Сямёну Шарэцкаму споўнілася 80 гадоў

Сёння споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння беларускага палітыка Сямёна Шарэцкага. Некалі ён быў галоўнай постаццю беларускай палітычнай сцэны, цяпер адышоў ад палітыкі і спакойна жыве на пенсіі.

 

Сямён Шарэцкі (на першым плане) фота: Беларускі міжнародны архіў

 

Сямён Шарэцкі нарадзіўся 23 верасня 1936 года ў вёсцы Лаўрышава на Наваградчыне. Тады гэта было Наваградскае ваяводства даваеннай Польшчы. Скончыў сельскагаспадарчую акадэмію, вышэйшую партыйную школу. Доктар эканамічных навук, прафесар. Большасць свайго жыцця прысвяціў сельскай гаспадарцы, шмат гадоў узначальваў калгас.

У 1993 саветнік старшыні Савета міністраў Рэспублікі Беларусь. Старшыня створанай ім жа Аграрнай партыі Беларусі, дэпутат Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь. Са студзеня па лістапад 1996 году старшыня Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь.

Дэпутаты Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь XIII склікання, якія не прызналі вынікаў рэферэндуму 24 лістапада 1996 году, працягвалі дзейнасць у выгнанні.


21 ліпеня 1999 дэпутаты Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь XIII склікання, прыхільнікі Канстытуцыі рэдакцыі 1994 году, прызначылі Шарэцкага выконваючым абавязкі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З канца ліпеня 1999 Сямён Шарэцкі жыў у Вільні, лічыўся легітымным кіраўніком Беларусі; яму была прадстаўленая дзяржаўная ахова.

Мы патэлефанавалі некаторым беларускім палітыкам і папрасілі згадаць постаць Сямёна Шарэцкага. Аляксандр Дабравольскі з АГП лічыць, што экс-старшыня Вярхоўнага савету, нягледзячы на складаныя часы, ахаваў гонар і годнасць.

У сваю чаргу былы старшыня Вярхоўнага савету Станіслаў Шушкевіч звяртае ўвагу на шматлікія памылкі, якія Шарэцкі здзейсніў, будучы ў вялікай палітыцы.


Ужо шмат гадоў Сямён Шарэцкі не пры палітычных справах. Ён пакінуў Беларусь і ўвогуле Еўропу: цяпер жыве ў ЗША ў сына. Рэдка з’яўляецца публічна і ў СМІ.


Некаторыя палітыкі і грамадскія дзеячы, якім мы патэлефанавалі, адмовіліся выказвацца на тэму Сямёна Шарэцкага.

Валеры Саўко, www.radyjo.net

 

Каментаваць