Самсон Пярловіч — 10 гадоў за верш

Пра лёс беларускага паэта, сябра Саюза вызвалення Беларусі, вязня сталінскіх лагераў з Навагрудка Самсона Пярловіча мне нядаўна нагадаў настаўнік-пенсіянер, літаратар і краязнаўца Іван Іванавіч Вярбіцкі з Карэліч.



Самсон Пярловіч. Фота друкуецца ўпершыню.


«Я быў добра знаёмы з Самсонам Пярловічам. Ён быў асуджаны за Саюз вызвалення Беларусі. Яго выдаў правакатар з Баранавіч Алесь Бажко, які ў тыя першыя пасляваенныя гады быў супрацоўнікам баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная звязда». Поўнасцю вінаваты ў арышце Самсона Пярловіча і іншых хлопцаў і дзяўчат Алесь Бажко», — сказаў Іван Іванавіч. А потым дадаў: «А які лёс Самсона Пярловіча чакаў потым, вы павінны ведаць самі, я вам распавядаць не буду».

А лёс Самсона Пярловіча быў цяжкім. Калі мне хто прыгадвае Самсона Георгіевіча, заўсёды ўзгадваецца адзін з яго вершаў:

Мне мой лёс здаецца толькі чорным,

Што не варты меднага граша.

Толькі ёсць у ім і тыя зёрны,

Што мая выспельвала душа.

Тых зярнят няхай не вельмі многа,

Але ўсё-ткі, служачы красе,

Веру я — да скарбу залатога

Хтосьці іх калісьці аднясе.

З Самсонам Пярловічам мне пашанцавала сустрэцца некалькі разоў. Гэтыя сустрэчы адбываліся ў Навагрудку, дзе ён жыў і працаваў. Праўда, сустрэчы гэтыя былі нядоўгія і звязаныя з візітамі пісьменнікаў Гарадзеншчыны на Навагрудчыну. Калі туды прыязджалі пісьменнікі з іншых рэгіёнаў Беларусі, да нас далучаўся і Самсон Пярловіч. Але ён, вітаючыся з усімі, паводзіў сябе даволі сціпла, моўчкі, занадта ветліва. А калі выступалі на сцэне і давалі яму слова, ён заўсёды чытаў свае гумарыстычныя вершы. У гледачоў узнімаўся настрой, і яны адорвалі паэта апладысментамі. Ніхто з літаратараў, мне здаецца, ніколі ў яго не спытаў: як ты жывеш, дзе працуеш, як здароўе? Прыехалі ўсе — і паехалі, а Самсон Георгіевіч заставаўся ў сваім Навагрудку.

Нарадзіўся Самсон Пярловіч 13 жніўня 1923 года ў вёсцы Католышы на Навагрудчыне ў сям’і беларускага селяніна, дзе было сямёра сыноў. У чацвёртым класе польскай школы хлопчык Самсон напісаў першы свой верш пра Свіцязь. А калі закончыў польскую школу, пачаў настаўнічаць сам, вучыў дзетак у пачатковай школе.

У 1943 годзе 20-гадовага юнака схапілі немцы і павезлі ў Германію. Везлі яго і іншых юнакоў і дзяўчат на Рыгу. Па дарозе ён і яшчэ некалькі хлопцаў скокнулі з вагона. Але хутка іх схапіла латышская жандармерыя. Пасля допытаў іх адправілі на Лібаву, і хутка Самсон са сваімі сябрамі апынуўся ў лагеры за калючым дротам. Адтуль хлопцы зноў уцяклі і некалькі тыдняў былі вольнымі. Але хутка іх зноў арыштавалі і адправілі ажно ў Вену. Вызвалілі Самсона Пярловіча ў пачатку красавіку 1945 года. А 1 мая ён далучыўся да савецкіх воінаў.

Пасля вайны юнак вярнуўся на родную Навагрудчыну і пачаў супрацоўнічаць з Навагрудскай раённай газетай. У гэты час у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі ўтварыліся падпольныя маладзёжныя суполкі, якія вырашылі супраціўляцца мерапрыемствам савецкай улады, скіраваным на вынішчэнне беларушчыны. Галоўнай мэтай змагання маладзёжнага падполля было здабыццё незалежнасці Беларусі.

