Сцэны жыцця Андрэя Курэйчыка

Андрэй Курэйчык за свае 34 гады паспеў здзейсніць столькі, што цяжка паверыць яго пашпартным дадзеным. Некаторыя нават зайздросцяць і распускаюць на гэты конт шматлікія плёткі. Таму лепш хай Андрэй раскажа пра сябе сам.

 



Дзіцячы пралог

Нарадзіцца выпала мне 14 студзеня 1980 года ў сям’і, якая толькі ў першым пакаленні прыехала ў Мінск.

Амаль усе мае сваякі гуртуюцца вакол вёскі Смілавічы. У некалькіх кіламетрах ад яе — Дукоршчына. Адтуль мой бацька Валянцін Сяргеевіч. Ён скончыў Наргас. Працаваў фінансістам, бухгалтарам, рэвізорам. Апошнія болей чым дзесяць гадоў працуе ў кантрольным аддзеле БДУ, займаецца ўнутраным аўдытам.

Напэўна, у дзяцінстве мне было даволі цяжка зразумець усе нюансы яго работы, а вось хобі бацькі — усходнія адзінаборствы — заўсёды падавалася зразумелым і блізкім.

Яшчэ да майго нараджэння бацька быў чэмпіёнам Беларусі. У дзяцінстве я літаральна трызніў гэтым, займаўся ў розных школах. Дарэчы, сваю секцыю на сталічным стадыёне «Тарпеда» адкрыў і бацька.

А да гэтага ён кіраваў ваенна-патрыятычным клубам «Каскад», які аб’ядноўваў былых дэсантнікаў, каратыстаў, кунфуістаў і г.д. Апроч таго бацька цікавіўся рознымі іншымі практыкамі адзінаборстваў (японскімі, кітайскімі, в’етнамскімі) і меў па іх розныя паясы.

Нейкі пояс займеў і я, калі ў 11 год стаў чэмпіёнам Мінска і Беларусі па паказе так званых ката — розных бескантактных дзівосаў.

Калі пайшла сур’ёзная вучоба, я быў вымушаны адмовіцца ад гэтага хобі. З цягам часу адышоў ад спорту і мой бацька. Ён напісаў па ўсходніх адзінаборствах некалькі кніг. Я па гэты дзень сустракаю яго вучняў, якія ўжо маюць свае секцыі.

Напэўна, шмат хто будзе цікавіцца, адкуль у звычайнага бухгалтара-эканаміста такое захапленне, таму адразу адкажу — з арміі. Ён служыў у добра вядомай брыгадзе дэсанту ў Мар’інай Горцы і цудам не трапіў у Афганістан.

Захапленне ўсходнімі адзінаборствамі даволі моцна дапамагае будаваць характар. Перш за ўсё прывучае да роздуму (у дзяцінстве я шмат чытаў Лао-Цзы, Канфуцыя, іншых кітайскіх і японскіх філосафаў) і фарміруе пэўную самапатрабаванасць — калі табе балюча, нельга плакаць, трэба заўсёды «быць мужчынам».

Бацька прывіў мне характар байца, таму па сённяшні дзень я не баюся прымаць выклікі, не баюся жорсткіх дыскусій. Тыя заняткі пазбавілі ад многіх страхаў.

Мая маці, Святлана Вячаславаўна, родам з саміх Смілавічаў. Закончыла педынстытут, па спецыяльнасці матэматыка. Працавала настаўніцай інфарматыкі, якая тады толькі-толькі ўвайшла ў школьныя праграмы. Таму перфакарты, першыя кампутарныя гульні таксама сталі часткай майго жыцця. Тэхналагічная рэвалюцыя праляцела на маіх вачах, праляцела імгненна.

На жаль, маці ўжо няма на гэтым свеце. Мне было ўсяго 12 гадоў, калі яна пайшла з жыцця — няшчасны выпадак. Успамінаю яе даволі часта, бо менавіта маці прывіла любоў да творчасці. Яна была вельмі творчым чалавекам. Займалася маім пазакласным жыццём, рознымі гурткамі, прывучыла шмат чытаць.

Я зараз столькі не чытаю, колькі чытаў у дзяцінстве, і тымі поспехамі, якія ёсць зараз, я абавязаны ў першую чаргу маці.

