Прасторы Адама Глобуса

Напэўна, Адама Глобуса можна назваць самым спрэчным прадстаўніком беларускага бамонду... Напэўна, шмат хто палічыць яго занадта натуралістычным… Напэўна, нехта нават абвінаваціць у адсутнасці маралі… 

 



 

Не буду нікога пераконваць. Адзначу толькі, што прэтэнзіі пры жаданні можна выставіць кожнаму з нас. Галоўнае, на мой погляд, тут зусім іншае. Адам Глобус не мімікруе згодна з сітуацыяй, а шчыра робіць тое, што лічыць неабходным.

Нават калі гэта некаму і не падабаецца…

Аляксандр Тамковіч

 

«Лагернае» дзяцінства

Вельмі гэтым ганаруся. Мне пашанцавала нарадзіцца на Замкавай (Кальвінскай) гары ў Дзяржынску. Радзільны дом знаходзіўся менавіта там. Маці, Ніна Уладзіміраўна Глобус, успамінала, што 29 верасня 1958 года было цудоўнае сонечнае надвор’е.

Глобус — яе сапраўднае прозвішча, а другую частку творчага псеўданіма я «пазычыў» у бацькі — Вячаслава Уладзіміравіча Адамчыка. Калі бацькі становяцца вядомымі, дзеці заўсёды імкнуцца адрознівацца — каб ніхто не казаў пра «эксплуатацыю прозвішча».

Першыя тры месяцы мы жылі ў бабы Ядзі (маміна маці), а потым перабраліся ў Мінск, дзе і жыву па сённяшні дзень.

Брата Міраслава «купілі» (шчыра гэтага хацеў) у 1965 годзе, калі я пайшоў у першы клас. Памятаю, калі суседзі жартавалі, што «коцік Мурзік быў бы лепш», вельмі крыўдаваў.

Многія лічаць, што ў сына знакамітага пісьменніка ў жыцці ўсё павінна быць лёгка і проста.

Даволі распаўсюджаныя памылка, бо знакамітым пісьменнікам мой бацька стаў потым, а тады быў малавядомым журналістам, чалавекам, якога выключылі з універсітэта за тое, што ён адаслаў сваё апавяданне ў беластоцкую газету «Ніва». Выгналі, дарэчы, з пятага курса. Я кажуць, не далі скончыць, і таму яго «вышэйшай адукацыяй» сталі толькі курсы ў Літаратурным інстытуце імя Горкага.

Калі бацька вучыўся ў Маскве, мы з маці жылі ў Мінску, на Чарнышэўскага, 7. Амаль насупраць сённяшняга офіса БНФ. Гэта быў пісьменніцкі дом. У маім пад’ездзе жылі Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч, драматург Махнач з жонкай Маяй Міхайлаўнай Клімковіч (дачкой аўтара беларускага гімна), Міхась Лявонавіч Стральцоў, Язэп Пушча, Іван Пташнікаў.

Словам, асяроддзе было цалкам беларускім, што не зусім характэрна для тутэйшага грамадства.

Пачаў я вучыцца ў 73-й школе — звычайная, то бок без розных ухілаў. Плюсам з’яўлялася блізкасць да цэнтру, таму ўзровень быў больш-менш. А мінусам стала тое, што настаўніцай у нас была казачка, якая не ведала беларускай мовы, і калі я прынёс дамоў сшытак, дзе было напісана: «Кравец крыет кроўлю. Шыбенік устаўляет шыбы», бацькі паднялі скандал на ўсю школу. Аказалася, настаўніца думала, што беларуская мова вельмі простая і прымітыўная. Маўляў, яе можа выкладаць любы, хто пажадае…

Даволі хутка замест генеральскай жонкі, якой была тая казачка, нам далі іншага настаўніка. Былога вязня сталінскіх лагераў, аб чым гаварылі амаль шэптам. Ён прыносіў кніжкі-чытанкі і ўслых чытаў казкі. Гэта дазваляла дзецям пастаянна папаўняць новымі словамі свой лексікон, і даволі хутка наша беларуская мова стала, як кажуць, «на ўзроўні».

