Носьбіт беларушчыны: Паўлу Місько сёння споўнілася б 85 гадоў

Круглыя даты — нагода згадаць добрага чалавека. Адзін з такіх людзей, пра якіх варта помніць, — празаік, паэт, перакладчык Павел Андрэевіч Місько, якому 14 сакавіка споўнілася б 85 гадоў.
 



Павел Андрэевіч родам са Случчыны, з вёскі Старчыцы (зараз Знамя). Яго дзед і бацька былі вядомымі майстрамі на ўсе рукі: маглі і хату збудаваць, і мэблю змайстраваць, і печ скласці. А маці, Ганна, славілася як выдатная казачніца. Таму і не дзіўна, што ўсе гэтыя якасці перадаліся ў спадчыну і Паўлу.
 
 
У дзяцінстве Павел вельмі любіў хадзіць па грыбы, і гэтае захапленне засталося ў яго на ўсё жыццё. Выдатны грыбнік, ён і кошыкі для грыбоў плёў такія, што вачэй не адвесці. 
 
 
У 1955 годзе Павел Місько скочыў філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, быў накіраваны на працу журналістам у давыд-гарадоцкую «раёнку» «Сцяг Леніна». Потым працяглы час Павел працаваў уласным карэспандэнтам газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці. Менавіта тады ён пазнаёміўся і пасябраваў з народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым. Давялося Місько працаваць і ў штотыднёвіку «ЛіМ», і ў часопісе «Полымя», і ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».
 
 
Друкавацца Павел Місько пачаў яшчэ з 1954 года, а як пісьменнік дэбютаваў апавяданнем у альманаху «Брэст» у 1958-м. Першы зборнік апавяданняў і аповесцяў пісьменніка «Калодзеж» пабачыў свет у 1967 годзе. Пасля былі творы аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны: «Поезд ішоў на Захад» (1972 г.), «Калёнае лісце» (1974 г.), аб жыцці пасляваеннай вёскі («Дрэва жыцця»,1973 г.). 
 
 
Пасля было яшчэ шмат цікавых і змястоўных выданняў. А апошняя кніга прозы Паўла Андрэевіча — «Прыгавораны да жыцця» — выйшла ў 2007 годзе. У яе ўвайшлі творы, якія былі напісаныя ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў і адлюстроўваюць псіхалогію чалавека на пераломе гісторыі. Рэальнае ў іх пераплятаецца з фантастычным, а фантастычнае — з антыўтопіяй. Аповесці, дзеянне якіх адбываецца на абшарах ад чарнобыльскай вёскі да далёкіх планет, не пакінуць абыякавымі аматараў вострых адчуванняў, а таксама тых, хто знудзіўся па дабраякаснай прозе.
 
 
 
 
Але найбольшую вядомасць і любоў самай удзячнай аўдыторыі — дзіцячай, — яму прынеслі казкі і фантастычныя творы для дзяцей, якія прасякнутыя наскрозь беларускасцю, сакавітай мовай, аналагаў якой няма ў сучаснай дзіцячай літаратуры, і аздоблены цёплымі добрымі ілюстрацыямі. Гэта, напрыклад, «Грот афаліны» (1985 г.), дзеянне якога адбываецца на востраве пад назвай Рай, і распавядаецца пра сяброўства дэльфіна з чалавекам.
 
 
 
Захапляльныя сюжэты таксама ў такіх дзіцячых творах, як «Прыгоды Бульбобаў» (1977 г.), дзе расповед ідзе ад імя шчанюкоў, і, канешне ж, «Эрпіды на планеце Зямля» (1987 г.), пра тое, як на нашу планету прылятаюць разведчыкі-робаты іншай цывілізацыі. А ягоныя «Навасёлы» былі сапраўдным бестселерам (калі б у СССР было такое паняцце).
 
 
Пісаў Місько і казкі — «Прыйдзі, дзень-залацень» (1993 г.), дзе распавядаецца аб прыгодах і сталенні хлопчыка Ваняткі, і «дзіцячую публіцыстыку» — «Зямля ў нас такая» (1974 г.). Яго творы нясуць дзецям дабрыню і беларускае светабачанне, дапамагаюць быць беларусамі з дзяцінства. На маю думку, калі дзеці будуць чытаць такія кнігі, якія напісаў Павел Місько, то яны вырастуць сапраўднымі беларусамі.
 
 
Павел Місько меў адкрыты, добры і характар, ставіўся да жыцця з гумарам. Адпаведна, не маглі не ўзнікнуць і сатырычныя творы: «Дзівак — чалавек» (1972 г.), «Чэрці ў коміне» (1978 г.), «Вясельны марафон»(1984 г.), «Адарка і пацукі» (2001 г.). Добра сябраваў пісьменнік і з паэзіяй. У 2005 годзе выйшаў яго раман у вершах «Пакуль зямлю мілуе сонца», а ў 2001 годзе — зборнік вершаў «Ружовыя ліўні».
 
 
Паўла Андрэевіча ведалі і як драматурга (п’есы «Ліха кра­дзецца ціха» (1976 г), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989 г.), і як таленавітага перакладчыка. Гэта ён пераклаў на беларускую мову «Мёртвыя душы» Мікалая Гогаля, казку Яршова «Канёк-гарбунок», і ўвогуле шмат чаго яшчэ з рускай, украінскай, балгарскай, польскай моваў.
 
 
Пры сваім 80-гадовым жыцці Павел Місько з-за сваёй сціпласці не меў асабістых званняў і рэгалій. Але, мабыць, самай вялікай узнагародаю пісьменніку сталіся чытацкая любоў і ўдзячнасць. 
 

Каментаваць