Палітык і гісторык Аўген Калубовіч (Каханоўскі)

У сучаснай Беларусі імя гэта чалавека мала вядомае. У савецкія часы на ім ляжала кляймо калабаранта. Між тым Аўген Калубовіч зрабіў нямала для роднай Беларусі і беларушчыны.



Аўген Калубовіч. Ад 20 студзеня 1945 года — загадчык аддзела прапаганды і культуры Калегіі (Урада) БЦР, ад 15 жніўня — намеснік кіраўніка Беларускага нацыянальнага цэнтру. 15 жніўня 1948 года ўзначальвае Урад БНР.


Іна Рытар, другая жонка Аўгена Калубовіча, сталася ягоным першым біёграфам, калі ва ўспаміне «Сын верны Маці-Беларусі» пісала:

«Аўген — сын Тодара і Марыі Калубовічаў — нарадзіўся 05.03.1910 г. у мястэчку Ціхінічы Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Ягоны бацька быў службоўцам. Сваё маленства Аўген заўсёды ўспамінаў з пяшчотай і замілаваннем. Гадаваўся ён у вялікай сям’і — меў брата і тры сястры. Бацькі любілі дзяцей, даглядалі добра. Насупраць м. Ціхінічаў, праз раку Дабрыцу, месцілася вёска Слапішча, дзе жылі дзед і баба Калубовічы. У іхным садзе раслі салодкія сапяжанкі, духмяныя антонаўкі, а на пасецы стаялі вуллі з пчоламі. У дзедавай хаце для ўнука пастаянна меліся ласункі.

Аўген скончыў пачатковую школу ў сваім мястэчку, сямігодку ў Рэчыцы, а ў 1930 годзе — Педагагічны тэхнікум у Бабчыне. 30 траўня таго ж года быў арыштаваны за прыналежнасць да беларускай нацыяналістычнай арганізацыі Альтруістаў і прыгавораны да трох гадоў зняволення. Пакаранне адбыў у канцэнтрацыйных лагерах на Далёкім Усходзе СССР.

Вясною 1933 года вярнуўся на бацькаўшчыну. Адразу яму нават пашанцавала ўладзіцца настаўнікам пачатковай школы. На жаль, шанц трываў коратка: у красавіку 1934 года звольнілі з пасады. Некалькі месяцаў стараўся, каб аднавілі на працы. Нічога не дапамагала. Хойніцкі Раённы аддзел народнае асветы прапанаваў яму непасрэдна звярнуцца ў Наркамат асветы БССР. Трэба было ехаць у Мінск. Ехаць у Мінск? Калі сядзіш без працы, калі не маеш грошай? Што рабіць?

З бяды выручыў бацька, які ў той час працаваў у саўгасе на бровары бухгалтарам і быў у добрых адносінах з дырэктарам саўгаса Юрачкам. Бацька расказаў Юрачку пра клопаты свайго сына. Дырэктар не толькі паспачуваў, але ўзяўся дапамагчы.

Быў той Юрачка старым камуністам, сябрам Таварыства паліткатаржанаў. Ён напісаў ліст да старшыні ЦВК БССР — Аляксандра Чарвякова, якога добра ведаў з маладых гадоў. У лісце прасіў пасадзейнічаць юнаку. Даручыў Аўгену адвезці ліст у Мінск самому, а не слаць па пошце.

Паездка з лістом да А. Чарвякова завяршылася поўнай удачай: наркамат асветы аднавіў яго на пасадзе настаўніка, а Гарадскі аддзел народнай асветы прызначыў за настаўніка ў самым месце.

Ад 1934/35 навучальнага года ён працаваў у Мінску выкладчыкам беларускае мовы і літаратуры, а таксама вучыўся ў Мінскім педагагічным інстытуце. Па сканчэнні інстытута ў 1939 годзе займаў пасаду кансультанта-метадыста ў Наркамасвеце.