Потым бацькі атрымалі новую кватэру, і мы пераехалі ў раён Кальварыі, на Апанскага, 68. Там я трапіў (без перабольшвання) у жудасную школу. У класе было больш за пяцьдзесят чалавек, а наша «трэцяя змена» пачыналася ў 16.15. Сядзелі па тры чалавекі за партай. Тлумачылася ўсё вельмі проста — пабудавалі новы гарадскі раён, а пра школу «не падумалі».

Тады гэта лічылася акраінай Мінска. Адразу за праспектам Пушкіна было поле, па якім зімой мы каталіся на лыжах, а там, дзе зараз месціцца кінатэатр «Аўрора», знаходзілася вёска Цівалі. У ёй жыў будучы скульптар Вова Жбанаў.

Паўтаруся, школа была проста жудаснай. З майго класа восем чалавек села ў турмы. Кантынгент быў амаль бандыцкім. Як прыклад, у аднаго з маіх аднакласнікаў (сёмы клас быў) бацька выпадкова забіў маці. Хлопчык прыбег у школу і сказаў: зараз прыйдзе міліцыя і будзе задаваць пытанні, скажыце, што вы нічога не чулі, бо, калі забяруць бацьку, нас (у яго дзве малодшыя сястры) накіруюць у інтэрнат. Ніхто з класа міліцыянерам нічога не сказаў…

У школе пашанцавала толькі адзін раз. Мяне паслалі ў «Артэк». Сядзеў там на ўроку і адчуваў, што ўсё сказанае настаўнікам разумею, і потым, каб разабрацца, не трэба чытаць падручнік. Узровень там, у адрозненне ад нашай школы, быў вельмі высокі, настаўнікі суперскія. Вучыцца вельмі спадабалася, я нават напісаў цэлую аповесць «Архіпелаг «Артэк».

Аднак лагер ёсць лагер. Усё хатняе цалкам забіралі. Свайго не было нічога. Выдавалі форму, і ты як бы станавіўся новым чалавекам. Але гэта было толькі вонкава. Імгненна паявіліся нейкія групы, зямляцтвы, іерархія. Менавіта там я і зразумеў, наколькі рознымі былі дзеці. Розны менталітэт. Калі для Сярэдняй Азіі падзел людзе на «рабоў і баяў» — звычайная справа, то для беларусаў, якіх у нашай дружыне было за семдзесят, — не.

Дарэчы, на маю просьбу даць падручнікі на беларускай мове, там адразу ўсё знайшлі…

У лагеры нельга было казаць «Здравствуйте!», да 12.00 — «Доброе утро!», пасля дванаццаці — «Добрый день!», а пасля вячэры — «Добрый вечер!». Хадзіць па лагеру дазвалялася толькі «ў нагу».

Па выніках мне далі пасведчанне інструктара ігры на барабане і горне, і я павінен быў у сваёй школе арганізаваць адпаведныя групы. Фармальна так і стала.

«Акадэмічнае» юнацтва

Адразу пасля восьмага класа аддаў свае дакументы ў мастацкую вучэльню. Там выказалі здзіўленне, што ў атэстаце па маляванні стаіць «прочырк». Гісторыя тут была такой. На адным з заняткаў я паслаў школьную настаўніцу па маляванні «на тры літары», а яна мне ў адплату пракрэсліла адпаведную графу атэстата. Прызнацца прыёмнай камісіі ў гэтым было сорамна, таму прыйшлося зноў звяртацца ў школу і прасіць, каб паставілі нейкую адзнаку.

У нашай школе, дарэчы, вельмі складаныя адносіны з настаўнікамі былі ва ўсіх. Я не піў дэманстратыўна на ўроках «чарнілаў», як іншыя, але джэнтльменскі набор у выглядзе ножыка, салдацкага рэменя і ліхтарыка насіў з сабой заўсёды. Гэта было абавязковым, як партфель або падручнікі.

У нашу школу прывозілі дзяцей з вёсак Кунцаўшчына і Бараноўшчына, і, каб дабегчы да аўтобуса ў цёмны час па гразі, усе былі з ліхтарыкамі. Хутка з ліхтарыкамі хадзіла ўся школа. Доўгія такія, на тры батарэйкі, літоўскай вытворчасці. Ліхтарыкамі добра было біцца.

