Румель — першы гарадзенскі алімпіец

Сёння ў Бразіліі пачынаюцца XXXI Алімпійскія гульні. Лічыцца, што ўпершыню беларускія спартоўцы прынялі ўдзел у Алімпіядзе 1952 года ў складзе зборнай СССР. Але гэта былі не першыя алімпійсікя спартоўцы — ураджэнцы Беларусі.

 

Караль Румель на адным са спаборніцтваў


Легендарны кавалерыст

Наш першы спартовец-алімпіец з Гародні.

У траўні 1888 года ў сям’і генерала Рускага імператарскага войска нарадзіўся Караль Альфонсавіч Румель. Ён скончыў Адэскі кадэцкі корпус, Паўлаўскае вайсковае вучылішча ў Пецярбургу і Акадэмію мастацтваў. Хлопец вельмі хацеў стаць прафесійным вайскоўцам.

Караль Румель, канец 1930-х гадоў


Пасля вучобы ён служыў у 14-м Маларасійскім драгунскім палку. Румеля хутка заўважылі і ўключылі ў алімпійскую каманду па канкуры (пераадоленне перашкод на конях). Падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1912 года ў Стакгольме Караль Румель лідзіраваў, аднак з-за таго, што яго конь Зяблік зачапіў перашкоду і ўпаў, спартовец заняў толькі 15 месца. Больш таго, Румель зламаў некалькі рэбраў, аднак вырашыў закончыць скачкі ў сядле. За мужнасць швецкі кароль Густаў V узнагародзіў ураджэнца Беларусі спецыяльным залатым медалём, які быў копіяй алімпійскай узнагароды.


Праз два гады пасля Алімпіяды пачалася Першая Сусветная вайна, у выніку якой чатыры імперыі (Расійская, Асманская, Аўстра-Венгерская і Германская) разваліліся. На іх руінах з’явіліся незалежныя дзяржавы, у тым ліку, і Другая Рэч Паспалітая. У 1919 годзе Караль Румель паступіў на службу ў Войска Польскае і ў якасці маёра 8-га ўланскага палка мужна змагаўся з бальшавікамі. Ён удзельнічаў у кровапралітнай бітве пад Камаровам, дзе польскай кавалерыі ўдалося нанесці цяжкае паражэнне 1-й бальшавіцкай коннай арміі пад камандаваннем Сямёна Будзённага. За гераізм Румель быў узнагароджаны Крыжом “Віртуці Мілітары”.

 

Караль Румель на Алімпіядзе 1912 г.


Дзьве Алімпіяды і дзясяткі турніраў

У 1920 годзе Каралю Румелю даверылі падрыхтоўку польскай каманды да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Менавіта ён падрыхтаваў Адама Крулікевіча, які ў 1924 годзе заняў трэцяе месца ў канкуры і заваяваў для Польшчы першы алімпійскі медаль.

Караль Румель, трэці злева


У 1924 годзе Румель і сам прыняў удзел у летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы, дзе на кані па мянушцы “Фаварыт” заняў 11-е месца ў індывідуальным заліку і 6-е у камандным.

Караль Румель, пачатак 1930-х


 У 1927 годзе Караль Румель разам з калегамі па Войску Польскім узяў галоўны прыз на спаборніцтвах у “Мэдзісан-сквер-гадэн” у Нью-Ёрку, а праз год, на летніх Алімпійскіх гульнях у Амстэрдаме заваяваў бронзавы медаль у трохбор’і. Тры разы (у 1925, 1927 і 1928) Румель заваёваў прэстыжны трафей Кубак нацый.

У апытанцы “Спартовага агляду” ў 1927 годзе на званне лепшага спартоўца года Караль Румель заняў другое месца.

Караль Румель на спаборніцтвах. 1930-я 


У 1929-м у званні падпалкоўніка спартовец звольніўся з войска і сканцэнтраваўся на ўдзеле ў спаборніцтвах. Напярэдадні Другой Сусветнай вайны гарадзенец устанавіў рэкорд Польшчы ў скачках у вышыню на канях (198 см). Тады яму быў 51 год.

У верасні 1939-га Караль Румель аказаўся ў нямецкім палоне. Пасля чаго быў у канцлагерах Дахаў і Маўтхаўзэн.

Падчас аднаго з турніраў


Яму пашчасціла выжыць. Пасля вызвалення з нямецкай няволі ён вярнуўся ў Польшчу, працаваў трэнерам коннай язды ў Сопаце, здымаўся ў мастацкіх фільмах (між іншым, у стужках знакамітага Анджэя Вайды). Пайшоў з жыцця Караль Румель у 1967 годзе.

Румель на здымачнай пляцоўцы аднаго з фільмаў

 

Паплечнік Каліноўскага

Насамрэч айчынная алімпійская гісторыя больш доўгая, бо беларус удзельнічаў у арганізацыі першых сучасных Алімпійскіх гульняў у Грэцыі яшчэ ў 1896 годзе. Размова пра ўраджэнца Ашмяншчыны Жыгімонта Мінейку. Ён прымаў удзел у Паўстанні Кастуся Каліноўскага. Камандаваў атрадам касінераў і ўдзельнічаў у некалькіх баях з царскімі войскамі. Пазней Мінейка стаў начальнікам Ашмянскага павету. У рэшце рэшт, паўстанец трапіў у рукі царскіх улад і быў прысуджаны да смяротнага пакарання.

Жыгімонт Мінейка


Аднак героя выратавала расійская карупцыя. Хабар дапамог замяніць растрэльны прысуд на 12 гадоў катаргі ў Сібіры. У 1865 годзе беларускі шляхціч збег у Францыю, дзе скончыў вайсковую школу. Пасля ён пераехаў у Грэцыю, дзе працаваў вайсковым інжынерам, а пазней узначаліў тапаграфічны адзел Генштаба грэцкай арміі. Менавіта пад яго кіраўніцтвам былі рэканструяваны і падрыхтаваны да Алімпійскіх гульняў 1896 года антычныя алімпійскія стадыёны.

У 1922 годзе інжынер наведаў Другую Рэч Паспалітую і быў узнагароджаны польскімі ўладамі Крыжом Віртуці Мілітары. Перад смерцю сваю багатую нумізматычную калекцыю Мінейка перадаў у Віленскі ўніверсітэт. Памёр адзін з бацькоў адраджэння алімпійскага руху ў 1925 годзе.

Каментаваць