НЕ ПІСЬМЕННІЦА

Нядаўна мяне запрасілі святкаваць народзіны ў вялікую вясёлую кампанію. Была зіма — не толькі на календары, але і на вуліцы. Калі госці наеліся і ідэі для забаваў пачалі ссякаць, нечакана паўстала ініцыятыва:

— Народ, хадзем на санках катацца!

— Нееее, — застагнаў народ. Мароз на вуліцы, ісці далёка — дый што мы дзеці малыя?

— Народ, вы што? Ды калі вы апошні раз з горкі каталіся? І калі яшчэ пакатаецеся? Колькі там той зімы? Колькі там таго жыцця? Народ, устаем і пайшлі!

Народ устаў і пайшоў, мы гадзіну коўзаліся з ільдзянай гары на кавалках кардону, весяліліся і радаваліся жыццю, зіме, марозу. Тою, хто так актыўна, рашуча і, галоўнае, паспяхова падбіў калятрыццацігадовых дарослых людзей на такі несур’ёзны занятак, была Дар’я Кастэнка. Менавіта тады я вырашыла, што я пра яе напішу.



Нядаўна мяне запрасілі святкаваць народзіны ў вялікую вясёлую кампанію. Была зіма — не толькі на календары, але і на вуліцы. Калі госці наеліся і ідэі для забаваў пачалі ссякаць, нечакана паўстала ініцыятыва:

— Народ, хадзем на санках катацца!

— Нееее, — застагнаў народ. Мароз на вуліцы, ісці далёка — дый што мы дзеці малыя?

— Народ, вы што? Ды калі вы апошні раз з горкі каталіся? І калі яшчэ пакатаецеся? Колькі там той зімы? Колькі там таго жыцця? Народ, устаем і пайшлі!

Народ устаў і пайшоў, мы гадзіну коўзаліся з ільдзянай гары на кавалках кардону, весяліліся і радаваліся жыццю, зіме, марозу. Тою, хто так актыўна, рашуча і, галоўнае, паспяхова падбіў калятрыццацігадовых дарослых людзей на такі несур’ёзны занятак, была Дар’я Кастэнка. Менавіта тады я вырашыла, што я пра яе напішу.



Набалеласць слова

Усе гады нашага з ёй знаёмства я ведала: Даша піша, але яна — не пісьменніца. Рэч была нават не ў яе журналісцкай адукацыі — выпускнікі журфака БДУ вельмі актыўна падаюцца ў краснае пісьменства. Проста Дар’я Кастэнка заўсёды была для мяне акурат з тых маіх калегаў, хто ўспрымае свой дар як рамяство, як хлеб, як кунг-фу, якое сапраўдны майстар ніколі не дэманструе без патрэбы. Па той жа прычыне факт, што Даша стала аўтарам «Сакавіцкіх дзённікаў» — самага чытанага дакумента вокамгненнай, але такой важнай для часткі жыхароў Беларусі «мікраэпохі» грамадзянскага пратэсту пасля выбараў 19 сакавіка 2006 года, — абсалютна не здзівіў мяне. Проста надышоў час дэманстраваць кунг-фу.

Не — ну катэгарычна не пісьменніца! Пару празаічных урыўкаў, чытаных калісьці ў інтэрнэце, — не ў лік. У яе нават уласнага блогу ў доўгі час не было: цяпер ён ёсць, але гэта прыватная старонка для сяброў, а зусім не рэйтынгавы рэсурс грамадзянскай актывісткі. У сакавіку 2006-га яна запісвала тэкст у просты файл, на дыскету і высылала па электроннай пошце сяброўцы, а ўжо тая публікавала гэтыя падзённыя справаздачы ў сеціве, атрымліваючы водгук ад рускамоўных чытачоў ва ўсім свеце. Пік папулярнасці зацемак прыйшоўся на самі падзеі — 19–22 сакавіка; дапісвала Даша дзённік ужо ў красавіку, вызваліўшыся з турмы на Акрэсціна, куды трапіла на 10 сутак у ноч разгону намётавага мястэчка 23–24 сакавіка. Але гэтых цэнтральных фрагментаў яе хронікі не было б без першай часткі, якая і дала назву твору, што ў выніку атрымаўся. Даша была актыўнай удзельніцай перадвыбарчых падзеяў — агітавала за Аляксандра Мілінкевіча, а пасля назірала на выбарах. Яе дзённік пачаўся 2 сакавіка, напярэдадні ўгодкаў гістарычнай бітвы на Нямізе і пасля таго, што назвалі «бітвай на Нямізе» журналісты, — запужанага АМАПам мітынгу ў падтрымку Мілінкевіча на мінскай плошчы Свабоды. Тады мы ўсе пачыналі лавіць у штодзённасці сімптомы гістарычнасці. А Даша вырашыла, што будзе пісаць:

«Можа быць, гэтыя файлы дапамогуць тады мне ці каму-небудзь згадаць, як усё было насамрэч. Калі нехта адважыцца згадваць, калі камусьці гэта будзе патрэбна. Я веру, што будзе. Таму буду запісваць усё, што пабачу і пачую. У эпоху інфармацыйных войнаў яшчэ больш, чым тысячу год таму, патрэбныя ананімныя летапісцы.

Завіце мяне проста Даша.

Я — маленькі чалавек. Не баец, не агітатар, не гарлан, не главар. Мне вельмі страшна. Але я буду рабіць тое, што лічу сваім абавязкам».

І разам з тым не-пісьменніца Дар’я Кастэнка стала аўтаркай ці не самага значнага твора найноўшай беларускай літаратуры. Уражаны яго розгаласам у інтэрнэце, а таксама агульным усплёскам «народнай публіцыстыкі» падчас і пасля апошніх выбараў Андрэй Дынько нават быў абвясціў жанр дзённіка негалоснай тэмай ПЭН-цэнтраўскага конкурсу маладых літаратараў, прысвечанага стагоддзю газеты «Наша ніва». Але не надта атрымалася. Ці то аўтары дзённікаў не пабачылі ўнутранай патрэбы іх на суд журы дасылаць, ці то дасланае надта ўжо недацягвала да ўзроўню «ісціннай літаратуры». Нядзіўна. Рэальныя падзеі, і толькі яны, погляд знутры, гіперасабістае стаўленне да ўсяго, што адбываецца навокал, — і ўжо потым тэкст, сам стыль якога наўпрост залежыць ад умоваў, у якіх ён ствараўся: у выпадку з Дашай — спешка, недасып, халодная камера, шок пасля сутак у заключэнні... І разам з тым — голая эмоцыя, шчырасць, якая, тым не менш, не замінае паслядоўнай выкладцы фактаў. Вось што такое «Сакавіцкія дзённікі». Вось тое, за што мы ўсе іх чыталі.

Абпечаныя поўдні

Феномен «Сакавіцкіх дзённікаў», магчыма, больш зразумелы таму, хто ведае гісторыю стварэння двух сусветна вядомых помнікаў літаратуры — «Нататкі ля ўзгалоўя» японскай пісьменніцы ХІ стагоддзя Сэй-Сёнагон і кнігі «У заднім доме», больш вядомай як «Дзённік Ганны Франк», аўтарка якога — яўрэйская дзяўчынка, якая ў 1942–1944 гадах разам з сям’ёй хавалася ад нацыстаў у Амстэрдаме. Японская дама — фрэйліна імператрыцы, цягам многіх год рабіла выкшталцоныя запісы для сябе, пасля чаго дзённік нейкім чынам быў абнародаваны і ператварыўся ў звышпапулярны раман: даследчыкі кажуць, «выкраданне» «Нататак…» — аўтарскае какецтва: тое, што было інтымным, з цягам часу перагледжана аўтаркай і ператворана ў кнігу «для ўсіх». Дзяўчынка Ганна пачула па эмігранцкім радыё, што трэба захоўваць для будучыні ўсе сведчанні фашысцкіх зверстваў, асабліва дзённікі, і пачала перарабляць тое, што пісала ў форме лістоў да выдуманай сяброўкі Кіці, у раман, не паспеўшы, аднак, да арышту сям’і і высылкі ў канцлагер, дзе памерла ад тыфу ў 1945 годзе…

У Дар’і Кастэнка таксама два адрасаты — яна сама ў будучыні і той, каму «гэта будзе патрэбна». Звяртаючыся да іншых, яна ставіла дзве канкрэтныя мэты: насуперак хлусні афіцыйных СМІ данесці да людзей праўду і заахвоціць пакуль што абыякавых далучыцца да акцый пратэсту. У фінальнай частцы «Дзённікаў» яна з гонарам згадвае, што сустракала людзей, загітаваных іх пачаткам.