Успамінаю адзін жудасны выпадак. Настаўніца па рускай мове нешта пісала на дошцы, а адзін з вучняў вадзіў па яе дупе промнем. Увесь клас пачаў смяяцца. Яна павярнулася і ўсё ўбачыла, выхапіла ліхтарык і — па галаве. Рассекла да крыві. А потым павалакла хлопца ў прыбіральню і засунула галаву ва ўнітаз.

Жудасна…

… У мастацкай вучэльні ў свае 15 год я раптам стаў дарослым, што надзвычай спадабалася. Вельмі добрыя настаўнікі, вельмі моцная група. Многія ў будучым сталі вядомымі людзьмі. Са мной, напрыклад, вучыліся Алесь Лось, які потым стварыў батлейку, аднавіў беларускія дуды і рэстаўраваў шмат фрэсак і жывапісу, Вова Сцепаненка, які зараз стаў публіцыстам і пісьменнікам Уладзімірам Сцяпанам, і іншыя.

Бацька ў той час працаваў у часопісах «Полымя», «Маладосць», на «Летапісу», потым узначальваў сцэнарную секцыю Беларусьфільма. Заўсёды ставіўся да гэтай рэчы, як і я — адпрацоўка. І не больш.

Асноўнымі былі раманы, апавяданні, то бок тое, што друкаваў «Новый мир», які на той час быў часопісам нумар адзін, дзе друкаваліся Салжаніцын і Быкаў. Аляксандр Трыфанавіч Твардоўскі пісаў у лістах, што вельмі захапляецца яго прозай, і бацьку гэта надзвычай натхняла.

Пасля чатырох гадоў вучэльні я паступіў у Акадэмію мастацтваў на самае тады прэстыжнае манументальнае аддзяленне. За прэстыжам стаялі каласальныя грошы. Каб уявіць памеры, магу, напрыклад, расказаць, што вядомы мастак Кішчанка атрымаў замову аздобіць габеленамі оперны тэатр на мільён савецкіх рублёў. Нагадаю, інжынеры тады атрымлівалі ў месяц 120–130 савецкіх рублёў, акадэмікі — 500, а тут — фантастычная сума.

Адпаведна, у гэтай прафесіі была вялікая канкурэнцыя і вельмі складаныя адносіны паміж людзьмі. Канкурэнтаў мастадонты накшталт Савіцкага, Кішчанкі, Вашчанкі знішчалі на ўзроўні вучобы ў Акадэміі. Быццам бы набіралі, быццам бы ўсіх любілі…

Аднак з тых, хто трапляў у студэнты, да выпуску даходзілі адзінкі. Прыкладна, адзін з сямі. У некага здавалі нервы, нехта разумеў, што «з’ядуць», і сам адыходзіў у бок, нехта не вытрымліваў і хварэў.

Карацей, канкурэнцыя была вельмі жорсткай. Я ўжо пісаў, што Люду Русаву, якая вучылася са мной, таксама б выгналі, але не маглі гэта зрабіць, таму што яна адна заставалася на цэлым курсе.

Вучыцца было вельмі цяжка, але мне падабалася, што сярод маіх выкладчыкаў былі неверагодна таленавітыя людзі. Катастрафічна жорсткія, зайздрослівыя, але фантастычна таленавітыя. У таго ж Вашчанкі, напрыклад, карціны віселі ў Траццякоўскай галерэі. Алег Уладзіміравіч Хадыка, які ў нас выкладаў архітэктурную кампазіцыю, — стваральнік рэстаўрацыйных майстэрняў, і многае з таго, што ёсць у сучаснай Беларусі са старой архітэктуры, захавалася дзякуючы менавіта гэтаму чалавеку.

Пад канец вучобы я таксама стаміўся змагацца за «месца пад сонцам», думаў, што сыду з дыстанцыі і нічога не скончу. Выратаваўся «акадэмкай».

Яшчэ калі вучыўся, я крыху займаўся рэстаўрацыяй, таму ў «акадэмічным адпачынку» і абраў яе. Мы рэстаўрыравалі Мсціслаўскі касцёл, 350 кіламетраў ад Мінска, на мяжы з Расіяй. Наколькі я ведаю, аднаўленчыя работы працягваюцца па наш дзень. Добра, там ёсць браты Маліноўскія, якія не даюць гэтай справе канчаткова спыніцца. Проста няма сродкаў. У Мсціславе вельмі малая каталіцкая абшчына, а Ватыкану, напэўна, больш важна пабудаваць нешта новае ў Іркуцку, скажам, чым адрадзіць беларускую спадчыну...