Падпольная арганізацыя ў Навагрудку паўстала пазней, чым падобныя групы ў Глыбокім і Паставах (канец 1945 года — пачатак 1946 гада), у Слоніме (травень-чэрвень 1946 года), у Нясвіжскім раёне і Гродне (лета 1946 года) — у лістападзе 1946-га.

Адрозненнем навагрудскага Саюзу вызвалення Беларусі ад іншых арганізацый была наяўнасць у яго кіраўніцтве не толькі ўдзельнікаў беларускіх нацыянальных арганізацый і збройных фармацый часоў нямецкай акупацыі, але і былых франтавікоў Чырвонай Арміі. Да навагрудскага Саюза вызвалення Беларусі (СВБ) далучыўся і Самсон Пярловіч. Ён быў упаўнаважаным СВБ у Навагрудскім раёне.

Калі працаваў Самсон Пярловіч у Навагрудскай газеце, ён пазнаёміўся з супрацоўнікам баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная змена» Алесем Бажко (1918–2013). Аднойчы Бажко схлусіў Пярловічу, што ён з’яўляецца сябрам антысавецкай арганізацыі «Чайка». І што ён, Бажко, знаходзіцца ў вышэйшым звяне гэтай падпольнай структуры. Самсон яму паверыў. Але не ведаў навагрудскі юнак, што гэты Бажко з’яўляўся тайным агентам НКУС.

Аднойчы Бажко прыехаў у Навагрудак, сустрэўся з Самсонам Пярловічам, а той, шчыра давяраючы як сябру «Чайкі», як калегу па пяру, паказаў дом, дзе жылі іншыя сябры СВБ. А ў маі ў 1947 годзе ў Навагрудак прыехалі чэкісты, акружылі дом і ўсіх арыштавалі. Разам з чэкістамі быў і Бажко, ён усё паказваў, кіраваў, бачыў. А 30 мая 1947 года быў арыштаваны і Самсон Пярловіч.

Усіх арыштаваных завезлі ў Баранавічы ў турму «Крывое кола», там іх і дапытвалі. Так былі арыштаваны 18 сяброў СВБ. Сярод іх — Генадзь Казак, Міхась Кожыч, Міхась Капціловіч, Кастусь Рамановіч, Аляксандр Ляпешка, Аляксандр Усюкевіч, Пятро Дземянчук, Іван Макар, Міхась Мазан, Яўген Лішко, Анань Родзевіч, Сафрон Стома, Віталь Губарэвіч, Адам Шабоцька, Самсон Пярловіч і іншыя. 29–31 жніўня 1947 года Ваенны трыбунал войск МУС Баранавіцкай вобласці прысудзіў 18 сяброў СВБ да зняволення на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлагераў. Найбольшы тэрмін атрымаў кіраўнік арганізацыі — Генадзь Казак, які памёр у зняволенні. Загінулі ў савецкіх канцлагерах яшчэ некалькі сяброў СВБ. Перад арыштам у Самсона Пярловіча знайшлі верш «Паднімецца крыўда», які ён напісаў у 1947 годзе. Другая страфа верша гучала так:

Бо Сталін — тыран і старых, і малых —

Запрогшы ў прыгонныя ёрмы,

Нявіннай крывёй суцяшае іклы,

Каму колькі жыць ставіць нормы…

Пра гэты верш ведаў нават сам Цанава. Ён так хацеў паглядзець на юнака з Навагрудчыны, які набраўся мужнасці ўзняць голас супраць Сталіна, што Пярловіча з Баранавіч адправілі ў Мінск на допыт да Цанавы. Самсон Пярловіч успамінаў: «Заходжу ў кабінет. Там шмат чыноў НКУС. Выходзіць з-за стала нейкі гарбаносенькі чалавек. Гэта быў Цанава. Паказвае тэкст майго верша і пытае: «Твой?» — «Мой». — «Ды як жа ты набраўся нахабства так напісаць пра геніяльнага чалавека? Сталін — бацька народаў», — закрычаў Цанава. — «Для вас, можа, і бацька народаў, а для беларускага народа — палач», — адказваю. Малады я тады быў, гарачы, ды і тэрмін ведаў. Як цяпер бачу: Цанава ўвесь расчырванеўся і кажа па-беларуску: «Не мані!…» (зборнік «Саюз вызвалення Беларусі (1946–1947)». Слонім-Менск, «Беларускі Рэзыстанс», 2005. С.38).

