Садовыя таварыствы патрабуюць грошы

Калі тэхніку Ніны Багінскай сапраўды забралі для пагашэння 40-мільённых судовых штрафаў за ўдзел у вулічных акцыях апазіцыі, то апісанне ўчасткаў звязана з зусім іншай, аднак не менш абуральнай гісторый.


«Я нарадзілася пасля Другой сусветнай вайны ў разбураным Мінску і заўжды мела мару жыць у садзе сярод дрэваў, любіла лес. Мая бабуля-гараджанка абагаўляла зямлю, казала, што зямля — святая, яна корміць людзей. Мара споўнілася напрыканцы 80-х гадоў, калі пачынаў распадацца СССР  — тады людзям сталі даваць садовыя ўчасткі. Так і ў маёй сям’і з’явіліся два ўчасткі — адзін — далёка, за Пухавічамі, другі — бліжэй, у Смалявіцкім раёне, каля вёскі Дамашаны. Мне туды з працы было ехаць нават бліжэй, чым дадому», — распавядае Ніна Багінская.


Некалькі дзесяцігоддзяў жанчына паціху апрацоўвала зямлю, высадзіла сад, збудавала невялікія дамкі. Аднак пачынаючы з восені 2015 года немаладая жанчына замест таго, каб спакойна адпачываць на лецішчы, вымушана займацца фінансавымі разбіральніцтвамі з кіраўніцтвам садовых таварыстваў.


«У верасні 2015-га  я заплаціла 500 тысяч членскіх складак у СТ «Геолаг» (ля Смалявіч) — кіраўніцтва таварыства з гэтым пагадзілася і ніякіх прэтэнзій не мела. І раптам я атрымліваю позву ад судовага выканаўцы з патрабаваннем аплаціць яшчэ нейкія 580 тысяч пазыкі — на якой падставе СТ вырашыла спагнаць з мяне гэтыя грошы і чым абгрунтавана менавіта такая сума, я не ведаю», — гаворыць Ніна Багінская.


Гісторыя з другім садовым таварыствам  — «Фізтэх» (што пад Пухавічамі) больш пакручастая, аднак і кошт прэтэнзій куды вышэйшы. Тамтэйшае кіраўніцтва патрабуе ад небагатай жанчыны ажно дзесяць з паловай мільёнаў! Пры гэтым, тры з паловай мільёны — быццам бы складаюць уласна ўнёскі, а яшчэ сем мільёнаў — працэнты за пратэрміноўку аплаты.

 
«Гісторыя цягнецца яшчэ з 1996 года. Таварыства збірала грошы на пабудову водаправода, аднак замест водаправодных труб нам паклалі невядома што, гэтыя трубы вельмі хутка пачалі выходзіць са строю. З-за гэтага на маім участку стварылася балота. Я напісала заяву тагачаснаму старшыні СТ пра тое, што пакуль мне на ўчастак не пакладуць нармальныя трубы, плаціць агульныя ўнёскі не буду. З таго часу старшыні мяняліся, але ніхто так і не здолеў сабраць грошай, каб усім чальцам СТ зрабіць добры водаправод. Трубы не падлягалі рамону, і я была вымушана за свой кошт выкапаць сажалку, каб туды цякла вада і не забалочваўся ўчастак. Праз вялікую вільготнасць сапсаваўся мой хлеў — у ім спарахнела падлога.  


У 2005 годзе я набыла закінуты суседскі ўчастак (мой першы быў толькі 6 сотак), і з мяне сталі патрабаваць двайную аплату. Гэта незаконна, бо яшчэ адным чальцом у СТ я не стала. У адказ на мае прэтэнзіі кіраўніцтва СТ стала мне пагражаць, што не пусціць на ўчастак, а пасля нехта нават падпаліў мой садовы дамок (ходзяць чуткі, што да гэтага датычнае кіраўніцтва СТ), аднак крымінальную справу па гэтым здарэнні міліцыя не пачала — падпальшчыка не знайшла. Тады я адмовілася плаціць і мэтавыя складкі, дык пасля гэтага мне адключылі ваду цалкам, а электрычнасці я і так не мел
а», — апавядае спадарыня Багінская.




