Памяці Міхася Чарняўскага

Ранішні званок Уладзіміра Арлова 20 студзеня прынёс мне скрушную навіну: памёр Міхась Чарняўскі. Вестка аб смерці блізкага чалавека заўсёды аглушае. У яе цяжка паверыць. Цяжка сабрацца з думкамі. Цяжка нешта вымавіць. А сказаць абавязкова трэба. І сказаць услых. Для ўсіх. Не толькі па прафесійнаму абавязку журналіста і рэдактара.

 



Фота Арцёма Лявы


З той, галоўнае, прычыны, што Міхась Чарняўскі — асоба, чые словы і справы ўжо аказалі ўплыў на развіццё беларускага грамадства, але не страцілі сваёй дзейснай актуальнасці. Гэтай справе ён прысвяціў усё сваё жыццё, аднак яна, на жаль, яшчэ не атрымала свайго лагічнага завяршэння.

Вучоны — гісторык, археолаг. Пісьменнік. Палітык. Грамадскі і культурны дзеяч. Гэта ўсё пра яго.

І ўсе гэтыя азначэнні  лёгка абагульняюцца пад адно: Міхась Чарняўскі — выбітны асветнік і дзеяч Беларускага Адраджэння канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Адзін з яго архітэктараў, яго творцаў.

Свядома абраны шлях. Не скажу, што са школы, бо не ведаю, але дакладна — са студэнцкіх часоў, пра што чуў ад яго. «Нічога сур’ёзнага, — з уласцівай яму тонкай іроніяй, — жартаваў Міхась. — Так, асцярожна прашчупвалі адзін аднаго на інтарэс да беларушчыны, на жаданне размаўляць на беларускай мове. Своеасаблівая нефармальная кампанія, гурток, клуб па інтарэсах. Нацыянальная самаадукацыя. Праўда, падпольная. Бо добра ўсведамлялі, чым пагражае абвінавачванне ў нацыяналізме».

Сведкам аднаго з драматычных эпізодаў у яго біяграфіі, звязаных менавіта з гэтай яго нефармальнай дзейнасцю на ніве беларушчыны, мне давялося быць. А менавіта, з эпізодам па справе той самай групы, што пасля атрымала назву «акадэмічны асяродак» і была кваліфікавана КДБ і партыйным кіраўніцтвам краіны як «нацыяналізм» (1973–1974 гады).

Я толькі пачынаў свой шлях у навуку ў аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук, а Міхась ужо быў старшым навуковым супрацоўнікам. І вось — сход працоўнага калектыву: інфармацыя кіраўніцтва аб выкрыцці групы нацыяналістаў. Што ўразіла — патрабавання «крыві» Міхася Чарняўскага ў іх выступах не было. Як не было ў рэзалюцыі і патрабавання аб яго звальненні. Думаю, не па прычыне разумення нацыянальных прыярытэтаў, ад якога тагачасны склад навукоўцаў быў яшчэ вельмі далёка, а з павагі да Міхася Чарняўскага. Яго звольнілі на год па рашэнні бюро ЦК Кампартыі Беларусі на чале з Машэравым. У чымсьці таксама вымушаным — пад ціскам з Масквы.

Ужо пазней, калі мы шчыльна супрацоўнічалі з Міхасём на палітычным попрышчы, а менавіта, аднаўлення беларускай сацыял-дэмакратыі, я меў магчымасць пераканацца, як яго паважалі людзі самых розных поглядаў і пазіцый. І аднадумцы, і праціўнікі. Такім шчырым і добразычлівым ён быў у адносінах з людзьмі. Ён меў бясспрэчны маральны і інтэлектуальны аўтарытэт — для ўсіх, з кім зводзіў яго лёс, на ўсіх этапах жыцця і дзейнасці. Не выпадкова менавіта яму Ларыса Геніюш даверыла на захаванне сваю «Споведзь», якая была апублікавана ўжо ў час палітычных перамен у Беларусі.

Археалогія была пакліканнем Міхася Чарняўскага. Але адначасова і інструментам у справе беларускага Адраджэння. Прычым, ці не адзіна легальным у савецкіх умовах. Праз навуковыя і папулярныя працы, мастацкія творы  ён адкрываў Беларусь старажытную. А калі сталася магчымым, першы адкрыў нам і тэму антысавецкага супраціву. «Як пошуг маланкі» — кніжка пра Расціслава Лапіцкага абрынула савецкі міф аб палітычнай еднасці савецкага рэжыму.

З навуковай сцяжыны Міхась ніколі не сыходзіў, нават ужо хварэючы, выбіраўся ў археалагічныя экспедыцыі. Планаваў іх і на гэтае лета. Але калі адчуваў мэтазгоднасць, якую вызначаў выключна па крытэру магчымай карысці беларускай справе, не гойдаючыся з галавой акунаўся ў практычную палітыку. Быў у ліку сябраў арганізацыйнага камітэта Беларускага народнага фронту. І ён жа першы, падчас працы ўстаноўчага з’езду БНФ у Вільні (24 чэрвеня 1989 г.) выказаў ідэю аб неабходнасці адраджэння сацыял-дэмакратыі ў Беларусі. Прымаў актыўны ўдзел у стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, потым Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Паклаў шмат высілкаў і нерваў на аб’яднанне сацыял-дэмакратыі. На жаль, пакуль не атрымалася.

Вярнуўся да асветніцкай дзейнасці. Мяне натхнялі яго станоўчыя ацэнкі «Новага часу» і прымушалі да роздуму крытычныя. Апошнім разам Міхась патэлефанаваў мне ў кастрычніку мінулага года, пасля чарговай выпіскі са шпіталя. З хвароб сваіх жартаваў, ахвотна дзяліўся планамі. Прапанаваў нам да друку свой нарыс-успамін «Пра Максіма Танка і Ларысу Геніюш». 9 лістапада мы надрукавалі яго ў «Новым часе».

Мы аднаўляем нарыс на сайце. Перачытаем. Ён не толькі пра Танка і Геніюш. Ён яшчэ і пра самога Міхася. Пра наша мінулае з марай пра свабодную будучыню. Здабыткі Міхася Чарняўскага застаюцца ў практычным арсенале  беларускага дэмакратычнага адраджэнскага руху.  

Абмеркаванне:

  • Арастовiч Алесь
  • 2013-01-22 01:11:06
Сябры Аргкамітэта па аднаўленню БСДП(НГ) спачуваюць родным, сябрам і знаёмым Міхася Чарняўскага. Беларусь страціла вядомага археолага, вучонага, палітыка, пісьменніка, адраджэнца сацыял-дэмакраты на
Беларусі, аднаго з стваральнікаў Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, яе духоўнага стрыжня, шчырага і сціплага чалавека. Светлая памяць.

Каментаваць