Праз год я вярнуўся да вучобы і абараніў дыплом з рэлігійна-правакацыйнай на той час назвай «Дзева Марыя». Выкладчыкі параілі на абароне не гаварыць па-руску, таму што там будуць «людзі з Масквы і Ленінграда».

Так бы мовіць, з горам удалося абыйсці ідэалагічныя догмы і абараніцца. Мне паставілі «тры» і сказалі: «Ніколі ні адной тваёй карціны ніхто не купіць, не будзе ніводнай выставы і ніякіх дзяржаўных замоваў». За «авангардызм, хамскае ігнараванне патрабаванняў кафедры і нянавісць да сацыялістычнага рэалізму».

«Эпатажнае» сталенне

Добрыя людзі дапамаглі спачатку ўладкавацца на часовае журналісцкае месца ў часопіс «Беларусь», дзе я друкаваўся пад псеўданімамі Лучанок, Анікейчык, Янкоўскі. Усе гэтыя прозвішчы (кампазітар, скульптар і артыст — А.Т.) добра вядомыя ў нашай краіне, аднак не прыжыўся я ў тым часопісе.

І стаў афарміцелем камісійных крамаў. Афармляў для іх вітрыны, пісаў літары «М» і «Ж» на прыбіральнях і таму падобнае. Працаваў у майстэрнях даволі доўга. Пачаў пісаць, друкавацца.

У гэты час ад першай жонкі Тамары, з якой мы вучыліся ў адной групе, у мяне нарадзілася дачка Вольга.

Другой жонкай стала фотамайстра Алена, якую сёння ведаюць як Алену Адамчык. Яна нарадзіла мне дачку Ядзю, і ў нас ёсць яшчэ сын Мікалай, у якога ўжо ёсць свой сын Уладзімір.

Вольга — матэматык. Прачытаў у інтэрнэце назву яе дыпломнай — і нічога не зразумеў.

Мікалай скончыў коласаўскі ліцэй, калі той толькі-толькі ствараўся. Дарэчы, я непасрэдна прымаў у гэтым удзел.

Памятаю, як у бібліятэцы Янкі Купалы сабраліся, акрамя мяне, Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Зміцер Колас і прышлі да высновы, што трэба рабіць нейкі адукацыйны прарыў і ствараць беларускамоўны ліцэй. Рэалізоўваць ідэю вырашылі даручыць брату Зміцера Уладзіміру. Потым там нават мая жонка Алена выкладала, праводзіла майстар-класы па фота.

Мікалай абсталёўвае кухні. Новабудоўляў у Мінску зараз шмат, таму для яго бізнесу кліентаў хапае.

Ядзя на момант нашай размовы знаходзіцца ў Барселоне, дзе адкрылася фотавыстава Алены, якая прысвечана іспанскаму сюррэалізму. Мабыць, пойдзе маміным шляхам, і гэта вельмі добра. Там сапраўдны густ.

На жаль, жанр партрэтнага фота зараз крыху адышоў у цень. Так атрымалася, што сёння сталі фатографамі амаль усе. Між тым, зрабіць сапраўдны парадны партрэт, які будзе падабацца ўсім, правесці неабходныя падрыхтоўчыя работы вельмі складана. Патрэбны талент і кваліфікацыя экстра-класа.

Паколькі камісійныя крамы выдзелілі мне майстэрню, у яе пачалі заходзіць сябры і знаёмыя — Валодзя Арлоў, Лёня Галубовіч, Віця Шніп, Толя Сыс. Нават некалькі разоў бываў Міхась Лявонавіч Стральцоў. Перш за ўсё таму, што яна месцілася пад «Кнігарняй пісьменніка» на вуліцы Румянцава. Побач рэдакцыя «ЛіМа» і будынак Саюза пісьменнікаў. Людзі спачатку ішлі туды, а па вяртанні заходзілі да мяне.

