Пільсуцкі

Мянушка «Пільсуцкі», дадзеная дзядзьку Івану нейкім вясковым вострасловам, прыляпілася да чалавека так надзейна, што ўласнае яго прозвішча для многіх як бы і не існавала, забылася. А калі і прыгадвалася яно, то адно пры нейкай афіцыйнай нагодзе: з прыходам позвы ад гміннага начальства або квітка на аплату падаткаў.



Мянушка «Пільсуцкі», дадзеная дзядзьку Івану нейкім вясковым вострасловам, прыляпілася да чалавека так надзейна, што ўласнае яго прозвішча для многіх як бы і не існавала, забылася. А калі і прыгадвалася яно, то адно пры нейкай афіцыйнай нагодзе: з прыходам позвы ад гміннага начальства або квітка на аплату падаткаў.
    Па праўдзе кажучы, поваду для таго, каб імем самога кіраўніка Польскай дзяржавы, маршалка Пілсудскага, называць вётхаўскага селяніна, не было ніякага. Хіба можа адно, чыста знешняе. Праўда што быў дзядзька Іван чалавекам рослым, дужым, мажным. Постаццю не схібіў. Але з твару, каб чым-небудзь упадобіць Івана Пільсуцкага грозна-мужнаму маршалку, з яго вусамі-стрэламі ды густымі, стрэшкаю брывамі, – было проста нельга.
    Шчыра зычлівая і нейкая крыху сарамлівая ўсмешка на абліччы выдавала ў дзядзьку Іване натуру лагодную, спакойную, нават безабаронную, нягледзячы на самавіты выгляд і цвёрды поступ. Не меў паважны вётхавічанін ніякіх ні толькі палітычных, але, здаецца, і земляробскіх, гаспадарскіх амбіцый. Праўда, казалі на касьбе з ім не мог ніхто зраўняцца. Падсілкаваўшыся на сняданне стосам наздраватых бліноў, апратаўшы іх штук пятнаццаць-дваццаць з маслам або смятанай, Пільсуцкі мог даць касе належны размах. Ды толькі касілі тады, гэта добрага паўвека таму, у нас кожны па сабе і сенажаці той было не лішак.
    У канцы поля, над неглыбокай пакручастай рэчкай, званай Нурэц, у кожнага вётхаўскага гаспадара меўся свой невялікі поплаў.
    Пасля веснавой паводкі, калі вада падступалася аж да аранага і хутка спадала, над рачнымі берагамі, у лозе з пачатку мая ў разнатраўі пышна пачынаў красаваць цветабой.
    Паўночны бераг рэчкі ад поля быў месцамі дзе болей, дзе меней падвышаны, меў схіл да рачной плыні. Па краі яго, аддзяляючы аранае поле ад сенажаці, бегла часам зусім над рэчкаю сцяжына.
    З яе аднае вясны і паказаў Іван Пільсуцкі маладой жонцы, прывезенай ім дзесь з-пад Беніцы, статнай лёгкай хадою, постаццю Вольцы свой лужок.
    – Вось, маўляў, наша з табой сенажатка.
    Жэст рукі, пэўна, быў досыць шырокі і гэта неўспадзеўкі падвяло нетутэйшую маладзіцу. З ёй неўзабаве здарыўся невялікі канфуз, было нялоўка перад суседкамі.
    Выткаўшы першыя свае ў тутэйшай хаце кросны, Волька паспяшалася бяліць на майскім сонейку кужэльныя палатніны. Было зручна мачыць іх у рачной вадзе і тут жа вольна раскідаць сувой на кволай зеляніне і залацістым россыпе першых адуванчыкаў. Рабіла, як рабілі гэта ўсе. Аднак на другі ці трэці дзень зусім нечакана пачула ад суседкі, крыху старэйшай ад сябе жанчыны: «Ці табе, маладзічка, твой Іван не паказаў мяжы, дакуль яго сенажаць?..» І Волька з неякаватасцю даўмелася, што ў вётхавічан сціплыя надзелы зямлі, на сваіх загонах-шнурах людзі сядзяць цесна прыціснутыя адзін да другога.
    У дзіцячыя ды падлеткавыя гады я часцяком наведваўся да Пільсуцкіх. У іх было двое дзяцей, старэйшая Вера і мой гадок Геня.
