Ірына Жыхар

Шчыра паважаю гэтую жанчыну за незвычайную мужнасць, бо далёка не кожны здольны дапамагаць іншым і адначасова пераадольваць сваю хваробу. Цалкам не згодны з тымі, хто называе жанчын «слабым полам». Часта яны мацней за самых моцных. Перш за ўсё, духам. Можа, менавіта таму Ірына Жыхар не толькі ўзначальвае раду Беларускай арганізацыі працоўных жанчын, але на працягу апошніх 10 гадоў жыцця ўдзельнічала ў стварэнні грамадскай ініцыятывы «За выратаванне мемарыяла Курапаты», потым — «За свабоднае веравызнанне».



Шчыра паважаю гэтую жанчыну за незвычайную мужнасць, бо далёка не кожны здольны дапамагаць іншым і адначасова пераадольваць сваю хваробу. Цалкам не згодны з тымі, хто называе жанчын «слабым полам». Часта яны мацней за самых моцных. Перш за ўсё, духам. Можа, менавіта таму Ірына Жыхар не толькі ўзначальвае раду Беларускай арганізацыі працоўных жанчын, але на працягу апошніх 10 гадоў жыцця ўдзельнічала ў стварэнні грамадскай ініцыятывы «За выратаванне мемарыяла Курапаты», потым — «За свабоднае веравызнанне». Зараз — грамадскага руху «Разам супраць рака».

Першыя выпрабаванні


Дазволю сабе пачаць з жарту самой Ірыны: «Як з’явілася на свет, я не памятаю». Таму даверымся пашпартным дадзеным: адбылося гэта 11 жніўня 1966 года ў Мінску.

Бацьку звалі Вячаслаў Аляксандравіч. Працаваў ён дырэктарам гандлёвай крамы. Маці, Любоў Міхайлаўна, вышэйшай адукацыі не мела, і таму працавала там жа, толькі простым касірам. На працы яны і пазнаёміліся.

Потым было вяселле, аднак разам яны пражылі менш за дзесяць гадоў, а скасавалі шлюб не таму, што ён даволі часта распускаў рукі. Не вытрымала Любоў Міхайлаўна іншага — здрады.

Адбылося гэта падчас будаўніцтва сям’ёй Жыхар жыллёвага кааператыву. Суд абавязаў былога мужа выплаціць значную частку «ўзносаў» і аддаць палову разам нажытай маёмасці.

Мякка кажучы, маці з дачкой прыйшлося складана. У кватэру плошчай 45 квадратных метраў давялося пусціць яшчэ чатырох кватарантаў. Любоў Міхайлаўна пачала працаваць на дзвюх працах адначасова. Нескладана ўявіць, што вольнага часу ў яе амаль не было, але Ірына часта бачыла маці з кніжкамі. Без іх яна не магла жыць. Гэта было як чыстае паветра.

На жаль, 5 красавіка 2010 года маці не стала, але дачцэ гэта мужная жанчына паспела перадаць як мінімум дзве рэчы — любоў да кніжак і моц, якая дазваляе перамагаць любыя жыццёвыя выпрабаванні.

Ракавая хімія

«Хіміцай» Ірына Жыхар стала, можна сказаць, выпадкова. Спачатку яна пайшла ў 47-ю школу, але той хутка надалі «спартыўны ўклон», са спецыялізацыяй «плаванне». Зразумела, што дзяцей туды сталі «адбіраць». Самае цікавае, што Іра гэтыя іспыты вытрымала, аднак «спартыўнай надзеяй краіны» станавіцца не пажадала, а перайшла ў іншую школу.

Дакладней, у 40-ю. Там быў «хімічны ўклон». Справа ў тым, што Ірына ў той час займалася спартовай гімнастыкай (яна больш падабалася маці, а не самой дзяўчынцы), але ў спорце расчаравалася і перайшла ў «народныя танцы».

У 40-й школе яна і ўбачыла, што бываюць настаўнікі ад Бога, і менавіта гэта потым значна паўплывала на яе лёс. І яшчэ адзін вельмі важны момант. Ірына была не толькі паспяховай вучаніцай, але і даволі прыкметнай грамадскай актывісткай. Так атрымалася, што камітэт камсамолу школы, сябрам якога яна была, па сутнасці стаў артыстычнай трупай школьнага тэатра. Іра дэбютавала ў ролі Дуэнні ў «Сірано дэ Бержэрак».

