Пра Максіма Танка і Ларысу Геніюш

Бываючы ў археалагічных экспедыцыях на Панямонні, я стараўся завітаць і да Геніюшаў. Ларыса Антонаўна, апавядаючы пра зэльвенскае жыццё, часта скардзілася на тутэйшае начальства, а на развітанне прасіла, каб я перадаў Максіму Танку (Яўгену Іванавічу Скурко) яе новыя вершы. Ёй было вельмі важна пачуць ад тады ўжо Народнага паэта аб’ектыўную ацэнку сваёй творчасці.
 



Ларыса Геніюш, Максім Танк і Вольга Церашчатава ў Музеі старажытнабеларускай культуры, 1981 г. З архіва М. Скоблы


Не ведаю, з якой моўнай традыцыі зараз пішуць Скурко, Малько, Хвалько. На Мядзельшчыне спрадвеку было — Скурка, Малька, Хвалька, з націскам на першым складзе. Таму і для маіх бацькоў род Максіма Танка быў — Скуркі.


Тата ледзь не да пятага калена памятаў крэўныя сувязі Чарняўскіх з іншымі мядзельскімі родамі. Знаходзіў ён нейкія, хоць і вельмі далёкія, повязі з Пількаўскімі Скуркамі, здаецца, што па жаночай лініі — «па кудзелі». Шкадую зараз, што ў свой час не запісаў гэтыя генеалагічныя расповеды.


Канкрэтныя адносіны з родам Максіма Танка пачаліся яшчэ ў гады Другой сусветнай вайны, пад германскай акупацыяй. Наш хутар Гінеўка знаходзіўся далекавата ад Мядзела з нямецка-паліцэйскім гарнізонам, таму адносіўся ўжо да партызанскай зоны. З гэтай прычыны ў наша жытло, прыстасаванае з уцалелай пасля блакадных спаленняў лазні, часта зазіралі лясныя мсціўцы — пагрэцца, даведацца пра навіны, а то і пакаштаваць бацькавай самагонкі. Балазе, татаў пляменнік быў начальнікам партызанскай разведкі. 


На некалькі дзён у нас запыніўся малады партызан Лёня, таксама Чарняўскі. Ён меў у сваім заплечніку паперу і каляровыя алоўкі і намаляваў цудоўны зімовы сюжэт — праз заснежаны ельнік, падсвечаны вечаровым сонцам, імчаць запрэжаныя конікам сані, якіх даганяе ваўчыная зграя, а адзін з седакоў страляе ў драпежнікаў з паляўнічага ружжа. А на развітанне той партызан падараваў мне аловак ліловага (мы казалі «бурачковага») — колеру. Не ведаю, якім чынам гэта ўклалася ў маю свядомасць, але я ўжо тады разумеў, што гэты Чарняўскі — родзіч і нам, і сям’і Максіма Танка. Па вайне той Чарняўскі жыў у Мінску, але прафесійным мастаком не стаў.


Пры нагодзе тата часта прыводзіў у прыклад бацькоў і крэўных Максіма Танка, асабліва ягонага дзядзьку Фадзея. Адпраўляючы мяне ў Мінск, настаўляў, каб правільна харчаваўся і расказаў пра такую гісторыю… Калісьці Фадзей Скурка паехаў у Амерыку на заробкі. Уладкаваліся на працу, знайшлі недзе кватэру. І вось усе яго суседзі-беларусы ўляглі на кілбасы і булкі, а Фадзей кожны дзень гатуе сабе і нейкі суп. З яго смяюцца — скнара, шкадуе грошы. А скончылася тым, што Фадзеевы крытыкі злеглі ў больніцу з гастрытамі і язвамі, а таму хоць бы што.


***


У 1955 годзе я здаў уступныя экзамены на гістфак педінстытута. Быў страшэнны конкурс, але я атрымаў добрыя адзнакі, прайшоў выніковае сумоўе, на якім сказалі, каб чакаў выклік. Аднак замест выкліку прыйшла паперчына, што я не прайшоў па конкурсу. Мой бал то быў прахадны, але пару чалавек траплялі па-за дапушчальную лічбу набору. «Паеду да Жэні», — сказаў тата. І накіраваўся ў Мінск, захапіўшы мой экзаменацыйны ліст з адзнакамі. І сапраўды, праз нядоўгі час з педінстытута прыйшло паведамленне, што я залічаны на завочнае аддзяленне. Я старанна вучыўся і адразу пасля выпускных экзаменаў атрымаў прапанову паступаць у аспірантуру па тэматыцы заходнееўрапейскай гісторыі. Але я хацеў быць археолагам. І сапраўды, археалогія стала заняткам усяго майго жыцця. На гэтай дзялянцы я таго-сяго дасягнуў, і мне не сорамна перад памяццю Яўгена Іванавіча.


