Прасторы Алеся Шатэрніка

Не магу назваць гэта рэкламным буклетам, бо «Сонцакрыж» выходзіць за рамкі агульнапрынятых стандартаў. Як і сам вядомы скульптар Алесь Шатэрнік. Чаму? Адказ на гэта пытанне на вокладцы «Сонцакрыжа». «Жывапіс — гэта двухмерная прастора. Скульптура — трохмерная. Паэтычнае слова выходзіць па-за межы гэтых Прастораў і набліжаецца да чацвёртага вымярэння: Боскага Слова… «Напачатку было Слова…»

Першыя колеры



Не магу назваць гэта рэкламным буклетам, бо «Сонцакрыж» выходзіць за рамкі агульнапрынятых стандартаў. Як і сам вядомы скульптар Алесь Шатэрнік. Чаму? Адказ на гэта пытанне на вокладцы «Сонцакрыжа». «Жывапіс — гэта двухмерная прастора. Скульптура — трохмерная. Паэтычнае слова выходзіць па-за межы гэтых Прастораў і набліжаецца да чацвёртага вымярэння: Боскага Слова… «Напачатку было Слова…»

Першыя колеры

Карані мае з Беларусі. Бацькі былі амаль што мінчукі. Маці, Надзея Адамаўна, нарадзілася ў вёсцы Качына (Мінскае мора), а бацька, Сяргей Міхайлавіч — з вёскі Старына (каля Смілавіч). Цікава, што дзед і баба па ліні маці зваліся Адам і Ева. На жаль, яны сышлі вельмі рана, таму маці засталася сіратой яшчэ ў дзяцінстве. Але гэта стала не адзіным горам. Згарэла хата. Некаторыя шмат гадоў помнілі, як яна хадзіла па папялішчы і шукала сваю ляльку.

Маю такое меркаванне, што менавіта гэты пажар узгадваў у сваіх нататках знакаміты паэт Максім Багдановіч, які ехаў праз тыя мясціны ў цягніку.

А бацька мой быў з даволі заможнай сям’і. Дзед, Міхаіл Васільевіч Шатэрнік, быў галоўным рэвізорам Лібава-Ровенскай чыгункі. Калі я крыху падрос, то даведаўся, што ў бацькі быў родны брат, якога ён да самай смерці ў 1975 годзе па невядомай прычыне ніводнага разу не ўзгадваў. Старэйшы на шэсць гадоў.

Сястра Рая (нас было чацвёра) аднойчы мне сказала, што ён быццам бы жыве ў Балгарыі. На жаль, у 1967 годзе яе не стала. У савецкія часы, калі я яшчэ быў юнаком, шукаць сваяка за межамі краіны было не зусім бяспечна, але лёс даў мне магчымасць пераканацца ў тым, што гэта не фантазіі родных.

Адбылася сапраўды дзівосная гісторыя. У 2008 годзе на мяне па скайпу выйшаў Анастасій Шатэрнік. Пра яго я даведаўся, яшчэ два гады таму, калі быў у Амерыцы. Як і пра тое, што ён жыве ў Сафіі і, хутчэй за ўсё, з’яўляецца сынам былога расійскага скаўта Аляксандра Міхайлавіча Шатэрніка. Так потым і высветлілася. Магчыма, у гонар бацькавага брата мяне і назвалі.

Мінчуком я сябе лічу ўжо ў трэцім пакаленні. Тут была (каля Камароўкі) хата майго дзеда па лініі бацькі, і ён нарадзіўся менавіта тут, а я — у Іванава. Чаму? Молат сталінскіх рэпрэсіяў 1930-х гадоў добра вядомы. Натуральна, яны не маглі абмінуць і беларускую інтэлігенцыю, да якой належала і наша сям’я. Напрыклад, родны брат майго дзеда Мікола Шатэрнік быў вядомым беларускі мовазнаўцам. Яго прозвішча ёсць нават на мемарыяльнай шыльдзе, якая прысвечана Інстытуту беларускай культуры. Дарэчы, ён вельмі загадкава памёр. На аперацыйным стале… Як Фрунзе.

