Праз Сібір і Канаду пяяць для Бацькаўшчыны

Гэтага спевака называлі другім Шаляпіным, пра яго пісалі газеты Аўстраліі, Вялікабрытаніі, ЗША, Італіі, Нямеччыны ды іншых краінаў. Аднак у Беларусі ён да сёння застаецца асобай малавядомай.



Пётра Конюх


Няма не толькі прысвечаных яму кніг, але і артыкулы можна пералічыць на пальцах. А між тым, ён праз усё жыццё пачуваўся беларусам, не хаваў свайго паходжання і марыў «пяяць для Бацькаўшчыны».

Нядаўна ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва з нью-ёркскага БІНіМа Лявонам Юрэвічам былі перададзеныя лісты таго самага спевака — Пётры Конюха. Лісты не толькі дадаюць новыя цікавыя факты да яго біяграфіі, але і проста ствараюць добрую нагоду, каб згадаць славутага суродзіча.

Пётра Конюх нарадзіўся 8 сакавіка 1910 года ў вёсцы Турэц (сёння Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці. Пра дзяцінства, калі ў юнака выявіўся надзвычайны голас, ён згадваў у размове з карэспандэнтам газеты «Бацькаўшчына» ў 1954 годзе:

«Змалку пасьвіў каровы. Не свае — чужыя. Трэба сказаць, што ўся сям’я была музыкальнай. Калі ў жніво, бывала, зацягнем песьню, усё поле пераставала працаваць. Летам даводзілася мне часта вадзіць коні на папас далёка за вёску — якіх 4 кілямэтры. Рабіць няма чаго, дык я пяю. А назаўтра бацькі расказваюць мне, што ўся вёска да поўначы прасядзела на прызьбе, слухаючы…

[…] Ужо ў юнацкія гады пачуў нястрымны пацяг да музыкі. У 16 гадоў меў нагоду ўступіць у аркестру. Граў на карнэце. Гэта й было першым пачаткам мае музычнае асьветы. Калі апынуўся ў войску, прынялі мяне ў палкавую аркестру. Больш за год гралі мы ў тэатры ў Быдгашчы. Вярнуўшыся дахаты, дырыгаваў духавой і струннай аркестрай. А часта зьбіраліся на вёсцы, каб проста папяяць […] Колькі разоў даводзілася пасядзець у гміннай «кутузцы» за беларускія песьні…» (Бацькаўшчына, № 17 (199). 02.05.1954)

Грошы Пётра Конюх зарабляў, працуючы экспертам па закупах ільну і канопляў для польскага войска, дзеля чаго скончыў адмысловыя курсы ў Вільні. На радзіме ён ажаніўся, нарадзіліся сын і дачка.

З пачаткам Другой сусветнай вайны ў жыцці спевака адбыліся істотныя змены. У 1941 годзе ён быў высланы ў Сібір, адкуль, як і тысячы іншых грамадзян Другой Рэчы Паспалітай, змог трапіць у Армію Андэрса. Прайшоў праз Іран, Ірак, Палесціну, Егіпет і апынуўся на Апенінскай паўвыспе. У бітве за Монтэ-Касіна быў паранены, пазней за ўдзел у ёй атрымаў адмысловы медаль і «Зорку Італіі».

Тады ж у Італіі Пётра Конюх змог распачаць прафесійнае навучанне музыцы:

