Непапраўны шасцідзясятнік Васіль Сёмуха

Васілю Сёмуху — 80. Калі б Васіль Сяргеевіч перастварыў па-беларуску толькі Біблію ці толькі «Фаўста», то ўжо адным гэтым назаўсёды ўпісаў бы сваё імя ў гісторыю айчыннай культуры.



Васіль Сёмуха з Алесем Камоцкім і Рыгорам Барадуліным


Яго лёс складваўся драматычна ад самага пачатку — яго бацькоў у 1942-м расстралялі фашысты. Здавалася б, сын лесніка павінен быў узненавідзець усё нямецкае, але Васіль Сёмуха, паступіўшы на рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, наадварот захапіўся нямецкай мовай і ўжо ў 23 гады пачаў перакладаць «Фаўста» І.-В. Гётэ. «Мама ведала нямецкую мову, таму і я павінен быў яе вывучыць, — скажа ён падчас адной нашых з ім гутарак. — Ужо пасля прыйшло асэнсаванне таго, што калі вывучу мову, дык знайду ў немцаў адказы на свае дзіцячыя пытанні: чаму і за што забілі маіх родных?.. З цягам часу нямецкая мова захапіла мяне, і я зразумеў, што нельга жыць нянавісцю да гэтай вялікай нацыі, якая ў той час знаходзілася пад дыктатурай».

У 1967-м ён быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. Рэкамендацыю даў у тым ліку яго блізкі сябар Уладзімір Караткевіч:

«…ведаю Васіля Сяргеевіча Сёмуху некалькі год, з тых часоў, калі ён быў рэдактарам адной з маіх кніг. Рэдактарам зычлівым, высокакультурным, суровым ва ўсім, што датычылася таго, каб кніга зрабілася лепшай. Тое самае могуць сказаць і іншыя пісьменнікі, кнігі якіх ён рэдагаваў. Пачуццё стылю, выключнае веданне моў і, перш за ўсё, сваёй, беларускай, аж да тых тонкасцяў яе, да якіх ведаюць яе лічаныя, веданне ўсіх яе стыхій, дыялектаў, гаворак, арго — рабіла заўсёды неацэнную дапамогу людзям, якіх ён рэдагаваў. Вельмі карыснае было, таксама, веданне ім некалькіх іншых моў. Наколькі я магу меркаваць — дасканалае веданне.

Я не казаў бы пра гэта, каб усе тыя якасці спаўна не выявіліся ў яго перакладах. Ён выпусціў у свет некалькі перакладаў кніг нямецкай літаратуры, сярод якіх я лічу асабліва ўдалым пераклад кнігі Людзвіга Рэна. Часамі мне даводзіцца чуць аб гатовых працах, якія ляжаць у яго ў партфелі, перакладах з Шылера, Гейне, Наваліса, Рыльке.

Некаторы час таму назад В. Сёмуха скончыў вялікую, амаль неверагодную па маштабу працу: першы пераклад на беларускую мову “Фаўста” Гётэ. Я сачу за гэтай працай даўно і адзінае, што выклікае ў мяне непаразуменне, гэта тое, што пераклад дагэтуль не надрукаваны, не выдадзены асобнай кніжкай.

Шмат людзей ужо чыталі яго, і таму я магу казаць аб перакладзе “Фаўста”, як аб перакладзе высокамастацкім, выключна-дакладным, паэтычным. Гэта сам Гётэ і, у той жа час, Гётэ, які, нібыта, напісаў сваю вялікую паэму па-беларуску. Я ведаю некаторыя пераклады паэмы і смела лічу, што пераклад В. Сёмухі па мастацкай дакладнасці вышэй за рускі пераклад Пастарнака і роўны з лепшым, дагэтуль, латышскім перакладам Я. Райніса (дарэчы, Сёмуха ў працэсе працы вывучыў гэты пераклад, як і шматлікія іншыя, дзеля таго, каб ведаць вопыт перакладчыкаў і пазбегнуць іхніх памылак; ён ведае латышскую мову і перакладае цяпер, а мо і пераклаў ужо, драму Я. Райніса “Агонь і ноч”).

