Паслядоўніца Адамовіча і Быкава

Святлана Алексіевіч — лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Першы Нобель незалежнай Беларусі. І хто б што ні казаў сёння, але з беларускай літаратурай Алексіевіч звязаная непарыўна, ад самага пачатку свайго пісьменніцкага лёсу.
 



Васіль Быкаў і Святлана Алексіевіч. Фота Сяргея Шапрана


Без яе, без беларускай літаратуры, без настаўніцтва і падтрымкі старэйшых, мусіць, немагчымы быў бы сённяшні Нобель Алексіевіч.

І найперш у гэтай сувязі трэба ўзгадаць Алеся Адамовіча і Васіля Быкава. Святлана Алексіевіч была і застаецца ім удзячная. Вось і падчас прэс-канферэнцыі ў рэдакцыі «Нашай Нівы», яна ў каторы ўжо раз аддала належнае: «У першую чаргу я б, вядома, сказала дзякуй маім настаўнікам: Адамовічу і Быкаву».

У 2001 годзе, падчас нашай з ёй гутаркі, Святлана Аляксандраўна гаварыла: «Для нашай літаратуры, і наогул усёй постсавецкай прасторы, Адамовіч і Быкаў — гэта, на маю думку, самыя моцныя фігуры. І Аляксандр Міхайлавіч сапраўды быў маімі ўніверсітэтамі, паколькі на яго прыкладзе я ўбачыла ход мыслення чалавека. А вельмі важна, што называецца, своечасова паставіць голас. Прычым гэта асоба еўрапейскага маштабу, якая так і не была па вартасці ацэненая ў нашай культуры. І вельмі шкада, што ён так рана сышоў. Тым больш, што роўнага яму чалавека ў нашай, у беларускай, культуры няма да гэтага часу.

Што ж тычыцца Быкава, дык Васіль Уладзіміравіч — гэта настаўнік цэлага пакалення. Яго імя не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй савецкай культуры звязана з новым падыходам да ваеннай тэмы. Думаю, што самая галоўная яго думка: чалавек усё робіць адзін. Ён у адзіночку нараджаецца і памірае, сам-насам з сабой вырашае — быць здраднікам ці не. Ва ўмовах жа савецкай ментальнасці, нашай калектыўнай свядомасці гэтая быкаўская думка прагучала вельмі магутна. Па значэнні яна была значна больш моцнай, чым развагі пра тое, колькі каштавала наша Перамога. Дарэчы, Адамовіч пайшоў яшчэ далей: на яго думку, вайна — гэта забойства, і таму не можа быць прынятая ні ў якім выглядзе. Але я і Быкава лічу сваім асабістым настаўнікам, паколькі яго светапогляд, яго погляд на чалавека супаў з тым, што было дадзена мне генетычна або біяхімічна — ужо не ведаю як!»

Варта ўзгадаць, што менавіта Адамовіч і Быкаў падтрымалі маладую пісьменніцу, калі была «зарэзана» першая яе кніга — «Я уехал из деревни»: яна не выйшла ні ў «Нёмане», ні ў «Новом мире», набор яе быў рассыпаны; аўтарку выклікалі ў ідэалагічны аддзел ЦК КПБ; не знайшла яна падтрымкі і ў першага сакратара Саюза пісьменнікаў Максіма Танка. «Мне практычна ніхто тады не аказаў падтрымкі, апроч Адамовіча і Быкава — адзіных, мабыць, у Саюзе пісьменнікаў людзей, якія здолелі захаваць не адно толькі ўласную годнасць, але і годнасць нашай літаратуры», — сведчыла Алексіевіч. Менавіта сумленнасць абодвух і вабіла яе, гэтым яны і былі найперш блізкія ёй.

Да гісторыі настаўніцтва

Зрэшты, Быкаў з’явіўся ў яе жыцці раней за Адамовіча. Адбылося гэта яшчэ ў гады студэнцтва Алексіевіч. Яна распавядала падчас адной нашай з ёй гутарак: «Гісторыю партыі ў нас выкладаў прафесар Жураў, прыгожы і цікавы чалавек. Аднак як толькі мы загаворвалі пра ідэалогію, ён адразу рабіўся іншым — з ім немагчыма было гаварыць! Гэта тое, што называецца адчужэннем асобы... Ён вельмі добра да мяне ставіўся, і ў ім я спачатку знаходзіла інтэлектуальную падтрымку сабе. Аднак неўзабаве пра гэтую падтрымку можна было забыцца. І віной таму стаў Быкаў.

