Памылкі Анатоля Лябедзькі

Гэтага палітыка не крытыкаваў хіба толькі лянівы. Мабыць, так трэба было зрабіць і мне. Тым больш, што ёсць за што і ёсць пра што, бо гэтага чалавека я добра ведаю амаль дваццаць гадоў. Аднак крытыкаваць я не буду прынцыпова, бо лічу больш лагічным паспрабаваць зразумець матывацыю яго дзеянняў.



Без памылак №1

Днямі адбудзецца прэзентацыя кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засценках КДБ», з чым мы шчыра і віншуем аўтара. Сам жа ён павіншаваў свет сваёй прысутнасцю 27 чэрвеня 1961 года, а адбылося гэта ў вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці.

Некалі мне пашанцавала шмат разоў пабываць на «малой радзіме» Анатоля. Першае, што ўразіла, — незвычайная шчырасць, з якой бацькі палітыка ставіліся да гасцей. І да жыцця ўвогуле.

Маці, Марыю Іванаўну, як гэта часам сустракаецца ў беларускіх вёсках, у штодзённым жыцці звалі Янінай. А пра свайго бацьку Уладзіміра Міхайлавіча Анатоль заўсёды казаў — «працуе кулаком». На жаль, 26 кастрычніка мінулага года ён пайшоў з жыцця, але шчырая павага і светлая памяць пра гэтага цудоўнага чалавека засталіся не толькі ў маім сэрцы. Ён быў Гаспадар. Менавіта з вялікай літары.

Уражвала не толькі тое, што гэты чалавек не можа без работы ні адной хвіліны, але і разуменне цяжкасці гэтай работы. Акрамя дазволеных Савецкай уладай «сотак», ён заўсёды меў некалькі «падпольных» дзялянак. Ехаў на сваім трактары ў лес, выкарчоўваў там «участак», сеяў жыта. І шчыра радаваўся, што потым старшыня калгасу змог знайсці і «заараць назад» толькі палову з іх.

Дарэчы, калі б у тыя часы праводзілі «Дажынкі», Анатоль разам з бацькам маглі і «жыгуль» атрымаць, бо на старой «Ніве» аднойчы за лета намалацілі больш за тысячу тон зерня.

Без памылак №2

Пасля сканчэння школы ў 1978 годзе ў Анатоля была першая няўдалая спроба паступлення ў інстытут. Пасля гэтага працаўладкаваўся механізатарам у родны калгас імя А. Суворава. Праз год паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага, а ў 1980-м —на яго факультэт гісторыі і французскай мовы, які закончыў у 1985 годзе. Для даведкі: 8 верасня 1993 года гэты інстытут атрымаў статус універсітэта, а ў 1995 годзе быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

Падчас вучобы Анатоль і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Святланай, якая вучылася ў суседняй групе. Вяселле адбылося 22 верасня 1984 года. Праз год яго прызвалі ў армію — у інстытуце не было ваеннай кафедры. Служыў у войсках супраць паветранай абароны пад Падольскам. Там і даведаўся, што 9 снежня 1985 года ў яго нарадзіўся сын Арцём.

Цікава, што Лябедзька хацеў вучыцца і ў аспірантуры, але адно вакантнае месца аддалі дачцэ намесніка міністра, і Анатоль паехаў у Ашмяны, дзе на той момант жыла яго цёшча.

Менавіта з Ашмянамі звязаны пераход Анатоля Лябедзькі з настаўнікаў у палітыкі. Ішоў 1990 год. Некалькі маладых паплечнікаў прапанавалі намесніку дырэктара мясцовай школы-інтэрната па выхаваўчай працы пайсці ў дэпутаты.

Нягледзячы на моцнае супраціўленне (10 чалавек на месца) мясцовай партыйна-савецкай наменклатуры, яны перамаглі тады, як кажуць, у адны вароты. За маладога настаўніка прагаласавала 76 адсоткаў выбаршчыкаў. Тады галасы яшчэ лічылі не ярмошыны з лазавікамі...

Работа намеснікам старшыні Камісіі па справах сям’і і моладзі Вярхоўнага Савета РБ XII склікання стала прычынай пераезда ў Мінск, аднак многія ашмянцы па гэты дзень лічаць Анатоля Лябедзьку сваім.

