Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Перасадка ў Асіповічах: шчырая гутарка з Настай Кудасавай

Перамога кнігі «Маё невымаўля» адметная яшчэ вось чым. Перамагла сапраўды кніга, а не аўтарка. Многія калегі па пяры ведаюць Насту толькі па яе творах. Каб пазнаёміць чытача з Настай як асобай, мы папрасілі яе крыху панізіць узровень абароны прыватнасці.


Каб даехаць з Рагачова ў Мінск на электрычцы, у Асіповічах трэба рабіць перасадку. Па дарозе ў сталіцу 10 сакавіка Наста Кудасава купіла па чарзе два квіткі. У абодвух было выбіта «месца №1», хоць у электрычцы гэта нічога не значыць: сядай, дзе хочаш. Супадзенне выявілася прарочым. Тым жа вечарам Кудасавай уручылі літаратурную прэмію Беларускага ПЭН-Цэнтру «Кніга году» за зборнік паэзіі «Маё невымаўля».

Насту Кудасаву натхняюць найлепшыя ўзоры сучаснай рускай паэзіі, але яна так дыхтоўна ўпісвае свае тэксты ў канон беларускай лірыкі, што ёй удаецца выглядаць увасабленнем традыцыі нават з самымі мадэрновымі па сутнасці творамі. Верагодна, амбівалентная паэтыка Кудасавай і ёсць прычынай, па якой яе тэксты адгукаюцца ў людзей з самымі рознымі літаратурнымі густамі.

«Невымаўля» — толькі адно з паэтычных словаў, прыдуманых ёю. «І прыйдзе Бог сняжынкаю на носе» — толькі адна з зорных метафараў. «Свербная нядзеля» — толькі адна са слоўных гульняў. Вершы Кудасавай максімальна насычаныя вобразамі, там няма ніводнага лішняга радка. «Ёсць часы, калі толькі паэзія можа сфармуляваць нейкую больш-менш адэкватную ідэю сучаснасці, паказаць нескажоную агульную карціну, — сказаў паэт і перакладчык Зміцер Плакс. — Мы жывем у такі час».

Перамога кнігі «Маё невымаўля» адметная яшчэ вось чым. Перамагла сапраўды кніга, а не аўтарка. Многія калегі па пяры ведаюць Насту толькі па яе творах. Яна друкуецца з 2003 года, тады яна вучылася на другім курсе філфаку БДУ. Аўтарка трох паэтычных зборнікаў і колькіх публікацый у часопісах. У апошнія гады выступае на літаратурных вечарынах, але зноў жа — мы чуем вершы, бачым высокую дзяўчыну з сумнымі вачыма — і вось ужо яна знікае, бо адыходзіць электрычка на Асіповічы.

Каб пазнаёміць шырокага чытача з Настай як асобай, мы папрасілі яе крыху панізіць узровень абароны прыватнасці — спецыяльна для «Новага Часу».

— Наста, пасля ўручэння прэміі, дзякуючы прыхільнікам за падтрымку, ты напісала: «Рагачоў! Так, гэта Рагачоў. Для мяне гэта важна. Я адсюль расту, разгаліноўваюся... Мне б хацелася, каб ён гучаў, жыў, рухаўся, дыхаў. Я буду рабіць для гэтага ўсё, што ў маіх сілах». Раскажы, калі ласка, пра сваю сям’ю і дзяцінства. Ці ёсць гісторыі пра родных або землякоў, якія на цябе паўплывалі?

— Гэта было цудоўнае дзяцінства. З любімай школай на беразе Дняпра. Тады там яшчэ быў вялікі яблыневы сад, дзе мы заўжды бавілі час малымі. А цяпер ад саду засталося толькі некалькі дрэваў. Затое выраслі два новыя мікрараёны. Тым не менш я дагэтуль бачу Рагачоў месцам сілы і натхнення. Казачным, нібы прыснёным, месцам, дзе мой тыл і спакой.

Мае бацькі абодва паходзяць з вёскі Рыскоў Рагачоўскага раёна. Пра сваякоў я мала ведаю. Як і прынята ў беларусаў, тым больш у вясковых, пра свой род далёка ніхто асабліва не памятае. Шкада. Але, безумоўна, гэта важна, што я чалавек зямлі, поля, лесу.

Дзяцінства скончылася, калі загінуў бацька. Мне было 10 гадоў. І магчыма, гэта самая ўплывовая ў маім жыцці гісторыя, якую я дагэтуль не магу да канца асэнсаваць.

— Адвечнае пытанне: чаму рускае аддзяленне філфаку, але беларуская мова творчасці?