Мне пашанцавала застаць сваю прабабку Ганну. Калі не памыляюся, 1907 года нараджэння. Яна яшчэ памятала тых самых паноў, чый знакаміты палац захаваўся ў Смілавічах. Як і многія беларускія сяляне таго часу, яна ў Ваньковічаў працавала служкай.

А пра свайго малодшага (на два гады) брата Аляксандра, я заўсёды ўзгадваю з асаблівымі пачуццямі. Ён быў сапраўдным операм, рэальна змагаўся са злачыннасцю: лавіў наркадылераў, сядзеў у засадах, захопліваў бандытаў... Аднак рана пайшоў у іншы свет зусім не ад гэтага. Памер на аперацыйным стале. Падчас аперацыі на падстраўнікавай залозе ў шпіталі МУС. Яму было ўсяго толькі 28 гадоў.

Ад другога шлюбу бацькі ў мяне ёсць яшчэ адзін брат Яраслаў. Зараз ён вучыцца ў гандлёвым каледжы, і хутчэй за ўсё па жыцці пойдзе фінансавым шляхам.

Сцэны навучання

Я проста абагаўляю родны Аўтазаводскі раён. Лічу яго лепшым у Мінску. Я пражыў там усё жыццё і жыву зараз. На мой погляд, гэты раён быў амаль самым бяспечным у сталіцы.Так, рабацягі пасля змены маглі крыху выпіць, але ў «ліхія дзевяностыя» ў нас (у адрозненне ад іншых мікрараёнаў) не было ніякай шпаны, таму што саракагадовыя мужыкі, якія прастаялі за станкамі па восем гадзін, маглі за адну хвіліну скруціць у барані рог любога хулігана. У нашым раёне заўсёды былі парадак, чысціня і спакой.

Мая 25-я школа спецыялізавалася на паглыбленым вывучэнні англійскай мовы, і з часам стала гімназіяй. Напэўна, яна лічылася лепшай навучальнай установай раёну, бо там заўсёды была проста цудоўная англійская мова. Зараз я шмат езджу па свеце, і нідзе не могуць дакладна вызначыць, з якой краіны мой нязначны акцэнт.

У нас былі без перабольшванняў выдатныя педагогі. Закладзеная імі база дазваляе мне без праблем разумець усе спектаклі, свабодна кантактаваць з людзьмі, прымаць актыўны ўдзел у дыскусіях, хаця пасля заканчэння школы англійскую мову мэтанакіравана я нідзе не давучваў.

Зараз школьны будынак стаіць на рэканструкцыі, але тая атмасфера адчуваецца на ўзроўні падсвядомасці. Я там нават зняў моладзевую стужку «Вышэй за неба». Працягваю любіць і ўспамінаць і школу, і педагогаў з вялікая цеплынёй. Гэта была МАЯ школа.

У школе я складаў вершы, пісаў расказы і нават фантастычны раман, але гэта адбывалася не дзякуючы нейкім урокам, а дзякуючы аграмаднай колькасці прачытаных самастойна кніг. Перачытаў усяго Талстога, Дастаеўскага, Чэхава, Купрына.

У адрозненні ад брата, я вельмі рэдка далучаўся да дваровых кампаніяў. Маці і бацька працавалі, і я амаль увесь час заставаўся дома адзін. І ў гэтай сваёй адзіноце амаль маніякальна чытаў кнігі.

Чытанне стала глебай для пісання. У мяне не было любімых жанраў, а крытычны рэалізм без праблем спалучаўся з фантастыкай.

Рухнула «жалезная заслона», і на экранах з’явілася амерыканскае фантастычнае кіно. З небывалымі для савецкага гледача спецэфектамі. У 1989 годзе на вялікім экране кінатэатра я ўпершыню ўбачыў «Зорныя войны» Джорджа Лукаса. Узрушальна! Зусім не тое, што мы бачылі ў класіцы савецкага кінематографа: «Госці з будучыні», альбо «Масква — Касіяпея».

Пасля дзявятага класа я пайшоў у ліцэй. Дакладней, не ў сам (першыя паўгады) ліцэй, а яго філіял, які месціўся тады на вуліцы Жудро. Другой веткі метро яшчэ не было, таму кожную раніцу прыходзілася ездзіць вучыцца з трыма перасадкамі.

Менавіта там на маім жыццёвым шляху і сустрэўся цудоўны настаўнік беларускай літаратуры і мовы Сяргей Скурат. Чалавек, які першым улюбіў мяне ў прафесію, навучыў разумець літаратуру.