    Сядзіба Пільсуцкіх знаходзілася недалёка ад нашай хаты, якраз пасярод Вётхава. З ладным гародчыкам перад вокнамі, светлая хата іх стаяла шчытом да вуліцы. За ёй у адзін сцяг размясціліся свіран, хлеў, падпаветка. Гумно, пастаўленае крыху воддаль ад астатняй будовы, перпендыкулярна да яе, замыкала агульны план сядзібы.
    Падвор’е было нешырокае. Вёска вяла свой радавод ад парэформенных часоў. Надзел бацькоў Пільсуцкага быў невялікі. Да таго ж яго давялося спалавініць на дзве роўныя дзялкі. На другой палавіне бацькаўшчыны за Іванавай сялібай з часам, з’ездзіўшы на заработкі ў Латвію, пабудаваўся яго малодшы брат. Ён таксама быў высокі, ладны, але слава знакамітага маршалка няхай сабе з іранічным адценнем на яго не падала. Каб вылучыць сярод вяскоўцаў, звалі малодшага брата Івана проста паводле імя маці – Макрынін Віцька.
    Нядзельнымі днямі ў Івана Пільсуцкага збіраліся. Запомнілася чысціня і ўтульнасць хаты і яшчэ тое, што асэнсавалася не адразу: у Пільсуцкіх не толькі гаварылі, дзяліліся навінамі, але і чыталі. Кніжка не была госцем у Пільсуцкіх. Праз гады, скончыўшы універсітэт, і збольшага азнаёміўшыся з таямніцамі грунтоўных бібліятэк, старых кнігасховішчаў, я ўразумеў, што вялікія кніжкі з уражлівымі чорна-белымі рысункамі, якія мы з Генем Пільсуцкім, яшчэ не ведаючы літар, гарталі ў іхняй хаце, былі падшыўкамі часопіса «Нива», выдаванага на пачатку стагоддзя ў Пецярбургу.
    У Пільсуцкіх ужо школьнікам сустрэў я і першую, выдадзеную адразу па вайне беларускую кніжку. «У мяцеліцу» Івана Мележа ў мяккай вокладцы, з постаццю спешанага конніка, з канём на повадзе ў мяне дзіўна асацыіруецца і сягоння чамусь з брамкай пры старой ліпе, што пазначала сядзібу Пільсуцкіх. І кніжкі беларускіх літаратараў, і часопісы «Беларусь», «Вожык» дзядзька Іван, як я пазней даведаўся, прывозіў з Маладзечна, дзе ён у форме чыгуначніка аж да пенсіі паддзяжурваў пры станцыённай браме, што вяла з платформы ў горад.
    Я сустракаў яго там, пры службовым абавязку не раз, едучы з Мінску да бацькоў або кіруючыся зноў назад у сталіцу. На мой «добры дзень» ён, няспешны ў рухах, падаваў руку і, як заўсёды, усміхаўся сваёй яснай, зычлівай усмешкай. Часам пытаўся, як ідзе вучоба, што чуваць у вялікім горадзе. Праз нейкі час бацькі мае з’ехалі з Вётхава на станцыю, каб на старасці гадоў быць бліжэй да дактароў, магазіна з хлебам, і я доўга не наведваўся ў Вётхава: з гадамі на сцежках маладосці надта элегічна адгукаецца сама яна ў душы.
    Чуў, што Іван Пільсуцкі хварэе. Геня па просьбе бацькі выносіць яго, бязраднага, ужо без абедзвюх ног, у сад пасядзець пад старымі яблынамі, паглядзець, як дагарае на захадзе сонца, паслухаць надвячоркавы клёкат бацяноў на старой ліпе ў буслянцы, сапраўднай птушынай гасподзе, адзінай на ўсё Вётхава. Я каторы ўжо час збіраўся наведаць родныя пенаты, ды той ці іншы клопат, работа заміналі, не пускалі. Выбраўся пазней таго, як наважыў.
    У першы дзень прыезду ў Залессе схадзіў да Старой царквы, дзе пад аслонай пракаветных сосен – месца вечнага спачыну маіх землякоў.
    Яшчэ на пачатку 30-х, пытаючыся перад смерцю ў сыноў, ці хутка прыйдуць Саветы, перабраўся сюды мой дзед па бацьку Пётра. К канцу саракавых, ужо не чакаючы сыноў, якія ў 1917-ым падаліся ў Расею будаваць новы свет, там і прапалі, знайшоў тут вечны прыпын мамін бацька дзед Юстын.

Каментаваць