«Пакуль на цела не сыпнулі жвірам»

Ігар Пракаповіч — настаўнік геаграфіі Пастаўскай раённай гімназіі — аўтар некалькі дзясяткаў гісторыка-краязнаўчых кніг. Гэты ўлюбёны ў родны край і людзей чалавек пагадзіўся адказаць на некалькі маіх пытанняў для «Новага часу».



— Вас называюць карыфеем пастаўскага краязнаўства. Як і з чаго пачалася ваша любоў менавіта да беларускага краязнаўства?

— Усё пачалося ў далёкім 1985 годзе, калі я, выпускнік геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, быў накіраваны на працу ў невялікую васьмігодку ў вёску Апідамы, што на мяжы з Літвой. Стаў ладзіць вандроўкі з вучнямі, і быў уражаны, што амаль у кожным навакольным паселішчы былі нейкія цікавосткі: стараверскія храмы, каплічкі, помнікі, легенды, паданні, гісторыі, пра якія нідзе ніякай інфармацыі знайсці не ўдавалася. Пачаў занатоўваць, фатаграфаваць, запісваць на магнітафонную стужку. Спачатку хаатычна, ад вандроўкі да вандроўкі. Пазней работа набыла сістэмны характар. На гэта паўплываў і ўдзел у 1990-я гады ў абласных краязнаўчых спаборніцтвах «Мой родны кут», якія арганізаваў метадыст аддзела краязнаўства цэнтра пазашкольнай работы Віцебскага ўпраўлення адукацыі Алег Васільевіч Куржалаў. Ён зрабіў вялікі ўплыў і на мяне, і на многіх краязнаўцаў Віцебшчыны, быў нашым «хросным бацькам» у краязнаўстве. Менавіта дзякуючы яму, нам удалося наведаць архівы і музеі Віцебска, Мінска, Вільні, Пецярбурга, здзейсніць цікавую паездку ў Польшчу (Беласток, Варшава, Кракаў, Люблін). Гэта быў вялікі досвед. І я зразумеў, што не трэба марнаваць час на гаварыльню, а трэба дзейнічаць. Сваімі справамі і пазіцыяй даваць прыклад іншым: размаўляць на роднай мове, шанаваць родную гісторыю, культуру, геаграфію, у межах абставін змяняць жыццё да лепшага.

У сярэдзіне 1990-х гадоў я паступіў у аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, дзе на аснове агульнай тэорыі сістэм распрацаваў сістэму школьнага краязнаўства, галоўныя палажэнні якой апісаны ў манаграфіі «И край родной откроет тайны: система школьного краеведения» — адзінай маёй рускамоўнай кніжкі. Рукапіс быў напісаны па-беларуску, але па прапанове выдавецтва, якое планавала выйсці з ёй на прасторы Расіі і Украіны, пераклаў яго на рускую мову.

Працуючы ў школе і ў гімназіі, стараюся далучыць да краязнаўства вучняў: разам з імі выдаў сем невялічкіх кніжачак пра вёскі Пастаўшчыны, вуліцы Пастаў, дзіцячыя гады пісьменніка Уладзіміра Дубоўкі і іншыя.

— Вы ж яшчэ і паэт, эксперыментуеце ў паэзіі, займаецеся прозай, драматургіяй, перакладамі....

— Шкадую, што апошнім часам вершаў пішу мала. Але паэзія не пакідае: нядаўна напісаў цыкл «Геаграфічныя лімэрыкі», некалькі песень. І мне падабаецца, што чароўная панна Паэзія сяды-тады наведвае мой дом.

Вялікіх празаічных твораў не пішу, хоць цікавыя задумы даўно ходзяць за мной ценем. Параўнальна нядаўна выйшла мая невялічкая кніжачка «Вышкі», якая складаецца з маленькіх нестандартных празаічных твораў. Знаёмыя і сябры — адны ўхвалілі, а іншыя не выказалі здзіўлення і радасці.

