Паміж партыяй і рухам

Юрась Губарэвіч добра ўпісваецца ў хвалю «новых палітыкаў» — адпаведнасць па ўзросту, адукацыі, досведу і, урэшце, амбіцыях. У палітычных колах ён стаў вядомы пасля выбарчай кампаніі 2003 года — тады Юрась набраў большасць галасоў у Белаазёрскім гарсавеце і стаў намеснікам старшыні савета. Узначальваў штаб Брэсцкай вобласці экс-кандыдата Аляксандра Мілінкевіча, праз два гады стаў намеснікам старшыні партыі БНФ. Праўда, не без пярэчанняў: кіраўніцтва БНФ мела прэтэнзіі да шчыльнага сяброўства і супрацоўніцтва з новаствораным рухам «За свабоду».



Юрась Губарэвіч добра ўпісваецца ў хвалю «новых палітыкаў» — адпаведнасць па ўзросту, адукацыі, досведу і, урэшце, амбіцыях. У палітычных колах ён стаў вядомы пасля выбарчай кампаніі 2003 года — тады Юрась набраў большасць галасоў у Белаазёрскім гарсавеце і стаў намеснікам старшыні савета. Узначальваў штаб Брэсцкай вобласці экс-кандыдата Аляксандра Мілінкевіча, праз два гады стаў намеснікам старшыні партыі БНФ. Праўда, не без пярэчанняў: кіраўніцтва БНФ мела прэтэнзіі да шчыльнага сяброўства і супрацоўніцтва з новаствораным рухам «За свабоду». Летась малады намеснік за тыя ж «грахі» ледзь не патрапіў пад махавік зачыстак партыйных шэрагаў. Але ўсё яшчэ трымаецца на плыву. З Юрасём Губарэвічам, асоба якога засвяцілася і сярод падпісантаў «Маніфеста» — кааліцыі маладых і актыўных размаўляе Вольга Хвоін.

— Як атрымалася, што сярод падпісантаў гэтага «Маніфеста» аказаліся прадстаўнікі розных палітычных і грамадскіх структур?


— Подпіс пад «Маніфестам» не азначае, што людзі адмаўляюцца ад удзелу ў жыцці сваіх арганізацый, партый. Іх пазіцыя ў значнай ступені будзе адлюстроўваць пазіцыю іх арганізацый. Адразу было агучана, што гэта ёсць аб’яднанне асобаў, а не структур. Што тычыцца згадвання асобы Аляксандра Мілінкевіча, то сёння гэта чалавек, які атаясамлівае палітыку, скіраваную на збліжэнне з Еўрасаюзам. Ён бачыць, што гэта збліжэнне выгадна Беларусі не толькі ў часовым, але і гістарычным кантэксце. Мы такую пазіцыю падтрымліваем. Але, падкрэслю, гэта не знак таго, што ўсе падпісанты «Маніфеста» збіраюцца працаваць на выбарчую кампанію Мілінкевіча. Настроі абсалютна розныя. Ёсць і такія, хто плануе ладзіць свае грамадскія кампаніі, але гэта не будзе праца ў штабах.

— Моладзевыя рухі і арганізацыі маюць выразную схільнасць да расколаў, драблення. А тут — кааліцыя...


 — Расколы, на маю думку, адбываюцца з-за супрацьстаяння асобаў унутры арганізацыі. Пытанне ва ўнутранай дэмакратычнай культуры. Праблему варта вырашаць шляхам перавыбараў, але адбываецца адколванне пэўнай часткі арганізацыі з новым лідэрам, які, магчыма, ужо і дарос да таго, каб мець такое званне, гатовы павесці за сабой людзей. Сярод падпісантаў «Маніфеста», як можна заўважыць па персаналіях, ёсць людзі, якія ў рамках адной арганізацыі канфліктавалі. Калі б ім патрэбна было аб’яднацца і абраць лепшага, то наўрад ці яны змаглі б гэта зрабіць. Але працаваць у прапанаваным фармаце каардынацыі дзеянняў пагаджаюцца.

— І чаго чакаць ад «новай хвалі» бліжэйшым часам?

— Цяпер ідуць кансультацыі, распрацавана некалькі супольных кампаній. Напрыклад, «Быць беларусамі», за сямейныя каштоўнасці, еўрапейскі выбар. Мы заўважылі, што падпісанты «Маніфеста» збольшага працавалі ў падобных накірунках, але аўтаномна. Спадзяемся, што скаардынаванасць узмоцніць эфект. Акрамя таго, арганізацыя Беларускага еўрапейскага форума таксама збольшага ўскладаецца на нас. Цяпер стаіць задача прыцягнуць як мага большую колькасць людзей да ўдзелу, звярнуць увагу грамадства і, натуральна, якасна правесці само мерапрыемства. Хачу падкрэсліць, што мы — не кааліцыя, якая бярэ на сябе адказнасць за ўсё, што адбываецца ў розных сферах. Мы выступаем за рознабаковае развіццё. Скажам, партыі пад лідэрствам старэйшых палітыкаў таксама маюць права сябе праяўляць.