«Папасьці на студыі памог мне выпадак. Аднаго разу ведамыя італьянскія артыстыя песьні (Neri й іншыя) выпадкова пачулі мой голас. Не чакаючы, яны пайшлі да Андэрса з просьбай пусьціць мяне на пробу ў Рымскі Teatro Reale. Доўга чакаць не давялося. Я дасюль яшчэ захоўваю пасьветку ў Teatro Reale, што гэткага галасавога матар’ялу яны яшчэ ня чулі. Пасьля гэтага стыпэндыю атрымаць было ўжо няцяжка. Праляцела пяць год. Тут надарылася нагода выступіць як Беларусу ў конкурсе песьні, дзе брала ўдзел 13 нацыянальнасьцяў. Я ўзяў другое месца. І вось, за «беларускасьць» выступу я згубіў стыпэндыю — «суседзі» пастараліся. Давялося прабівацца самому — цяжка было… Адна лекцыя ў прафэсара каштавала тысячы ліраў. Зарабляў, даваў лекцыі, але навукі ня кідаў. Урэшце, 27 лютага 1951 году я атрымаў дыплём з Akademia Mondialе degli Artisti e Professionisti з тытулам Cavaliere Academico. Аднак у меру магчымасьцяў і далей браў лекцыі ў ведамых рымскіх прафэсароў. Няраз пяяў ужо ў найбольшых залях Рыму — Castel Sant’ Angelo, Palazzo Barberini, Circolo Artistico…» (Бацькаўшчына. № 17 (199). 02.05.1954)

Менавіта ад таго часу, ад пачатку 1950-х гадоў, і захавалася ліставанне Пётры Конюха і Вітаўта Тумаша, які жыў ужо ў Нью-Ёрку. Трэба адзначыць, што тагачасныя суродзічы-эмігранты з павагай ставіліся да спевака і намагаліся яго падтрымоўваць. Пётру Конюха запрашалі для канцэртаў у розныя еўрапейскія краіны: Нямеччыну, Бельгію, Вялікабрытанію. Аднак фінансавае становішча спевака было даволі складаным. Ён вельмі хацеў трапіць у оперу, але больш як саракагадоваму немясцоваму самародку гэта аказалася вельмі складана зрабіць.

Партрэт Пётры Конха з дарчым надпісам а. Ч. Сіповічу. Лондан, 1954 г.

У лісце ад студзеня 1953 года Пётра Конюх пісаў:

«Дзякую за Вашу памяць аба мне. Атрымаў ад Вас картку з пажаданьнямі вясёлых сьвят, у якой так сама знайшоў 5 даляраў, за што шчыра дзякую. Можа калісь у прышласьці мне Бог паможа аддзякаваць дoбрым людзям.

Я да гэтага часу не магу ўла­дзіцца добра. Цяжка дастацца ў Оперу. Несамавітая канкурэнцыя, бо ў Італіі толькі можна зарабіць у Оперы. Канцэртамі і Радыямі зарабляю толькі на пражыцьцё і на навуку.

У сучасны мамэнт не магу наракаць, хоць зарабляю мало, але хапае на все неабходнае. У мяне месяц таму быў імпрызарыё з оперы Метрополітэну, слухаў мяне, запісваў мой рэпертуар, казаў, што будзя для мяне шукаць працы ў Амерыцы. Надто было б добра, каб выяхаць, бо тут можна навучыцца, але грошы трэба ехаць зарабляць да Вас. Мне, чужынцу, біз іх тут надта цяжка разпачаць кар’еру, гдзе не кінуся, то все трэба грошы. Можа з гэтага што і будзя, як удасцца, то ў гэтым годзе дабачымся ў New York.

Ня гэтак даўно награў восім песянь у Ватыканскім Радіо. Кс. Татарыновіч у каждые пятніцы а 18.30 пасля свое мовы пушчая адну а то і дзве песні».

Жадаючы дапамагчы таленавітаму спеваку, Вітаўт Тумаш, разам з іншымі амерыканскімі беларусамі вырашыў арганізаваць гастролі Пётры Конюха ў ЗША. З абмеркаваннем гэтага праекту звязаны наступны ліст:

«Рым, 11-9-1954.

Дарагі Прафэсар Тумаш!

Шчыра дзякую за ліст і турботы аба мне. Што да заработку з маіх канцэртаў у Амэрыцы, на гэта я зусім ні лічу і з Вашым праэктам у паўні згаджаюся. На першы раз маяго побыту ў Амэрыцы добрым будзя, калі аплацім усе расходы. Тут усё безумоўна залежыць ад арганізацыі, і трэба пашукаць надто сведамаго чалавека ў гэтым кірунку, каторы бы ні пашкадаваў свае працы і здольнасьці ў сарганізацыі, бо іначай ніварто пачынаць, бо толькі наразімся на страты. Я насібе бяру толькі вакальную частку па за чым усе будзе спачываць на Вашых сілах.