Зацікаўленасць тэатрам пазней праявілася і на педагагічным аддзяленні хімічнага факультэта БДУ, куды яна паступіла ў 1983 годзе. Адным з тых, хто пісаў сцэнары для іх спектакляў, быў вядомы сёння палітолаг Сяргей Нікалюк.

Праз некалькі дзён пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі чуткі пра яе маштабы дайшлі да людзей. Ірына Жыхар тады вучылася на трэцім курсе і бачыла, які шок быў у выпускнікоў. Тэрмінова адбылося пераразмеркаванне, і ўсіх «хімікаў» накіравалі ў «зону», з якой астатнія пачалі бегчы.

Не хочацца праводзіць нейкія паралелі, але без іх тут проста не абысціся. У савецкія часы, як і зараз, было прымусовае размеркаванне студэнтаў. Як і зараз, тыя, хто не хацеў выконваць загад «зверху», павінны былі (пра гэта тады казалі многія) вярнуць грошы, якія на іх навучанне патраціла дзяржава. Дазволіць сабе гэта Ірына Жыхар не магла, таму ў 1988 годзе паехала працаваць настаўніцай хіміі ў вёску Звяняцкае, якая знаходзіцца на мяжы Хойніцкага і Брагінскага раёнаў. Побач знаходзіўся магільнік радыеактыўных адходаў…

Калі яна зноў вярнулася ў Мінск і пачала працаваць у новай элітнай школе, што месціцца ў Серабранцы, намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы, Ірыне Жыхар было толькі 24 гады. Пага­дзіцеся, для «начальства» ўзрост вельмі сціплы.

У 1993 годзе яна паступіла ў аспірантуру Рэспубліканскага інстытута ўдасканалення настаўнікаў, які потым ператварыўся ў Акадэмію паслядыпломнай адукацыі і… захварэла. Гэта была першая «анкалогія».

Крокі ў «трэці сектар»

Дыягназ, які медыкі называюць метастазуючы рак калявушнай сліннай залозы, Ірына Жыхар даволі хутка перамагла. Нават не стала пралангаваць інваліднасць, якую ёй далі адразу пасля аперацыі. Зразумела, спатрэбіліся духоўная моц, незвычайная мужнасць і Божая дапамога, якая даецца толькі тым, хто не здаецца.

Не выпадкова, што менавіта на гэты перыяд жыцця прыходзіцца і пачатак яе грамадскай дзейнасці, бо даволі часта жыццёвыя выпрабаванні робяць нас больш уважлівымі да праблемаў іншых людзей.

Для Ірыны Жыхар яна пачалася з экалагічных праблемаў Ленінскага раёна беларускай сталіцы. Дакладней, з сустрэчы з тагачасным дырэктарам Лошыцкага парку Яўгенам Церахавым, які быў літаральна апантаны парадкам, чысцінёй і прыгажосцю свайго раёна.

Перабудова быццам бы разварушыла летаргічны сон беларускага грамадства. Паўсюль пачалі ўзнікаць нейкія незалежныя ініцыятывы, рухі, свабодныя прафсаюзы, страйкамы. Нават у школах. У тым ліку і там, дзе працавала Жыхар.

Улады, як і зараз, любое іншадумства адразу імкнуліся ўзяць пад асабісты кантроль і «прасоўвалі» туды «патрэбных» людзей. Так было і з дырэктаркай школы, але педагагічны калектыў адмовіў ёй у даверу. У страйкам абралі Ірыну Жыхар.

Абсалютна зразумела, што ў школе яе пачалі паціху «есці», асабліва пасля спробы ўнікнуць у прынцыпы размеркавання прэміяльнага фонду. Больш за тое, у 1995 годзе яна была таемна звольненая.

Потым была газета «Рабочы». Побач з рэдакцыяй месціўся офіс грамадскага аб’яднання «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын», таму цалкам лагічна, што неўзабаве яна стала і іх актывісткай. І неблагой мабыць, бо хутка Ірыну абралі намесніцай старшыні, а ў 2005 годзе яна стала лідарам гэтай структуры.