Як і ў бацькі, яшчэ з часоў інстытута ў нашым асяроддзі ўсталявалася правіла: мастак (або пісьменнік) нешта павінен рабіць дзеля грошай, нешта для сацыяльнай адаптацыі, а самае галоўнае — для сябе. Як гаворыцца — для душы. Сумленна, не па законах грамадства, а па законах мастацтва. Не тыя, па якіх жывуць аўтарытэты твайго часу, накшталт Заіра Ісакавіча Азгура, а па тых, якія для сябе ты выбраў сам.

Зразумела, уладзе гэта не падабалася па вызначэнні. Першая забарона вялікай выставы адбылася ў 1985 годзе. Разумеючы, што з Саюзам мастакоў непазбежна будуць праблемы, мы адразу вырашылі яе праводзіць у Саюзе пісьменнікаў, дакладней, у Доме літаратара. Справа ў тым, што парторгам пісьменнікаў тады быў Карамазаў, з якім у добрых адносінах знаходзіўся Стральцоў. Я пагаварыў са Стральцовым, Стральцоў з Карамазавым, Карамазаў — з Танкам. Той загадаў прынесці карціны. Мы прынеслі, развесілі. Танк паглядзеў — цікава. Паглядзелі «людзі ў цывільным» — і ўсё забаранілі. Больш як пяцьсот чалавек, якія прыйшлі на адкрыццё нашай выставы ў Дом літаратара, проста не пусцілі ў будынак. І тады, як кажуць, «пад ціскам грамадскасці» Саюзу мастакоў прыйшлося правесці выставу ў сябе. З той умовай, што на яе прыйдуць тагачасныя мастацкія аўтарытэты і агучаць свае думкі пра нас, нягоднікаў.

«Мы» — гэта шэсць маладых мастакоў. Акрамя мяне Ігар Кашкурэвіч, яго тагачасная жонка Люда Русава, Сяргей Малішэўскі, Жэня Ліс, стваральніца батлейкі ў Залессі, і Эдзік Куфко. Кашкурэвіч, Малішэўшскі, Куфко — дзеці вядомых мастакоў, я — знанага пісьменніка.

Падкрэсліваю гэты момант спецыяльна, бо потым з дапамогай Анатоля Анікейчыка нас пачалі «гнобить» за выкарыстанне творчых псеўданімаў. Маўляў, мы не проста ворагі савецкага грамадства, а ворагі ўласных бацькоў: чаму Вова Адамчык называе сябе нейкім Глобусам, Кашкурэвіч падпісаўся як Кашкур, а Малішэўскі — Маліш?..

Напрамкі ніхто не казаў пра «здраднікаў Радзімы», але пра ворагаў савецкай улады прагучала. Міхаіл Андрэевіч Савіцкі, напрыклад, казаў, што мы «ліем ваду на млын капіталізму»…

Шчыра кажучы, я не думаў, што яны адважацца ўсё выказаць адкрыта ў твар. Адна рэч — «гадзіць» у кабінетах, і зусім іншая — рабіць гэта публічна. Афіцыйныя мэтры крычалі, махалі рукамі, агучвалі розныя глупствы. Напрыклад, той жа Савіцкі крычаў: «Кому надоел соцреализм? Кому противны «Девочка с персиками» или Веласкес?» Быццам бы сацыялістычны рэалізм і Веласкес — адно і тое ж…

Для некаторых у той год пачалася перабудова, а для нас — вандэя. Яны не верылі ў нейкія змены ў грамадстве, а я гэта адчуваў. Як і тое, што іх трэба не толькі чакаць, а рэальна нешта рабіць.

«Спрэчнае» жыццё

Тая выстава стала для маёй свядомасці пэўным каталізатарам. Няправільна лічыць, што пісьменнікам Глобус зрабіўся «раптам». Проста стала цалкам зразумела — нармальна працаваць мне не дадуць, бо ў савіцкіх-азгураў-анікейчыкаў улада, а ўсё жыццё з акадэмічнай адукацыяй пісаць на прыбіральнях «М» і «Ж», мякка кажучы, алагічна.

І тады я прыдумаў для сябе ход — буду пісаць не самі карціны, буду апісваць мастацкія паводзіны ў прозе і паэзіі, а наша цэнзура нічога не ўбачыць. Яна будуць думаць, што гэта толькі звычайнае апавяданне. І не больш.