Што да рэпэртуару, то я маю прышыкованы як оперныя, так жа і народныя песні, менш-больш каля семідісці рэчаў, так само пяю на мовах як італійскай, рускай, украінскай, польскай, ангельскай, францускай і нямецкай. Ніскажу, што я гэтыя ўсе мовы разумею добра, але рэчы каторые спеваю, то прыгатованы добра.

Я думаю, калі пойдзя добра, то будзям магчы так само арганізаваць ні толькі для публікі беларускай, але так само і для другіх нацый «канцэрты інтэрнацыянальные».

Дарагі Прафэсар, я даю сваю згоду, а Вы думайце і рабеце, як Вы прыдбачваеце. Як гэта прынясе карысьць і есьць на часе для нашае агульнае беларускае справы, то старайтесе, а як есьць рызыка і малая надзея, то можа лепшым было б пачакаць яшчэ з год і абмеркаваць ляпей, каб мець большыя шанцы».

Няма звестак, чаму менавіта не атрымалася тады арганізаваць канцэрты Пётры Конюха ў ЗША, аднак дакладна вядома, што ўвосень 1956 года ён настала перабраўся ў гэтую краіну. Менавіта тут у 1958-м спявак пазнаёміўся з кіраўніком Хору данскіх казакаў Сяргеем Жаравым, і апошні запрасіў яго да сталай супрацы. У выніку, Пётра Конюх цягам 27 гадоў працаваў у тым славутым хоры. Штогод спявак ездзіў у еўрапейскія і нават сусветныя турнэ і з гэтых вандровак зноў дасылаў лісты свайму даўняму сябру Вітаўту Тумашу.

У 1959 годзе, відаць, адбылося адно з першых такіх канцэртных падарожжаў, з якога Пётра Конюх даслаў наступны ліст:

«Koln 17 XII 59

Дарагі Вітаўт!

Шлю табе і тваёй сямейцы мае найшчырэйшыя пажаданьні вясёлых Калядных сьвятаў і шчасьлівага Новага 1960 году.

У заўтра 18.ХІІ.59 адлятаем з Kolnа ў Бэрлін і так кожны дзень. Жыцьцё праходзіць, як кажуць, на калёсах.

У гэтым турнэ яшчэ будзям у Францыі, Бельгіі, Галяндыі і Англіі, варочаемся ў USA на пачатку сакавіка.

Я чуюся надта добра, у гэтым годзе таксама награлі чатыры нямецкіх песьні на кружэлкі. Гэта ўсё. Пішы, што ў цябе чуваць, як задаволяны з машыны. 13.ХІІ 59 апошні мелі канцэрт у Munchenie, бачыўся з беларусамі з каторымі надта прыемна правёў час.

Бывай здароў

Твой Пётра»

Ліст Пётры Конюха да Вітаўта Тумаша. Захоўваецца ў БДАМЛМ

Паспяховая канцэртная дзейнасць разам з Хорам Жарава прыносіла Пётры Конюху не толькі славу, але і грошы. У яго з’явілася ўласная студыя ў Гамбургу, дзе ён мог працаваць самастойна без хору. А яшчэ ў яго з’явілася магчымасць аддзячыць сябры Вітаўту Тумашу за тую дапамогу, якую ён даваў у цяжкія для спевака часы. У кожным сваім еўрапейскім турнэ Пётра Конюх выконваў адмысловую «кніжную» місію, шукаючы паводле замовы кіраўніка БІНіМа тыя ці іншыя беларускія кнігі. Згадкі пра гэта прысутнічаюць у лістах, таксама як і звесткі пра кантакты з тымі ці іншымі беларусамі, ды цікавасць да беларускіх справаў:

«Гамбург 19-IV-68

Дарагі Доктар!

Шчыра табе дзякую за твой ліст, а такжа за тваю ўслугу, што да маіх рэчаў. Спадарыні Навіцкай я сягодня таксама напісаў.