А майго дзеда спачатку па даносу пасадзілі, а потым выслалі ў Расію. Так ён трапіў на Волгу, а потым на будаўніцтва Балтыйска-Чарнаморскага каналу. Каб быць бліжэй да яго, мы пераехалі ў Падмаскоўе. Бацька вучыўся ў Іванава ў медыцынскім інстытуце. Там я 16 кастрычніка 1940 года і нарадзіўся. На вуліцы Пушкіна. Адсюль і другая версія паходжання майго імя — Аляксандр Сяргеевіч.

Можа тады і хадзіць не ўмеў, але добра запомніў малюнак на нашым дыване. На цёплым ільняным палатне алейнымі фарбамі вылажаны нейкія геаметрычныя фігуры. Я іх магу намаляваць і зараз.

А яшчэ запомнілася, як бацьку праводзілі на фронт. Жылі мы тады ў горадзе Южы. Да чыгуначнай станцыі было каля 20-ці кіламетраў пехам. Дзесяць прайшлі разам, развіталіся, далей ён пайшоў сам.

Пазней маці распавядала, што, калі яго стала нябачна, раптам наляцела бура. Маці страціла прытомнасць і пачула нейкі голас, які сказаў, што з вайны муж вернецца жывым. Так пазней і адбылося.

Маці ў мяне была вельмі баявая і актыўная. У 1944 годзе яна напісала ліст Калініну, дзе распавяла пра сваё жыццё (трое малых дзяцей), і бацьку, які вызначыўся пры вызваленні Кёнігсбергу, на некалькі дзён адпусцілі «на пабыўку» дамоў. Памятаю, што я прачнуўся тады ад водару пакладзеных побач з маім ложкам пернікаў. Ноч. Маці з бацькам сядзяць на лаўцы, трымаюцца за рукі і аб нечым ціха размаўляюць.

Я быў вельмі жаласлівы і, каб маці не плакала, хаваў пад падушку кашулю бацькі, які хутка з’ехаў ваяваць.

Першы выбар

Бацька (старшы лейтэнант, камандзір медсанбату) скончыў вайну ў Празе і даслаў нам адтуль ліст, у якім загадаў ехаць у Дубна (Заходняя Украіна), куды пераводзілі яго частку. Так і зрабілі. Пасяліліся ў былым панскім доме. Па гэты дзень памятаю тую шыкоўную мэблю і прыгожы посуд.

А саму частку размясцілі ў замку, які некалі належаў князям Астрожскім. Я нават маляваў розныя сюжэты з вакна бацькавага кабінета.

Пра бандэраўцаў раней казалі рознае, але маці з імі ладзіла і знаходзіла агульную мову. Гэта маё асабістае меркаванне, бо разумела, што ў савецкія часы пра гэта ніхто не распавядаў. У будынку, дзе мы жылі, былі падвальныя памяшканні, у якіх яны і хаваліся. Бандэраўцы нават дапамагалі маці калоць дровы. Чаму такое стаўленне? Таму што маці размаўляла на беларускай мове — сельскае выхаванне. А да астатніх «саветаў» стаўленне было адпаведным. Стралялі ва вокнах, памятаю, нават нейкага маёра забілі.

Менавіта тады, па сутнасці, і вырашыўся мой лёс. Пад самую раніцу альбо прывідзелася, альбо саснілася, што Хрыстос дае мне выбар: у левай руцэ — гармонік, а ў правай — аўтамат. Я выбраў гармонік.

Усяслаў Чарадзей


Хаця і вайскоўцам ледзь не стаў. Бацька моцна хацеў, каб я вучыўся ў сувораўскім вучылішчы. Я нават здаваў там іспыты і ледзь не пачаў вучыцца, але прыйшла «разнарадка», якая загадала тых дзяцей, у каго ёсць бацькі, забраць, і саступіць месцы дзетдомаўцам. Так я не стаў курсантам. Пашчасціла стаць мастаком.

Праз год мы з Дубны з’ехалі, бо бацька зволіўся з вайсковай службы, і апынуліся на Палессі, да якога ад Валынскай вобласці даволі блізка. Бацька стаў загадчыкам малярыйнай станцыі, бо тады там лютавала менавіта гэтая хвароба. Экспедыцыі адбываліся пастаянна.

Дарэчы, эпідэміёлагам ён стаў невыпадкова. Такі накірунак медыцыны абраў таму, што яшчэ на Волзе памерла ад малярыі двухгадовая дачка Ірачка. Яна нарадзілася значна раней, чым я.