Пачаў друкавацца яшчэ падчас маёй вучобы, то бок напрыканцы 1970-х. Гэта былі вершы, і іх нават пачалі перакладаць за мяжой. Потым пайшла проза, асноўнай тэмай быў канфлікт творчай асобы з грамадствам.

Спачатку гэта ўсё друкавалася без праблем, бо ўлада не бачыла для сябе пагрозы. У 1985 годзе цэнзура быццам бы прачнулася. Прама на выставе (якая не адбылася) рэдактар маёй першай кнігі «Груд» прынёс яе «сігнал» і сказаў — у гэтай краіне цябе ніколі друкаваць не будуць. Адбылося горш, чым простая забарона: кнігу ўжо вычыталі, надрукавалі, а потым па цэнзарскім патрабаванні ўвесь наклад пусцілі пад нож.

Прайшло шмат год, і Міхась Скобла расказаў, што бачыў яе ў асабістай бібліятэцы памерлага палкоўніка КДБ, якую распрадаваў яго сын. Патраціўшы некалькі гадзін, мы так і не змаглі кнігу знайсці, і толькі бібліятэкарскі досвед маці дапамог мне ўрэшце гэта зрабіць.

Кніга стаяла побач з забароненымі творамі Салжаніцына і Шаламава, без вокладкі, са шматлікімі цэнзарскімі заўвагамі па ўсім тэксце. У КДБ заўсёды ўмелі шукаць крамолу.

Змагацца з тагачаснай імперыяй (у тым ліку і літаратурнай) можна было толькі знішчаючы яе з дапамогай створанага самастойна. Паўсюль існавалі рангі, ранжыры, катэгорыі. Напрыклад, «пачынаючымі пісьменнікамі» тады лічыліся ўсе, каму менш за 36 год і ледзь не да 60-ці ты лічыўся «маладым». Як кажуць — смех і грэх. Памятаю, высветлілася, што ў Санкт-Пецярбурзе сярэдні ўзрост мясцовых пісьменнікаў 66 год. Яны былі вымушаны нават маладзёжную секцыю стварыць.

Я даведаўся пра піцерскі досвед, прывёз адтуль усе іх дакументы і прапанаваў стварыць нешта сваё. Тое, што адпавядае нашаму пакаленню. Так узніклі «Тутэйшыя». Юрыдычна мы былі пры Саюзе пісьменнікаў, аднак многія разумелі, што гэта толькі намінальна.

І не памыляліся, бо вельмі хутка мы выказалі пратэст кампартыі Беларусі і кіраўніцтву БССР, якое схавала наступствы Чарнобыля. І гэта была не незадаволенасць нейкай паўмаргінальнай тусоўкі, а афіцыйны юрыдычны дакумент афіцыйнай структуры. Быў травень 1988 года, і ўсе мы тады думалі, што проста не дойдзем дахаты, усіх перасадзяць.

Знакамітымі «Дзядамі» 1988 года для «Тутэйшых» усё і скончылася. Як толькі была пададзена заяўка, нас пачалі выклікаць у пракуратуру і мадэліраваць сітуацыю з забойствам людзей. Калі пра гэта даведаўся Анатоль Сідарэвіч, ён імгненна распаўсюдзіў інфармацыю на Бі-Бі-Сі, радыё «Свабода», «Нямецкай хвалі» і г.д. Хутчэй за ўсё, менавіта гэта і прадухіліла падрыхтаваную ўладамі крывавую правакацыю.

У гэты ж час я пачаў працаваць у ствараемым Мішам Кацюшэнкам (па загаду Масквы) часопісе «Крыніца». Калі ЦК КПБ прыслала туды рэдактарам Някляева, ён адразу зволіў некалькі чалавек. У тым ліку мяне, Паўла Якубовіча і Косцю Тарасава. Потым высветлілася, што ніякага партыйнага загаду «зверху» няма, што ініцыятыва цалкам асабістая, і Някляеву прыйшлося мяне і Якубовіча аднавіць.

На тых «Дзядах» паявіўся новы палітычны лідар — Зянон Пазняк, і стала зразумела, што астатнія творчыя людзі павінны адыйсці ў бок. Грамадства зрабілася іншым. З маімі палітычнымі арыенцірамі (перакананы анарха-індывідуаліст) у палітыцы новага часу больш не было чаго рабіць. Вабіла іншае.

