Рок-князёўна Кася Камоцкая

У дзяцінстве любімай гульнёй Касі былі «партызаны». Дзеці лезлі пад стол, накрыты шчыльным абрусам. Гэта была «зямлянка». Туды ставілі самавар вады, акрайчык хлеба і салонку з соллю. Часам рабілі вылазкі да акна...



Фота з архіва Касі Камоцкай


Песні дзяцінства

Магчыма, некаторым гэта падасца даволі спрэчным, але сама Кася Камоцкая прынцыпова лічыць, што чалавек спачатку пачынае спяваць, а потым размаўляць. І не толькі калі дзіця плача. Яе «першая песня» прагучала 22 чэрвеня 1963 года ў адным з мінскіх раддомаў.

Маці будучай спявачкі — Ада Яўгенаўна і бацька — Альфрэд Васільевіч пазнаёміліся яшчэ ў дзяцінстве. Сябравалі. Разам сталі студэнтамі фізфаку БДУ. Вучыліся разам са Станіславам Шушкевічам. Бацька потым увесь час з ім працаваў ва ўніверсітэце. Маці, калі зразумела, што фізіка — гэта не яе, перайшла на тэлебачанне. Спачатку вяла навукова-папулярныя перадачы, потым жаночыя. Працавала там вельмі доўга.

Прозвішча бацькоў — Чалей. Вельмі распаўсюджанае. Перш за ўсё на Беласточчыне. Зразумела, што яно было і дзявочым Касі, чыё імя з'яўляецца старажытным беларускім сінонімам больш вядомай Кацярыны.

Кася Камоцкая з маці

Бацькоўскі дом Касі (яшчэ Чалей) месціцца на галоўным праспекце беларускай сталіцы, насупраць цырка. Яго будавалі палонныя немцы. Раней там месціліся камуналкі.

З самага дзяцінства жыццёвыя прыярытэты Касі былі крыху змешчаны ў бок «моцнага полу». У футбол дзяўчынка не гуляла, але лялькі заўсёды разбірала на анатамічныя запчасткі.

Самай важнай гульнёй для яе былі «партызаны». Сутнасць у наступным. Дзеці лезлі пад стол. Стол накрывалі шчыльным абрусам. Гэта была «зямлянка». Туды ставілі амаль вядзёрны самавар вады, акрайчык хлеба і салонку з соллю.

Часам рабіліся вылазкі — паўзком да бліжэйшага акна. Мабыць, нешта ў гэтым адпавядала рэчаіснасці, таму што маці Касі са сваімі бацькамі сапраўды была ў партызанах, і хутчэй за ўсё, за дзіцячай гульнёй стаялі ўспаміны.

У «партызаны» Кася гуляла толькі ўдзвюх з сяброўкай Кацяй. Дзяўчаткі нікога не палохалі цацачнай зброяй, не бралі ў палон. Проста сядзелі пад сталом і пілі ваду з хлебам.

Яшчэ яны любілі праехацца на каньках па паркеце (калідор быў доўгім), што ў іншых жыхароў камуналкі не выклікала ніякіх пытанняў. Ніхто не звяртаў увагі, што робіцца з паркетам. «Нічыйная» тэрыторыя нікога не хвалявала.

Касіна дзяцінства

Потым была СШ №24, што спецыялізавалася на нямецкай мове, якая ў Камоцкай даволі неблагая і зараз. Настолькі, што дазваляе чытаць нямецкія тэксты не карыстаючыся слоўнікам.

І ўвогуле, вучылася дзяўчынка ў школе добра. У атэстаце было толькі некалькі чацвёрак. Адна з іх па фізіцы, дарэчы. Настаўнік вельмі здзіўляўся: бацька з маці — фізікі, а дачка пайшла не ў іх.

Пасля школы вырашыла паступаць на гістфак БДУ. Чаму? Адказ вельмі рацыянальны. Як тлумачыць сама Кася, на той час яна была вельмі хітрая. Прыйшла ў БДУ і паглядзела, куды трэба паступаць, каб не было ніякіх лабараторных, кантрольных і г.д. Таму і абрала гістарычны факультэт. Маўляў, галоўнае — вывучыць даты, а ўсё астатняе — «бла-бла-бла». Звычайная гаворка.