Сваё вясковае настаўніцтва ў 1957 годзе я пачынаў якраз у Пількаўшчыне, на радзіме Максіма Танка. Праз лясок ад хутара, дзе кватараваў, знаходзілася сядзіба ягоных бацькоў. Уразіла пры наведванні вялікая этажэрка ў куце хаты, запоўненая рукапісамі. «Гэта ўсё Жэневы паперы», — патлумачыў маладому настаўніку бацька паэта Іван Хведаравіч.


Сям’я была вельмі працавітая і зусім не пітушчая. Але бутэлечка гарэлкі заўсёды недзе прыхоўвалася — для якога госця ці начальніка. Мясцовы старшыня калгаса, колішні дырэктар адной з мядзельскіх сямігодак, распавядаў такую гісторыю… Завітаў ён па нейкай справе на хутар да Скуркаў. Гаспадар запрасіў за стол, паставіў бутэльку. Гаспадыня прынесла прысмакі. Сам Іван Хведаравіч толькі мачае ў чарцы вусны, а госцю ўсё падлівае. Так за нязмушанай гаворкай і апрыходаваў старшыня ўсю бутэльку. Развітаўся, сеў у сядло на свайго жарэбчыка і меўся ад’ехаць. І тут гаспадар яго спыняе: «Антонавіч, я вам хачу нешта сказаць… Вас жа і не кранула!»


***


Але ўпершыню асабіста я сустрэўся з Яўгенам Іванавічам пад канец зімы 1974 года. Пайшоў шляхам многіх мядзельцаў, якія звярталіся да славутага земляка па дапамогу і абарону. Мяне звальнялі з працы ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук як нацыяналіста. А «нацыяналізм» быў у тым, што разам з аднадумцамі спрабаваў неяк супрацьстаяць разгорнутай камуністамі русіфікацыі. Справа ў тым, што праграмнымі ўстаноўкамі КПСС было стварэнне з усіх нацый і народнасцей СССР новай этнічнай супольнасці — савецкага народа, зразумела ж, рускамоўнага. І ў гэтую доменную печ асіміляцыі першымі павінны былі пайсці беларусы і ўкраінцы. Таму кожны, хто спрабаваў трымацца свайго, нацыянальнага, аўтаматычна рабіўся праціўнікам «генеральнай лініі партыі» з адпаведнымі наступствамі.


Папярэдне патэлефанаваў, прадставіўся — і атрымаў запрашэнне прыехаць. Прыняў мяне Яўген Іванавіч вельмі прыязна, запрасіў у свой рабочы кабінет з бібліятэкай. Я абмаляваў яму сваю сітуацыю, нічога не хаваючы, бо ніякіх савецкіх законаў я не парушыў і зусім не адчуваў за сабой віны. Яўген Іванавіч ужо чуў пра справу «акадэмічнага асяродка», бо прапагандысты на ўсю рэспубліку раструбілі пра выкрыццё «нацыяналістычнага гнязда» ў Акадэміі навук. Выслухаў, паспачуваў і са скрухай заўважыў, што мусіць ужо мову нішто не ўратуе і што мы так і не падымемся. Але паабяцаў закінуць за мяне слова ў ЦК КПБ, найперш перад сакратаром па ідэалогіі Аляксандрам Кузьміным. Недзе дзён праз дзесяць я зноў быў у Максіма Танка і даведаўся, што нашу справу ўжо ўзяла пад кантроль Масква і нічога змяніць нельга. Але Кузьмін паабяцаў, як аціхнуць жарсці, вярнуць мяне назад на ранейшую працу, як, дарэчы, і іншых, пацярпелых маладых навукоўцаў. Ну што ж, год можна пацярпець і без археалогіі, хоць грузчыкам, хоць сторажам. Дарэчы, з Аляксандрам Трыфанавічам пазней мне давялося сустракацца і асабіста, па справе аховы помнікаў гісторыі. Склалася ўражанне, што гэта прыстойны інтэлігентны чалавек. Дарэчы, Кузьмін абараняў і Уладзіміра Караткевіча, якога «хлопцы» з адной вядомай установы хацелі запісаць у правадыры і натхняльнікі «беларускіх нацыяналістаў».
І сапраўды, праз год я ўжо зноў быў у сваім інстытуце.