…Памятаю, як мы лавілі і знішчалі вялікіх такіх камароў… На Палессі вельмі маляўнічыя і прыгожыя мясціны. Чыстая Прыпяць. Цёпла. Мы едзем у грузавіку і трапляем у нейкую глухую вёску. Дзеці там ніколі не бачылі цягніка, для іх дзівосам была нават наша машына. Я там упершыню ўбачыў драўляны ровар і вельмі быў уражаны тым, што вяскоўцы не ўяўляюць яго металічным.

Акрамя барацьбы з камарамі, мы былі павінны раздаваць людзям хінін. Жоўтыя такія таблеткі, надта горкія. Вяскоўцы, каб іх не браць, нават хаваліся.

Позняй восенню (ужо пачалі лятаць «белыя мухі») мы адтуль з’ехалі і апынуліся ў Мінску. Жылі ў Ратамцы, у мамінай сястры цёткі Ганны. Праз два гады малярыю перамаглі, і малярыйную станцыю ператварылі ў Мінскую гарадскую санітарна-эпідыміялагічную станцыю. Мой бацька стаў там загадчыкам эпідэміялагічнага аддзелу, і яму далі асабістае жытло. Драўляны дом на ўскрайку Аўтазаводскага раёна. Чырвонае ўрочышча. Цяпер там вуліцы Ангарская і Дняпроўская.

У 1949 годзе я пайшоў у школу, адразу ў другі клас, бо чытаць і пісаць ужо ўмеў. Дарэчы, у мяне захаваўся фотаздымак тых гадоў. Я там амаль самы маленькі. Разам вучыліся хлопцы, якім ужо было 14–15 гадоў — вайна.

Першыя формы

У продажы пачаў з’яўляцца белы хлеб. Памятаю, аднойчы мама дала мне пяць рублёў, каб я яго набыў. А я купіў… (смяецца) самакат. Маці прыказала яго вярнуць назад. Покуль ехаў да вясковых хлопцаў, якія мне гэта прадалі, ён разваліўся…

Асацыяцыйныя ўспаміны тых гадоў — вершы Твардоўскага, патэфон, лірычныя пасляваенныя песні, голас Леаніда Уцёсава.

У нас з’віўся радыёпрымач, на якім былі кароткія хвалі. Памятаю, бацька паднімаецца ў шэсць гадзін раніцы, каб збірацца на работу (трэба было значна ехаць), брыецца, і гучыць «злоўленае» раней Бі-Бі-Сі альбо «Голас Амерыкі». Глушыць іх пачалі пазней. Так што іншадумцам я стаў ужо тады.

Напрыканцы 1951 года бацьку далі кватэру на вуліцы Гвардзейскай, што ў раёне Камсамольскага возера. У 37-й школе было дзве змены — рускамоўная і беларускамоўная. У апошняю я і пайшоў. Дарэчы, калісьці мы размаўлялі з маім сябрам, вядомым графікам Яўгенам Куліком. Высветлілася, што тады былі суседзямі. Ён хадзіў у «рускую змену», а «беларускім нацыяналістам» стаў раней за мяне — так што мова навучання не заўсёды хутчэй прыводзіць да нацыянальнай самасвядомасці. На жаль, у 2002 годзе Яўгена не стала.



Правучыўся я ў школе некалькі гадоў. Вельмі выдатна, дарэчы. З пахвальнымі лістамі за кожны клас. Потым было паступленне ў сувораўскае вучылішча, пра якое ўжо ўзгадваў. Дзякуй Богу, лёс склаўся так, што вайскоўцам я не стаў. Пасля сямігодкі пайшоў працаваць на шпалерную фабрыку і ўвесь час марыў пра мастацтва.

У 1951 годзе пачаў займацца ў мінскім Палацы піянераў. Там у мяне быў настаўнікам Сяргей Пятровіч Каткоў. Вельмі цудоўны педагог, праз якога «прайшло» шмат выбітных беларускіх мастакоў — Данцыг, Паплаўскі і г.д.

Пасля была вучоба ў Мінскай мастацкай вучэльні. Першапачаткова пісаў заяву на скульптурнае аддзяленне, але мяне чамусьці адправілі на жывапіснае. Правучыўся там некалькі тыдняў.