Іна Рытар, жонка Яўгена Калубовіча
 
 
 
Адно ж, праз усе гады жыцця ў Мінску ягоная праца, вучоба, свабода заўжды ліпелі на валаску. Ён ніколі не быў пэўны, што прынясе яму наступны дзень. Некалькі разоў на год адбіралі ў яго на праверку пашпарт, а Атэстацыйная камісія, якая ў 1936–1938 гадах праводзіла атэстацыю настаўнікаў, давала аб ім адмоўную характарыстыку.

У часе Другой сусветнай вайны Аўген улучыўся ў рады змагароў беларускага нацыянальнага актыву, якія ў вельмі небяспечных умовах мужна баранілі свой народ, сваю Маці-Беларусь. Ён быў сябрам Беларускай Рады даверу (1943), сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады, старшынёй Беларускага культурнага згуртавання, кіраўніком Аддзелу культуры.

На Другім Усебеларускім кангрэсе (1944 год) зрабіў рэферат на тэму «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб уневажненні маскоўскага голасу ў беларускіх справах». У рэфераце, з уласцівай для яго дакладнасцю, абаснаваў правы беларускага народу на вольную, незалежную Бацькаўшчыну».

Літаральна адразу па завяршэнні працы Кангрэсу цягніком, разам з Урадам БЦР, з сем’ямі Кушаляў-Арсенневых, Куліковічаў, Кіпеляў ды шмат каго яшчэ выехаў у Нямеччыну. Тут ён, баючыся фатальнай рэпатрыяцыі, змяніў прозвішча на Каханоўскі.

Успамінае Яніна Каханоўская, першая жонка Калубовіча:

«Я прыехала з маткай і дзвюма дзеткамі. Мы з Каханоўскім былі блізкія ўжо ў Мінску, але не жанатыя, нічога. У яго была матка і пляменніца хворая. І тады ён сказаў, што мусіць апекавацца сям’ёй Луцкевічаў і запісаў нас як сваю сям’ю. Выратаваў проста нас тады.

А як мы прыехалі ў Рэгенсбург, ужо былі паўсюль савецкія ячэйкі — па вяртанню. І тады Калубовіч змяніў прозвішча на Каханоўскі. А чаму Каханоўскі?

Мы неяк ішлі, і былі вельмі худыя, і я, і ён. Голад жа быў, недаядалі. Ён думаў [узяць прозвішча] Тараноўскі. А потым кажа — возьмем Каханоўскія, ад кахання. Ну і праўда было каханне — вельмі вялікае. Адзінае маё каханне. Яно і засталося, яно і цяпер ёсць. Заўсёды яго ўспамінаю...»

Калубовіч змяніў сваё прозвішча, але зацікаўленні засталіся тыя самыя — палітыка, гісторыя: ад 20 студзеня 1945 года ён — загадчык аддзела прапаганды і культуры Калегіі (Урада) БЦР, ад 15 жніўня — намеснік кіраўніка Беларускага нацыянальнага цэнтру. 15 жніўня 1948 года ўзначальвае Урад БНР.

Запрашэнне на сесiю. 1948 г

Адначасна займаецца адукацыйнай дзейнасцю: выкладае філалогію ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы (1945–1950), выдае тры сшыткі «Паэтычнай стылістыкі» (пад псеўданімам А. Верасень).

У ЗША эміграваў у 1950 годзе: спачатку ў Нью-Ёрк, а праз год пераехаў у Кліўленд.

Пачатак 1950-х быў ва ўсіх адносінах складаным перыядам у жыцці Каханоўскага. Якраз у гэты час Мікола Абрамчык ад імя Рады БНР разам з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей пагадзіўся на прапанову Амерыканскага камітэту вызвалення народаў Расіі аб стварэнні адзінага палітычнага цэнтру. Каханоўскі рэзка крытыкаваў палітыку прэзідэнта БНР. На думку прэм’ер-міністра, з Амерыканскім камітэтам, відавочна прарасійскім, русафільскім, немагчыма падпісваць аніякіх пагадненняў.