— Я трапіла на філфак у нейкім сэнсе выпадкова. Любіла мову і літаратуру, заўсёды пісала вершы, гадоў да 14 па-руску, але вучылася я ў матэматычным класе. І кім хачу быць, дакладна не ведала. Але ў мяне была добрая настаўніца рускай мовы і літаратуры, якая мяне заўсёды падтрымлівала і заахвочвала. Таму я часта ўдзельнічала ў алімпіядах па рускай мове, у тым ліку рэспубліканскіх. Праз перамогу ў адной з іх мяне і залічылі на філфак, гэта была прыемная неспадзяванка. Я вырашыла, што гэта лёс. І нікуды ўжо не пайшла паступаць пасля школы, хаця філфак у мае планы і не ўваходзіў. Я была на той час ужо беларускамоўнай. І спачатку думала, што гэта будзе мне замінаць на рускай філалогіі. Але потым зразумела, што гэта глупства. Гаварыць і пісаць можна на любой мове, абы чалавекам быць. Затое дзякуючы менавіта рускаму аддзяленню філфака я мела магчымасць слухаць лекцыі Галіны Веніямінаўны Сінілы. Часам я думаю, што толькі дзеля аднаго гэтага чалавека варта было прыйсці туды вучыцца і стаць тым, кім я стала. Хаця, безумоўна, на філфаку былі і іншыя выдатныя выкладчыкі, якія мне запалі ў сэрца.

— Якія аўтары для цябе важныя?

Пакуль вучылася на філфаку, яны штосеместр мяняліся, ясная справа. Але з асноўных… Мой першы любімы паэт — Марына Цвятаева, яна найбольш паўплывала на мяне, факт. З беларускіх паэтаў у школе я любіла Яўгенію Янішчыц, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Анатоля Сыса. Пазней ужо адкрыла для сябе Алеся Разанава. Яшчэ ў школе з часопіса «Студэнцкая думка» я даведалася пра існаванне Віктара Жыбуля. І калі, прыехаўшы вучыцца ў Мінск, мы з сяброўкай на першым курсе аднойчы ўбачылі яго на калідоры інтэрнату, то, помню, шапталі адна адной у свяшчэнным трапятанні: «Глядзі, гэта ЁН, ЁН!» Цяпер гэта ўзгадваю з усмешкай, ужо 16 гадоў мінула, але я і сёння лічу яго адным з найбольш уплывовых беларускіх літаратараў.

На фармаванне маёй мовы паўплываў у пэўны час Саша Башлачоў, гэта мой паэт нумар два пасля Цвятаевай, і ўвогуле рускі рок канца васмідзясятых, асабліва Ягор Летаў і Янка Дзягілева. Без іх я была б не зусім я.

Трэці з «маіх», напэўна, Веніямін Блажэнны, ён крыху мяне вярнуў з мітусні да простых чалавечых пытанняў. Здаецца, пасля яго я і зразумела, што не хачу больш займацца літаратуразнаўствам, а хачу быць звычайным чытачом вершаў.

Цяпер таксама перыядычна трапляю на родных і «маіх», адкрываю для сябе кагосьці… Леанід Аранзон з такіх вось маіх, Сяргей Шастакоў, Вера Паўлава. Ды многа хто. Паэзію я чытаю ўвесь час, усіх не пералічыш, прозу рэдка.

— Раскажы крыху пра тое, чым ты займалася, калі скончыла філфак. Здаецца, ты пэўны час не жыла ў Беларусі…

Пасля філфаку я павучылася яшчэ год у магістратуры, не ведаю, навошта. Потым хуценька выйшла замуж і з’ехала ў Гомель. Мінск для мяне заўсёды быў нейкім змрочным, грахоўным і безнадзейным. Таму, як толькі змагла, так адразу і збегла. Хаця цяпер я пачынаю ўжо і Мінск любіць пакрысе, навучылася не зважаць на яго чужароднасць і бачыць у ім сваіх, сваё. З мужам мы змянілі шмат месцаў жыхарства, жылі нейкі час у Піцеры, потым пераехалі ў вёску, у Беларусь, хацелася дома, хацелася роднай зямлі. Але гэта нам не дапамагло. Насамрэч зусім няважна, дзе жывеш – у горадзе ці ў вёсцы, усюды ёсць свае нюансы, свае цяжкасці і свае радасці. Усё адно з самім сабой даводзіцца жыць. Так што парадак трэба ўнутры наводзіць і за ўнутранай міграцыяй сачыць, каб не з’ехаць душой кудысьці не туды. Шэсць гадоў я правяла ў дэкрэтным адпачынку, займалася дзецьмі, хатнімі справамі, дапамагала мужу з продажам ягоных вырабаў. Ну і крыху пісала вершы – у асноўным, па начах.

