Раіса Міхайлоўская

З вялікай павагай стаўлюся да ўсіх без выключэння сучасных беларускіх праваабаронцаў, але ёсць сярод іх тыя, чые імёны і справы застаюцца па-за нашай увагай. Па той прычыне, што яны найперш сканцэнтраваны на справе, цалкам ігнаруючы піяр. Адна з іх — гераіня гэтага нарыса.



Еўрапейскі пачатак

Раіса Міхайлоўская нарадзілася ў Клайпедзе — горадзе, які зараз знаходзіцца на тэрыторыі ЕС. Менавіта ў Літве пазнаёміліся і пабраліся шлюбам яе бацькі, а 3 сакавіка 1960 года ў іх нарадзілася другая дачка Раіса (першая — Святлана — на тры гады старэйшая).

Пётр Машэраў, які на той час быў другім сакратаром ЦК КПБ, называў яе бацьку «вусаты танкіст». Пазнаёміліся яны падчас дастаткова драматычных падзей, абумоўленых масавым скарачэннем арміі, найперш танкавых частак, якое ініцыяваў напачатку 1960-х гадоў Мікіта Хрушчоў. Пад гэта скарачэнне трапіў і бацька Раісы — танкіст, капітан Канстанцін Гумераў. Зачэпкай для яго скарачэння магла стаць і графа ў анкеце, дзе ён шчыра напісаў, што яго бацька (дзед Раісы) быў асуджаны як «вораг народа».

Пад хрушчоўскае скарачэнне арміі трапілі тысячы афіцэраў. Мінск, які заўсёды лічыўся вельмі прывабным для вайскоўцаў, гэта адчуў вельмі хутка. Міністэрства абароны перакінула вырашэнне праблем звольненых вайскоўцаў на «цывільных». З групай прадстаўнікоў пацярпелых вайскоўцаў, у якую ўваходзіў і Канстанцін Гумераў, сустрэўся Пётр Машэраў. У выніку ў Завадскім раёне Мінска вайскоўцам выдзелілі дом. Так бацькі Раісы апынуліся ў Беларусі.

Беларускі працяг

Маці Раісы Міхайлоўскай Ірына Іванаўна Канаш родам з Калядзічаў, што пад Мінскам, так што для яе кватэра ў беларускай сталіцы азначала фактычнае вяртанне на сваю радзіму. Родным горад стаў і для самой Раісы, у які яна трапіла трохмесячным немаўлём.

Завадскі раён — адзін з самых пралетарскіх у Мінску. Адпаведны быў і кантынгент вучняў сярэдняй школы №43, якую скончыла Раіса. Аднак, нягледзячы ні на што, школьныя гады Раіса лічыць сапраўды цудоўнымі.

Зімой яны працавалі на мінскім падшыпнікавым заводзе (шліфавалі палачкі для сцяжкоў), зараблялі грошы на экскурсійны аўтобус, а летам амаль цэлы месяц ездзілі па літаратурных мясцінах: Ясная Паляна, Спаскае-Лутавінава, Чэхава, Меліхава, Кішынёў, Адэса... Пагадзіцеся, не кожны элітны клас можа пахваліцца такімі вандроўкамі.

Усе аднакласнікі Раісы Міхайлоўскай сталі паважанымі людзьмі. Ёсць сярод іх банкіры, бізнэсоўцы, інжынеры, настаўнікі, журналісты, юрысты.

Раіса заўсёды была лідарам. І адносна вучобы (выдатніца), і наконт грамадскай дзейнасці (камсорг класа). А галоўнае — афіцыйнае становішча цалкам адпавядала становішчу рэальнаму. Яе паважалі (і паважаюць зараз) і настаўнікі, і аднакласнікі. Пасля заканчэння школы на вечар сустрэчы выпускнікоў клас Раісы Міхайлоўскай доўгі час збіраўся амаль поўным складам. Дый цяпер многія аднакласнікі засталіся шчырымі і надзейнымі сябрамі.

У школе Раіса вельмі любіла матэматыку, таму выбар «мехмата» (вытворчае аддзяленне) БДУ ў 1977 годзе выглядае цалкам лагічна. У 1982 годзе першае працоўнае месца — малодшы навуковы супрацоўнік навукова-даследчай лабараторыі вылічальных сістэм Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Займалася распрацоўкай праграмных комплексаў і нават атрымала за гэта срэбны медаль ВДНГ СССР.