Прычым менавіта беларускую, бо раней, калі сказаць вельмі мякка, я лічыў яе нечым несур’ёзным. Тут жа руская і сусветныя літаратуры адышлі на другі план, і для мяне адкрыліся глыбіні літаратуры беларускай. Мы заўсёды называлі свайго настаўніка «спадар Серж». У дадзены момант ён час ад часу дае бардаўскія канцэрты, а таксама выступае з Касяй Камоцкай.

Другім настаўнікам, дакладней, настаўніцай, якая прымусіла сур’ёзна паставіцца да сваёй творчасці, была Святлана Віктараўна Багранцава, якая выкладала рускую мову і літаратуру, калі я перайшоў з філіялу ў асноўную ўстанову.

Настаўніца з неверагодным сарказмам, высмейвала ўсе мае літаратурныя опусы. Напэўна, яна бачыла там талент, таму наўмысна абірала вельмі жорсткую іронію.

Раней, як любы графаман, я лічыў, што ўсё напісанае геніяльна. Святлана Віктараўна навучыла іншаму падыходу да напісанага — крытычнаму сумневу. Трэба заўсёды сумнявацца. У сваёй геніяльнасці, напрыклад. Інакш забранзавееш, страціш хватку. І проста не зразумееш, калі ў табе закончыцца літаратар, а пачнецца заштампаваны графаман.

Безумоўна, гэта была надзвычай цяжкая навука. Я злаваўся, што нехта не прызнае зробленага мною. У выніку гэта крытыка выратавала ад зоркавай хваробы, бо прафесійную кар’еру я пачаў вельмі рана, і ўжо на чацвёртым курсе БДУ меў пастаноўкі ў Маскоўскім мастацкім акадэмічным тэатры імя Чэхава. Такога ў гісторыі гэтага знакамітага тэатру не было ніколі.

Аднак пасля заканчэння ліцэю я паступіў на паліталагічнае аддзялення юрыдычнага факультэта БДУ, што і тлумачыць інтарэс да палітыкі. Тады яшчэ можна было публічна прытрымлівацца адрозных ад афіцыйных поглядаў. Мы нават хадзілі наглядальнікамі на выбары і дазвалялі сабе потым вельмі крытычныя меркаванні. Памятаю, адна з маіх курсавых у сваёй назве ўтрымлівала — «Класіфікацыя і метадалогія дыктатур». Для напісання быў выкарыстаны менавіта беларускі «досвед».

Спектаклі жыцця

Пры пануючым у той час палітычным вальнадумстве мы старанна вывучалі ўсё, што датычылася непасрэдна юрыспрудэнцыі — крымінальнае, гаспадарчае, адміністрацыйнае права, працэс, тэорыю права і г.д. На мой погляд, гэта спалучэнне нейкай «вольніцы» з юрыдычнай дакладнасцю, і нават жорсткасцю, дало даволі цікавы эфект.

Дысцыплінавала думкі і адначасова прывучала думаць самастойна. Фарміравала структураванасць мыслення, што вельмі важна для драматургіі, бо любая п’еса альбо кінасцэнар маюць канкрэтную структуру і дакладную логіку. І ў той жа час дазволіла не зашорыцца.

Вучоба дазволіла захаваць пэўную (з большасці крытычную) свабоду мыслення наконт развіцця краіны. Не пайсці ў адкрытую апазіцыю і не пачаць служыць уладзе. Не трапіць у палон той ці іншай ідэалогіі, ва ўсім сумнявацца.

Адначасова з вучобай, пачынаючы з другога курсу, я пачаў працаваць. У юрыдычнай фірме «Уласаў і партнёры», адной з лепшых, на мой погляд, у краіне і адной з нямногіх, убудаваных ў сістэму міжнароднай юрыспрудэнцыі. Ёй рабілі заказы сусветна вядомыя канцэрны, накшталт «Макдоналса», нафтавыя карпарацыі, структуры Еўрасаюза і нават беларускі ўрад.

Мне пашанцавала два гады працаваць побач з самымі лепшымі юрыстамі Беларусі. Натуральна, што студэнту з большасці прыходзілася выконваць не самыя важныя функцыі. Напрыклад, я сядзеў у чэргах у райвыканкам, калі была патрэба зарэгістраваць фірму альбо зрабіць нешта іншае.

