізічны факультэт БДУ і стаў працаваць у Інстытуце фізікі Акадэміі навук Беларусі: малодшы, старэйшы навуковы супрацоўнік, кіраўнік групы, загадчык лабараторыі. Не простай, а галоўнай у справе разлікаў траекторыі ракет ва Усесаюзнай кааперацыі па стварэнні касмічнай сістэмы ранняга папярэджання пра ракетны напад.
У 1975 годзе ўзначаліў секцыю оптыка-электронных сродкаў разведкі ў камісіі АН СССР па распрацоўцы прагнозу развіцця ўзбраенняў на 15 гадоў. У лютым 1965-га абараніў кандыдацкую дысертацыю па фізічнай аэрадынаміцы. А ў 1976-м стаў доктарам фізіка-матэматычных навук, прафесарам. Тэма дысертацыі: «Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракет».

Двойчы, у 1967 і 1969 гадах, Хадыку прапаноўвалі ўступіць у кампартыю, але ён адмаўляўся. «Зламалі» толькі ў 1981-м. Вось як тлумачыць гэты крок сам Юрый Віктаравіч у кнізе «Іншадумцы»: «...Да, уже тогда сформировалось и распространилось отношение к партии, как… Ну, как к прививке против каких-то социальных напастей. Меня среди прочих нюансов останавливало следующее убеждение: эта «игра», мол, обходит науку; я наивно-самонадеянно считал, будто смогу добиться своих целей, обеспечить карьеру без партбилета. Рассуждал в том духе, что физика — отнюдь не политика, зачем здесь партбилет, голова должна быть! Правда, жизнь потом несколько подкорректировала такие взгляды».

Беларуская нацыянальная ідэя да яго прыйшла поруч з захапленнем беларускім мастацтвам. Калі на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Хадыкі запыталіся, чым ён ганарыцца ў сваім жыцці, яго адказ для многіх прагучаў нечакана: удзелам у стварэнні акадэмічнага музея старажытнай беларускай культуры.

Сапраўды, восенню 1969 года ён арганізаваў у Акадэміі навук БССР семінар па вывучэнні старажытнабеларускага мастацтва, прымаў удзел у зборы матэрыялаў (экспедыцыі) і напісанні «Зводу помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». А ў 1979 годзе быў адчынены і знакаміты музей. Перад Юрыем Хадыкам адкрыліся глыбіні і таямніцы беларускай гісторыі, беларускага адраджэнскага руху з яго драматычнымі паваротамі і трагічнымі лёсамі яго творцаў. Ад ведаў у спалучэнні з асэнсаваннем вопыту сюррэалізму савецкай таталітарнай сістэмы да ідэй дэмакратыі і беларускага адраджэння — такім быў тыповы алгарытм фармавання свядомасці пакалення першай перабудовачнай хвалі. З той, аднак, істотнай асаблівасцю, што Юрый Хадыка належаў да невялікай купкі першапраходцаў — арганізатараў і тэарэтыкаў Беларускага Адраджэння канца ХХ стагоддзя.


30 красавіка 1988 года адбыліся сумна вядомыя «Дзяды», і Хадыка (сябра КПСС!) пачаў ствараць у сваім інстытуце групу падтрымкі толькі-толькі сфармаванага аргкамітэта БНФ. За кароткі тэрмін у яго групу ўвайшлі каля 70 чалавек. З кампартыі па асабістым жаданні Юрый Віктаравіч выйшаў у лютым 1990-га. Але дэмакратычным актывістам ён стаў яшчэ ў 1988 годзе, а праз год быў абраны намеснікам старшыні БНФ «Адраджэнне». З гэтай пасады сышоў толькі ў снежні мінулага года.

З 1996 па 2000 гады Ю.В. Хадыка ўваходзіў у назіральную раду Беларускага Хельсінскага камітэта. А ў 1997-м яго прызначылі прарэктарам Народнага ўніверсітэта — самай буйной праграмы Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва» і рэдактарам бюлетэня Народнага ўніверсітэта. У 1998 годзе яго зрабілі сябрам рэдакцыйнага савета часопіса «Адкрытае грамадства». Юры Віктаравіч з’яўляецца намеснікам старшыні назіральнага савета Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў, хаця працу менавіта гэтых сацыёлагаў публічна і крытыкуе.

Мабыць, самым адметным, але і самым драматычным у палітычнай біяграфіі Юрыя Віктаравіча можна назваць год 1996-ы, адзначаны перш за ўсё знакамітым «Чарнобыльскім шляхам». Аднак гэта акцыя не была адзінай. Спачатку 25 сакавіка апазіцыя святкавала «Дзень волі», потым 2 красавіка пратэставала супраць падпісання з Расіяй дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. А 26 красавіка традыцыйна ўспаміналі ахвяр чарнобыльскай трагедыі. Выключна гуманітарна-палітычнае мерапрыемства з часам ператварылася ў цалкам палітычнае.

Напярэдадні ў кабінеце тагачаснага намесніка старшыні Вярхоўнага Савета Генадзя Карпенкі ўзгаднілі з міліцэйскім начальствам маршрут руху. На нарадзе прысутнічаў і Юрый Хадыка. 26 красавіка людзі ішлі там, дзе было ўзгоднена з уладай, якая, аднак, парушыла свае абяцанні. Перад маніфестантамі паўстаў АМАП са шчытамі і гумовымі дубінкамі. Улады, па сутнасці, самі справакавалі сутыкненні, за якія потым Хадыку і асудзілі.

Пасля «гарачай» вясны 1996 года Юрый Віктаравіч Хадыка і яго паплечнік па БНФ Вячаслаў Сіўчык апынуліся за кратамі. Улада чакала пакаяння, а атрымала бестэрміновую палітычную галадоўку. Учынак сапраўднай мужнасці і самаахвярнасці. У абарону прафесара, вучонага і палітыка разгарнуўся моцны рух салідарнасці. З маніфестацыямі на “Валадарскага”, з патокам лістоў пратэсту, у тым ліку з-за мяжы — не толькі ад палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, але і ад вучоных. І не толькі з краінаў Захаду, але і з Расіі. Лідэр расійскага «Яблыка» Рыгор Яўлінскі папрасіў прэзідэнта Барыса Ельцына дапамагчы вызваліць Юрыя Хадыку і Вячаслава Сіўчыка. Той патэлефанаваў Лукашэнку. Вязняў выпусцілі. Не ведаю, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, але калі меркаваць, што абвяржэнняў пакуль не было, нешта падобнае адбылося на самай справе.

Згодна вышэйзгаданаму даведніку, Хадыка напісаў каля 150 навуковых прац па фізіцы, каля 200 навукова-тэхнічных справаздач і бліз 40 публікацый па гісторыі беларускага мастацтва. Не ўлічана, праўда, у даведніку яго публіцыстыка на злабадзённыя палітычныя тэмы — больш за 350 публікацый. Такім чынам, прыкладна пароўну паміж фізікай і «лірыкай». Але я ўпэўнены, калі спытаць, якога Хадыку людзі больш ведаюць, фізіка ці палітыка, большасць адкажа — палітыка. І менавіта ў гэтай якасці ён па-ранейшаму на авансцэне беларускага грамадскага жыцця. Яго ўплыў вызначаецца не фармальнымі пасадамі, а аўтарытэтам і асабістымі якасцямі.

Каментаваць