А пазней давялося прасіць за іншага чалавека.


***


Узаемаадносіны Максіма Танка і Ларысы Геніюш — гэта асобная старонка. Ларыса Антонаўна любіла і надзвычай паважала Яўгена Іванавіча як асобу і творцу. У яе ўспамінах з жыцця ў Чэхіі ёсць эпізод пра сустрэчу з нейкім беларусам з Бацькаўшчыны. Той меў выданні вершаў Максіма Танка, надрукаваныя ў Заходняй Беларусі. І Геніюшы выпрасілі ў яго фотаздымак паэта з першай старонкі адной з кніжак. Яўген Іванавіч адказваў узаемнасцю — за талент, мабыць, яшчэ і за тое, што паходзіла таксама з Заходняй Беларусі, а можа патаемна і за тое, што была нескароная, як і ён калісьці ў маладосці…


Вось радкі з лістоў да Максіма Танка, якія паэтка слала з Зэльвы: «Максім Танк, харошы! … Пазнаю Вас, пазнаю, лесаруб… Спачатку я толькі адчувала, які Вы, а цяпер ужо крышачку знаю… Бывайце! Няхай Вам заўсягды будзе светла і добра!» (15.12.1966). У лістах з Зэльвы да знаёмых і прыяцеляў Ларыса Геніюш часта ўспамінала Паэта: «Харошы Максім Танк радзіць і нам пакідаць Зэльву. Сёння я аб гэтым паважна задумалася» (23.12.1967), «Вельмі і вельмі падабалася мне ў Максіма Танка. Вельмі люблю патрыярхальныя, добрыя сем’і» (12.02.1968), «Вельмі шкадую М. Танка, якому з-за гэтых паклёпнікаў «мыюць» за мяне голаў» (12.06.1968), «У часопісе «Полымя» за снежань 1968 г. ёсць верш «Савецкая Беларусь» Максіма Танка. Верш «белы», але як там мужна, цёпла і хораша сказана пра нашу Радзіму! Чыталі? Прытым Беларусь — гэта дзяржава, якая мае сваю мову» (8.02.1969), «Глядзела сёння, як наш урад і грамадскасць віталі М. Танка. Цешыць тое, што ён яшчэ добра выглядае і добра трымаецца. Піша мне часамі. Стараўся дапамагчы, але безрэзультатна. Усё тут упіраецца ў мясцовых кацыкаў» (26.09.1982), «Была нядаўна ў Менску. Затрымалася крыху ў Музэі беларускага старажытнага мастацтва і культуры. Надзвычай цікавы музэй. Незлічоныя фонды, якія яшчэ чакаюць адпаведных заляў. Была захоплена і музэем, і Менскам, а найбольш — М. Танкам, які таксама наведаў музэй. Фатаграфавалі нас там. Прывёз мне цудоўныя падарункі ад сябе і ад жонкі» (4.12.1982), «Бачыла М. Танка. На свае 70 год выглядае яшчэ молада і бадзёра. Цешуся з гэтага, бо чалавек ён выдатны ва ўсіх разуменнях» (16.12.1982).


З 1956 года, вярнуўшыся са сталінскіх канцлагераў, сям’я Геніюшаў — лекар Янка Геніюш і сама Паэтка — жыла ў Зэльве на Гродзеншчыне. З’яўляючыся асобамі без грамадзянства і маючы апінію «нацыяналістаў і антысаветчыкаў», Геніюшы былі пастаянным галаўным болем для мясцовага начальства. Яно, дэманструючы перад Гроднам і Мінскам сваю пільнасць, рознымі спосабамі ўскладняла жыццё гэтых ужо немаладых і хворых людзей.


***


Бываючы ў археалагічных экспедыцыях на Панямонні, я стараўся завітаць і да Геніюшаў. Ларыса Антонаўна, апавядаючы пра зэльвенскае жыццё, часта скардзілася на тутэйшае начальства, а на развітанне прасіла, каб я перадаў Максіму Танку яе новыя вершы. Ёй было вельмі важна пачуць ад тады ўжо Народнага паэта аб’ектыўную ацэнку сваёй творчасці.