Майго стрыечнага брата завуць Васіль. Ён старэйшы за мяне на два гады. Вучыўся «на скульптурным», куды хутка перайшоў і я. На трэцім курсе ў нас выкладаў былы франтавік Ігар Глебаў, пляменнік вядомага мастака Аляксея Канстанцінавіча Глебава, які заўсёды казаў: «Добрую прафесію абралі, будзе не толькі на хлеб. Але і на хлеб з маслам».

Скульптура мне спадабалася адразу. Сапраўдная мужчынская справа. Студэнты не толькі малявалі, але і ведалі, як працаваць малатком ці рыдлёўкай. Я звярнуўся да іх з пытаннем: «Хлопцы, можа хто жадае вучыцца на «жывапісным»?» Шчыра кажучы, на «скульптурным» (ва ўсе часы) жадалі вучыцца далёка не многія, таму шансы ў мяне былі даволі высокія. Так і адбылося.

Летам 1962 года крыху папрацаваў мастаком-дэкаратарам у Рускім драматычным тэатры імя Горкага, які ў той час якраз збіраўся на гастролі. Справа ў тым, што тады студэнты браліся за любую работу, галоўнае — зарабіць грошы. І не для таго, каб іх потым «шумна пракуціць». Хацелася забяспечыць сябе і хоць нейкім чынам дапамагчы бацькам. Так я дакрануўся да таямніц сцэнаграфічнага мастацтва і быў моцна ўражаны. Там яшчэ захоўваліся традыцыі класічнага тэатра. Тым, хто вырас на выбрыках сучаснага мадэрнізму, у такое нават цяжка паверыць.

Тэатр захапляў не толькі сустрэчамі са знакамітымі артыстамі і вядомымі людзьмі, але і зачароўваў нейкай сваёй таямнічай казкай. Яна была вакол, адчувалася сярод вялізных, замацаваных на сетках маляваных халсцін-кулісаў. Менавіта там я і працаваў — рыхтаваў для спектакляў дэкарацыі.

Дарэчы, добра памятаю раманс з «Беспасажніцы» Астроўскага. Яго вельмі прыгожа спявала пайшоўшая з жыцця Аляксандра Клімава, а адным з двух студэнтаў, якія ёй акампанавалі на гітары, быў вядомы сёння спявак Віктар Скарабагатаў.

А праз год я працаваў мастаком у Акруговым Доме афіцэраў, рабіў там усялякую «афармілаўку». Аднойчы нават да мяне звярнуўся тагачасны адміністратар Моня Моніч і папрасіў напісаць афішу на канцэрт Шарля Азнавура. Тады я нават трапіў на галёрку. Цудоўны быў канцэрт. Асабліва ў параўнанні з савецкай эстрадай.

Мазаіка жыцця

 З далейшай вучобай мне крыху не пашчасціла. Справа ў тым, што ў 1964 годзе ў Тэатральна-мастацкім інстытуце закрылі аддзяленне скульптуры і станковага (музейнага, не вулічнага) жывапісу. Па сутнасці гэта альма-матэр выяўленчага мастацтва — жывапіс, малюнак і скульптура. Менавіта тады была разгорнута барацьба з так званымі «лішкамі ў архітэктуры», калі замест «сталінскага ампіру» паўсюды сталі будаваць пяціпавярховыя панельныя дамы, якія адразу назвалі «хрушчоўкамі».

Замест таго, што «скарацілі», з’явіўся манументальны жывапіс (цалкам непрымальны для мяне роспіс сцен), а таксама «кераміка» і «ўнутраная апрацоўка будынкаў». Апошнюю зараз называюць «дызайнам інтэр’ераў». Яе і абраў. Паралельна пачаў шукаць яшчэ і працу. Трапіў на Мінскую студыю тэлебачання, якая месцілася на Камуністычнай вуліцы. Тэлебачанне тады развівалася вельмі хутка, таму мне адразу прапанавалі стаць мастаком.

З маці (1977 г.)



Вельмі цікавы там быў калектыў. Сапраўды — творчы. Па гэты дзень сябрую з Мішам Карпавым. Канешне, адначасова вучыцца (вячэрняе аддзяленне) і працаваць было крыху складана. Асабліва, калі ўлічыць тое, што мяне даволі часта раілі прысутнічаць на перадачах, якія ішлі ў эфір менавіта вечарам. Урэшце час ад часу ў мяне з’яўляліся «хвасты».