Пра той выбар не шкадуе па гэты дзень, хаця ніколі сур’ёзна і не захаплялася гісторыяй. Проста некаторыя рэчы з таго часу сталі больш яснымі і асэнсаванымі.

Яна ўвогуле лічыла, што вучыцца — глупства. А паступіць вырашыла, каб быць «як усе». З яе класа без вышэйшай адукацыі засталіся толькі два чалавекі.

Пасля сканчэння ў 1985 годзе БДУ Кася, ужо Камоцкая (выйшла замуж) адразу ж перайшла ў аспірантуру ўніверсітэта, бо з трэцяга курсу ў яе ўжо была іншая спецыялізацыя. Зараз гэта называецца паліталогіяй, а раней было навуковым камунізмам.

Касіна юнацтва

Калі б абаранілася, стала б кандыдатам філасофскіх навук. Але жыццё змянілася, і сэнсу ў навуковых рэгаліях у тыя (другая палова васьмідзесятых) часы амаль ніякага ўжо не было.

Ведаю, што многія ставяцца да навуковага камунізму вельмі скептычна. Маўляў, цяжка вывучаць навуку, якой не існуе. Не буду ні з кім спрачацца, адзначу толькі, што Касі вельмі пашанцавала з выкладчыкамі. Выкладаючы навуковы камунізм, яны расказвалі дзіўныя рэчы. Напрыклад, пра Кастуся Каліноўскага.

А Адам Пятровіч Мельнікаў вельмі сур’ёзна ілюстраваў свае тэзісы прыкладамі з твораў Васіля Быкава, якія нават «беларуская нацыяналістка» Камоцкая на той час не чытала.

Пасля аспірантуры (скончыла ў 1988 годзе) Камоцкую размеркавалі ў сацыялагічную лабараторыю пры БДУ, аднак працавала яна там кароткі час. Сваё ўзяў рок.

Першая князёўна

На гітары Кася Камоцкая навучылася граць яшчэ ў дзяцінстве. Самастойна. У музычную школу яе банальна не прынялі. Сказалі — не падыходзіць. Пазней не раз дзякавала за гэта лёс — шкада дзяцей, якія пасля заняткаў у звычайнай школе яшчэ і займаюцца «музыкай».

Пра ўсе акалічнасці яе знаёмства, вяселля і сумеснай творчасці з Алесем Камоцкім напісана шмат і даволі падрабязна, таму паўтараць яшчэ раз — няма сэнсу. Адзначу толькі, што сямейны дуэт доўга не пратрымаўся, бо ў іх былі цалкам розныя галасы.

І яшчэ. Ад гэтага шлюбу нарадзілася дачка. Таксама Кася.

Маладая мама

Неўзабаве, Кася Камоцкая (старэйшая) пачала спяваць адна. Каб зрабіць запіс на радыё, муж параіў ёй свайго гітарыста Лявона Шырына. Так пачалося «Новае неба», якое спачатку было цалкам акустычным — дзве гітары, віяланчэль і скрыпка. Потым з’явіліся і электрычныя інструменты.

Дэбютны альбом называўся «Дзеці чорнага гораду». З’явіўся ён у 1991 годзе і хутка стаў класікай беларускай нацыянальнай песні.

У гэтым жа годзе распаўся шлюб Камоцкіх. Каб вярнуць дзявочае прозвішча, трэба было зноў звярнуцца ў ЗАГС, аднак зрабіць гэта яна банальна забылася, а ў 2000 годзе, калі Кася другі раз выходзіла замуж за рэжысёра дакументальнага кіно Віктара Корзуна, высветлілася, што яна афіцыйна не разведзеная, бо адразу пасля разводу не атрымала пасведчанне аб скасаванні шлюбу...

У той час (як і зараз) немагчыма было адначасова быць непрыдворным спеваком і працаваць у дзяржаўнай структуры. Нават у сацыялагічнай лабараторыі.