— Вясной арганізатары традыцыйных вулічных акцый запрашалі далучыцца да працэсу іх падрыхтоўкі менавіта палітыкаў, грамадскіх дзеячаў з новай хвалі. Чаму мы не пабачылі іх лідэрскіх здольнасцяў на справе?

— Масавыя акцыі пратэсту на сёння сябе зжылі. Нельга казаць, што, калі б за арганізацыю вясновых акцый узяліся прадстаўнікі новага пакалення, атрымалася б нешта кардынальна іншае. На сёння аб’ектыўна такія формы не падтрымліваюцца людзьмі. Трэба не наступаць на старыя граблі, а шукаць новыя формы. Тое, што, скажам, прапануе Беларуская хрысціянская дэмакратыя, рух «За свабоду» — апеляцыя да каштоўнасцяў, якія падзяляюць людзі, — будзе знаходзіць значна большы водгук у людзей.

— На 20 чэрвеня прызначаны сход партыі БНФ, на якім будзе вырашацца пытанне, што рабіць з прыхільнікамі руху «За свабоду». Чаго чакаеце на выхадзе?


— Гэты сход — прыватная ініцыятыва старшыні партыі БНФ Лявона Баршчэўскага. Рашэнні сходу не могуць быць абавязковымі для партыі. Больш за тое, гэтая ініцыятыва прынятая насуперак рашэнню Сойма партыі БНФ, на якім яна была адхіленая. Натуральна, старшыня партыі можа склікаць сваіх прыхільнікаў і размаўляць з імі. Але ўсе рашэнні падобных сходаў — выключна прыватная думка старшыні і тых, хто трымаецца яго пазіцыі. На гэтым сходзе будзе разгледжана некалькі пытанняў. Адно з іх — пра ўдзел партыі БНФ у наступнай прэзідэнцкай кампаніі. Спадар Баршчэўскі з’яўляецца адным з дванаццаці кандыдатаў, якіх вылучылі нашы рэгіянальныя структуры. Папярэдне разглядаліся кандыдатуры Сяргея Мальчыка, Ігара Лялькова, які атрымаў найбольшую падтрымку на папярэднім этапе вылучэння, Івана Шэгі, Сяргея Антусевіча, Аляксандра Меха, Сяргея Салаша, Тэльмана Маслюкова, Рыгора Кастусёва, Змітра Салаўёва, Леры Сом, Юрыя Хадыкі. На маю думку, гэта адлюстроўвае, што ў БНФ цяпер няма яўнага лідэра.

На гэтым фоне Лявон Баршчэўскі праз правядзенне такога сходу спрабуе ўзурпаваць магчымасць вылучэння ад БНФ. Насуперак рашэнню кіруючых органаў, без яснай працэдуры, ён хоча рашэнне сваіх прыхільнікаў выдаць за рашэнне партыі. Таксама ў праграме разгляд узаемадачыненняў з іншымі палітычнымі суб’ектамі. Папярэдняя ініцыятыва Баршчэўскага наконт таго, што мусіць быць жорсткі падзел паміж партыйцамі і тымі, хто ўваходзіць у рух «За свабоду», а апошнія мусяць выйсці з партыі, не было ўхваленае Соймам. Не ведаю, ці будзе гэтае пытанне зноў падымацца.

— Калі ўсё ж будзе прынятае рашэнне, што сябры партыі БНФ не могуць удзельнічаць у працы руху, асабіста вы які бок абярэце?

— Такая пастаноўка пытання абсалютна штучная. Сёння легітымнага рашэння на гэты конт няма. Але, зноў-такі, я маю падтрымку большасці дэлегатаў з’езда, якія галасавалі за абранне мяне ў якасці намесніка старшыні ў снежні 2007 года. Тады была вялікая дыскусія наконт маёй супрацы з рухам. Я выйшаў да дэлегатаў і патлумачыў, што не бачу тут супярэчнасцяў, і акурат шчыльнае ўзаемадзеянне з рухам і Аляксандрам Мілінкевічам узмацніць партыю. Такую пазіцыю падтрымалі сябры партыі і абралі мяне намеснікам. Не лічу, што асабістае меркаванне кіраўніцтва партыі, асобных яе сябраў больш важкія, чым рашэнне з’езда. Калі будзе іншая пазіцыя дэлегатаў з’езда ў верасні, я буду вымушаны зрабіць выбар. Цяпер такой неабходнасці няма.

— Паўсюль ідуць размовы наконт будучай выбарчай кампаніі. Для сябе вызначыліся, з якім кандыдатам будзеце працаваць?

