Пімен Панчанка — воін, змаганец за сваю Беларусь

Пімен Панчанка быў не толькі па званні, а папраўдзе народным паэтам. Ён не праходзіў міма ўсялякай подласці і маны, прымаў блізка да сэрца ўсё, чым жыў народ. Паэт-воін вострым паэтычна-публіцыстычным словам абрынваўся на тых, хто на народным гарбе пяўся пралезці ў рай.

У студэнцкія гады мяне паланіў «Іранскі дзённік» Пімена Панчанкі. Мне так прыйшліся даспадобы звонкія, не зусім звычайныя вершы гэтага «дзённіка», што я выбраў іх тэмай сваёй курсавой. Захацелася дазнацца і пра самога аўтара ўпадабанага цыкла, паэта з рэдкім імем — Пімен, імем, якое апроч пушкінскага манаха-летапісца з «Барыса Гадунова» мне нідзе не сустракалася.

Бацькаўшчынай паэта, пэўне ж, трэба лічыць Ашмяншчыну, дзе жыла сям’я Панчанкаў. Хоць нарадзіўся паэт у сталіцы Эстоніі Таліне, куды на нейкі час доля закінула яго бацькоў.

Неўзабаве пасля нараджэння сына Панчанкі вярнуліся на Беларусь. Толькі пасяліліся ўжо на Бягомельшчыне, радзіме мацеры паэта. Тут, сярод вольных палявых разлогаў, прытуманеных бакасовых лугоў і векавечных лясоў ды пералескаў і бегала маленства Пімена.

Стаўшы настаўнікам, Пімен Панчанка вучыў дзяцей любіць сваю радзіму. Ды тут пачалася вайна… Малады паэт адразу ж падаўся ў ваенкамат, каб ісці на фронт.

«Да штыка прыраўняўшы пяро», пяро армейскага журналіста, змагаўся Пімен Панчанка з нямецкім фашызмам цягам усёй вайны. Ён прымаў удзел у баях на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах…


Пяць франтоў мяне пылам

гарачым абсыпалі,

За вайну перамерана тысячы вёрст.

З успамінамі крочыў

пад ветрамі сіплымі

І з надзеяй на студзеньскім

холадзе мёрз.


З надзеяй, што той агнявы вал вайны павернецца з расійскіх разлогаў назад і пачнецца так доўга чаканае вызваленне роднай Беларусі. І гэтая надзея нарэшце пачала спраўджвацца:


Мы на захад ішлі за рыкаючай

душнай сцяной,

Нашы вусны засмяглі з гарачыні.

У вароты жалезныя грукаў

бязлітасны бой:

— Беларусь, адчыні!


Калі пачалося вызваленне Беларусі, гвардыі капітана Пімена Панчанку выклікала да сябе камандаванне арміі, у якой ён служыў. Заданне было вельмі незвычайнае: яго ў складзе савецкіх войскаў вырашылі паслаць у далёкую паўднёвую краіну — Іран. Па ўзгадненні з кіраўніцтвам гэтай краіны туды ўво­дзіліся войскі саюзнікаў — Вялікабрытаніі, ЗША і Савецкага Саюза, каб перакрыць дарогу гітлераўцам.

І вось перад вачыма беларускага паэта-воіна Пімена Панчанкі — зялёныя, поўныя шматколерных красак даліны і паднебныя аграмадзіны-горы невядомай дагэтуль краіны — экзатычнай Персіі.

Пра яе Пімен Панчанка ведаў толькі з даўно ўпадабанай лірыкі Сяргея Ясеніна, які, зрэшты, ніколі там не бываў. Рускі паэт уявіў яе нейкай ідэальнай, высненай у мроях зямлёй, праўдзівым зямным раем. Увесь цыкл вершаў «Персідскія матывы» пісаўся Ясеніным у рамантычных мроях.

Што ж да Пімена Панчанкі, то ён, пасланы туды як савецкі воін, «не заваёўнік, а жаданы друг», убачыў Персію (вядомую ўжо як Іран) такую, якая яна была ў сапраўднасці, зусім рэальную, не прыхарошаную паэтычнай фантазіяй.

Мы першы раз за межамі Радзімы.

Бывай, зямля савецкая мая!

Насустрач горы выплываюць з дыму,

Якія апяваў калісь Хаям.


Тужэй падцягваем франтавыя дзягі,

Глянцуем боты, чысцім шынялі.

Не так, як паэтычныя бадзягі,

Прайду па тэгеранскай я зямлі.


Так пачынае свой «Іранскі дзённік» беларускі паэт. Не, і ён не можа не захапляцца незвычайнай красой па-свойму цікавай паўднёвай краіны: «Якія горы! А сады якія!»; «Тут вецер вільготны і пруткі, і ружы ў духмянай расе»; «З гаёў апельсінавых сонечны лівень цябе залівае. А пах — на ўвесь свет». Паэту-беларусу, натуральна, захацелася ўплесці ў сваю «сетку рыфмаў» і прывезці «хоць кавалак сонца поўдня ў палескую краіну».