Прыйшлося звальняцца «па асабістым жаданні». Спачатку Кася Камоцкая была на «вольных хлябах», а потым пайшла працаваць у часопіс «Спадчына», дзе з большасці займалася перакладамі з польскай мовы на беларускую.

З дачкой Касяй

Дарэчы, польскую мову яна нідзе не вывучала. Тая прыйшла «сама па сабе». Вельмі дапамагаў Кастусь Тарасаў. Перакладала гістарычныя метрыкі.

Калектыў падабраўся проста цудоўны — Вячорка, Ракіцкі, Чаропка і г.д. Словам, усе свае.

Было гэта ў перыяд чарговай адлігі, і неўзабаве яе ў складзе гурта «Новае неба» запрасілі працаваць у «Белканцэрце» пры філармоніі. Адпаведны запіс захаваўся ў працоўнай кніжцы па наш дзень.

Так і запісана — салістка-вакалістка другой катэгорыі. Чаму не першай? Таму што не было музычнай адукацыі. Каб атрымаць першую катэгорыю, трэба было прайсці пэўную атэстацыю. Як чалавек па прыродзе не амбіцыйны, Кася з задавальненнем пагадзілася і на другую.

Мякка кажучы, гурт «Новае неба» не зусім адпавядаў «класічнаму» профілю «Белканцэрту», таму выступленняў у «музыкаў бунту» амаль не было. За што іх вельмі жорстка крытыкавалі.

Выратоўваў (царства яму нябеснае) аўтарытэтны Віктар Вуячыч. Заўжды падымаўся і з пафасам казаў — маладыя групы павінны быць у творчым пошуку. З «Новым небам» заключалі кантракт на наступны год...

Пратрымалася Кася Камоцкая там даволі доўга, і нават калі прыйшоў Лукашэнка, яе не адразу звольнілі.

У сённяшняй сітуацыі такое немагчыма па вызначэнні.

12 студзеня 1995 года ў Мінскім Альтэрнатыўным тэатры адбылася першая «Рок-каранацыя». Ініцыявалі яе правядзенне музычны выдавец Юрый Цыбін і прадзюсер Генадзь Шульман. Менавіта там Кася Камоцкая і стала першай «Рок-князёўнай» Беларусі. Праз год яна атрымала карону зноў, а яшчэ праз год ад чарговай узнагароды прынцыпова адмовілася. Маўляў, на музычнай сцэне Беларусі ёсць і іншыя вартыя прэтэндэнткі. Выпадак для шоў-бізнэсу амаль унікальны, бо добраахвотна адмаўляцца ад «медных трубаў» не прывыклі нідзе.

Сыход, якога не было

У нейкім сэнсе «Новае неба» больш правільна называць агульным праектам, чым рок-гуртом, бо «канстантай» там была толькі Касая Камоцкая. Усе астатнія — «часовыя інгрэдыенты». Прыходзілі, гралі, сыходзілі, зноў вярталіся. У кожнага была свая «нацыянальная кватэра» ў выглядзе вядомай каманды. «N.R.M» альбо «ULIS», напрыклад.

«Новае неба» — тыповая творчая лабараторыя. У сваіх калектывах музыкі былі вымушаны нечага даволі жорстка прытрымлівацца, а тут маглі цалкам «расслабіцца» і пачаць эксперыментаваць.

Словам, калі годам стварэння «Новага неба» дакладна можна лічыць 1991-ы, то вызначыцца з канкрэтным музычным накірункам, стылем іх дзейнасці, вельмі цяжка, бо ў розныя гады ён быў розным. Як і склад гурту. Адназначна сказаць можна толькі тое, што іх апошні альбом выйшаў у 1996 годзе.

Час ад часу прыходзіцца высвятляць у музыкаў агульную колькасць іх альбомаў. І даволі часта сутыкацца з тым, што тыя адразу не могуць назваць канкрэтную лічбу. Кася Камоцкая менавіта з гэтай катэгорыі. Калі прагучала падобнае пытанне, яна адказала так: «Не ведаю. Трэба паглядзець энцыклапедыю Падбярэзскага».

