Пяць год таму памёр віленскі беларускі дзяяч Юры Гіль

24 кастрычніка спаўняецца пяць год па смерці Юрыя Гіля, віленскага беларускага дзеяча, чалавека, які ўшаноўваў памяць Францішка Багушэвіча, усталёўваў памятныя крыжы паўстанцам 1863 года, шыльды каталіцкім беларускамоўным святарам і яшчэ шмат чаго рабіў для Беларусі. А на яго магіле самому помніка дасюль няма...



Юры Гіль. Фота з віленскай газеты "Рунь".


У засценку Вашунава, пры чыгунцы Маладзечна — Полацк, недалёка ад станцыі Параф’янава, стаіць незвычайная хата. Вялікімі літарамі на франтоне напісана “Жыве Беларусь!” Рукой самавука намаляваныя буслы, а знізу словы: “Бусел на хаце — мір на зямлі”. “Родны кут каханы, тут пуп мой недзе закапаны”, — яшчэ адзін надпіс.

Акуратная шыльда паведамляе, што ў хаце месціцца этнаграфічны музей “Засьцянковая хатка” Таварыства беларускай мовы Віленскага краю. Але вокны закрытыя наглуха, дзверы забітыя, двор парос бур’яном. У прыбудоўцы з дзіравым дахам мокнуць саматканыя посцілкі і віленскія газеты пачатку 1990-х.


 

Этнаграфічны музей "Засьцянковая хатка". Фота Кастуся Шыталя.

Пяць год таму гаспадар гэтай хаты-музея, Юры Гіль, адыйшоў у лепшы свет. Ён нарадзіўся ў Вашунаве падчас нямецкай акупацыі, 11 студзеня 1942 года. Стаў дарослым і паехаў у вялікі свет — служыў у Калінінградзе, вучыўся ў Мінску, настаўнічаў у Докшыцкім раёне. Пры Саветах быў у КПСС, падчас Перабудовы стаў актывістам БНФ.

У гады Перабудовы Юры Гіль пераехаў у Вільню, як і многія патрыёты, якія марылі пра адраджэнне там асяродка беларускай культуры. Ён заснаваў Таварыства беларускай мовы Віленскага краю, дбаў пра ўшанаванне памяці беларускіх дзеячоў на Віленшчыне. Пяць год быў дэпутатам самакіравання Віленскага раёна.

Юры Гіль клапаціўся пра ўшанаванне памяці беларускага паэта Францішка Багушэвіча. На радзіме паэта ў фальварку Свіраны пад Вільняй ён з аднадумцамі штогод ладзіў мерапрыемствы ў гонар Багушэвіча. Яго намаганнямі былі пастаўленыя мемарыяльныя дошкі ў фальварку Свіраны і суседняй вёсцы Савічуны. Бібліятэка і вуліца ў Савічунах былі названыя ў гонар Багушэвіча.


 

Шыльда ў гонар Францішка Багушэвіча на сцяне бібліятэкі ў вёсцы Савічуны Віленскага раёна. Фота be.wikipedia.org.


 

Свята ў гонар Багушэвіча ў Савічунах. Другі справа — Юры Гіль.

У наваколлі Гіль і сябры паставілі крыж у памяць паўстанцаў, палеглых у 1863 годзе. У Свіранах была ўсталяваная шыльда ў гонар каталіцкіх святароў, якія ў міжваенны час пачалі прапаведваць па-беларуску. Юры Гіль дамогся, каб адна з вуліц у мястэчку Лаварышкі была названая ў гонар Браніслава Тарашкевіча, палітыка і аўтара першай беларускай граматыкі.

Юры Гіль не забываўся і пра роднае Вашунава. “Для мяне Ты, родная Беларусь, пачынаешся на зямлі Тваёй, дзе я нарадзіўся і дзе закапаны мой пуп. Гэта Вашунава, гэта хата маіх бацькоў”, — пісаў ён. У бацькоўскай хаце Гіль стварыў этнаграфічны музей, які назваў іменем сваіх бацькоў Пятра і Феліцыі. Ён ладзіў у Вашунаве святы роднай мовы, на якія збіраліся сваякі, сябры і аднадумцы Гіля.


 

Свята роднай мовы ў Вашунаве. Фота з кнігі Юрася Пятрусёва (псеўданім Ю. Гіля) "Засьцянковая хатка" (Вільня, 2006).


 

Школьная дошка на сцяне музея "Засьцянковая хатка". Фота Кастуся Шыталя.

Яшчэ адна памятка, якую па сабе пакінуў Юры Гіль — магілы бацькоў у Параф’янаве. Над імі пастаўлены самы высокі на ўсіх могілках крыж. Помнікі падпісаныя па-беларуску. “Вы ўсё зрабілі, што змаглі, а потым побач тут ляглі. І я рабіў усё, што мог, І лягу тут у вашых ног”, — чатырохрадкоўе на магіле.


 

Магілы Пятра Гіля і Феліцыі Крэтовіч-Гіль на могілках у Параф'янаве. Фота Кастуся Шыталя.

Сярод пахаванняў змешчана пліта з вершам-малітвай за Беларусь. Заклік да Міхала Арханёла. Жорнавае кола. Фігуры Дзевы Марыі і Ісуса Хрыста. Своеасаблівы сямейны некропаль, у якім Гіль выявіў любоў да бацькоў і Бацькаўшчыны. Тут быў пахаваны і сам Юры Гіль. Ён памёр 24 кастрычніка 2009 года. Сваякі дагэтуль не паставілі яму помнік.


 

Сямейны некропаль Гілёў на могілках у Параф'янаве. Магіла Юрыя Гіля адзначана драўляным крыжам. Фота Кастуся Шыталя.

Юрыя Гіля — беларускага патрыёта, хрысціянскага верніка і добрага чалавека — будуць памятаць не толькі сваякі, але і шматлікія сябры і аднадумцы.

Вечны супакой дай яму, Госпадзе!

westki.info

Каментаваць