Пасля турнэ я рашыў астацца ў Гамбургу, штосьці ніцягня мяне ў гэтае пекла Ню-Ёрк. Тут я маю маленькае студыё і патрошкі нават зарабляю. Да Ню-Ёрку вярнуся якога 15-VIIІ-68, а можа і трохі раней.

Вельмі хочацца паглядзець на выстаўку Скарыны.

Дарагі Вітаўт, я аж думцы, браток, радуюся, што твая выбраная праца (што да Др. Скарыны) дала так вялікі плён. Ты гэтым зрабіў для Бацькаўшчыны больш, як мы ўсе на эміграцыі. Я асабіста шлю табе мае найлепшыя ўзнаньні і жадаю ад усяе мае душы быць другім нашым Скарыною, а першым Др. Тумашам. Я знаю, што ты гэтым ёсьць і будзяш. Я, братка, пакуль што мушу працаваць на казакоў, бо ня бачу другога выхаду, але пакуль што не заламаўся і веру ў свае сілы. Учора вярнуўся ад [Алеся] Карповіча, быў у яго два дні, ён таксама напісаў добрую музыку пад загалоўкам «Зубры», так што працы ёсьць много і штонібудзь напэўно награям.

З дому атрымаў лісты, усё пастарому, памагаць як заўсёды трэба, але ўжо якось даюць сабе рады.

Пішы, браток, можа ў чым магу табе памагчы, нісаромяйся, бо ты мне першы памагаў, чаго ніяк німагу забыць.

Будзь здароў

Твой Пётра»

«Гамбург 31-ІІІ-69

Добры дзень, Вітаўт!

Хацеў бы пачуць, што добраго ў цябе, а таксамо што чуваць на беларускім фроньце. У мяне нічога цікавага. 23-ІІІ-69 закончылі турнэ, хор вярнуўся ў USA, а я пакуль што астаўся ў Гамбургу. Як надоўга яшчэ не рашыў, залежыць, як пайдуць мае справы.

У гэтым сэзоне с хорам Жарава награў на кружэлку «Магутны Божа» Равенскага, думаю, што на восянь ужо будуць у продажы.

Калі маяш з банку да мяне ліст, то будзь ласкаў, перашлі мне яго.

З нагоды Вялікодных Сьвят шлю табе і тваёй сямьі мае найлепшыя пажаданьні.

Будзь здароў

Твой Пётра»

«Amsterdam 15-5-70

Дарагі Вітаўт!

Хачу цябе запытаць, ці німаяш для мяне ліста із банку.

Калі-бы яно было то прашу, будзь ласкаў перашлі мне яго. Мне яно будзя патрэбно для адчоту.

У сучасны мамэнт сядзім на эрадроме в Амстэрдаме, чакаям на самалёт, адлятаям у Нарвэгію, у Осло і Штакгольм у Швэцыю. Шкадую, што ў гэтым сызоне ні будзям у Гішпаніі, а так бы меў бы нагоду пабачыцца з тваім сынам.

Пасьля турнэ я застануся на нейкі час у Еўропе. 21-ІІ-70 буду в Парыжы. Пастараюся бачыцца с [Міколам] Абрамчыкам, кажуць, што ён моцна хворы, калі нісможа ён прыйсці на канцэрт, то я пастараюся яго наведаць.

Што чуваць у цябе добраго? Калібы мог чымсь табе прыслужыць, то пішы. Прывітаньні для ўсёй тваёй сям’і.

З пашанай

Твой Пётра»

«25-І-72

Дарагі Вітаўт!

Шчыра дзякуй за ліст. У мяне ўсё ідзе добра, у сучасны мамэнт находзімся ў Галяндыі, канцэрты праходзяць зь велькім посьпехам, мэнаджар нават мусіў на цэлы месяц прадоўжыць турнэ. Так што вярнуся ў Нью-Ёрк трохі пазьней, як думаў.

Так само дзякую за перасланы ліст з банку. Ён мне патрэбны для адчоту пры налогах.

Ты пішаш, што я шчасьлівы. Хто ведая? Можа гэта тваё шчасьце, бо фактычна гэта была твая ідэя, але галоўнае, што выйгралі.