Дарэчы, з гэтай нагоды ўпершыню сутыкнуўся з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам і пазнаёміўся з тагачасным рэктарам Міхайлавым. Іх юрыдычным суправаджэннем займалася менавіта наша фірма.

Паралельна з гэтым развівалася творчае жыццё. Яшчэ на першым курсе я пайшоў у тэатр філфака БДУ. А паспрыяла такому выбару Ірына Камінская, з якой мы ў ліцэі сядзелі за суседнімі партамі. Іра паступіла на філалагічны факультэт універсітэта і запрасіла мяне ў тэатр.

Вечарамі я хадзіў на іх рэпетыцыі, пачаў выконваць нейкія ролі. Зразумеў, як усё працуе і кіруецца, адчуў сувязь з публікай, і, як кажуць, палюбіў сцэну. Менавіта там я і напісаў сваю першую п’есу, і сам (з акцёрамі студэнцкага тэатра) яе паставіў. Гэта быў сапраўдны фурор. Заля літаральна разрывалася ад апладысментаў. Мы яе ставілі разоў дзесяць. П’еса называлася «Споведзь Пілата» і атрымала станоўчую прэсу. Я зразумеў, што магу і ўмею гэта рабіць.

Па сутнасці ў тэатры было два кіраўнікі — былая жонка вядомага кампазітара Яўгена Глебава Людміла Ярмак і іх сын Сяргей Яўгенавіч Глебаў. На жаль, абодвух ужо няма на гэтым свеце. Спачатку, як і мой брат, на аперацыйным стале памёр Сяргей. Маці гэта вельмі балюча перажывала і праз некалькі гадоў пайшла з жыцця сама.

Ад іх я вынес некалькі вельмі важных жыццёвых урокаў. Першы з іх — дэбют у якасці драматурга. Будучы глыбока праваслаўным, Сяргей Яўгенавіч, акрамя ўніверсітэцкага, адкрыў яшчэ невялікі тэатр пры Петрапаўласкім саборы. Гледачамі былі прыхаджане, а п’есы ставіліся выключна філасофска-рэлігійнага плану. Так у маёй творчасці ўпершыню ўзнікла тэма рэлігіі і духоўнасці.

Для чалавека, схільнага да пастаяннага сумневу і сарказму, гэта было цалкам новым і значна пашырала светапогляд. Напісаліся адпаведныя п’есы. Напрыклад, «Понцій Пілат», які потым быў пастаўлены ў тэатры беларускай драматургіі, альбо «П’емонтскi звер», дзе фабулай стала жыццё манастыра. Гэтую п’есу потым паставілі ў пятнаццаці тэатрах СНД. Па сутнасці, яна і зрабіла мяне вядомым у Беларусі драматургам.

Такім чынам, адначасова супалі адразу чатыры пласты: свабода паліталагічнай думкі, жорсткая структураванасць юрыспрудэнцыі, нейкая заліхвацкае жыццё ў прасторы студэнцкага тэатра-лабараторыі і рэлігійны накірунак творчасці. І на гэтай глебе з’явіліся п’есы, якія далі старт і сталі своеасаблівым пераломным момантам майго жыцця.

Адбылося гэта ў 1999–2000 гадах. Я даслаў свае творы ў розныя тэатры. Спачатку патэлефанавала памочніца Табакова, сказала, што іх тэатр мае намер паставіць маю п’есу і запрасіла прыехаць у Маскву. Алег Паўлавіч са мной пагаварыў і даў дабро.

Пасля той пастаноўкі, па пратэкцыі Табакова мне пашанцавала трапіць у праграму атрымання другой вышэйшай адукацыі і скончыць пасля БДУ яшчэ і Маскоўскі інстытут перападрыхтоўкі работнікаў мастацтва і культуры. Так я афіцыйна стаў рэжысёрам.

У Маскве пражыў амаль год і мог бы без праблем там і застацца, але зразумеў — не мой гэта горад. Масква — жорсткі Вавілон, які прымушае людзей жыць па сваіх правілах, а я чалавек, які вельмі любіць свабоду.

Аднак вернемся да часоў маладосці. Паралельна яшчэ адну маю п’есу пачалі ставіць у Мінску, потым — у Гродна. Я зразумеў, што фармуецца новая прафесія, і кінуў юрыспрудэнцыю, у сэнсе звольніўся з работы ў фірме «Уласаў і партнёры».