Але часам Пімен Панчанка стрымлівае сябе ў захапленні чужой, да таго ж «буржуазнай» краінай. Ён жа — «пасланец Рэспублікі Саветаў», таму імкнецца годна трымацца перад чужаком, як некалі і Маякоўскі («У советских собственная гордость: на буржуев смотрим свысока»).

Галоўнае для яго: глыбей пазнаць і зразумець малавядомую краіну. Ягонае пільнае вока чэпка схоплівае ўсе яе адметнасці. Ён, напаткаўшы, дзівіцца на маленькіх, але цягавітых іранскіх ішакоў, што і сёння «не то ў Кабул, не то да Гіндукуша» валакуць на сабе цюкі славутых з даўніны персідскіх шаўкоў, з цікавасцю праводзіць вачыма караваны флегматычных вярблюдаў, што ідуць «з паклажай фантастычнай на гарбах, з пагардаю сухою на губах», адзначае для сябе мноства «крамаў, крамачак і крамак», каля якіх малыя іранскія гандляры так і кідаюцца да ніколі раней нябачаных байцоў-чырвонаармейцаў: «Зорку дай!»

Ну і, вядома ж, малады савецкі афіцэр, праходзячы міма, ці ж мог не загля­дзецца на чарнявых, поўных агню пад прамяністымі вейкамі юных іранскіх красунь-смуглянак:


I калі гарачымі вачыма

З-пад чадры іранка шугане,

Мімаволі ты прашэпчаш імя,

Чутае калісьці, — Шаганэ...

Марудліва, як тыя вярблюды, цягнуліся месяцы прабывання савецкіх вайскоўцаў у Іране. Прайшоў увесь 1944 год, пачаўся наступны, 1945-ы, а камандаванне не адпускала іх з гэтай горнай, вельмі спякотнай улетку краіны. Савецкая місія ў Іране яўна задоўжвалася, і байцы знемагалі ад тугі па дому. Гэтая туга ўсё часцей чуецца і ў вершах Пімена Панчанкі.

Нярадаснай была для яго тут і вясна. Праходзячы ваколіцай Тэгерана, паэт раптам застыў ад знямення: з высокага неба да яго вушэй даляцела такое знаёмае, такое роднае курлыканне — журавы! І ляцяць гэтыя журавы адсюль, з поўдня, на поўнач, на Беларусь, — гэта значыць, з выраю! Як жа тут не ўсхвалявацца:


Ты чуеш курлыканне — рад ці не рад?

Між хваляў густой сінявы

Лятуць журавы за гару Арарат,

На поўнач лятуць журавы.


Прывык сустракаць ты іх гэтай парой

Пад першай вясновай зарой.

А тут журавель, узмахнуўшы крылом,

У вырай праз сэрца ляціць напралом.


Забыў, што ад дому за тысячы міль, —

Злуешся і крыкнуць карціць:

«Гэй, хто там знаёмы да болю фільм

З канца пачынае круціць?»


Лятуць журавы за Казбек і Эльбрус,

I сэрца сціскае туга.

Сустрэне іх хутка мая Беларусь

На цёплых зялёных лугах.


Я зайздрасці к птушкам ніколі не меў —

Без крылляў мне нават ямчэй,

А зараз ад крыўды глухой анямеў

I з неба не зводжу вачэй.


Не менш узрушлівы быў для Пімена Панчанкі і яго прыезд пасля іранскай місіі дамоў, у вызваленую Беларусь. Калі цягнік пад’ехаў да Оршы (з Ірана ж трэба было вяртацца праз Маскву) і ў вагон з клумкамі ды кашалямі ўціснуўся гаманлівы вакольны люд, мабілізаваны афіцэр не мог стрымаць слёз замілаванасці ад пачутых пасля доўгіх гадоў гукаў роднай беларускай мовы:


Якія знаёмыя назвы і словы,

Якая цудоўная родная мова!

Усё мілагучна для слыху майго:

І звонкае «дзе», і густое «чаго».


Нарэшце абпалены ў бітвах воін ступіў на родны, разварочаны бомбамі брук мінскіх вуліц, дзе зусім нядаўна «кіпелі жалеза і камень»:


Я іду, бывалы воін,

Памужнелы і худы,

Шчэ не звыклы да спакойнай,

Да цывільнае хады.


Углядаюся у вочы,

Вочы добрыя людзей,

I чамусьці з кожным хочаш

Прывітацца: «Добры дзень!»