У 1992 годзе была створана Беларуская асацыяцыя маладых палітыкаў, і ініцыятар гэтай падзеі Анатоль Лябядзька яе ўзначаліў. У 1999 структуры не стала. Не прайшла чарговую перарэгістрацыю.

Пасля заўчаснай смерці вядомага журналіста Анатоля Майсені, Лябедзька ў 1997 годзе быў абраны старшынёй Беларускай еўраатлантычнай асацыяцыі. Але і гэта грамадская структура на сёння не існуе. Што і трэба было чакаць: іншы час і іншыя хаўруснікі ў Беларусі.

Хутка стала відавочна, што настаўніцкай адукацыі для «вялікай палітыкі» недастаткова, і ў 1993 годзе Анатоль Лябедзька скончыў яшчэ і юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1995 годзе ён зноў балатаваўся па Ашмянскай выбарчай акрузе. Зноў перамог ужо ў першым туры.

У гэты ж момант перайшоў у апазіцыю да Аляксандра Лукашэнкі і ўступіў у толькі створаную Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Спачатку быў там намеснікам старшыні, а 15 красавіка 2000 года, пасля зыходу ў адстаўку прафесара Станілава Багданкевіча, яе ўзначаліў.

Памылка №1

Імя гэта памылкі шырока вядомае. І тычыцца яна не толькі Анатоля Лябедзькі. Гэта памылка выбару пазіцыі падчас першых прэзідэнцкіх выбараў 1994 года.

Але ўсё было там не так адназначна, як кажуць сёння. І пачаць роздум, што адбылося тады, на мой погляд, трэба з разумення розніцы паміж часам росквіту перабудовы і часам нашым. Нельга глядзець на Лябедзьку тых часоў сучасным вокам і перабольшваць яго магчымасці. Як і нельга Анатолю Уладзіміравічу не прызнаваць асабістых памылак.

Упэўнены, зрабі ён гэта яшчэ шмат гадоў таму, сёння мы б не чулі пра «маладых ваўкоў», якія хацелі кіраваць краінай за нечай спіной...

На жаль, гэтага не адбылося, і зараз мы ўжо фактычна не памятаем, што ў 1994 годзе дэмакраты (як і сёння) не змаглі аб’яднацца і вылучыць кандытару «адзінага» праціўніка тагачаснага кіраўніка беларускага ўрада Вячаслава Кебіча.

Было тры каманды — Зянон Пазьняк, Станіслаў Шушкевіч і Генадзь Карпенка. Усе тры сабралі па сто тысяч подпісаў, патрэбных для рэгістрацыі. Але ў Карпенкі на адным з мінскіх участкаў скасавалі, як быццам бы несапраўдныя, пэўную колькасць подпісаў, каб было менш за сто тысяч. Акрамя таго, Генадзь Дзмітрыевіч за сваё вылучэнне сабраў яшчэ і подпісы дэпутатаў беларускага парламента (патрабавалася як мінімум — 70). Але частка з іх потым адклікала свае подпісы. Анатоль Лябедзька быў сярод тых, хто падпісаўся за вылучэнне, аднак не было сярод тых, хто свае аўтографы скасавалі.

Тое, што дэмакраты тады не змаглі аб’яднацца, спрасціла дасягненне мэты чалавеку, якога лічаць галоўнай памылкай Анатоля Лябедзькі, бо многія тады дзейнічалі па прынцыпу «абы хто, толькі не Кебіч».

Паказальна, што перашкодзілі Карпенку ўдзельнічаць у выбарчай гонцы не тыя, хто быў бліжэй да былога дырэктара саўгаса, а прыхільнікі першага спікера парламента незалежнай Беларусі.

Так што абвінавачваць у тым, што здарылася, выключна кагосьці з «маладых ваўкоў», на мой погляд, не зусім правільна. Яны дзейнічалі згодна чаканням большасці з нас. Таму і адказваць перад гісторыяй лагічна гэтай самай большасці.

Памылка №2

Калі наконт першай памылкі яшчэ неяк можна зразумець і прыняць аргументы Анатоля Лябедзькі, то другая не вытрымлівае нават такой лагоднасці. Я пра стаўку на Яраслава Раманчука.

Хаця ёсць аргументы і тут. Галоўны — дэмакраты зноў не здолелі дамовіцца, хаця працэдура абрання «адзінага» была ўзгоднена яшчэ за год да выбараў, а калі так, дык «чаму б АГП не паўдзельнічаць у парадзе кандыдатаў? Раманчук сярод іх — адзіны эканаміст».

