Новую аповесць Алеся Пашкевіча прэзентуюць у «Кнігарні пісьменніка»

18 мая а 18-й літаратар Алесь Пашкевіч у мінскай краме «Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2) прадстаўляе аповесць «Рух», апублікаваную ў выдавецтве «Кнігазбор». Уваход вольны.


Твор пра вынаходнікаў і нафтамагнатаў, паўстанцаў і цароў, разведчыкаў і здраднікаў, а найперш — пра тых, хто шчыра любіць сваю радзіму.


Ва ўступным слове да выдання аўтар прызнаецца, што меў намер «выпісаць рэальнасць, якой, магчыма, і не было, але якая… нараджаецца ва ўяве чытача ці хаця б самога аўтара».

Так, балансуючы паміж гісторыямі рэальных персанажаў, якія жылі сто год таму, і мастацкім вымыслам, пісьменнік стварае ўнікальны свет.


Канец 19 стагоддзя. Парыж. З келіхам белага віна ў кавярні — спадар у сінім швэдры, выкладчык тэхнічнай школы Адам Мацкевіч; з келіхам чырвонага ў руцэ, апрануты ў гарнітур Рудольф Дызель. Той самы, чыё прозвішча або, прынамсі, тое, што яно азначае цяпер, ведаюць усе і што стала адпраўным пунктам тэхналагічнай рэвалюцыі пачатку 20 стагоддзя.



Аповесць, па сведчанні крытыкаў, «зацягвае і не адпускае да самага фіналу», бо «твор напісаны яснай літаратурнай мовай, рухавым незамыленым стылем» і мае «ліха распрацаваны індустрыяльны сюжэт з некалькімі паралельнымі лініямі». Зразумела, ёсць сярод іх і гісторыя кахання, і нацыянальная ідэя, блізкая кожнаму беларусу.


Алесь Пашкевіч — паэт, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік Старшыні ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», лаўрэат многіх міжнародных літаратурных узнагарод. Вершы і проза перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, балгарскую, літоўскую, англійскую і шведскую мовы.



Паводле lit-bel.org.


Каментаваць