Серафім Татарын — польскі і савецкі вязень

Сёння пра гэта чалавека ведаюць хіба толькі яго землякі з вёскі Вострава. А ў 1920–1980-х гадах імя Серафіма Татарына не сыходзіла з вуснаў жыхароў Зэльвеншчыны і Слонімшчыны.



Серафім Татарын


Актыўны дзеяч у Заходняй Беларусі, арганізатар гурткоў ТБШ у Слонімскім павеце, адказны рэдактар беларускай газеты «Наша праўда», удзельнік Другой сусветнай вайны, педагог, вязень польскіх і савецкіх лагераў Серафім Татарын заслугоўвае добрых слоў памяці. Тым больш, што сёлета ў лютым споўнілася 110 гадоў з дня яго нараджэння. Хаця сёлета на Зэльвеншчыне пра свайго слыннага земляка ніхто і не ўспомніў.

Бежанства і вяртанне дамоў

Серафім Татарын нарадзіўся 13 лютага 1903 года ў вёсцы Вострава Слонімскага павета (цяпер Зэльвенскі раён) у сям’і селяніна-серадняка, які меў траціну ўчастка зямлі: 6 дзесяцін ворыва і лугу. У 1914 годзе закончыў тры класы царкоўнапрыходскай школы ў роднай вёсцы Вострава, а пасля займаўся ў духоўным вучылішчы ў Жыровічах.

У гады Першай сусветнай вайны сям’ю Татарыных выгналі рускія казакі ў бежанства ў Расію. Жылі ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе Серафім закончыў тры класы духоўнага вучылішча. А пасля рэвалюцыі ў Расіі, вучыўся ў савецкай школе, а потым працаваў у аддзеле сацыяльнага забеспячэння. Тады ў Расіі было неспакойна, ішла грамадзянская вайна, людзі галадалі, таму Татарыны вырашылі вярнуцца на Бацькаўшчыну.

Летам 1920 года бацька Серафіма купіў каня і воз, і яны паехалі на Беларусь. Да роднай вёскі Вострава дабраліся ў верасні. Але вёска ўжо была пад Польшчай. Прыехаўшы ў роднае мястэчка, Серафім Татарын уладкаваўся працаваць вольнанаёмным настаўнікам у суседнюю вёску Лабзова, дзе выкладаў беларускую і рускую мовы. Але гэта працягвалася нядоўга, бо школа хутка была закрытая. Дзяцей палякі загадалі вучыць толькі па-польску.

У роднай і суседніх вёсках Серафім Татарын вылучаўся сярод аднагодкаў сваёй адукаванасцю і пэўным жыццёвым вопытам. Таму нікога не здзівіла, што хутка юнак стаў важаком моладзі.

Ён пазнаёміўся і падтрымліваў сувязі са слонімскімі актывістамі Паўлам Крынчыкам, Феакцістам Міско, Якубам Міско, часта бываў у Вільні, дзе пасябраваў з Рыгорам Шырмам, Максімам Танкам, Браніславам Тарашкевічам.

Аднойчы Рыгор Шырма запытаўся: «Серафім, хочаш надалей вучыцца? Станавіся рэдактарам газеты «Наша праўда». Але папярэджваю, што можа быць некалькі канфіскацый газеты, таму, каб не арыштавалі, давядзецца ўцякаць».

Юнак пагадзіўся. Так ён стаў адказным рэдактарам газеты «Наша праўда».

За яго подпісам выйшла ў свет 19 яе нумароў, з якіх былі канфіскаваны №№ 3, 6 і 12, а ўсяго выйшла ў свет 49 нумароў. Улады збіралі абвінаваўчыя матэрыялы на рэдактара-выдаўца, а дэфензіва выбірала зручны момант для арышту. Прыйшлося часова пакінуць Вільню.

Пасля разгрому Беларускай сялянска-рабочай грамады ў Заходняй Беларусі пачалі стварацца гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Усюды актыўна беларусы адкрывалі бібліятэкі-чытальні, ставілі спектаклі, чыталіся лекцыі. Аднак не заўсёды на гэта палякі давалі дазвол.