У той час у «Новом мире» выйшла аповесць «Мёртвым не баліць», якую амаль ніхто не чытаў, але водар прысутнасці нейкай сілы, нейкага супрацьстаяння ўжо лунаў над Гродна, дзе жыў аўтар. Мы, маладыя, былі вядома, зачараваныя, мы адчувалі гэтыя прамяні смеласці чалавечай, якія сыходзілі з Гродна...

Ужо не памятаю, хто прынёс на курс «Новый мир» з «Мёртвым не баліць», і хоць усю аповесць я тады прачытаць не паспела, аднак і тое, што было прачытана, зрабіла на мяне вельмі моцнае ўражанне. І раптам падчас лекцыі прафесар Жураў кажа: маўляў, ёсць у нас такія мастакі, якія здраджваюць не толькі сабе, але і часу, яны рагочуць над брацкай магілай, над нашай Перамогай, якая дасталася нам такой крывёю. (Вядома, мова ў Журава была іншай, але сэнс — гэты.) Памятаю, я запыталася... Трэба сказаць, што мы баяліся пра што-небудзь пытацца — трэба было быць моцным чалавекам для гэтага, бо ўслед за тым даводзілася адказваць за свой учынак. Жураў дазваляў смеласць, але ты павінен быў яе аргументаваць. Вось і тады ён дазволіў звярнуцца да яго. Я спытала: «Чаму вы так кажаце? Вы чыталі аповесць?» І ён адказаў: «Не чытаў, але я быў у ЦК, і там пра гэта казалі». Так гэты чалавек перастаў быць мне цікавым, але затое на змену яму прыйшоў спачатку Быкаў, а затым і Адамовіч. Я чытала ўсё, што яны пісалі. Разам з аднакурснікамі мы шмат гаварылі пра гэта, спрачаліся...

Здаецца, ужо на трэцім курсе разам з сяброўкай я нават спецыяльна паехала на практыку ў гарадзенскую газету, дзе ў той час літкансультантам працаваў Васіль Уладзіміравіч. Ён аказаўся вельмі замкнёным чалавекам, абсалютна. Але інфармацыя прыходзіць не з аднымі толькі словамі — у Быкава яна ішла ад яго аблічча, ад яго ўнутранай сілы.

На практыцы ў Гродне мы былі месяц. Памятаю, як аднойчы ўсе разам пайшлі ў кавярню — Васіль Уладзіміравіч лічыў, што гаварыць у рэдакцыі небяспечна. Якраз у той час быў апублікаваны яго «Круглянскі мост», і ў прэсе з аўтарам пачалі «ваяваць» былыя партызаны. Тады я і даведалася, як жыве Быкаў: раніцай снедае разам з дзецьмі, а потым яны ідуць у школу, і там паносяць імя іх бацькі; даведалася, што за Васілём Уладзіміравічам сочаць, яму пагражаюць, спрабуюць ідэалагічна апрацоўваць, увогуле, даведалася, што жыве ён у вечным напружанні і нібы ў пастаяннай аблозе. (Але ў Быкава была яшчэ тая закваска — яго немагчыма было «апрацаваць»!) Зрэшты, пра ўсё гэта гаварылася неяк мімаходзь… З Васілём жа Уладзіміравічам мы больш гаварылі... я нават не магу назваць гэта гутаркамі — гэта былі, хутчэй, заўвагі, прычым заўвагі вельмі дакладныя, нават калі гаворка ішла пра нейкі матэрыял або пра журналіста. Быкаў быў бескампрамісны. Гэта была бескампраміснасць ваеннага часу».