Хацелася стварыць новую беларускую літаратуру, адкрыць новыя жанры. Наблізіць нашу літаратуру да кантэксту сусветнай. Напрыклад, у нас не было сваіх хайку (японскае трохрадкоўе), традыцый малявання коміксаў, не хапала беларускіх дэтэктываў. У якасці першага айчыннага комікса я зрабіў «Дзікае паляванне караля Стаха» і асабіста напісаў шэраг дэтэктываў. Апошнія так добра прадаваліся, што хутка прыйшлося адкрыць сваё выдавецтва і студыю па напісанню раманаў.

Тады быў час сапраўднага інфармацыйнага бума. Акрамя моды на публіцыстыку з’явіліся відэамагнітафоны і недаступнае раней амерыканскае кіно, з’явіліся раманы, якія раней не перакладаліся. Нарадзілася нейкая фенаменальная любоў да ўсяго, што раней было забаронена. Людзі з задавальненнем глядзелі фільмы жахаў, эротыку, трылеры і г.д. Раптам стала зразумела, што ў адрозненне ад палітычнай, сексуальную рэвалюцыю мы зробім дакладна.

Наша выдавецтва друкавала безліч усякай эратычнай прадукцыі і нават анекдоты на гэтую тэму. У студыі пісалі раманы па матывах кінасерыялаў. Таго ж 42-серыйнага «Твін Пікс», напрыклад. Усіх цікавіла, хто забіў Лору Палмер, і мы далі адказ. Я прыдумаў, як абагнаць тэлевізійны час, бо ў тыдзень яны паказвалі толькі дзве серыі. Трэба было хутка напісаць адпаведны раман, выдаць яго і прадаць. І мы гэта (з дапамогай сямі пісьменнікаў) зрабілі. Па нашай версіі Лору Палмер не забраў, як у фільме, касмічны Карлік, а проста забіў паганы шэрыф.

Спачатку мы вышлі на расійскі рынак, потым на замежныя, а потым амерыканцы сказалі, што яны супраць, каб рабіліся такія рэчы. Амерыканскі амбасадар прыйшоў да Шушкевіча, і нас даволі хутка пазбавілі ліцэнзіі.

А гісторыя была такая. Мы напісалі восем працягаў «Знесеных ветрам», а яны — толькі адзін. Амерыканскім праектам кіраваў Тэд Цёрнар, які выкупіў у Галівуда чорна-белы варыянт фільма, расфарбаваў яго і зрабіў двухтомны працяг — «Скарлет». Праект быў фінансава паспяховым.

Яны нават уявіць не маглі, што мы напісалі яшчэ восем кніг і пачалі іх таксама добра прадаваць. Амерыканцы думалі, што ўсе друкаваныя версіі іх бясконцых серыялаў (накшталт «Санта-Барбары») зробленыя ў іх, а тут раптам высветлілася, што ўсё напісана ў Мінску. Падняўся вэрхал.

Амерыканцы знялі пра мяне і брата кіно, а ўсе газеты надрукавалі адпаведныя артыкулы і нават карыкатуры. Потым пачалі біць свае, то бок беларусы. Маўляў, пірацтва, парушэнне аўтарскіх правоў, хаця, на мой погляд, ніякіх законаў я не парушаў. Перш за ўсё таму, што наша краіна да іх яшчэ не далучылася.

Ціск ператварыўся ў пазбаўленне нас ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць. Вялікія грошы перамаглі…

На дадзены момант асабіста мной напісана 29 кніжак, а наогул наша выдавецтва паспела выдаць каля шасці тысяч найменняў, дзе самыя вялікія наклады даходзілі да чатырох мільёнаў.

Асобна магу расказаць пра свае складаныя адносіны з вядомымі людзьмі, тыпу Пятра Садоўскага і Станіслава Шушкевіча, аднак гэта тэма для асобнай размовы. Зараз скажу толькі, што мае «правакацыі» не знаходзілі б чытача, калі б ён гэтага не хацеў чытаць, і ўсе мы не казалі б адзін пра аднаго розныя гадасці.

Аповед Адама Глобуса запісаў Аляксандр Тамковіч

Каментаваць