Лічу, што такі перакладчык — вялікі набытак для нашай пісьменніцкай арганізацыі…»

Выданне перакладу «Фаўста» было запланавана на другую палову 1960-х, а пасля ўвогуле перанесена на 1971 г. У выніку Сёмуха быў вымушаны звярнуцца ў сакратарыят СП БССР з просьбай падтрымаць яго хадайніцтва пра перанясенне тэрмінаў выдання «Фаўста» на 1968 г. Аднак размова па-ранейшаму ішла пра перспектыўныя планы. Што і прымусіла перакладчыка пайсці на рызыкоўны крок — у снежні 1967-га ён звярнуўся да пасла ФРГ у Маскве з лістом:

«Прашу Вас, пан пасол, раз’ясніць мне наступнае: у сувязі з тым, што германскія акупацыйныя ўлады ў 1942 годзе знішчылі ўсю маёмасць маёй сям’і, а таксама расстралялі маіх бацькоў, я б хацеў ведаць, ці магу я прэтэндаваць на атрыманне ад ураду ФРГ адпаведнай кампенсацыі за нанесеныя страты, якой дастаткова для

а) будаўніцтва новай кватэры;

б) выдання “Фаўста” Гётэ, перакладзенага мною на беларускую мову і не выдадзенага ў сувязі з нерэнтабельнасцю яго публікацыі на беларускай мове».

Васіль Сёмуха і Лявон Баршчэўскі

Аднак гэты ліст, перададзены Сёмухам у Міністэрства замежных спраў БССР, быў накіраваны не ў пасольства ФРГ, а… у ЦК КПБ, адтуль — у Саюз пісьменнікаў. У выніку пачаўся разбор персанальнай справы перакладчыка — спачатку на сакратарыяце, затым на прэзідыуме СП БССР. Вердыкт амаль адзінадушнага галасавання — выключыць з шэрагаў СП «за недастойны члена Саюза пісьменнікаў учынак, які выразіўся ў тым, што В. Сёмуха з мэтай палітычнага шантажа і вымагацельства імкнуўся звязацца з пасольствам ФРГ у Маскве, паклёпніцкі скардзіўся пасольству, што Саюз пісьменнікаў адмаўляецца даць яму кватэру, а выдавецтва адмаўляецца выдаваць пераклад на беларускую мову “Фаўста” Гётэ, пытаўся аб магчымасці выдання гэтага пераклада ў ФРГ». Супраць быў толькі Васіль Вітка, Васіль Быкаў устрымаўся.

Пераклад усё ж убачыў свет, але толькі ў 1976 г. і з таго часу вытрымаў не адно перавыданне. Больш за тое, ён быў названы немцамі найлепшым перакладам «Фаўста» на славянскія мовы. Сам Васіль Сяргеевіч цераз год быў зноў прыняты ў Саюз пісьменнікаў, і хоць яму прапанавалі проста ўзнавіцца, ён прынцыпова прайшоў усю працэдуру ўступлення ў СП ад самага пачатку…

Цяпер у яго творчым набытку не толькі пераклады вышэй прыгаданых аўтараў, але і Г. дэ Бройна, Ю. Брэзана, Ш. Гайма, Г. Гейне, Г. Гесэ, Г. Гофэ, Я. Грымельсгаўзена, Ф. Дзюрэнмата, П. Зюскінда, Г. Майрынка, Ф. Ніцшэ, Р.-М. Рыльке, Г. Фалады, Ф. Фюмана, Ш. Хэрмліна, Ф. Шылера. Невыпадкова Сёмуха быў узнагароджаны «Залатым Знакам Гонару» ГДР (1981) і ордэнам «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіяй» (2001). У сваю чаргу Латвійская Рэспубліка ўганаравала яго найвышэйшай узнагародай — «Ордэнам Трох Зорак». Што ж тычыцца роднай Беларусі, дык за пераклад «Доктара Фаўстуса» Томаса Мана Сёмуха атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа, але было гэта ў далёкім 1992-м. Першай жа і апошняй «узнагародай» лукашэнкаўскай Беларусі было звальненне з выдавецтва «Мастацкая літаратура». Зрэшты калі яшчэ напярэдадні 70-годдзя запытаўся ў Васіля Сяргеевіча, ці ёсць у яго ўзнагароды ад сучасных беларускіх уладатрымцаў, ён адказаў: «Ёсць — яны мяне не друкуюць. І я лічу гэта ўзнагародай. Увогуле было б абразай атрымаць узнагароду з гэтых рук».

Увогуле спіс замежных аўтараў, якія дзякуючы Сёмуху «загаварылі» на мове Максіма Багдановіча і Янкі Купалы, можна доўжыць і доўжыць: гэта і латышы А. Бэлс, В. Бэлшавіца, Э. Вілкс, Л. Думберс, І. Зіеданіс, А. Клявіс, В. Лаціс, Э. Лук’янскіс, Я. Райніс, З. Скуіньш, А. Чакс, М. Чаклайс, Р. Эзера, К. Элсбергс; палякі В. Гамбровіч, Я. Гушча, М. Канапніцкая, А. Каспровіч, А. Міцкевіч, Ц. Норвід, Ю. Славацкі, Г. Тракль, Ю. Тувім, Ф. Фарнальчык; украінцы Ю. Гойда, І. Калянік, А. Капштэйн… Нават пры самым дакладным пераліку ўсё роўна застаецца небяспека некага не назваць…