— Думаю, што такое рашэнне буду прымаць бліжэй да выбараў і фармавання штабоў. Тое, што цяпер Мілінкевічу закідаюць нібыта працэс арганізацыі штабоў, не адпавядае рэчаіснасці. У руху «За свабоду» няма рашэння пра вылучэнне ўласнага кандыдата, але Мілінкевіч як палітык мае права заяўляць пра свае памкненні. На маю думку, калі Мілінкевіч пойдзе на прэзідэнцкія выбары, ён не будзе абапірацца выключна на структуры руху. Хутчэй за ўсё, ён пойдзе шляхам фармавання кааліцыі, у якую ўвойдуць шэраг палітычных арганізацый. Думаю, шанец і час для партыі БНФ вылучыць і раскруціць свайго кандыдата бяздарна ўпушчаны. Мы распачалі гэтую працэдуру яшчэ леташняй восенню, а гэтай вясной мусіў быць названы кандыдат. Але ўсё было сабатавана перадусім Управай партыі БНФ. Баршчэўскі як кіраўнік Управы нічога не зрабіў для легітымнага вылучэння кандыдата. Цяпер называць некага кандыдатам ужо позна. Сілаў партыі — і рэсурсных, і асабовых — каб правесці якасную кампанію недастаткова. Пошук ворагаў — адзіная праца, якую рэалізоўваў унутры БНФ цяперашні старшыня пасля свайго абрання — моцна падкасіў шэрагі партыйцаў. Перспектыў стварэння кааліцыі я не бачу, бо ў партыі няма адпаведнага пагаднення ні з адной структурай, блізкай па духу партыі.

— І ўсё ж, чаго не хапала ў партыі, і што знайшлі для сябе ў руху?


— Я быў кіраўніком выбарчага штаба Мілінкевіча ў 2006 годзе. І, аналізуючы, як складаліся сілы на карысць кандыдата, няцяжка было заўважыць, што сябры палітычных партый свае рэсурсы выкарыстоўвалі прыблізна напалову. Значную частку подпісаў сабралі беспартыйныя, недзе дваццаць працэнтаў — з розных грамадскіх аб’яднанняў. Гэта для мяне і было правобразам руху «За свабоду», эфектыўнай схемай дзейнасці. З гэтай ідэяй я прыйшоў у рух, прапанаваў яе Аляксандру Мілінкевічу, і ў гэтым накірунку мы працуем. Перад рухам стаіць некалькі мэтаў, пасля дасягнення якіх, магчыма, патрэба ў ім адпадзе. Перадусім дамагчыся правядзення свабодных выбараў, сталага пераходу да дэмакратычнага шляху развіцця і захаванне незалежнасці. Рух — не палітычная партыя, якая мусіць змагацца за ўладу.

— Але просты шлях да гэтага — самому стаць уладай...


— Гэта адзін са шляхоў. Іншыя — грамадскі пратэст, ціск грамадства. Змены могуць быць не толькі знутры, але і пад ціскам звонку. Скажам, эканамічная сітуацыя будзе прымушаць рэжым шукаць супрацоўніцтва не толькі з Расіяй, але і з Еўрапейскім саюзам. І адтуль мусяць быць дакладныя сігналы, што такое супрацоўніцтва можа быць толькі з умоваю глыбокіх дэмакратычных пераўтварэнняў.

— Апошнім часам вакол асобы лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча разгарэлася цэлая інфармацыйная вайна. Адкуль ногі растуць?


— У гэтым ролю адыгрываюць некалькі фактараў. Першае — пачатак барацьбы прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Магчыма, са штабоў патэнцыйных кандыдатаў ідуць замовы, каб прыбраць канкурэнта. Прычым па нехарактэрных для Беларусі тэхналогіях — паліванне брудам, адсутнасць канкрэтных фактаў. Другое — на жаль, значная частка палітыкаў разгубіліся ў новых варунках, яны не разумеюць, як паводзіць сябе ў сітуацыі, калі Лукашэнка пачынае перамовы з Еўропай. Іх роля страчваецца. Гэта частка апазіцыі будзе мець маральную падтрымку ЕС, але не зможа ўплываць на сітуацыю. Многія заяўлялі, што з’яўляюцца прыхільнікамі еўраінтэграцыі, гісторыя дае ім шанец. На маю думку, дэмакратычны электарат не хвалююць праблемы выжывання асобных палітыкаў, іх хвалюе выжыванне краіны. Людзей, якія выступаюць супраць рэжыму, па розных ацэнках, 20–25 працэнтаў, тых, хто выступае за еўрапейскі выбар Беларусі — каля 35 працэнтаў. Але, калі ўзяць падтрымку ўсіх апазіцыйных партый, то лічбы ў разы меншыя. Чаму партыі не могуць выйсці на гэтых людзей, атрымаць іх ухваленне? Бо заклапочаныя ўласным выжываннем, а не працай.

Каментаваць