Справа жыцця

Пасля таго, як была «зарэзана» кніга «Я уехал из деревни», Алексіевіч распачала працу над іншай кнігай — «У войны не женское лицо», ідэю якой ёй падказаў Алесь Адамовіч. І Быкаў — разам з Адамовічам, Віктарам Каваленкам, Эдзі Агняцвет — быў тым чалавекам, хто, даўшы грошы на магнітафон і аўдыёкасеты, фінансава падтрымаў маладую пісьменніцу ў складаны для яе час…

Вядома, што Васіль Уладзіміравіч вельмі крытычна ставіўся да спробаў маладых літаратараў пісаць пра вайну, але выпадак Святланы Алексіевіч быў іншы. Вось толькі тры вытрымкі з яго інтэрв’ю: «Я заўжды ўспамінаю гэтае імя, калі адказваю на пытанне, ці можна маладым людзям, якія нарадзіліся пасля вайны, пісаць пра вайну. Канешне, пісаць можна пра ўсё і ўсім. Але ўся справа ў тым, што пісаць трэба хораша. І тут я сумняваюся, каб людзі, якія нарадзіліся пасля вайны і не ведалі яе па ўласным вопыце, а ўражанні аб ёй узялі з літаратуры, кіно, тэатра, каб гэтыя людзі змаглі стварыць штосьці значнае на тэму вайны. Але вось ёсць выйсце, вельмі добры спосаб і добры жанр літаратурна-дакументальнага даследавання, з якім выступіла С. Алексіевіч. Тое, што зрабіла яна, цяжка пераацаніць, яна зрабіла вялікую справу ў беларускай і савецкай літаратуры наогул. Гэта ёй нялёгка далося, я ведаю, як гэта пісалася, збіралася, друкавалася. Затое цяпер пажынае плён заслужанага поспеху».

Іншым разам: «Яна не стала пра вайну складаць небыліц, а з магнітафонам у руках пайшла да жанчын, якія ваявалі, і запісала сотні іх споведзяў-аповедаў, з якіх і склала кнігу. Гэтая яе кніга прагучала свежа і шчыра нават у беларускай літаратуры, у якой пра вайну, як вядома, напісана добра і нямала. Потым з’явілася і новая кніга Алексіевіч — успаміны падлеткаў, якія перажылі вайну. Ці гэта не прыклад для тых, хто не ваяваў, але хто выявіў сваю прыхільнасць да тэмы вайны, у плённасці дадзенага метаду?»

І яшчэ: «Каштоўнасць новай працы Алексіевіч («Цинковые мальчики». — С. Ш.) перш за ўсё ў дакументальнай аснове, дзе, трэба меркаваць, ні слова з вобласці аўтарскай фантазіі, здагадак, тым больш выдумкі. Характар жа дакументалізму такі — бескампрамісная праўда, — што многія старонкі кнігі здольныя выклікаць узрушэнне. Нават у наш час, калі дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, мы вельмі шмат ведаем аб гэтай авантуры стагоддзя, веданне наша бляднее перад абуральнымі сведчаннямі «афганцаў», салдат і афіцэраў, маці загінулых, многіх параненых там і скалечаных.

Кніга С. Алексіевіч выкрывае і выкрывае вінаватых гэтага міжнароднага разбою, раскрывае механізм палітычнага і ваеннага самавольства ў дачыненні да суверэннай суседняй краіны, даступная лёгкасць перамогі над якой аказалася такой ілюзорнай. Афганістан не стаў на калені, але таму не лягчэй тысячам нашых хлопчыкаў, не лягчэй маці. І ў гэтым — парадаксальны, заблытаны ўрок нашаму народу і, відаць, усяму чалавецтву. Засваенню гэтага ўрока служыць выдатная кніга С. Алексіевіч».

Гэтая падтрымка — падтрымка першых франтавых пісьменнікаў (і тут трэба ўзгадаць не толькі Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, але яшчэ і Віктара Астаф’ева, Вячаслава Кандрацьева, Канстанціна Сіманава) многае значыла для Алексіевіч, якая рабіла першыя крокі ў вялікай літаратуры. Больш за тое, стаўленне Быкава і Адамовіча, па сутнасці, вырвала яе з ранейшага звыклага жыцця — менавіта тады пісьменніца зразумела, што існуе такое паняцце, як справа жыцця. І гэтай справай для яе стала літаратура.

Навука трымаць удары

Падтрымку старэйшых пісьменнікаў яна адчувала і доўгі час пасля. А калі дакладней, дык размова ідзе ўжо пра заступніцтва.