Перасылаю гэты чэк табе і прашу цябе вельмі, зрэалізуй яго і будзь ласкаў разьдзялі грошы напалам, палавіну дай на кніжку Спд. Арсеньневай, а палавіну на зборнік песянь Спд. Зубковіч.

Што да тэйпрэкордэра, то я раджу купіць у Нью-Ёрку, я маю артыстычную лігітымацыю, і па гэтым дакумэнце пры куплі гэтых апаратаў маю ўсюды 20% скідку, так што найлепш зачакай.

З дому маю весткі нікепскія, дзеці ўжо ўладзіліся ў г. Стоўбцах, працуюць яко настаўнікі. Вось гэта і ўсё. Будзь здароў, прывітаньні ўсёй тваёй сям’і. Твой Пётра.

Пры нагодзе перашлі паквітаваньне ў Club Pahonia ў Canadzie».

«Бэрлін 25-ІІІ-72

Дарагі Вітаўт!

Дзякую за ліст і за ўсе турботы, што табе прычыніў. У сучасны мамэнт мы ў Бэрліне. Пры гэтай нагодзе хацеў табе купіць твае кніжкі, казкі і апавяданьні, у кнігарнях Заходняга Бэрліну іх ні найшоў. Я званіў у Усходні Бэрлін па тваяму адрэсу. То адну найшоў 108 Berlin Leipzigerstr 3-4 13-15 і другую Glinka str «Belorussische Erzahier».

28-ІІІ-72 наша турнэ канчаецца. Я астануся на які месяц у Гамбургу і праз кнігарню гэтые кніжкі выпішу і асабіста іх у маі месяцы табе прывязу.

Жадаю табе і тваёй сямьі Вясёлых Вялікодных сьвят

Твой Пётра»

«15-ХІІ-72

Добры дзень дарагі Вітаўт!

Што добрага каля цябе, як праходзіць жыцьцё, якіе навіны ў беларускім жыцьці? Калі будзяш месць нагоду і ахвоту, то чаркані пару слоў.

У маім турнэ ў гэтым сэзоне зайшлі малыя перамены, а каторых хачу цябе таксама паведаміць. Отож Еврапэйскаё турнэ канчаецца 16-ІІ-73 і потым пачынаем Японію, Аўстралію і Новую Зеландыю. Канчаем турнэ 20-IV-73 пасьля чаго хор варочаецца да Амэрыкі, я вярнуся да Гамбургу. Да Нью-Ёрку вярнуся ў канцы лета. Калі ты бы меў што-нібудзь залатвіць у гэтых краінах, то пішы, буду рад для цябе ўслужыць. Калі будзе ка мне якаясь почта, то калі ласка перашлі ўсё на Гамбург.

Будзь здароў

Твой Пётра»

У 1975 годзе ў жыцці Пётры Конюха адбылася надзвычай важная падзея — ён змог спаткацца з сям’ёй, што засталася на Бацькаўшчыне. Незадоўга да спаткання спявак пісаў:

«Гамбург 3-ХІІ-74

Дарагі Вітаўт!

Шчыры дзякуй за ліст і фота (хай цябе Бог беражэ) напраўды ўдалая.

У мяне ўсё ідзе сваім чарадом добра.

Што тычыцца маяго конта, то я на даўжэй яго нібуду прадаўжаць. У мяне прадбачыцца вялікая сустрэча ў маімі сёстрамі, а такжа дзецьмі і жонкаю. Гэтая сустрэча шыкуяцца ў Польшы, прыблізна 20-VI-75. Так што гэтыя грошы лепш як будуць на бягучым конце, яны напэўна будуць для мяне патрэбны.

Што тычыцца да тваіх кніжок (сказкаў), то іх ужо ў каталёгу няма, але добра ты зрабіў, што падаў дакладны адрэс, кнігарня іх заказала 27-ХІ-74 за якіе тры тыдні павінны прыйсьці, як атрымаю, то адразу звычайнаю почтаю табе іх перашлю.