Прага свабоды

Менавіта там Ірына Жыхар і зразумела, што ў сучаснай Беларусі толькі «трэці сектар», толькі грамадская дзейнасць даюць чалавеку магчымасць адчуваць сябе сапраўды свабодным, адказным за сваю справу.

Гісторыя стварэння Беларускай арганізацыі працоўных жанчын тыповая для нашага часу. Пасля страйку на мінскім метро (жнівень 1995 года) выйшаў указ аб часовым спыненні дзейнасці свабодных прафсаюзаў. Ну а паколькі іх праца была абсалютна празрыстай для наймальнікаў, ціск быў арганізаваны пад абвінавачванне ў «тэрарыстычнай дзейнасці». Першымі ад яго пацярпелі жанчыны.

З аднаго боку, яны былі вымушаныя сысці са свабоднага прафсаюзу, з другога — хацелі захаваць сваю арганізацыю, бо ўжо адчулі ўсе перавагі грамадскага самакіравання. Так узнікла грамадскае аб’яднанне «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын».

Сёння ў арганізацыі — 270 сябраў. Яе дзейнасць цалкам перафарматавана. Калі раней усе ініцыятывы ішлі «зверху» (звычка савецкіх часоў), то зараз — «знізу». Людзі перастаюць быць статыстамі і пачынаюць усведамляць, якую сацыяльную карысць з дапамогай грамадскай арганізацыі яны могуць прынесці.

Канкрэтным прыкладам тут можа быць сама Ірына Жыхар. У 2008 годзе ў яе зноў быў дыягнаставаны рак, на гэты раз — малочнай залозы. Усе зразумелі, калі б яна, як кажуць, сышла ў цень. Наадварот. Ірына не толькі не хавае сваёй хваробы, але імкнецца дапамагчы іншым.

Адным з накірункаў дзейнасці яе арганізацыі стала прафілактыка гэтай хваробы на ўсіх узроўнях. Кампанія «Экалагічны прыгавор» — прысвечана правільнаму выбару прадуктаў харчавання, кампаніі «Здаровы лад жыцця», «Супраць рака малочнай залозы» — шляхам, спосабам уласнага супрацьстаяння раку, мабілізацыі ўсіх рэсурсаў арганізма на яго пераадоленне. Нават «кіно» пра галоўнага мамолага Мінздрава краіны папулярызавалі. Больш за тое, Ірыны Жыхар асабіста напісала распаўсюджаны потым па ўсёй Беларусі «Жывы ліст», дзе не толькі расказала сваю гісторыю, але і давала другім людзям надзею на будучыню. Праца па сацыяльнай рэабілітацыі анкалагічна хворых людзей і іх блізкіх зараз становіцца галоўнай справай жыцця Ірыны.

Падкантрольная «лібералізацыя»

Маладыя б сказалі, што «трэці сектар» апошнім часам «колбасит», і цалкам мелі б рацыю. Справа ў тым, што беларускія ўлады добра разумеюць, што нягледзячы на «піраву» перамогу, якой ім удалося дабіцца зараз, рана альбо позна давядзецца мець справы з «трэцім сектарам».

Некаторыя лічаць, для гэтага і быў створаны Грамадскі кансультацыйны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта, які ўзначальвае Уладзімір Макей. Тлумачыцца тут усё вельмі проста і банальна — патрэбныя еўрапейскія грошы.

Пачалося ўсё з таго, што пасля першага форума «Усходняга партнёрства» было прынятае рашэнне, што на перамовах паміж нацыянальнымі ўрадамі і Еўропай (каб ведаць, што адбываецца) павінны прысутнічаць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Калі беларускія ўлады ўбачылі там незалежны «трэці сектар», адразу паставілі ўмову, каб іх больш не было. Самае сумнае, што Еўропа на такое пайшла.

На другім форуме на гэтую палітычную анамалію звярнулі ўвагу ўсе, і стала ясна, што да новай сустрэчы відавочны нонсенс не дажыве. Адсюль і імкненне зрабіць «правільную» грамадскасць. Тую, з якой працуе нават дзяржава.

Лагічна, што ўсе, хто супраць падмены рэальнага грамадскага сектара, аўтаматычна становяцца «няправільнымі». Сярод іх і Ірына Жыхар, бо яна ўсё сваё жыццё імкнецца да сапраўднай свабоды і ўласнай адказнасці перад Богам.
 

Каментаваць