Гэта і стала зачэпкай да майго выключэння. Дарэчы, тады з інстытута акрамя мяне выключылі яшчэ трох чалавек — Ларчанку, Гаркунова і Пазьняка. На той час рэктарам інстытута быў Захараў (па некаторых дадзеных, палкоўнік КДБ), але ён знаходзіўся ў адпачынку, і яго абавязкі выконваў выкладчык марксісцка-ленінскай эстэтыкі Старавойтаў. Ён і падпісаў той загад.

Праз шмат гадоў у яго трагічна загінула дачка Ірына Мятліцкая. Я доўга не трымаю крыўду на людзей. Падчас пахавання падышоў да яго, пацалаваў і выказаў сваё шчырае спачуванне. Ірына была вельмі таленавітая і напісала шмат чаго якаснага. Напрыклад, кніжку пра беларускага мастака Заборава, які зараз жыве ў Францыі. Мятліцкая мяне і натхніла ўзяцца за пяро.

Не магу сказаць, што выключэнне з інстытута стала вялікай трагедыяй. Для чалавека, які жадае быць скульптарам і ўжо мае адпаведны дыплом (пяць гадоў мастацкай вучэльні), вучоба інтэр’еру не можа быць чымсьці асабліва жаданым.

Менавіта ў гэты час скульптурнае аддзяленне вярнулі назад у інстытут, аднак я, як некаторыя мае сябры, не пажадаў, маючы за плячамі тры курса вячэрняй вучобы, пачынаць яе з нуля.

Замест гэтага ўладкаваўся на Мінскі скульптурны камбінат. І, як кажуць, пайшло-паехала. Удзельнічаў у розных выставах. Масква купіла маю скульптуру і запрасіла на стажыроўку.

Потым крыху папрацаваў у вядомых скульптараў Заіра Азгура і Ігара Глебава. А ў 1975 годзе ўступіў у Саюз мастакоў СССР. Адна мая работа з’явілася на вокладцы саюзнага часопіса «Творчасць», а другая трапіла ў знакамітую Траццякоўскую галерэю.

Скульптур зрабіў шмат. Арыгінальных. Нават Леніна на аўтамабілі. «Свабодныя навіны плюс» пажартавалі, што гэты быў першы «форд», які з’явіўся ў Савецкай Расіі.

У сярэдзіне 1970-х гадоў заказы, якія датычыліся скульптурных кампазіцый, размяркоўвалі мэтанакіравана. Адным з самых значных аўтарытэтаў у нашай галіне быў лаўрэат Ленінскай прэміі Сяргей Іванавіч Селіханаў. Менавіта ён зрабіў у Хатыні самы знакаміты там помнік — Камінскага, які выносіць з вогнішча на руках свайго сына. Селіханаў ставіўся да мяне з сімпатыяй, неаднаразова заходзіў у майстэрню. Мы нават сябравалі.

Калі з’явіўся заказ зрабіць скульптуры ў чатырох кропках Мінска, то ён адразу прапанаваў мяне і калегу па вучэльні Лёню Давідзенку. Гэты заказ «вісеў» доўга, бо яго не мог зацвердзіць мастацкі савет, таму што не знаходзіў нейкую агульную тэму.

На той час у Беларускім саюзе мастакоў ужо з’явілася групоўка, якая цікавілася нацыянальнай тэматыкай. Памятаю, аднойчы я звярнуўся за парадай да нашага вядомага мастацтвазнаўцы і мастака Віктара Шматава. Ён кажа: «Бяры нацыянальную тэму. Пабачыш, што пойдзе як па маслу». Сапраўды, так і адбылося.

Я пачытаў кніжку Ніла Сымонавіча Гілевіча «Беларуская вусная народная творчасць», дзе расказваецца пра чатыры беларускіх нацыянальных свята. Захапіўся гэтай ідэяй сам і заахвоціў ёй астатніх. Нават намаляваў калегам эскізы, а сабе абраў «Гуканне вясны». Каля Палацу спорту гэты дэкаратыўны фантан стаіць з 1980 года.

Потым былі «Вітаўт», «Мікола Гусоўскі», «Рагнеда», «Сямён Полацкі», «Максім Багдановіч», «Ефрасіння Полацкая», «Наталля Арсеннева», «Васіль Быкаў», розныя мемарыяльныя дошкі і яшчэ шмат чаго.
 

Каментаваць