Так, у 1990 годзе, пасля з’яўлення ў самым, мусіць, рэакцыйным на той час часопісе «Политический собеседник» артыкула В. Юдзіна «Пафас безгрунтоўнага адмаўлення» — крытычнага разбору аповесці «Цинковые мальчики» С. Алексіевіч, «ЛіМ» надрукаваў адказ «Зноў гучыць баявая труба». Пад ім значыліся прозвішчы Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Міхася Тычыны. Прывядзём тут толькі некаторыя фрагменты: «Артыкул В. Юдзіна, як пракурорская прамова з выразным абвінаваўчым ухілам, літаральна нашпігавана апрабаванымі ў добра памятныя часы рытарычнымі прыёмамі і фігурамі.

Усё тое ж сумна вядомае прыпісванне аўтару думак яе герояў-«афганцаў»: «Рукой-то наших «цинковых мальчиков» водит автор. И не просто «водит», скрупулезно регистрируя «случаи» из жизни, а задает им определенную концепцию».

Усё тыя ж перанесеныя ў наш час з суслаўскай эпохі папрокі ў нежаданні адрозніваць «правду отдельного факта и большую правду искусства»…

Усё той жа намер зваліць адказнасць за гэту ганебную акцыю на мёртвых дзеячаў «Мадрыдскага двара» і абараніць Сістэму, якая трымаецца на дзіўным кангламераце партыйнай бюракратыі з ваенна-прамысловым комплексам.

Усё тое ж нацкоўванне на пісьменнікаў простага люду («отцы нам не лгали») і імкненне выкарыстаць у гэтых мэтах «афганцаў», скіраваўшы зразумелую іх прагу дзейнасці на пошукі новых «ворагаў», разварушваючы ў іх душах нізкія псеўдапатрыятычныя страсці («будто и не солдаты вовсе, а насильно оторванные от груди матери сосунки»)…

І зноў са старонак «ПС», як ужо было не раз за гэтыя гады, гучыць баявая труба абаронцаў «імперскіх амбіцый», якія заклікаюць пад свае сцягі «сапраўдных патрыётаў», «верных сыноў Айчыны», «воінаў-інтэрнацыяналістаў»…»

А ў 1993 годзе, калі Алексіевіч ганебна судзілі за кнігу «Цинковые мальчики», у адрас суда быў накіраваны ліст за подпісамі пісьменнікаў-удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны Міколы Аўрамчыка, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Аляксандра Дракахруста, Навума Кісліка, Валянціна Тараса. Яны пісалі: «Ці можна замахвацца на правы пісьменніка казаць праўду, якой бы трагічнай і жорсткай яна ні была? Ці можна ставіць яму ў віну неабвержныя сведчанні аб злачынствах мінулага і, у прыватнасці, аб злачынствах, звязаных з ганебнай афганскай авантурай, якая каштавала столькіх ахвяр, сапсавала столькі лёсаў...

Паважаючы асабістую мужнасць салдат і афіцэраў, дасланых брэжнеўскім кіраўніцтвам КПСС змагацца ў чужую, да гэтага дружалюбную краіну, шчыра падзяляючы смутак маці, чые сыны загінулі ў афганскіх гарах, пісьменніца разам з тым бескампрамісна выкрывае ў гэтай кнізе ўсе спробы гераізаваць ганебную афганскую вайну, спробы рамантызаваць яе, развенчвае хлуслівую патэтыку і траскучы пафас.

Мабыць, гэта прыйшлося не па душы тым, хто і дагэтуль перакананы, што афганская і іншыя авантуры адышоўшага ў мінулае рэжыму, якія былі аплачаны крывёю нашых салдат, былі выкананнем «свяшчэннага інтэрнацыянальнага доўгу», хто хацеў бы абяліць чорныя справы палітыкаў і чарнобыльцаў-ваеначальнікаў, хто хацеў бы паставіць знак роўнасці паміж удзелам у Вялікай Айчыннай вайне і ў несправядлівай, па сутнасці, каланіяльнай, афганскай.

Гэтыя людзі не ўступаюць у палеміку з пісьменніцай. Не аспрэчваюць яе ўзрушаючых фактаў. І наогул не паказваюць свайго твару. Рукамі іншых, якія ўсё яшчэ памыляюцца або ўведзены ў зман, яны ўзбуджаюць (праз гады пасля газетных публікацый і выхаду ў свет кнігі «Цинковые мальчики»!) судовую справу аб «абразе гонару і годнасці» воінаў-афганцаў, тых хлопчыкаў, пра якіх з такім разуменнем, спачуваннем і спагадай, з такім сардэчным болем напісала Святлана Алексіевіч.