Дзіўны эфект такога чытва: мы прагна глытаем яго дзеля экзатычных ці трагічных, экстрэмальных умоваў, у якіх яно стваралася, выносім з яго канкрэтную інфармацыю, у той час як для аўтара галоўнае зусім не гэта. Ахвяра халакосту Ганна Франк шакуе чытачоў, якія так шмат пра яе чулі, падлеткавымі комплексамі, побытавымі падрабязнасцямі ды скаргамі на дарослых. Дзённік гераіні раздушанага бульдозерамі намётавага мястэчка, апроч тых жа побытавых падрабязнасцяў, перапоўнены рамантызмам, сантыментамі, гумарам, спачуваннем, прыязнасцю, любоўю да людзей, з якімі была поплеч, і нянавісцю да тых, хто выступіў супраць.

Даша пераказвае страшныя і смешныя падзеі, што мелі месца навокал, шчыра прызнаецца нават у тым, што ў беларускай літаратуры прынята хаваць ад вечнасці. Напрыклад, расказвае, якім чынам у намётавым мястэчку была арганізаваная прыбіральня. Ці як, збіраючыся на суд у камеры, выбрала самы няцёплы швэдар, бо ён прыгожы, і памыла галаву пад ледзяной вадой, каб выглядаць добра. Аповед яе ператвараецца то ў нізку анекдотаў, то ў баявік (сцэны разгону намётавага мястэчка), то ў турэмны дзённік, то ў мілосны ліст… Даша цытуе шмат вершаў, ці, хутчэй ,— тэкстаў песень. У асноўным, рускіх бардаў, творчасцю якіх захапляецца, чые песні спявала ў сакавіку пад гітару, таксама раздушаную бульдозерамі. «Прекрасное далёко» і «Крылатые качели» названыя ёй сярод рэпертуару герояў Плошчы. Тожа мне, змагары, тожа мне супраціў! — сказаў бы радыкал. Рамантыкі рэвалюцыі, якія сабраліся там, з галавой выдалі сябе, — паіранізаваў бы цынік. Але менавіта дзякуючы рамантычнаму пафасу напісанае Дашай цягам таго месяцу чытаецца на адным дыханні.

Смех дзіцячы

Я даўно заўважыла: самы просты спосаб апісаць Дар’ю Кастэнка хаваецца ў вершах яе аднафаміліцы — выбітнай украінскай паэткі, лірычнай патрыёткі Ліны Кастэнка (Даша нарадзілася ва Украіне, школу скончыла ў Берасці). Напрыклад, адзін верш у перакладзе іншай жыхаркі Берасцейшчыны — паэткі Ніны Мацяш. Змяшчу яго сюды цалкам, як зрабіла б ва ўласным тэксце сама Даша, праціўніца вырываць цытаты з цэлых вершаў:

* * *

Дабранач, сонца! Дзякую за дзень.
Дабранач, сонца! Дзякую за стому.
І за лясоў прасветлены Эдэм,
і за валошку ў золаце саломы.

За твой світанак, і за поўдзень твой,
і за мае абпечаныя поўдні.
За ўсё, што ўчора квет здарыла свой,
за ўсё, што заўтра ў рост зялёны пойдзе.

За смех дзіцячы, за мой зорны міг.
За ўсё, што я магу, за ўсё, што мушу.
Дабранач, сонца! Дзякую за ўсіх,
хто анічым сваю не збрыдзіў душу.

За ўсё, што прагне песні ды надзей.
Што дзесьці ў свеце кроў шчэ не праліта.
Дабранач, сонца! Дзякую за дзень,
за набалеласць слова як малітвы.



Даша — адна з самых узнёслых асобаў з усіх, каго я сустракала ў жыцці.