За верш і за СВБ Самсона Пярловіча асудзілі на 10 гадоў сталінскіх лагераў. Яго выслалі на лесапавал у лагер Усць-Вым (Комі АССР), потым беларускі юнак будаваў шахты ў спецлагерах Караганды.

Гэта былі шахты імя Кастэнкі, 107-я, 120-я. Бурыў ствалы, прабіваў штрэкі, ставіў умацаванні. Кастусь Рамановіч згадваў: «Я разам з Пярловічам прайшоў праз пакуты на лесапавалах Усць-Вым, на будаўніцтве шахтаў у Карлагу, спаў разам з ім на голых нарах. І там, на голых нарах, Пярловіч складваў вершы без алоўка, якія мы вучылі на памяць для будучыні» («Наша Ніва», 15 лютага 2002 г.).

3 студзеня 1956 года навагрудскага хлопца вызвалілі з лагераў. Ён павінен быў яшчэ адбываць высылку ў Сарані Карагандзінскай вобласці Расіі, але яна была адменена.

Пётр Андрэеў, Самсон Пярловіч і Пятро Глебка на сустрэчы ў Навагрудскай бібліятэцы, 1960-я гады. Фота друкуецца ўпершыню.

Восенню 1956 года Самсон Пярловіч вярнуўся ў родны Навагрудак. Але адразу ў рэдакцыю раённай газеты не пайшоў, бо там быў арыштаваны і зняты з працы. А ўладкаваўся на працу на Навагрудскі завод газавай апаратуры, дзе адпрацаваў каля сарака гадоў. За яго на заводзе ніхто лепш і ніколі не змог зрабіць разца, затачыць фрэзу, зенкер. Працуючы на заводзе, ён марыў мець свой куточак, свой пакойчык. І такую мажлівасць ён атрымаў, дзякуючы адміністрацыі завода. Але потым збег абставін усё перакрэсліў…

У апошнія гады жыцця Самсона Пярловіча часта можна было бачыць на рынку ў Навагрудку. Там ён гандляваў рознымі запчасткамі, жалезкамі і кніжкамі. А мясцовы люд разносіў па горадзе розныя плёткі. Але няшмат людзей ведалі, што ён мусіў зарабляць любым спосабам грошы, каб аддаць даўгі за аперацыю, што зрабілі дачцэ ў Германіі.

А яшчэ, ён заўсёды пісаў вершы. Але шмат радкоў засталося, напісана ім пра сталінскія зняволенні:

Злы вецер выў над галавою,

Мароз пякельны твар паліў,

А я пілою лучкавою

Бярозы, ліствіцы валіў.

Уздрыгваў дол, стагналі дрэвы,

Пякучы снег хвастаў чало.

Тайзе ж направа і налева

Канца і краю не было…

Пры жыцці Самсону Пярловічу ўдалося ў Навагрудку выдаць два зборнічкі сваіх вершаў — «Заяц на бярозе» (1995) і «Чарадзейны агонь» (1998). А прафесар Алег Лойка падрыхтаваў яго зборнік вершаў «Бяссмертнік» і выдаў у Мінску ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1994 годзе. У прадмове да яго Алег Лойка напісаў: «Кніга Самсона Пярловіча «Бяссмертнік» — гэта найперш кніга яго жыццёвага лёсу, асабліва сваім першым раздзелам — «За калючымі дратамі…». І гэта разам з тым і кніга народнага лёсу, складаных гістарычных шляхоў, якімі беларусы ішлі праз ХХ стагоддзе».

Вокладка кнігі Самсона Пярловіча «Бяссмертнік»

Сябра Саюза вызвалення Беларусі і паэта Самсона Пярловіча не стала 14 снежня 2001 года. Пры жыцці ён так і не дачакаўся рэабілітацыі, так як і не дачакаліся яе Васіль Супрун з патрыятычнай «Чайкі», паэтка Ларыса Геніюш і тысячы іншых патрыётаў нашай Бацькаўшчыны. 

Абмеркаванне:

  • Самсон
  • 2014-02-16 16:04:03
Дзякуй за артыкул.

Слава героям!

Жыве Беларусь!

Каментаваць