— Аднойчы ты сказала, што з чатырохгадовым сынам табе цікавей размаўляць, чым з дарослымі. Гэтае адчуванне захавалася дагэтуль? Раскажы пра сваіх дзяцей.

— Я заўсёды марыла стаць мамай. Помню, як у гадоў недзе 11–12 даведалася, адкуль дзеці бяруцца. І мяне так уразіў гэты працэс! Гэта ж цуд! І каханне, і сэксуальныя стасункі, потым цуд з’яўлення маленькага чалавечка ў жываце… Ну як такое можна было прыдумаць? У Госпада неверагодная фантазія! Гэта вельмі прыгожа. Я і дагэтуль думаю, што гэта цуд. І на дзяцей гляджу як на штосьці чароўнае. Вось яны — два маленькіх чалавечкі прыйшлі ў гэты свет праз мяне, мне даверылі такую адказнасць… Ганаруся страшэнна. Але і перажываю часта, ці атрымліваецца ў мяне.

З дзецьмі, безумоўна, цікавей, чым з дарослымі. З любой іх фразы ці нават славаформы можаш злавіць кайф адкрыцця ўсіх сэнсаў жыцця, у самых нечаканых сітуацыях. У дарослых ужо і мова, і думкі папсаваныя сістэмнасцю, штампамі. Да таго ж дарослыя часта хлусяць, асабліва самі сабе. Дзецям гэта пакуль складана. Яны могуць сабе дазволіць быць непасрэднымі і не лічыцца пры гэтым вар’ятамі. Часам мне падаецца, што я таксама не вельмі дарослая, мо таму і жыву так, як жыву.

— Магчыма, не вельмі простае пытанне. Ты развіталася з мужам. Можаш пра гэта нешта расказаць?

— Мне не вельмі хочацца распавядаць пра асабістае жыццё. Яно сумнае. З мужам мы так і не змаглі жыць разам, колькі ні спрабавалі. Магу сказаць толькі, што ўжо два гады я жыву ў Рагачове з мамай і маімі дзецьмі — Ягорам і Машай. Штосьці зарабляць на жыццё атрымліваецца спарадычна. Дзякаваць Богу, пакуль праца сама мяне знаходзіць. У нейкі момант я адчула, што не пісаць не магу. І ўсё роўна буду. А мне ж трэба дзяцей карміць. Я ўжо не магу сабе дазволіць такое хобі. Толькі працу. Таму і над апошняй кнігай я вырашыла менавіта працаваць, старанна, адклаўшы ўсё, спадзеючыся на цуд. Гэта быў мой выклік самой сабе, праверка. Цяпер я ведаю, што выжыву. І яшчэ за гэтыя два гады я навучылася радавацца самым простым рэчам — таму, што дзеці не хварэюць, таму, што родныя і блізкія — жывыя і здаровыя. І навучылася быць адна і цаніць сваю адзіноту. Таму хочацца верыць, што ўсё толькі пачынаецца. А пераменаў я ніколі не баялася, яны мяне толькі натхняюць.


Прэмія «Кніга году»

Прэмія «Кніга году» ўручаецца з 2014 года і задумвалася арганізатарамі як экспертная, прафесійная прэмія. Гэта значыць, у яе журы можа ўвайсці неабмежаваная колькасць сябраў. Крытэр удзелу адзін — цягам апошніх 7 гадоў у пісьменніка або перакладчыка мусіла выйсці кніга ў жанрах «мастацкая проза», «нон-фікшн», «паэзія» або «эсэістыка». На ўдзел у прэміі могуць прэтэндаваць кнігі ў гэтых жа жанрах. У спрэчных выпадках — гаворыцца ў Правілах прэміі, — жанр вызначаецца аргкамітэтам.

У 2015 годзе, у «пілотным» выпуску прэміі, выбіралі кнігі ў некалькіх намінацыях. Пераможцамі за 2014 год зрабіліся Альгерд Бахарэвіч з кнігай «Дзеці Аліндаркі», Антон Рудак з кнігай «Верхні горад», Вольга Гапеева з кнігай «Сумны суп» і Людміла Рублеўская з кнігай «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Пасля ўручэння адбылася дыскусія, якая дапамагла скарэктаваць фармат прэміі. У 2016 годзе прэмію атрымаў Андрэй Хадановіч з кнігай «Нататкі таткі». У 2017 годзе ў прэміі ўпершыню з’явіўся прызавы фонд — 1000 еўра. Сёлета таксама ўпершыню вызначалі прыз чытацкіх сімпатый (з дапамогай формы на сайце kniha.of.by). Абсалютную перамогу ў народным галасаванні здабыла кніга «Радзіва Прудок» Андруся Горвата.



Фота Алены Казловай

 

Каментаваць