Акрамя некалькі школьных п’ес у 1990-я гады напісаў п’есу-казку «Мова», у якой адзін з галоўных персанажаў Вялікі Разумнік змагаецца з Мовай. Заканчэнне дзеі песімістычнае. Сябры настойліва раяць гэту п’есу дапрацаваць і напісаць аптымістычную канцоўку. Яны лічаць, што сюжэт твора закадзіраваў беларускую прастору, і таму рэальная сітуацыя з мовай не вырашаецца да лепшага. Мо і праўда трэба змяніць?

Перакладаў у мяне нямнога. Пераважна, гэта вершы людзей, з якімі я асабіста знаёмы, або тых аўтараў, якія чымсьці мяне ўразілі. Назаву некалькі прозвішчаў: Інара Роя, Фёдар Панцялееў, Гётэ, Шэрад Сантас.

— Што ўяўляе сёння настаўнік у райцэнтры, у глыбінцы?

— Немагчыма адназначна і ў нейкіх пэўных фарбах намаляваць настаўніка з раённага цэнтра, які значна аддалены ад сталіцы ці цэнтра абласнога. Развіццё інтэрнэту і камунікацый прывяло да таго, што прафесійны ўзровень настаўнікаў «вясковых» ні ў чым не саступае «гарадскім», а тое нават пераўзыходзіць іх. Пра гэта сведчаць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. І ў настаўніцкім асяродку, напрыклад, Пастаўшчыны ёсць шмат высокакласных спецыялістаў, якія рыхтуюць прызёраў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. А жыццё ў глыбінцы больш спакойнае, больш шчырае, больш, можна сказаць, сямейнае. І мне здаецца, людзі пачалі разумець гэта. Я не люблю вялікіх гарадоў і лічу, што мястэчкі кшталту Паставаў ці Мядзела — гэта ідэальнае месца для жыцця. Праца з дзяцьмі з’яўляецца эліксірам маладосці, бо на многае ў свеце глядзіш іх вачыма. І калі цябе, чалавека, якому ўжо за пяцьдзясят, школьнікі ўспрымаюць як свайго, то гэта нараджае новыя ідэі, новыя пачуцці, новыя планы.

— Вы знаходзіце час выкладаць у школе, кіраваць раённым ТБМ, школьнымі краязнаўчымі гурткамі, хадзіць у вандроўкі, пісаць кнігі, друкавацца ў СМІ…

— Калісьці ў маладосці я напісаў верш, у якім былі такія радкі: «І неабходна многае паспець, пакуль на цела не сыпнулі жвірам…» Думаю нешта паспеў у тым ліку і дзякуючы больш-менш рацыянальнай арганізацыі дзейнасці. На кожны месяц, тыдзень і дзень складаю планы. З гадоў 18 вяду дзённікі, у якіх запісваю тое, што ў гэты дзень я рабіў на планеце Зямля. Матэрыял для самааналізу і руху далей.

Краязнаўцы Віцебшчыны (злева направа) Вітольд Ермалёнак, Мікалай Півавар, Віктар Грыбко, Васіль Бандарэвіч, Ігар Пракаповіч

— Чаго не хапае творчаму чалавеку сёння?

— Ідэальнае месца для творчага чалавека — гэта востраў на возеры, дзе нікога няма. У глыбінцы, асабліва на Пастаўшчыне, знайсці творчую выспу значна прасцей, чым у сталіцы. І сам творчы працэс — самадастатковы. Іншая справа — піяр, раскрутка, прыхільнікі. Некаторым важны не столькі працэс творчасць, колькі святло юпітэраў і аб’ектывы кіна- і фотакамер. Але яшчэ Антон Чэхаў пісаў пра тое, што пустая бочка гучыць мацней, чым поўная. Асабіста для мяне для творчасці не хапае беларускамоўнай прасторы ў родным горадзе, раёне. Гэтая сухая афіцыйна-канцылярская мова, якую толькі вельмі ўмоўна можна назваць рускай, раздражняе прамовамі на афіцыйных мерапрыемствах, шыльдамі арганізацый і крам, інфармацыйнымі стэндамі розных устаноў. Хаця і гэта — крыніца для творчасці і дзейнасці, каб бараніць сваё, роднае, беларускае.