Урэшце ў 2013 годзе Ніна Багінская напісала заяву пра выхад з СТ. Яе выключылі, аднак у хуткім часе жанчына атрымала натарыяльны ліст з патрабаваннем аплаціць больш за дзесяць мільёнаў рублёў.


«За што? Ніякіх паслуг з 2006 года СТ мне не аказвае. З траўня 2013-га я не з’яўляюся чальцом СТ, а з мяне патрабуюць складкі нават за 2014 год. Больш за тое, патрабуюць у двайным памеры насуперак заканадаўству. Сума не пацвярджаецца дакументальным разлікам, яна празмерна вялікая. Патрабуюць грошы за зімнія месяцы — напрыклад, за зіму 2012–2013 года я мушу сплаціць 520 тысяч, за зіму 2013–2014-га — 433 тысяч. Але зімой жа ніякая дзейнасць у таварыстве не вядзецца? За што ім плаціць?
» — абураецца Ніна Багінская.


Жанчына шукала абароны ва ўсіх інстанцыях — Генеральнай пракуратуры, абласной пракуратуры, у Беларускай натарыяльнай палаце, у Мінгарвыканкаме... Самы здзеклівы адказ пенсіянерцы прыйшоў з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — чыноўнікі напісалі, што ў гэтай сітуацыі нічым дапамагчы не могуць, аднак суцешылі, што пенсіянеры маюць 50% зніжку на праезд падчас сезонных сельскагаспадарчых прац.


Іншыя дзяржаўныя органы ж скіроўваюць жанчыну ў суд. Прэзідэнцкі ўказ №366 «Пра некаторыя пытанні натарыяльнай дзейнасці» дазваляе натарыюсам самастойна вяртаць запазычанасці цяперашніх ці былых чальцоў СТ — то бок, кіраўніцтва СТ у спрэчнай сітуацыі звяртаецца да натарыюсаў, а яны без судовага разгляду выносяць рашэнне пра вяртанне аплаты.


«Але калі я хачу абскардзіць натарыяльнае рашэнне, для гэтага трэба звяртацца ўжо не да натарыюсаў, а толькі ў суд. А чаму? А калі я не давяраю нашым судам, ды ў мяне няма грошай плаціць судовую пошліну за разгляд скаргі? Як так, што старшыня СТ можа проста напісаць ліст натарыюсу, і мяне без аніякіх праверак, і нават не выслухаўшы маіх аргументаў, прызнаюць вінаватай у запазычанасцях, а я павінна займацца судовай валакітай?» — пытае Ніна Багінская.

Чаму кіраўніцтва абодвух СТ так няўмольна патрабуе ад жанчыны вялікіх для беларускай пенсіянеркі грошай — Ніна Багінская дакладна не ведае:


«Можа быць таму, што на агульных сходах мы неаднаразова спрачаліся па палітычных і нацыянальных пытаннях — сярод чальцоў СТ, у тым ліку, у кіраўніцтве, даволі шмат расіян па паходжанні і, канешне, з пачатку расійска-украінскай вайны сітуацыя абвастрылася, усе ведаюць маю пазіцыю па Крыму і даволі пагардліва ставяцца, часам даходзіць да абразаў. Праўда, і я неаднаразова папракала іх тым, што прыехалі ў Беларусь, а беларускай мовы і культуры ведаць не хочуць. Таксама ім не спадабалася, што на агульных сходах я прапаноўвала распусціць кіраўніцтва, якое траціць вялікія грошы няведама куды, і кіраваць талакой, як спрадвечна было на нашых землях. А можа проста адчуваюць сябе мясцовымі начальнікамі і такім чынам паказваюць сваю ўладу».


Нягледзячы на тое, што ўчасткі апісаныя, Ніна Багінская працягвае туды ездзіць і кажа, што не збіраецца іх аддаваць — маўляў, буду бараніць як магу.



Каментаваць