Васіль Сёмуха з Міхасём Скоблам

 

Яшчэ напрыканцы 1980-х Васіль Сёмуха распачаў працу над перакладам Бібліі, кніг Святого Пісання Старога і Новага Запавету. Каб хоць у нейкай ступені ўявіць тытанічнасць гэтай невераемнай працы, прыгадаю сведчанне самаго Васіля Сяргеевіча: «Хоць перакладаў я з царкоўнаславянскай мовы, але на кожным кроку кансультаваўся з іншымі перакладамі і каментарыямі, крытычнай літаратурай і  працамі багасловаў. Перакладаў было шмат: сінадальны пераклад на рускую мову, пераклады на ўкраінскую, польскую, нямецкую, балгарскую і чэшскую мовы. Адзіны нецаркоўны пераклад, якім я карыстаўся, — гэта пераклад Францыска Скарыны. Скарына быў свецкім чалавекам і зрабіў працу, якую цэрквы дасюль не прызналі — на мой вялікі жаль і да сораму ўсіх цэркваў. Аднак больш за ўсё мяне цікавала, як тое ці іншае месца трактуюць праваслаўе і каталіцызм. Былі і пратэстанцкія пераклады. Вельмі мне дапамог пераклад Марціна Лютара, зроблены ў ХVI ст., ён здаўся мне найбольш пераканаўчым і зразумелым, чым рускі сінадальны і пазнейшыя нямецкія…»

Васіль Сяргеевіч з дачкой Алесяй

 

Праўда, з выданнем перакладу Бібліі таксама ўзніклі праблемы. Кніга магла з’явіцца і раней — дзякуючы біблійнай камісіі Беларускай  Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ЗША і Канады, у супрацоўніцтве з хрысціянскай місіяй Global Missionary Ministries (Канада), аднак Алеся Сёмуха, дачка Васіля Сяргеевіча, якой і належаць аўтарскія правы на пераклад, выказалася за тое, каб першае выданне выйшла абавязкова ў Беларусі. «І хаця мы страцілі на гэтым шмат грошай, але я быў у захапленні ад такога рашэння Алесі, — прызнаваўся пасля Васіль Сяргеевіч. — Я задаволены больш нават тым, што Бог даў мне такіх добрых дзяцей, якія не толькі разумеюць мяне, але і сталі апірышчам у гэтай справе — менавіта дачка Алеся і сын Сяргей збіралі грошы на гэтае выданне. Я толькі з жалем магу канстатаваць, што ні дзяржава, ні грамадскія аб’яднанні — грамадзянскія і царкоўныя — не дапамаглі ў гэтай справе. Дапамагла беларуская дыяспара Амерыкі, Канады, Аўстраліі і Еўропы, а таксама нашы прадпрымальнікі, якія лепей за дзяржаву разумелі важнасць гэтай справы».

…Васіль Сяргеевіч, самотнік па характары, неяк прызнаваўся падчас адной нашых з ім гутарак: «У мяне шмат нявыдадзеных кніг, якія беларускі чытач, мабыць, ніколі не ўбачыць. Гэта, відаць, датычыцца ўсіх маіх кніг і перакладаў: кніга дарагая мне, калі яна знаходзіцца ў стане рукапісу, калі я гаспадар над ёй кожны дзень, кожную хвіліну і што хачу, тое і раблю. Аднак як толькі кніга падрыхтавана (і яшчэ нават не надрукавана), яна мяне больш ужо не цікавіць — не цікавіць менавіта як кніга. Яна цікавіць мяне толькі як чужы твор, які я магу, атрымліваючы сваю асалоду, чытаць і перачытваць».

Для Васіля Сяргеевіча заўсёды было не так ужо істотна, колькі чалавек прачытае яго пераклады — тры, пяць, дзесяць... З тым ён жыў і жыве, імкнучыся зразумець сваіх ворагаў і адначасова не толькі па-біблейску даруючы ім, але і ўсё жыццё памнажаючы славу іх вялікай літаратуры. Дон-кіхоцкія перакананні непапраўнага шасцідзесятніка. І, безумоўна, бескарыслівае служэнне беларускаму слову, сусветнай і роднай літаратуры, якое не мае аналагаў у яго Айчыне. На гэта здольны толькі сапраўдны Майстар. Майстар і, вядома, Паэт (бо ці мог не паэт адважыцца на пераклад «Фаўста»?). У гэтым сэнсе незвычайны прыклад Васіля Сёмухі — выключны.

Фота Сяргея Шапрана

Каментаваць