Так, яна не малявала іх рамантычнымі героямі. Але толькі таму, што цвёрда кіравалася талстоўскім запаветам: «Герой... якога я люблю ўсімі сіламі душы... быў, ёсць і будзе — праўда».

Дык ці можна абражаць за праўду? Ці можна яе судзіць?»

Пазней Васіль Быкаў яшчэ раз вярнуўся да гэтай ганебнай старонкі беларускай найноўшай гісторыі — на наступны год ён выступіў у «Литературной газете» з вялікім артыкулам «Афганская карта: як яе выкарыстоўваюць нацыянал-камуністычныя колы Беларусі», значная частка якога была прысвечана аўтару «Цинковых мальчиков»: «Увесь мінулы год грамадскасць Беларусі сачыла за вялацякучым працэсам пісьменніцы Святланы Алексіевіч... У прамежках паміж судовымі пасяджэннямі беларуская ваеншчына, асабліва адстаўная, на мітынгах і незлічоных сходах (у тым ліку кампартыйных) накачвала сярод удзельнікаў пачуцці абражанага гонару і папранай годнасці афганцаў, якія да канца выканалі свой патрыятычны і інтэрнацыянальны абавязак. Забітая горам маці, якая страціла ў Афганістане сына, раптам загарэлася святым гневам супраць аўтара «Цинковых мальчиков», нібы сама С. Алексіевіч пазбавіла жыцця яе любімае дзіця. Замест таго каб прад’явіць цалкам законны і па-чалавечы апраўданы пазоў да тагачаснага (або цяперашняга) дзяржаўнага і партыйнага кіраўніцтва, Міністэрства абароны, што паслалі яе сына паміраць у чужым далёкім Афганістане, яна звярнула свой гнеў супраць пісьменніцы, якая асмелілася напісаць пра тое праўду. Здзіўленне ўсіх, хто ведае гэтую гісторыю, выклікала тая акалічнасць, што ўсяго некалькі гадоў таму пазоўца выказала цалкам станоўчае і добразычлівае стаўленне да публікацыі. Пра гэта падчас суду нагадала С. Алексіевіч. Але суд яе словам не паверыў, апрыёры паверыўшы ў ісціну пацярпелага боку...

Дык што ж адбылося за некалькі гадоў з забітай горам маці? Што выклікала яе такі запознены выбух гневу, адрасаваны зусім не па тым адрасе, па якім яго трэба было б адрасаваць? Што здарылася таксама з «Комсомольской правдой», якая ў свой час з’явілася ініцыятарам злашчаснай публікацыі з «Цинковых мальчиков», а цяпер надрукавала здзеклівы па тону артыкул пад малапісьменным загалоўкам «Хлопчыкі — «цынкавыя». Пісьменнікі — усё «жалезней»?» Выпадак, трэба заўважыць, вельмі рэдкі нават у вядомай сваёй рэптыльнасцю савецкай журналістыцы, калі друкаваны орган не толькі не спрабуе апраўдаць уласную публікацыю, але маральна выкрывае ўласнага аўтара...»

Каментуючы гэтыя даўнія публікацыі, Святлана Алексіевіч гаварыла: «Быкаў і Адамовіч зноў тады забяспечылі мне вялікую падтрымку. Тым больш, калі табе тэлефануюць невядомыя і распавядаюць, дзе ты сёння была, як была апранутая... адным словам, усяляк запалохвалі. І некаторыя мае калегі нават прапаноўвалі ўсталяваць дзяжурства каля мяне. Але гэта было смешна — забіць чалавека проста. Таму трэба было быць абсалютным фаталістам. Гэтаму, дарэчы, я таксама навучылася ў Быкава і Адамовіча — навучылася прымаць удары. Проста трэба ўмець спакойна рабіць сваю працу, трэба ўмець не мітусіцца. Гэта галоўнае».

