Партрэт у памаранчавых колерах

У 2011 годзе ў расійскай прэсе атрымала розгалас акцыя ўкраінскай дзяўчыны Ганны Сіньковай, якая ў цэнтральным скверы Кіева разам са сваімі сяброўкамі смажыла яечню з сасіскамі на газавай гарэлцы мемарыяла «Вечны агонь». «Вечная яечня на вечным агні» — так называлася акцыя. Гэты ўчынак не абмінулі ўвагай і дзяржаўныя СМІ Беларусі.



У 2011 годзе ў расійскай прэсе атрымала розгалас акцыя ўкраінскай дзяўчыны Ганны Сіньковай, якая ў цэнтральным скверы Кіева разам са сваімі сяброўкамі смажыла яечню з сасіскамі на газавай гарэлцы мемарыяла «Вечны агонь». «Вечная яечня на вечным агні» — так называлася акцыя. Гэты ўчынак не абмінулі ўвагай і дзяржаўныя СМІ Беларусі.

Следам ускіпела віртуальная інтэрнэт-прастора. Удзельнікі форумаў і блогаў вылівалі на завадатарку акцыі мегабайты бруду, здзекаў, абраз. Адны называлі дзяўчыну ўкраінскай патрыёткай, іншыя — неанацысцкай, фашысткай, бандэраўкай і пагражалі «памачыцца» на магіле яе продкаў.

Да акцыі ўкраінак можна ставіцца па-рознаму, але ўся гэта шуміха чамусьці нагадала мне інцыдэнт у Беларусі, калі ідэйныя прыхільнікі «савецкага парадку» ганьбілі Іллю Копыла за выдадзеную кнігу «Нябышына. Вайна». Газета «Народная воля» друкавала кнігу часткамі — з усімі тымі фактамі жыцця паваеннай беларускай вёскі, якія не ўпісваліся ў межы прапагандуемай савецкай гісторыі. У кнізе быў паказаны адваротны бок Другой сусветнай вайны.

Тады з дзясятак ветэранаў, якія, дарэчы, па ўзроставай катэгорыі зусім не падобныя былі на ветэранаў, выйшлі з пікетам да сцен рэдакцыі, бо палічылі некаторыя факты з ўспамінаў Іллі Копыла дыскрэдытацыяй усяго партызанскага руху. Не даспадобы прыйшліся ім ўспаміны пра савецкіх партызанаў, якія рабавалі беларускіх сялян, забіралі харчы, і якіх сяляне баяліся не менш за немцаў.

Я выпадкова пабачыла Ганну Сінькову ў кіеўскай кавярні «Купідон», і не прамінула паразмаўляць з вядомай украінскай дзяячкай. Ганна толькі што вярнулася з чарговай палітычнай акцыі, каб «перавесці дух», абмеркаваць далейшыя дзеянні з сябрамі.

Утульная кавярня з інтэр’ерам падполля стварае спецыфічны настрой для творчай працы і вольных думак. Таму гэта ўлюбёнае месца журналістаў, мастакоў, паэтаў і пісьменнікаў. Асобны столік зарэзерваваны для топлес-актывістак «FEMEN». Мне прадставілася магчымасць пабачыць прыгажунь апранутымі, у працэсе іх крэатыўных змоваў на далейшыя палітычныя акцыі, якіх і без «FEMEN» даволі багата ў Кіеве.

Ганна Сінькова, зараз уся ў барацьбе, адразу тлумачыць: «У Адэсе зачынілі апошні незалежны тэлеканал. На такія дзеянні ўладаў трэба рэагаваць неадкладна. Ва Украіне адбываецца шмат супрацьзаконных дзеянняў, таму я разам з паплечнікамі па некалькі разоў на тыдзень ладжу палітычныя перфомансы і акцыі. Наша задача — інфармаванне грамадства і палітычны пратэст. Часу на ўсё не хапае».

У інтэрнэце часцей можна сустрэць артыкулы і каментары, у якіх маладая і прыгожая дзяўчына падаецца страшным ворагам усяго чалавецтва. Але ж падчас нашага знаёмства высветлілася, што Ганна не толькі вельмі ініцыятыўная і смелая асоба, якой я яе і прадстаўляла раней, але яшчэ і таленавітая. Піша карціны, вершы, п’есы, з’яўляецца журналісткай і ладзіць свае фотавыставы; з’яўляецца сябрам «Мемарыялу ім. В. Стуса», «Саюза тэатральных дзеячаў Украіны» і іншых. Яна распавяла, што заўсёды знаходзілася ў шэрагах нацыянальна-вызвольнага руху Украіны.