Сапраўдныя творцы менш за ўсё клапоцяцца пра колькасць медалёў на сваім строі. Зміцер Падбярэзкі — мой калега, сусед і сябар і, як адзін з лепшых музыказнаўцаў краіны, аўтарытэтна сведчыць — у Касі Камоцкай восем альбомаў.

Гэта асабістых. Плюс удзел у чатырох «складанках», дзе асобна хочацца выдзеліць легендарны «Народны альбом», які ў 1997 годзе быў задуманы Міхаілам Амнепадыставым.

Ёсць сэнс прыгадаць і альбом «Песні свабоды». Менавіта ў ім упершыню (для шырокай грамадскасці) прагучала адна з найбольш вядомых «візітак» Камоцкай «Белая лебедзь».

 Цікава, што спачатку гэта песня не вельмі спадабалася Касі. Нескладаны матыўчык, простыя словы. Запісана яна была толькі дзякуючы Зміцеру Вайцюшкевічу, які фактычна прымусіў зрабіць фіксацыю. Літаральна за руку прывёў Касю Камоцкую ў студыю гуказапісу і ў якасці акампанементу выканаў цудоўнае сола на флейце.

Гэта пра тое, што ў «музычным» свеце пануе не толькі жорсткая канкурэнцыя, але і нешта шчырае, высакароднае.

Тое, што пачалося адбывацца з ёй пасля 1996 года, знаёма шмат каму, але я вырашыў выкарыстаць, што называецца, першакрыніцу. І прыгадаў цытату адной з нашых размоваў.

«Час ад часу, — распавядала Кася, — працягвала выступаць, аднак ужо ў «скарочаным» складзе нашага гурта — гітарыст Слава Корань з "ULIS" і вядомая віяланчалістка Юля Глушыцкая. Далей была пэўная стомленасць ад таго, што адбываецца навокал. Гэта не расчараванне. Гэта нейкая крыўда ад адсутнасці вынікаў. Б’ешся, б’ешся, а нічога не мяняецца.

Зараз па фэйсбуку «гуляе» фразу Андрэя Макарэвіча — такое адчуванне, што жыццё пражытае дарма. Гэта вельмі балюча. Табе здаецца, што нейкім чынам атрымалася змяніць арыенціры, а на самай справе нічога рэальнага не адбылося.

Спачатку музыку трэба самавыяўляцца, прабівацца, а потым хочацца, каб цябе не толькі слухалі, але і ПАЧУЛІ. Тут і разумееш, што ў прынцыпе нічога не змянілася. Гэта і крыўдна.

Безумоўна, спеваку прыемна збіраць цэлыя стадыёны прыхільнікаў, але потым прыходзіць час «Ч», і ты разумееш, што ў людскіх душах нічога не змянілася. Гэта трэба перажыць.

Наколькі я ведаю, мае выступы не забаранілі афіцыйна. Навошта прыцягваць увагу, калі сабатаваць можна і па іншаму. Напрыклад, даць дазвол на канцэрт за дзень да пачатку самога канцэрта. А без яго не тое, што квіткі не прадасі — нават не маеш права рэкламу зрабіць».

Магія кіно

Другую палову «ліхіх дзевяностых» Кася Камоцкая фактычна нічым не займалася. Толькі журналістыкай. Працавала на радыё «101,2» і радыё «Рацыя», а потым «плаўна» перайшла да дакументальнага кіно. На яе погляд, даступнасць новых спосабаў фіксацыі рэчаіснасці зрабіла дакументалістыку вельмі актуальнай формай выражэння беларускасці.

З большасці для ўсіх фільмаў яна з’яўляецца прадзюсерам, і толькі ў некаторых выступае ў якасці аднаго з аўтараў сцэнарыяў. А яшчэ час ад часу «ў кадры» яна працуе журналістам. Паспрабавала быць рэжысёрам, але хутка зразумела, што гэта, як кажуць, «не яе».