Мікола Абрамчык, прэзідэнт БНР (старшыня Рады БНР у выгнанні)

Каб займець нейкую альтэрнатыву палітыцы Абрамчыка, Каханоўскі спрабуе стварыць апазіцыю ў Радзе БНР, дзеля чаго вяртае да жыцця існаваўшую з сярэдзіны 1940-х гадоў Беларускую нацыянал-дэмакратычную партыю і арганізоўвае Аб’яднанне БНДП. Канструктыўнай апазіцыі не атрымалася, і Аўген Каханоўскі пакінуў Раду БНР.

Жыццё — новае, як прыватнае, гэтак і палітычнае, — быццам пачынала наладжвацца. Каханоўскі ўзначаліў Кліўлендскі аддзел Беларуска-амерыканскага задзіночання, разам з кампазітарам Міколам Куліковічам арганізоўваў канцэрты, святкаванні, выставы.

Толькі вялікая палітыка гэтак проста не пакідала. Хтосьці з асабістых непрыяцеляў, а мо і былых паплечнікаў па Радзе, напісаў на Каханоўскага данос, і па Кліўленду пачаў хадзіць па кватэрах беларусаў супрацоўнік FBІ, распытваючы пра палітычныя сімпатыі былога прэм’ер-міністра Ураду БНР, пра магчымыя ягоныя сувязі з камуністамі. Пасля размоваў, пра недапушчальнасць агалошвання зместу якіх папярэджвалася адмыслова, з намёкамі на нью-ёркскія карані даносу, чалавек з FBІ ішоў да наступнай кватэры.

Каханоўскага не выклікалі і не наведалі. Складана ўявіць, якія менавіта карцінкі з уласнага мінулага паўставалі перад ім; толькі вось палічыўшы сябе скампраметаваным, ён вырашыў, што не мае болей права ачольваць беларускую арганізацыю ў Кліўлендзе, і сышоў.

З ліста Іны Рытар да Вітаўта Тумаша (5 траўня 1957 г.): «У нас у Cleveland’e як звычайна сярод суродзічаў: троху сварацца, дзеляцца, арганізуюцца і г. д. Я, як заўсёды, стаю ўбаку і наглядаю. Слава Богу, Аўген захапляецца сваёй працай па літаратуры і ўвесь вольны час аддае на апрацоўку яе, так што не мае часу быць зацягнутым у гэтыя не патрэбныя нікому сваркі і плёткі. Мы цешымся сваім домам і садам. Дом утульны і мае досыць месца для ўсяго. Маем асобны пакой для бібліятэкі і пакой для гасцей. Вось будзеце мець час на вакацыі, прыязджайце пагасціць і адпачыць».

Да смерці 25 мая 1987 года заставалася трыццаць гадоў. Трыццаць гадоў на чытанне, абдумванне, пісанне — асабліва пасля 1972 года, пасля выхаду на пенсію — нямала. Да вялікай палітыкі Каханоўскі болей не вернецца. Будзе іншае: успаміны пра лагеры «На Крыжовай дарозе» (1986), класічныя сёння «Айцы» БССР і іхны лёс» (1982), праца «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства» (1974–1978), зборнік успамінаў пра Янку Купалу і Якуба Коласа.

Абмеркаванне:

  • Вольф
  • 2013-12-15 18:06:54
"У часе Другой сусветнай вайны Аўген улучыўся ў рады змагароў беларускага нацыянальнага актыву, якія ў вельмі небяспечных умовах мужна баранілі свой народ, сваю Маці-Беларусь. Ён быў сябрам
Беларускай Рады даверу (1943), сябрам Беларускай Цэнтральнай Рады..." А хіба "Рада даверу" пры Кубэ і БЦР не былі калабаранцкімі ўстановамі, падкантрольнымі нацыстам? Ну і
"загадчык аддзела прапаганды і культуры" БЦР са студзеня 1945 г. - своечасова спадар заняўся прапагандай на карысць супрацы з немцамі, што тут скажаш...

Каментаваць