Анатоль Лябедзька да таго, як праходзіла тая выбарчая кампанія (у сэнсе рэкламы партыі), і сёння не мае сур’ёзных прэтэнзій. Прэтэнзіі — да таго, што адбывалася потым.

Працытую меркаванне самога героя нарыса: «Тое, што адбылося, у стане жорсткай канфрантацыі з маімі прынцыпамі і перакананнямі. Безумоўна, я не магу гэта неяк падтрымаць, магу толькі асудзіць. Але таптацца па ўсіх, хто праявіў там пэўную слабасць, не буду, і сказаў пра гэта адразу пасля выхаду з амерыканкі, бо ўсё добра ведаю сам. У мяне было 108 сутак, каб убачыць тое, з чым там сутыкаюцца людзі».

Памылковыя міфы

Міф першы: Лябедзька хацеў быць міністрам замежных спраў, а яму давалі толькі пасаду міністра адукацыі. Гэта па афіцыйнай версіі. Вачамі самога ж Анатоля, нічога падобнага не можа быць па вызначэнню, бо ён тады падтрымліваў іншую кандыдатуру — Уладзіміра Сянько. Акрамя таго, ён у хуткім часе атрымаў абсалютна незалежнаю ад выканаўчай улады пасаду — намесніка старшыні парламенцкай камісіі па міжнародных справах.

Міф другі звязаны з працай у якасці «парламенцкага прадстаўніка прэзідэнта». Сапраўды, калі паглядзець стэнаграмы ўсіх пасяджэнняў Вярхоўнага Савета XIII склікання, то ў іх няма ніводнага радка пра «агучванне прэзідэнцкай пазіцыі». Больш за тое, на парламенцкіх выбарах 1995 года выканаўчая ўлада не толькі не дапамагала Анатолю Лябедзьку, але і відавочна перашкаджала — падкінула яму са сваіх шэрагаў двух канкурэнтаў.

І, калі б ён у той час, як кажуць, дэзавуіраваў словы пра свой статус, сёння не было б ніякіх сумневаў на гэты конт. На жаль, нічога падобнага не адбылося. Па якой прычыне — можна толькі гадаць...

Міф трэці звязаны з пераходам у апазіцыю з той прычыны, што «Лябедзька не атрымаў жаданых дзяржаўных пасадаў». Сапраўды, пэўныя прапановы яму рабіліся не аднойчы. Найбольш спакуслівай была прапанова ўзначаліць Прэзідэнцкі савет, але па розных прычынах яна не была рэалізавана.

Потым былі прапановы ўзначаліць мытны камітэт, стаць адным з віцэ-прэм’ераў альбо міністрам па справам моладзі, аднак без завяршэння.

Пасля белых плямаў у СМІ ў снежні 1994 года і сумна вядомага збіцця дэпутатаў фракцыі БНФ у памяшканні Вярхоўнага Савета наступнай вясной, стала відавочна, што ў беларускім грамадстве адбываецца вельмі сур’ёзны раскол. Анатоль Лябедзька быў сярод тых, хто прапанаваў знайсці нейкі кампраміс. Лукашэнка нават даў згоду на правядзенне шырокага круглага стала, аднак ужо раніцай наступнага дня ад свайго рашэння адмовіўся. Было гэта летам 1995 года, і менавіта з гэтага моманту трэба адлічваць развод паміж палітыкамі.

Каб не было памылак

Як вядома, у сакавіку 2005 года адзіным стаў Аляксандр Мілінкевіч, які на Кангрэсе дэмакратычных сілаў перамог Анатоля Лябедзьку з розніцай у восем галасоў. У кастрычніку таго ж года Палітсавет дэмакратычных сілаў зацвердзіў Анатоля Лябедзьку на пасаду старшыні Нацыянальнага камітэту, які назвалі ценявым урадам.

Узгадаў я гэты момант невыпадкова, бо ён даволі красамоўна сведчыць, што пры жаданні могуць дамовіцца нават беларускія апазіцыянеры. Другая справа — адбываецца гэта далёка не заўсёды.

А шкада. Я, напрыклад, паўгадзіны слухаў пра адрозненні паміж праймерыз і «народным рэферэндумам» і так не зразумеў, у чым іх прынцыповая розніца. Рызыкну дапусціць, што выбаршчыкам гэта будзе яшчэ цяжэй патлумачыць. 

Каментаваць