Як гэта не дзіўна для чалавека, які мае адносіны да журналістыкі, Кася Камоцкая вельмі не любіць нешта пісаць. Быў такі выпадак. Калі для "Белсату" рабіўся фільм пра Сяргея Вітушку, абавязковай умовай тэлеканалу была наяўнасць сцэнарыя. Зрабілі так. Цалкам за свой кошт знялі фільм, зманціравалі яго, а потым ужо напісалі сцэнарый... Так сказаць — пастфактум…

У сямейнай фільматэцы зараз сем карцін.

Першы фільм выйшаў у 2004-м, праз год пасля смерці знакамітага пісьменніка, і называўся «Васіль Быкаў. Вяртанне». Дарэчы, ён адзін са своеасаблівай трылогіі. Ёсць яшчэ карціны пра Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна.

Нягледзячы на тое, што пра апошняга было вельмі багата архіўнага матэрыялу (у савецкія часы ў нейкім сэнсе ён быў «паказальным»: гаварылі — а ў нас ёсць Барадулін) праца над карцінай ішла больш звычайнага — амаль два гады. Хацелася расказаць не столькі пра паэта, колькі пра чалавека. Дарэчы, праца над гэтым фільмам пачалася яшчэ да таго, як былі знойдзены першыя сродкі. Так сказаць, «на свой страх і рызыку»…

Такім жа чынам пачыналіся і ўсе астатнія праекты, і гэта вельмі паказальны адказ тым, хто брэша пра апазіцыянераў. Маўляў, жывуць яны як «сыр у масле». На погляд аўтара, галоўным адрозненнем іншадумцаў ад тых, хто думае «правільна», якраз і ёсць творчая рызыка. Першыя (не ўсе, канешне) — рамантыкі. Другія — цынічныя (з большасці) прагматыкі.

Дарэчы, на культурніцкія праекты ўладзе заўсёды значна прасцей знайсці фінансавую падтрымку, чым іх візаві. На мой погляд, падобны падыход заганны па вызначэнні. Ад некаторых кніжак і фільмаў карысці значна больш, чым ад традыцыйных улётак, пікетаў, мітынгаў…

У сучасных беларускіх умовах работа прадзюсера не абмяжоўваецца пошукам сродкаў на здымкі. Самае галоўнае — пошук прывабнай ідэі і канкрэтнае разуменне таго, што ты хочаш зрабіць і для чаго.

У нейкім сэнсе прадзюсер — суаўтар карціны.

Дарэчы, адной з першых работ Касі Камоцкай была карціна пра Чарнобыль. Паспелі застаць яшчэ жывым (загінулага ў аўтакастрофе) вядомага прафесара Нікітчанку. Падчас здымак ён так і казаў: «Кожны год ад мяне адразаюць нейкую пухліну…»

 

Мабыць, гэтая вельмі сумная акалічнасць чалавечага жыцця прымушае стваральнікаў дакументальнага кіно ўвесь час моцна спяшацца.

А яшчэ патэнцыйная канкурэнцыя.

Напрыклад, тэму фільма пра былых вязняў ГУЛАГу Камоцкая з Корзунам не толькі, як кажуць, «застаўбілі», але і пачалі рабіць яшчэ да таго, як была атрыманая пэўная падтрымка.

Кася Камоцкая з Віктарам Корзунам

Гэта дазволіла стварыць сапраўдны партрэтны архіў людзей, якія прайшлі праз сталінскія катаванні. У тым ліку і тых, хто на момант афіцыйнага пачатку працы над фільмам ужо пайшоў з жыцця.

Замест P.S.

Калі гутарка заходзіць пра таленавітага чалавека, звычайна даводзіцца чуць шмат чутак і здагадак. Не абышло гэта і Касю Камоцкую. Большасць размоў вакол яе датычылася настальгіі па сцэне, таму я вырашыў высветліць менавіта гэта. Адказ быў філасофскі, у стылі дыпломнай прафесіі галоўнага носьбіта яе фаміліі і першага мужа:

«Настальгіі па мінулых аншлагах няма. Ёсць настальгія па чалавечых адносінах тых часоў».

Фота з архіва Касі Камоцкай

Каментаваць