Гэтыя просьбы Ларысы Геніюш былі мне нагодай завітаць да Максіма Танка. Перадаваў яму вершы, і ён заўсёды клапаціўся, каб яны былі надрукаваныя ў «Літаратуры і мастацтве» ці «Полымі». Расказваў Яўгену Іванавічу і пра тое, як крыўдзяць сям’ю Геніюшаў, і тады ён пачынаў хвалявацца: «Ім даўно трэба прыняць савецкае грамадзянства. Тады мы перавязём іх у Мінск, прымем яе ў Саюз пісьменнікаў, дамо добрую кватэру. Да яе паслуг будзе і пісьменніцкая паліклініка, і дом творчасці, і санаторый. Ды і вакол будзе творчае асяроддзе, не тое што ў Зэльве. Але ж яе муж, такі зацяты — не хоча, і ёй, мусіць, не дазваляе».


Калі ў 1979 годзе памёр Іван Пятровіч Геніюш, Ларыса Антонаўна засталася зусім адна, схварэлая, канчаючы сёмы дзесятак. І тады Максім Танк папрасіў мяне з’ездзіць у Зэльву і пераканаць самотніцу перабрацца ў Мінск. Мабыць, прасіў ён аб гэтым не толькі мяне… І я паехаў, і пераконваў, хоць і адчуваў сябе несамавіта. Бо каб трапіць у Мінск і атрымаць кватэру, трэба было ўступіць у Саюз пісьменнікаў. А для гэтага было неабходна прыняць савецкае грамадзянства. Для яе ж гэта стала б здрадай Беларускай Народнай Рэспубліцы, грамадзянкай якой яна сябе лічыла ўсё жыццё! І Ларыса Геніюш адмовілася, чым я, калі папраўдзе, быў усцешаны.


У 1981 годзе праходзіў з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ларыса Геніюш была запрошаная на яго як госць. У перапынку пайшлі ў пісьменніцкую кавярню абедаць, а Ларыса Антонаўна засталася сядзець у зале. Заўважыў гэта Яўген Іванавіч, падышоў пацікавіцца, чаму не абедае. Адгаварылася, што не галодная, да таго ж трымаецца дыеты. Насамрэч саромелася, што проста апранутая ў параўнанні з выстраенымі ва ўсё лепшае іншымі пісьменніцамі і паэткамі. Яўген Іванавіч хуценька вярнуўся з кавярні з вялізным пакункам і ўручыў яго Ларысе Антонаўне. Пакунак разгарнуўся і на ўвесь яе прыпол высыпалася гурба рознакаляровых дарагіх цукерак. Такі атрымаўся вясёлкавы россып! Начуючы ў нас, Ларыса Геніюш доўга і захоплена распавядала пра гэта маёй жонцы.


***


Я стараўся не турбаваць лішне Яўгена Іванавіча. Сустракаўся і тэлефанаваў амаль выключна па справах Ларысы Геніюш, доўга не затрымліваўся, бо ашчаджаў творчаму чалавеку час. Гаворка вялася пераважна пра Мядзельшчыну, пра розныя даўнія здарэнні, пра мае археалагічныя заняткі, чым ён відавочна цікавіўся. Аднойчы расказаў, як з Сваткаўскай яшчэ польскай школы настаўніца вадзіла вучняў па месцах паўстання 1863 года. Трапілі яны і да Сэрвачы, дзе калісьці быў маёнтак Козела-Паклеўскага, кіраўніка інсургентаў Вілейшчыны. Бачылі там на беразе ракі вялікі крыж, усталяваны ў памяць герояў. Я потым шукаў той крыж, але безвынікова. Яшчэ яго чамусьці цікавіла наваколле Трыдан, апавядаў пра нібыта захаваны там скарб. І ніколі мы не размаўлялі пра палітыку, пра нейкія нацыянальныя пытанні. Ён меў вопыт заходнебеларускага падпольшчыка, таму, можа, быў асцярожны.


Калі ладжу са сваімі студэнтамі вандроўкі на Мядзельшчыну, абавязкова зазіраем у Новікі. Там на старасвецкім могільніку Ягонае пахаванне, побач з жонкай, бацькамі, усім родам Скуркаў. І тады ўзнікае адчуванне велічнай гармоніі — моцны і прыгожы чалавек, таленавіцейшая паэзія і вялізны каменны крыж, што глядзіць у бок Пількаўшчыны. Калі Яго везлі хаваць, да дарогі выходзілі вяскоўцы, самі, без разнарадкі, апранутыя ў лепшае, жанчыны ў белых хусцінках. Маладзейшыя развітваліся з класікам: «Люблю твае, Нарач, затокі і тоні…», старэйшыя: «Гэта наш Жэня вяртаецца…»

Каментаваць