Яшчэ ў школьныя гады вольналюбівая дзяўчына, нягледзячы на забарону настаўнікаў, збегла на Майдан падчас Памаранчавай рэвалюцыі, дзе пазнаёмілася з рознымі грамадскімі і палітычнымі актывістамі. У 2008 годзе яна падрыхтавала сур’ёзнае даследаванне пра ўціск украінскай мовы ў Крыму.

З 2010 года Ганна паспявала ўдзельнічаць ва ўсіх акцыях супраць антыўкраінскай палітыкі ўладаў; яна была адным з арганізатараў акцый супраць міліцэйскага беззаконня, калі быў забіты ўкраінскі студэнт Ігар Індыл. І так склалася, што ў 2011 годзе Ганна Сінькова ўпершыню ў часы найноўшай гісторыі Украіны стала адной з першых жанчын-палітвязняў.

29 сакавіка 2011 года дзяўчына была схоплена і абвінавачана ў апаганьванні магілы, ёй інкрымінавалася ад 3 да 5 гадоў турмы, але неўзабаве пасля 3-х месяцаў СІЗА, суддзя Радзівон Кірэеў нечакана вызваляе Ганну па падпіску аб нявыездзе. Заўважу, што пасля нечаканага выхаду з СІЗА на волю Ганна адразу вызвалася прыняць удзел у акцыі ўкраінскіх нацыяналістаў, якія таксама смажылі яечню. А пасля высветлілася, што акцыя ладзілася ў яе падтрымку.

«Суддзяў ва Украіне разыгрывае кампутар метадам латарэі, — распавядае Ганна. — І суддзя, які займаўся маёй справай… Яму страшна не шанцавала! Кампутар выкідваў на яго долю самыя складаныя палітычныя справы, якія суправаджаліся гучнымі скандаламі і шматлікімі грамадскімі пратэстамі. Пры тым, што суддзя малады, мае ўсяго два гады судзейскага стажу. Нечакана ён выпусціў мяне па падпіску аб нявыездзе, хаця зараз яму прыйшлося засудзіць самую вядомую ўкраінскую жанчыну-палітыка — Юлію Цімашэнка… Мая ж справа таксама не праходзіла гладка. Падчас суду адбываліся бойкі ўкраінскіх патрыётаў з міліцыяй. Мяне падтрымлівалі дэпутаты, вядомыя дзеячы. Пад узмоцненым канвоем спецслужбы выводзілі мяне з залі суда. Нядаўна на долю таго ж суддзі Радзівона Кірэева выпала яшчэ адна гучная палітычная справа — супраць маёра Мікалая Мельнічэнкі, які пераследаваўся за запісы размоваў былога прэзідэнта Украіны Кучмы з высокапастаўленымі чыноўнікамі. (У размове фігуравала тэма забойства журналіста Георгія Гангадзэ, які ў выніку і быў забіты. Мельнічэнку ўдалося пазбегнуць пераследу ўладаў, атрымаўшы палітычны прытулак у ЗША. У 2005 годзе яго крымінальная справа была зачынена. Мельнічэнка вярнуўся ва Украіну, але летась на былога ахоўніка Кучмы зноў распачалі крымінальную справу — аб разгалошванні дзяржтаямніцы і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Мельнічэнка зноў з’ехаў за мяжу). Не думаю, што ўсе гэтыя палітычныя справы на сумленні суддзі Радзівона Кірэева з’яўляюцца выпадковасцю, кампутарнай латарэяй. І яго можна толькі пашкадаваць».

— Ён жа робіць сваю паднявольную справу…

— Так. Але гэтаму маладому суддзі прыйдзецца потым расплочвацца пасадай, калі зменіцца ўлада. Старыя, вопытныя суддзі добра гэта разумеюць, таму робяць так, каб гучныя палітычныя справы не выпадалі на іх долю метадам кампутарнай «латарэі».