Я яшчэ маіх рэчаў табе ня высылаў, але ўжо ўсё маю запакована, хачу іх выслаць так, каб яны прыйшлі в NY тады, як і я прыеду. Я вярнуся ў пачатку марта.

Ці пісала Алена? Калі што патрэбна то пішы. У сучасны мамэнт зарабляю нікепска. У гэтым сызоне забралі трох маіх вучняў у тэатр так, што я ўжо ім не патрэбян, маюць у тэатры маэстраў лепшых за мяне.

Што тычыцца маяго награня кружэлкі, то прызнаюся, што баюся рашыцца на гэта, вельмі дорага, але як за гэтые яшчэ 2 месяца мне ўдасца зарабіць добра, то можа рашуся. У гэтым годзе каштуя награньне кружэлкі многа даражэй, як у 1973. Скажу што цяпер у Эўропе на мой пагляд усё каштуя больш, як у Амэрыцы.

Доллар каштуя купіць 2,50 DM а прадаць 2,40 DM. Дакаціліся.

Прывітаньні Русакам. Жадаю ім вясёлых Калядніх сьвят і Шчасьлівага Новага 1975 г.

Будзь здароў

Твой Пётра

С Карповічам гаварыў па тэлефону, посьле Новага году прыедзе ка мне ў Гамбург напэўна і а табе ўспамянём».

Падрабязней пра спатканне вядома ад дзяцей Пётры Конюха: Лёвы і Галіны. У 2009 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» быў зняты дакументальны фільм, прысвечаны спеваку, дзе яго нашчадкі згадвалі сустрэчу з бацькам.

Нягледзячы на смутак па сям’і, Пётра Конюх так і не вярнуўся на радзіму. Ён працягваў працу з хорам да пачатку 1980-х гадоў.

«Кoln 15-ХІ-76

Добры дзень дарагі Вітаўт!

Здаецца, як учора з вамі ўсімі пажагнаўся, а ўжо трэцяя часьць турнэ праляцела.

У мяне браток нічога новага. Канцэрты, праходзяць вельмі добра. Жараў ужо на наступны сэзон даў сваю згоду, мне асабіста здаецца, што ён гэтаго не адолее, вельмі моцна кашляе.

Я чуюся надта добра, паю тоўста і моцна.

З дому меў ад сына ліст, з Вены выслаў пачку, патроху для ўсіх, ці застануся пасьля турнэ в Вене, яшчэ ні знаю, можа разам з хорам у сакавіку вярнуся в Нью-Ёрк, калі маяш якіе патрэбы то пішы.

Я яшчэ раз вам ўсім вельмі ўдзячны за так прыяцельскіе мае провады ў Еўропу.

Будзь ласкаў, прывітай ад мяне Русакоў і сваю сям’ю.

Твой Пётра».

Магіла Пётры Конюха на беларускім могільніку ў Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі, ЗША)

У БДАМЛМ захоўваюцца 24 лісты і паштоўкі, напісаныя ад 17 снежня 1959 года да 5 сакавіка 1977 года. Магчыма, былі лісты і пазней, але на пачатку 1980-х ліставанне, відавочна, спынілася праз хваробу Вітаўта Тумаша. Пётра Конюх жа працягваў браць удзел у беларускім жыцці амаль да канца свайго жыцця. Ён памёр у Канадзе 14 ліпеня 1994 года і пахаваны на беларускім могільніку ў Іст-Брансвіку (Нью-Джэрсі, ЗША), тамсама, дзе і ягоны сябра.

Частку сваіх дакументаў і кружэлкі з запісамі спявак перадаў яшчэ пры жыцці сваім дзецям. Аднаўленне ж поўнай біяграфіі Пётры Конюха, асэнсаванне яго месца ў сусветнай музычнай культуры — яшчэ наперадзе. Таксама варта было б выдаць адмысловы дыск з песнямі ў выкананні Пётры Конюха, як выйшлі некалькі дыскі іншых эмігрантаў: Міколы Равенскага, Міхася Забэйды-Суміцкага. Прадстаўленыя ж тут і захаваныя ў БДАМЛМ лісты дадаюць каштоўныя дэталі да вобразу гэтага дзеяча.

Каментаваць