Ды і ў мірны час Пімен Панчанка астаўся воінам, змаганцам за сваю Беларусь, якую трэба было бараніць ад розных «чынадралаў» і адшчапенцаў, ад «верхаглядаў» і «прыстасаванцаў». Пра баявітасць яго вершаў кажуць і самі іх загалоўкі: «Верхалазы», «Прыстасаванцы», «Лінія высокага напружання», «Маскі», «Ілюзіі, ілюзіі», «Сягоння не засну», «Гнеў і літасць», «Мастадонт», «Даверлівая прастадушнасць», «Мала сказаць: ненавіжу»…

Пімен Панчанка быў не толькі па званні, а папраўдзе народным паэтам. Ён не праходзіў міма ўсялякай подласці і маны, прымаў блізка да сэрца ўсё, чым жыў народ. Паэт-воін вострым паэтычна-публіцыстычным словам абрынваўся на тых, хто на народным гарбе пяўся пралезці ў рай. Вялікай бядой было тое, што ўсякага роду «прыстасаванцы» ўчэпіста трымалі лейцы ўлады ў сваіх руках і ўсяляк імкнуліся супыняць гарачы імпэт такіх народных абаронцаў. Для гэтага ўзвялі яны непераадольны цэнзурны маналіт пад бяскрыўднай назвай Галоўліт з раздутым да неймавернасці штатам добра вымуштраваных цэрбераў, якія вышуквалі і вытраўлівалі ўсё, што хоць у чым-небудзь разыходзілася з «лініяй партыі». Не менш пільна прасейвалі напісанае і як трэба вышкаленыя рэдактары ўсяго, што выходзіла тады з друку.

Прамы, бясстрашны, нязгібны, Пімен Панчанка быў у іх заўсёды на прыцэле. Бо заўсёды рэзаў усім у вочы праўду-матку, якой так баяліся ўладакрады. Як заўважаюць біёграфы паэта, каб сабраць усе «зарэзаныя» ці пакалечаныя цэнзурай яго вершы, набраўся б іх цэлы том. А калечыліся, «прыгладжваліся» яны часам да непазнавальнасці.

Верш «Родная мова»… Калі я першы раз прачытаў яго ў нейкім часопісе, то не быў у захапленні. Бо гучаў ён для мяне як рэквіем па мове, якая нібыта «аджывае» і якую пара аплакваць. Заканчваўся верш так:


Ці плачу я, ці пяю,

Ці размаўляю з матуляю —

Песню сваю, мову сваю

Я да грудзей прытульваю.


Ды, аказваецца, гэтая страфа першапачаткова гучала зусім інакш (яе ўзнавіў у анталогіі «Краса і сіла» Міхась Скобла):


Ці плачу я, ці пяю?

Восень. На вуліцы цёмна…

Пакіньце мне мову маю,

Пакіньце жыццё мне!


Гэта ўжо не плач, гэта — крык душы, гэта — пратэст супраць гвалту над мовай народа, без якой, як пісаў Панчанкаў сябар Максім Танк, «ні нараджацца, ні жыць на зямлі немагчыма»!

Падгладзіць «вострыя вуглы» ў адным з вершаў Пімена Панчанкі, як гэта не прыкра прызнавацца, давялося і мне, калі працаваў у «Полымі».

Я падрыхтаваў быў прынесеную паэтам ладную падборку вершаў і здаў у друк. Але, як заўсёды, карэктура ўсяго часопіса перад выпускам павінна была прайсці чысцілішча ў Галоўліце. І адтуль звоніць раптам мне, як рэдактару паэзіі, сам начальнік гэтага грознага ведамства Маркевіч (здаецца, такое было яго прозвішча). Вельмі не ўпадабалі падначаленыя яму цэнзары верш Пімена Панчанкі пра меліярацыю. Надта ж бэсціў яе паэт. У той час, як брэжнеўская прапаганда аж захлёбвалася ад паспяховага асваення нашых палескіх балот. Неяк не ўпісваўся тут вельмі крытычны верш народнага паэта. «Трэба яго зняць», — казаў высокі цэнзурны начальнік. Я пачаў яго адгаворваць, спасылаючыся на высокія мастацкія вартасці твора. Тады ён прапанаваў апусціць самую вострую страфу верша. «А мо лепш паправіць яе?» — папытаў я: надта ж не хацелася яе выкрэсліваць. Даў згоду. Я зрабіў зусім нязначную праўку. Для адвода вачэй: меркаваў, што і яму, начальніку, трэба перад некім апраўдацца, што «работа праведзена». Пазваніў яму і прачытаў новы варыянт страфы. З заміраннем сэрца чакаў: што скажа? Вось дзіва: згадзіўся! Пасля ўсяго гэтага я набраў нумар тэлефона Пімена Панчанкі, расказаў яму тое цэнзарскае «выкручванне рук» і прачытаў «падгладжаную» страфу яго верша: ці згодны ён на такую праўку? Пімен Емяльянавіч не запярэчыў: разумеў сітуацыю. Верш (не помню яго назву) і пайшоў у друк з маёй праўкай.


Сярэдняга росту, у меру поўны, трохі ссутулены — такім бачыў я часам на вуліцах Пімена Панчанку. Ідучы, ён як бы глядзеў у сябе. Пэўне ж, складаў у думках вершы, якія потым запісваў на паперу. Няйначай так, бо публікаваўся ён шмат: пра ўсё, што турбавала, хацелася яму выказацца, уліць у радкі сваю трывогу і боль.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Аляксандр Кур'яновіч
  • 2018-05-07 01:09:35
Супер

Каментаваць