У 2002 годзе з чырвоным дыпломам я скончыў БДУ. У той час ужо працаваў у беларускім Саюзе тэатральных дзеячаў, таму патрэбы ў размеркаванні не было. Адразу паступіў у аспірантуру на тэатральную крытыку, то бок журналістыку.

На жаль, абараніцца не здолеў па той прычыне, што тэатр (фестывалі, п’есы, прэм’еры) хутка стаў асноўнай часткай майго жыцця, і я ўжо праз год з аспірантуры ганебна збег.

Хаця і паспеў даволі шмат напісаць — больш за трыста артыкулаў. У асноўным — рэцэнзіі на спектаклі. Яны былі вельмі крытычнымі, таму ворагаў за той год у мяне стала значна больш.

Пра сваё рашэнне развітацца з аспірантурай шчыра сказаў свайму навуковаму кіраўніку, вядомаму беларускаму крытыку Таццяне Дзмітрыеўне Арловай. Маўляў, не быць мне кандыдатам навук і дацэнтам. Не маё гэта.

На пачатак новага тысячагоддзя прыходзіцца яшчэ некалькі буйных праектаў, да якіх я меў самае што ні ёсць непасрэднае дачыненне. Першы звязаны са стварэннем тэлеканала АНТ. Дарэчы, задумваўся ён як часткова прыватны і часткова дзяржаўны і больш свабодны, чым афіцыйнае беларускае тэлебачанне.

Спачатку так яно і было. Прыйшла маладая каманда, дзе я быў галоўным рэдактарам тэлеканала і прыдумаў ток-шоў «Выбар», куды першым вядучым быў пакліканы палітолаг Валодзя Мацкевіч. Потым яго звольнілі, а ўсіх прыватных інвестараў кіраўнік АНТ Рыгор Кісель адсунуў. Канал пачаў ператварацца ў другое БТ, і я сышоў.

У 2003 годзе прапанаваў стварыць у Мінску Міжнародны тэатральны фестываль «Адкрыты фармат», стаў яго артдырэктарам, але і яго дзяржава даволі хутка ўзяла пад кантроль. Мяне выключылі са складу аргкамітэта, а сам фестываль перайменавалі ў «Панараму».

Паралельна мы спрабавалі адкрыць у Беларусі Цэнтр драматургіі і рэжысуры, і нават рыхтавалі першы спектакль. Улады спачатку ідэю падтрымалі, а ў апошні момант зноў кінулі. На базе таго, што ўжо было створана, узнік «Свабодны тэатр».

Акрамя гэтага пэўны час я рэдагаваў газету «Веснік культуры», якую па наш дзень выпускае адзін са старэйшых пісьменніцкіх саюзаў «Полацкая вецце». Пасля таго, як газету выкінулі з кіёскаў, прыйшлося сысці, бо мая рэпутацыя незалежнага чалавека значна ім шкодзіла.

Кіно будучыні

У 2006 годзе ў маім жыцці адбыўся яшчэ адзін кардынальны паварот. Маю на ўвазе кінафільм «Любовь-морковь». Поспех быў ашаламляльны. Карціну паказалі амаль ва ўсіх кінатэатрах СНД.

У тэатры толькі адзін зал, а тут — тысячы экранаў. Мяне гэта вельмі захапіла. Пайшлі камедыі, дэтэктывы, ваенныя драмы… На дадзены момант іх ужо больш дваццаці. Тры гады таму першы трыумф быў паўтораны «Елкамі», якія аказаліся суперпаспяховымі і запусцілі працэс. Зараз кожны новы год будзе нешта падобнае.

Хутка ўсё гэта (камерцыйны поспех) крыху надакучыла, бо я марыў, мару і буду марыць пра кіно нацыянальнае. Беларускае. Па гэтай тэме я вельмі крытычна выказваўся ўжо тысячу разоў. У нас усё ёсць: грошы, магчымасці, таленты. Няма палітычнай волі, цікавай тэмы, сапраўднай творчасці, то бок усяго, што можа запусціць махавік.

Па гэтай прычыне, на мой погляд, айчыны кінематограф існуе толькі намінальна. Здымаем не самыя лепшыя расійскія серыялы, спрабуем займацца нейкай ідыёцкай прапагандай, тыпу «Авеля», а нацыянальнага беларускага кіно няма. У Расіі ёсць, у Польшчы ёсць, а ў нас — няма.