Потым была «Заходняя будаўніча-прамысловая біржа», дзе Раіса Міхайлоўская ў якасці інжынера-праграміста пачала займацца праграмным забеспячэннем.

Зараз Раіса ў другім шлюбе, адсюль і прозвішча Міхайлоўская. А першы быў падчас вучобы ў БДУ. На чацвёртым курсе Раіса выйшла замуж за свайго аднакурсніка Ігара. На жаль, іх шлюб распаўся, але яны змаглі захаваць цёплыя адносіны да самай яго смерці. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка Кацярына, якая некалькі гадоў таму нарадзіла прыгажуню Ульяну, а зусім нядаўна яшчэ і сына Цімура.

Праваабарончы паварот

Можна прывесці шмат прыкладаў, калі людзі кардынальна змяняюць сваё жыццё. Так адбылося і з Раісай Міхайлоўскай. Прычым, двойчы. У 1993 годзе яна перайшла на працу ў выдавецтва СП «Мока-Далфінг». Спачатку займалася камп’ютарнай вёрсткай і дызайнам, а праз год стала кіраўніком выдавецкага аддзела.

У 1995 годзе яе запрасілі на пасаду начальніка выдавецка-паліграфічнага аддзела ў другую вядомую фірму — «Красіка-Прынт», якая належала бізнэсоўцу Анатолю Красоўскаму. Таму самаму, які ў 1999 годзе трагічна знік разам з Віктарам Ганчаром.

1990-я гады не дарэмна называюць «ліхімі». Кватэрная афёра, ахвярай якой стала сястра Раісы, і пазнаёміла яе з праваабаронцам Алегам Волчакам. На той момант ён быў дэпутатам Мінскага гарсавета і як юрыст актыўна дапамагаў пацярпелым.

Хутка высветлілася, што па многіх падыходах да жыцця Алег і Раіса, як і шэраг іх калег, з’яўляюцца аднадумцамі. Так нарадзілася думка аб’яднацца ў праваабарончую структуру. Летам 1998 года прыхільнікі гэтай ідэі сабраліся на ўстаноўчы сход, а 10 верасня міністэрства юстыцыі зарэгістравала грамадскую арганізацыю «Прававая дапамога насельніцтву».

Калі чыноўнікі ўручалі юрыстам ліцэнзію на аказанне юрыдычнай дапамогі, яны шчыра віншавалі і бласлаўлялі іх на высакародную дзейнасць. Напэўна, у той час ніхто нават уявіць не мог, што праз пяць гадоў практычна гэтыя ж самыя людзі будуць (з дапамогай суда) пазбаўляць непадкантрольную ўладзе структуру афіцыйнай рэгістрацыі.

Раіса Міхайлоўская працавала ў «Прававой дапамозе насельніцтву» выканаўчым дырэктарам, была заснавальнікам і галоўным рэдактарам газеты «Грамадзянін і закон». Пры яе актыўным удзеле было выдадзена шмат бюлетэняў, кніжак і брашур па прававой тэматыцы.

У гэты ж час была створана грамадская камісія па расследаванню знікнення былога кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Захаранкі.

Такога кшталту дзейнасць патрабавала адпаведных ведаў, і цалкам лагічна, што Раіса пайшла вучыцца ў Мінскі інстытут кіравання на спецыяльнасць «Правазнаўства». Некалькі разоў потым выязджала за мяжу на адпаведныя курсы павышэння кваліфікацыі. Скончыла праваабарончыя курсы ў Варшаве, стажыравалася ў ЗША і праходзіла трэнінг у Канадзе.

Асобна трэба ўзгадаць стасункі гераіні гэтага нарыса з Ірынай Казулінай. Не буду пералічваць усе дзеянні Раісы па вызваленні Аляксандра Казуліна, але ўпэўнены, што яно адбылося дзякуючы ў тым ліку і таму, што за яго шчыра змагаліся такія людзі, як Раіса Міхайлоўская.