— Ганна, а што вы ўсё ж хацелі выказаць той акцыяй? Бо вашы дзеянні выклікалі бурную істэрыку ў некаторых людзей і ва Украіне, а пра Расію і гаварыць не даводзіцца: дастаткова набраць ваша імя ў інтэрнэце. Хаця дазволю сабе заўважыць, што ў некаторых расійскіх гарадах бамжы даўно выкарыстоўваюць вечныя агні для прыгатавання ежы…

— Тая акцыя больш за ўсё прымусіла панервавацца прыхільнікаў Камуністычнай партыі ва Украіне. Я наступіла на іх самы балючы мазоль — на іх ідэалагічную сімволіку! Спачатку мне хацелі даць ад 3 да 5 гадоў за апаганьванне магілы салдат. Але ці пахаваны там салдаты Другой сусветнай вайны? Гэта вельмі спрэчнае пытанне. Што да памяці продкаў… Дык памяць для мяне — не пустое слова і не сімвал. У многіх ветэранаў сёння падманам адбіраюць кватэры… Некаторыя з іх не могуць дазволіць сабе правесці газ у хату. Безліч ветэранаў, кінутых дзяржавай, выжываюць — хто як можа! Хіба гэта даніна іх гераічным заслугам? Трэба зразумець, што Вечны агонь не памяць забітых салдат ушаноўвае, а праслаўляе савецкае мінулае, з’яўляецца адным з яго сімвалаў. Вось чаму так раздражніла многіх расійскіх грамадзян гэта акцыя — яны вельмі моцна трымаюцца за сваю ідэалогію «вялікай перамогі»! Гэта не столькі помнік, колькі сімвал. І на гэтым месцы не было гераізму — была трагедыя. Калі тут сапраўды ляжаць невядомыя салдаты, то іх трэба ўшанаваць больш прыстойна — пахаваць па хрысціянскіх традыцыях на вайсковых могілках ці паставіць помнік без аніякай сімволікі. Каб магчыма было запытацца ў іх, забітых салдат, ці хацелі б яны ляжаць пад сталінскай сімволікай? Я ад пачатку выступаю супраць блюзнерства. Але сёння становіцца ўсё больш актуальнай пагроза насоўвання ўкраінцам культу савецкага мінулага і сталінізму — праз вось такія вечныя агні, праз зоркі і чырвоныя сцягі.

— Вы сядзелі ў знакамітай Лук’янаўцы. Распавядзіце аб умовах утрымання.


— Асноўная праблема — гэта перапоўненасць. Вельмі цяжка, калі замест 20 чалавек у камеры знаходзіцца 70. Выбітыя вокны, скразнякі… Шмат хваробаў і адсутнасць медыцынскай дапамогі. Але Лук’янаўскае СІЗА славіцца сваімі вязнямі. Тут перасядзела бадай што ўся нацыяналістычная ўкраінская інтэлігенцыя, рэвалюцыянеры і апазіцыянеры розных эпох. Тут утрымліваўся паэт і праваабаронца, палітвязень Васіль Стус, які затым быў пасмяротна рэабілітаваны; там жа ўтрымліваецца і Юлія Цімашэнка…

— Вас бы асудзілі, калі б Януковіча яшчэ не было пры ўладзе?

— Думаю, што ўсё ж такі не…Калі кіраваў Юшчанка, у краіне налічваліся адзінкі палітзняволеных, і тое іх хутка адпускалі. Былы прэзідэнт больш лаяльна ставіўся да акцый нацыяналістычнага характару. Пры Юшчанку быў бардак, але пры Януковічу зараз адбываецца рух да таталітарызму пры поўнай усёдазволенасці сілавых структур. Па розных рэгіёнах патрыётаў саджаюць цэлымі арганізацыямі! Праваабаронцы не спраўляюцца здабываць інфармацыю па кожнаму новаму палітзняволенаму.

Справа ў тым, што ўкраінскія нацыяналісты дзейнічаюць пад нікамі. Яны могуць не ведаць адзін аднаго ў твар, не ведаць сапраўдныя прозвішчы паплечнікаў. Таму вельмі цяжка даведацца, каго дакладна схапілі і дзе яго ўтрымліваюць. Таму і немагчыма сказаць дакладную колькасць палітвязняў, але я смела назвала б лічбу ад 50 да 100 чалавек. Мы ведаем, што рэпрэсіі адбываюцца ў Запарожжы, Харкаве, Львове.

Ведаю, што ў вас шмат палітвязняў. Ведаю, што справы ў вас нашмат горшыя. Я маю на ўвазе стан грамадства, бо калі яно змірылася, значыць, палітвязні будуць бясконца. Мяне разам з паплечнікамі заўсёды больш за ўсё здзіўляла змірэнне беларусаў са сваім лёсам. Ваша краіна ў нас асацыіруецца з жорсткім рэжымам. Шчыра кажучы, мы нават адчуваем пагрозу таго, каб з Беларусі да нас гэты рэжым не прыйшоў.
 

Каментаваць