— Нядаўна з’явілася ваша новая кніга «Чароўны край — Пастаўшчына» — падручнік для школ раёна, па якім вывучаюць курс «Паставазнаўства». Падобнымі выданнямі могуць пахваліцца сёння толькі некалькі раённых цэнтраў Беларусі.

— Гэта кніга — частка задуманага калісьці даўно вучэбна-метадычнага комплексу па краязнаўстве Пастаўскага раёна. Ініцыятарам выдання з’яўляецца начальнік аддзела адукацыі Пастаўскага райвыканкама Аляксандр Яўгенавіч Кашырын, дарэчы, ураджэнец Смаленшчыны. Работа над першым выданнем, якое пабачыла свет у 2009 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор», доўжылася каля дзевяці месяцаў. На жаль, з-за недахопу фінансаў, кніжка выйшла зусім невялікім накладам з чорна-белымі ілюстрацыямі і мяккай вокладцы. Паўтара гады таму Аляксандр Кашырын прапанаваў дапрацаваць і перавыдаць кнігу. Ён арганізаваў народны збор сродкаў, што дазволіла выдаць у пачатку гэтага года ў выдавецтве «Ковчег» выдатна аформленую поўнакаляровую кнігу. Акрамя гэтага пры дапамозе ТБМ мной падрыхтаваны і выдадзены сшытак з заданнямі і практыкаваннямі «Ці ведаеце вы Пастаўскі край?», а таксама DVD-дыск з аўтарскімі мультымедыйнымі прэзентацыямі па 34 параграфах кнігі і фотаздымкамі пастаўскіх фатографаў. Амаль увесь наклад, а гэта 400 асобнікаў, разышоўся па школах і бібліятэках, што дае магчымасць вучням і жыхарам раёна вывучаць родны край у розных формах.

І «Чароўны край — Пастаўшчына», і сшытак з заданнямі і практыкаваннямі «Ці ведаеце вы Пастаўскі край?» надрукаваныя выключна па-беларуску. Лічу, што падобныя выданні могуць мець усе райцэнтры Беларусі, дзе жывуць краязнаўцы, літаратары, гісторыкі, якія маглі б напісаць і выдаць. Але ім патрэбна дапамога.

— Што яшчэ хочацца напісаць, арганізаваць, стварыць у Паставах ці ў Беларусі наогул?

— Кажуць, калі хочаш рассмяшыць Бога, то раскажы пра свае планы. Але… З краязнаўцамі і сябрамі з ТБМ зараз рыхтуем да выдання шэраг невялічкіх кніжачак пра вёскі Пастаўшчыны, асабліва пра тыя, якія ўжо зніклі, або паступова драбнеюць. Зусім нядаўна пабачылі свет «Рымкі: вёска на краі вечнасці» (аўтары М. Арэх, І. Пракаповіч), «Дунілавічы ад ВКЛ да БССР» (аўтар Ф. Хоміч), «Спорскі край: вёска Вялікія Споры і ваколіцы» (аўтар І. Пракаповіч). Рыхтуюцца да выдання кнігі пра вёскі Хрыстова, Ясюкі, Мышкі, Пятровічы, Полава, Стары Двор. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» чакае выхаду ў свет кніга «Залатая выспа», якую склалі легенды, паданні, цікавыя гісторыі, запісаныя ў вандроўках па родным краі. У выдавецтве «Ковчег» рыхтуецца да выдання несур’ёзная кніжачка «Булён: вершыкі і гісторыйкі для вясёлых людзей». Падрыхтаваныя да выдання рукапісы «Падарожжы па зямлі Пастаўскай», «Смак былых мястэчак», «Рубаі і лімэрыкі», а таксама дыск песень на мае словы ў выкананні Л. Логінавай і А. Іваніна. Каб усё гэта выдаць, трэба мець сродкі, а іх пакуль што няма. Расказаўшы пра планы, усё ж, думаю, не рассмяшыў Бога, бо ён даў мне магчымасць усё гэта напісаць. Спадзяюся, дасць магчымасць і выдаць.

Каментаваць