На ўласны досвед

У 2008 годзе выйшла замуж і з’ехала да мужа ў Швецыю, як казалі, «самая паэтычная праваабаронца» нашага часу Вера Страмкоўская. Перад ад’ездам яна прапанавала Раісе Міхайлоўскай узначаліць Цэнтр па правах чалавека. Тая пагадзілася, і кіравала ім да 2012 года.

Прынцыпова не буду ўлазіць у нейкія ўнутраныя разборкі і займаць канкрэтны бок. Адзначу толькі, што ўзяць структуру пад свой кантроль значна лягчэй, чым яе потым утрымаць.

У час прэзідэнцкіх выбараў 2010 года праваабаронца Раіса Міхайлоўская прыняла прапанову папрацаваць у юрыдычнай службе перадвыбарчага штаба Уладзіміра Някляева. Цалкам разумею гэты выбар лепшага паэта сучаснасці. Акрамя патрэбных юрыдычных ведаў у Міхайлоўскай быў і рэальны асабісты досвед.

Чатыры разы яна прымала ўдзел у выбарчых кампаніях іншых, а ў 2003 годзе паспрабавала стаць дэпутатам сама. Выпадак, калі за два дні да галасавання яе знялі за тое, што свой партрэт (ратуючы ад дажду) яна загарнула ў цэлафан, і гэтым перабольшыла фінансавыя сродкі, увайшоў ва ўсе маніторынгі таго часу.

Зноў не хачу некага пакрыўдзіць, але ў гэтым выпадку я з большага згодны з тымі, хто лічыць, што быць унутры кампаніі больш каштоўна, чым назіраць за кампаніяй выключна звонку. У дадзеным выпадку, нягледзячы на збіццё і арышт Уладзіміра Някляева, менавіта ўласны досвед дапамог Раісе скласці і падаць у Цэнтрвыбаркам ад імя арыштаваных кандыдатаў у прэзідэнты абгрунтаваную скаргу аб прызнанні выбараў несапраўднымі. І менавіта ўласны досвед быў карысным для Міхайлоўскай потым у арганізацыі дапамогі адвакатам і сваякам арыштаваных у снежні 2010-га.

Самаробныя «святцы»

У кастрычніку 2012 года пачаў сваю дзейнасць зарэгістраваны ў Літве «Беларускі дакументацыйны цэнтр», які стварыла і ўзначаліла Раіса Міхайлоўская. Рэч, на мой погляд, вельмі карысная і патрэбная. І каб наглядна даказаць гэтую выснову, я нагадаю пра сваю кніжную паліцу.

Побач на ёй стаяць дзве энцыклапедыі. Адна выдадзена да 1995 года, другая — у нашы часы. У першай — інфармацыя дастаткова поўная і аб’ектыўная, у другой — жудасна цэнзураваная, з яе старонак наогул зніклі біяграмы былога кіраўніка ўраду Міхаіла Чыгіра, шматгадовага кіраўніка прафсаюзаў Уладзіміра Ганчарыка.

Знайсці пад заваламі прапагандысцкай хлусні аб’ектыўныя дакументальныя сведчанні нашай эпохі, нашай барацьбы нашчадкам будзе дастаткова складана. Для таго ж, каб яны засталіся ўвогуле, і ствараюцца падобныя цэнтры.

Гэта вельмі важна, калі ў судах адвакаты пераканаўча бароняць дэмакратычных дзеячаў, але матэрыялы для іх рыхтуюць юрысты, якія скрупулёзна збіраюць патрэбныя дакументы і фіксуюць факты. Раіса Міхайлоўская менавіта з такіх.

Калі ішла работа над гэтым нарысам, у мае рукі трапіў самаробны часопіс «Мая сям’я». Некалькі гадоў таму 40 экземпляраў, зробленых рукамі Раісы Міхайлоўскай, былі раздадзены амаль усім яе сваякам. Гэта даволі грунтоўная радаслоўная іх сям’і.

Раіса там піша: «У старыя добрыя часы нашых дзядоў і прадзедаў перадавалася з пакалення ў пакаленне Евангелле, на палях якога запісвалася кароткая сямейная хроніка. Хто нарадзіўся, калі ажаніўся, калі памёр...»

Шкада, але сёння гэтых самаробных «святцаў» амаль няма. Асабліва ў палітыцы. А дарэмна, бо так больш цяжка ісці ўперад без памылак...

Каментаваць