Канец і працяг эпохі

Калі Быкава не стала, я патэлефанаваў Святлане Аляксандраўне з просьбай пагаварыць пра яе настаўніка. Яна ахвотна пагадзілася. Мы доўга гутарылі тады, вось, мусіць, самая квінтэсэнцыя той размовы: «Памёр ён як годны чалавек — паводле сваіх перакананняў і светапогляду. Яны абодва з Адамовічам сышлі паводле сваіх перакананняў. Але з іншага боку, тое, што адбывалася ў апошнія гады ў Беларусі, пакідала Быкава ў разгубленасці. Бо краіна быццам бы і ягоная, а быццам бы і чужая... Аднак нават у самыя цяжкія часы ён ніколі не рабіў уражання зламанага чалавека. Ва ўсялякім выпадку я запомніла яго як чалавека гонару. Я ж бачыла і іншых вялікіх пісьменнікаў, якія або прытанцоўвалі пад той час, у якім жылі, або папросту змоўклі. Быкаў жа — не, ён заставаўся роўны самому сабе...

Я часам нават думаю: якое гэта было дзіўнае пакаленне і як мне пашанцавала, што я сустрэла такіх людзей, настаўнікаў — Адамовіча і Быкава! І што яшчэ важна: абодва яны былі проста вельмі добрымі людзьмі, па-чалавечы добрымі. Гэта былі вельмі шчырыя людзі. Калі яны нешта казалі, ты ведаў: яны кажуць праўду. Па-другое, яны па-чалавечы вельмі сумленна пражылі...

Хоць можна толькі дзівіцца таму, як Быкаў, як яго пакаленне вытрымала такі напал, як ён да апошняга не здаў сваіх пазіцый. На мой погляд, у нас гэта быў самы бескампрамісны мастак свайго часу. Гэта быў вялікі чалавек нашага часу. І самае галоўнае — вельмі сумленны. Разам з Адамовічам і Астаф’евым ён належаў да таго пакалення, для якога такія паняцці, як сумленнасць і маральнасць, не былі вопраткай, якую ў адным выпадку можна зняць, у іншым — апрануць. Гэтыя пісьменнікі яшчэ бясспрэчна працягвалі традыцыю рускай літаратуры: калі ты мастак, і мастак народны, у такім выпадку тое, што кажаш і пішаш, павінна быць безумоўна сумленным, абавязана быць забяспечана тваімі ўласнымі чалавечымі якасцямі».

Вядома, немагчыма не пагадзіцца з гэтымі разважаннямі Святланы Алексіевіч. Пярэчанне выклікае толькі такая яе выснова: «Смерць Васіля Быкава стала завяршэннем эпохі не ў адной толькі Беларусі — яна ў прынцыпе закрыла эпоху ўяўленняў пра служэнне мастака грамадству і ўяўленняў аб месцы чалавека ў гэтым жыцці, якія існавалі раней. Са смерцю Быкава эпоха ранейшага светапогляду скончылася». Вось тут якраз можна паспрачацца, бо міжволі ўзнікае пытанне: а ці не ёсць сама Алексіевіч прадстаўніком той эпохі, пра якую кажа? А калі так, дык, мусіць, заўчасна гаварыць пра смерць гэтай самай эпохі?

Зрэшты, гэта не так ужо істотна. Больш важнае іншае: ёсць Святлана Алексіевіч і яе кнігі, і ёсць яе Нобель, першы беларускі Нобель. І тое, і другое цяпер ужо неаспрэчны факт беларускай гісторыі. І той рэдкі выпадак, калі імя пісьменніка належыць Вечнасці яшчэ пры ягоным жыцці.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-10-26 01:51:59
Што сказаў бы Алесь Адамовіч, які быў партызанам і апяваў партызан, на такую заяву сваёй "паслядоўніцы" ў сакавіку 2012 г.: "Партызанская вайна, гэта, агулам, поўны
разбой"? http://www.svaboda.org/content/article/24517546.html
  • awa
  • 2015-10-26 02:30:28
Сказаў бы - было і такое! Героі і антыгероі жывуць побач, а часам гэта адны і тыя ж людзі
  • ВР
  • 2015-10-27 22:03:29
Ёсць істотная розніца паміж заявамі "У партызанскай вайне былі элементы разбою" і "Партызанская вайна = поўны разбой". Упэўнены, пад апошняй Алесь Адамовіч ніколі не
падпісаўся б.

Каментаваць