Адзін Андрэй Кудзіненка, які арганізаваў мой акторскі дэбют у фільме «Акупацыя. Містэрыі», не можа за ўсіх цягнуць воз рэжысуры. Міхаіл Пташук адышоў у іншы свет і, на жаль, не пакінуў пасля сябе дастойных вучняў, якія маглі б працягваць яго справу.

Новага, у гэтым сэнсе моцнага пакалення пакуль не з’явілася, таму і добрай беларускай рэжысуры катастрафічна не хапае. Акрамя гэтага не хапае творчай свабоды. За «Вышэй за неба» я біўся, як звер, бо прынцыпова лічу, што, калі мы гаворым пра кіно як пра мастацтва, яно павінна быць смелым, цэласным, непадцэнзурным.

У нейкім сэнсе, бітва была амаль крывавай. І я вельмі спадзяюся, што змог праз свой фільм паказаць: мы пабудавалі такую краіну, у якой свабодным можа быць толькі хворы на СНІД.

Паміж маім фільмам і кудзіненкаўскім «Акупацыя. Містэрыі» — дзесяцігадовы інтэрвал. Пасля «Вышэй за неба» — зноў правал. Дарэчы, той фільм Андрэй Кудзіненка зрабіў за вельмі невялікія грошы галандскага Фонду па падтрымцы кіно, таму і змог пазбегнуць беларускай цэнзуры.

Некаторы час я выкладаў ва Універсітэце культуры. Матэрыяльна гэта падобна на гуманітарную дапамогу, але галоўным было іншае. Беларусі вельмі патрэбны свае сцэнарысты, рэжысёры. Трэба іх вучыць, а вучыць няма каму. Таму я і пагадзіўся, але выкладчыцкі перыяд быў вельмі кароткім. Ад мяне банальна пазбавіліся.

Калі нехта лічыць, што беларускія ўлады станоўча ставяцца да Курэйчыка, то гэта абсалютная хлусня. На самай справе, мне не даюць тут ні зняць кіно, ні паставіць спектакль.

З апошняй буйной пастаноўкі («Пане Каханку») прайшло больш за тры гады, і нічога іншага рэалізаваць у Мінску ў мяне не атрымалася. Многія кажуць, што (асабліва) пасля выказванняў пра прэзідэнцкія выбары 2010 года з маім прозвішчам «ёсць праблемы».

Адзін плюс — я ў іх нічога не прашу. Я адкрыта прамаўляю тое, што не падабаецца беларускім уладам.

Добрыя п’есы, калі яны сапраўды таго вартыя, перажывуць усіх чыноўнікаў. Шэкспір напісаў свае п’есы 400 гадоў таму, а «Гамлет» на розных сцэнах ставяць па наш дзень.

Спадзяюся, што і ў мяне ёсць нешта вартае для нашчадкаў.

А вось з кіно ўсё значна складаней. Гэта мой боль. Кіно — калектыўнае мастацтва, аднаму, нават самаму таленавітаму, тут нічога не зрабіць. Каб атрымалася годна, трэба агульнае супадзенне высокай прафесійнасці — рэжысёр, сцэнарыст, аператар, акцёры, дэкаратары, здымачная група. Словам, патрэбны моцны калектыў.

Па гэтай прычыне я і імкнуся выкладаць кінасцэнарыстыку ў ЕГУ і прыватнай мінскай школе. Кіно — гэта не толькі грошы. Пры жаданні, яго можна зняць і на мабільнік, трэба, каб здымачная пляцоўка літаральна бурліла ад ідэй.

На жаль, у Беларусі на іх зараз адчувальны крызіс. Такое ўражанне, што людзям сёння няма што сказаць, альбо сказаць гэта яны баяцца.

Літаратурны запіс Аляксандра Тамковіча

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі»

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-12-15 15:22:58
«Полацкая вецце» - загадкавая назва. Ёсць "Полоцкая ветвь" - калі перакладаць, то будзе "Полацкая галіна".



"Андрэй Курэйчык за свае 34 гады паспеў здзейсніць столькі, што цяжка паверыць яго пашпартным дадзеным..." Сумніўны камплімент. К 34 гадам Шэкспір напісаў "Рамэа і
Джульету", Гогаль - "Рэвізора", Купала - "Паўлінку"... А ці будуць творы Курэйчыка, прыхільніка камерцыйнай плыні ў драматургіі і кіно, цікавыя нашым нашчадкам
праз 100 гадоў? Хацелася б верыць.

Каментаваць