«Яны проста гуляюць», — сказаў пра маладых герояў «Плошчы Каліноўскага» Валянцін Акудовіч, пасля чаго кансерватыўна настроеныя чытачы «ARCHE» вокамгненна абвясцілі яго «ворагам беларушчыны». Але, дашчэнту дыскрэдытаваўшы моладзевы супраціў, мысляр працягнуў: «…гульня (не блытаць з забавай) — рэч куды больш сур’ёзная і важная, чым хоць якое змаганне. Бо толькі праз гульню (у самых розных яе праявах) магчымае тварэнне культуры, а значыць і тварэнне чалавека як чалавека». Даша, на першы погляд, не рабіла нічога звышгераічнага і звышкарыснага для сусветнай рэвалюцыі. Пранесла на Плошчу намёт. Гатавала гарбату, грала на гітары лірычныя песні. Пісала ўзорна-паказальны твор жаночай дзённікавай літаратуры. Пакорліва пайшла ў аўтазак падчас разгону. Яна проста гуляла. Але яе як не-пісьменніцы галоўная заслуга ў тым, што, калі чытаеш занатаваныя ёй радкі, у цябе складаецца ўражанне: падчас гэтай гульні яна перадае пас менавіта табе.

Зорны міг


«Сярэдні век людзей на Кастрычніцкай плошчы будзе недзе мой. 24 гады». Мая сённяшняя гераіня — менавіта гэтая 24-гадовая Даша. З часоў Вясны–2006 прайшло амаль тры гады, «Сакавіцкія дзённікі» Дар’і Кастэнка ўспрымаюцца цяпер зусім па-іншаму. Са зразумелай дыстанцыяй і халоднай аналітыкай. Напэўна, было б цікава патэлефанаваць аўтарцы, задаць ёй пытанні канкрэтна па тэксце: ці сапраўды Плошча сталася «найважнейшым і найлепшым», што здарылася з ёй у жыцці? Ці камунікуе яна з былымі сукамерніцамі праз сацыяльную сетку «Аднакласнікі»? Як яна ставіцца да «мярзотнікаў», якія скарысталіся яе рэвалюцыяй? Цікава — але навошта? Гэта, канешне, быў бы надзённы і рэйтынгавы — але зусім іншы жанр. Не гэты.

Жыццё пасля Плошчы… Многія з нас тады задавалі сабе пытанне: што са мной будзе? У тым ліку і Даша — «Сакавіцкія дзённікі» поўныя панічнай варажбы на кававай гушчы з тэрмасу. Як і тры гады таму, Дар’я Кастэнка жыве ў Беларусі, працуе ў навуковым часопісе «Адукацыя і выхаванне», адкуль ніхто нават не падумаў яе звальняць за розгаласныя, перакладзеныя на некалькі моваў «матэрыялы не па тэме» (хто ведае, а можа — акурат па тэме?), гуляе ў інтэлектуальныя гульні ў адной з самых моцных беларускіх каманд (якая, дарэчы, называецца «Хунта»), кожнае лета экстрэмальна вандруе з сябрамі: Крым, Скандынавія. У канфліктных сітуацыях ідзе вайной у абарону слабых, а калі марозіва жыцця пачынае ўтопліваць у сябе свае разынкі, — падбівае сяброў на самыя неверагодныя здзяйсненні.

Калі мы каталіся з горкі, яна ўскідвала галаву ў святле ліхтароў і смяялася. Як у многіх бландынаў, на марозе яе нос заліўся густой чырванню — хацелася хутчэй узяць яе ў цяпло, захутаць у коўдру і напаіць гарбатай. І я згадала Плошчу, намётавае мястэчка, бачанае на ўласныя вочы, — і відэахроніку. На многіх кадрах можна было заўважыць Дашу. Выраз твару быў абсалютна іншы. Спужаны. Рашучы. Засяроджаны. Пазбаўлены касметыкі. Поўны надзеі. Але адна дэталь была тою самай — ярка-чырвоны ад анамальнага холаду той вясны нос. Даша глядзела, як народ скотваецца з ільдзянай горкі, ускідвала галаву з чырвоным носам і смяялася. Менавіта тады я вырашыла, што я пра яе напішу.


Пачытаць "Мартовские дневники" Дар'і Кастэнка можна тут:
http://www.intelros.ru/2007/02/07/darja_kostenko_martovskie_dnevniki.html

 

Каментаваць