ТБШ

Серафім Татарын у роднай вёсцы Вострава разам са сваімі аднавяскоўцамі пачаў актыўна будаваць Народны дом. Дапамогу яму і вяскоўцам нават аказвалі беларусы-востраўцы, якія жылі ў Амерыцы. З 1890 па 1912 гады толькі з адной вёскі Вострава Слонімскага павета ў пошуках лепшай долі выехалі каля 100 чалавек. Там быў і родны брат Серафіма — Андрэй Татарын. Серафім напісаў яму пра тое, што яны вырашылі пабудаваць у Востраве Народны дом. Напісаў пісьмо-зварот да востраўцаў, якія жылі ў Амерыцы. Брат там зачытаў пісьмо. І рабочыя-беларусы пачалі збіраць долары і дасылаць у Вострава на будаўніцтва Народнага дома. Першы раз даслалі 63 долары, потым — 80. А трэці раз прыслалі ажно 100. Усе гэтыя грошы з падпіснымі лістамі паступілі ў гурток ТБШ вёскі Вострава.

Народны дом у вёсцы Вострава

Пры гуртку ТБШ у Востраве працавалі драматычны і харавы гурткі. Ставілі беларускія спектаклі, гастралявалі з імі ў суседніх вёсках, наладжвалі канцэрты, лекцыі, сустрэчы. Пад восень 1927 года Серафіма Татарына выклікалі ў Слонім на допыт з выпадку канфіскацыі нумароў газеты «Наша праўда». Праўда, яго не арыштавалі, а аддалі пад нагляд паліцыі. Кожную нядзелю ён павінен быў прыходзіць у паліцэйскі ўчастак і адзначацца, а таксама ўзялі з яго распіску нікуды без дазволу не выязджаць.

Восенню 1928 года ў Слоніме быў праведзены павятовы з’езд ТБШ. На ім было выбрана новае кіраўніцтва. Старшынёй абралі Сямёна Жыткевіча, а намеснікам — Серафіма Татарына.

У сакавіку 1929 года юнакі і дзяўчаты праводзілі кароткую нараду ў акруговай управе ТБШ. Раптам туды ўварваліся некалькі паліцэйскіх і абвясцілі, што акруговая ўправа ТБШ у Слоніме па распараджэнні наваградскага ваяводы ліквідаваная, а кнігарня закрытая. Так былі закрытыя і ўсе гурткі ТБШ у Слонімскім павеце.

У вёсцы Вострава дзейнічала добрая бібліятэка, якая налічвала 1000 кніг. Закрываючы яе, паліцыя захапіла ўсе кнігі. Уцалелі толькі тыя, якія былі на руках у чытачоў. Былі ліквідаваны ўсе гурткі ТБШ ва ўсім Навагрудскім ваяводстве.

Але Серафім Татарын хутка пераязджае ў Наваградак, дзе актыўна працуе сакратаром павятовага сакратарыята клуба «Змаганне». Але і там пачаліся новыя клопаты, новыя сутычкі з польскай паліцыяй.

За кратамі

29 жніўня 1929 года ў Вільні праходзіў сход пасольскага клуба «Змаганне» і яго шаснаццаці павятовых сакратарыятаў. Наляцела паліцыя. Дэлегатаў сходу арыштавалі. Каля двух тыдняў трымалі ў Віленскай турме на Лукішках, затым паліцыя развезла ўсіх па дамах пад распіску бацькоў. У хуткім часе Серафім Татарын зноў прыехаў у Наваградак і працягваў працаваць у сакратарыяце. 5 снежня 1929 года яго арыштавалі і пасадзілі на год у турму. 5 снежня 1930 года юнак выйшаў на волю, 8 снежня — прыехаў у Вострава, а 9 снежня зноў яго арыштавалі і пасадзілі за беларускасць на 6 гадоў. Кайданкі, пабоі, пераводы з турмы ў турму, галадоўкі, няспынная барацьба за правы палітычных зняволеных… І толькі 5 студзеня 1936 года Татарына вызвалілі па амністыі. Выйшаўшы на волю, 33-гадовы хлопец вырашыў ажаніцца. Але 25 красавіка, за тыдзень да вяселля, яго зноў арыштоўваюць і саджаюць у Картуз-Бярозаўскі канцлагер, дзе рэжым быў надзвычай жорсткі. «Аднойчы, — часта ўспамінаў Серафім Лук’янавіч, — упрэглі мяне з двума палітзняволенымі замест коней у барану. Шляя, якую адзелі на нас, была з дроту, які балюча ўпіваўся ў цела. Пот, слёзы крыўды і нянавісці засцілалі вочы…»

У Картуз-Бярозе Серафім Татарын прабыў 14 месяцаў. Вярнуўшыся дамоў, ён працаваў на бацькавай гаспадарцы. Але ў гісторыі Бацькаўшчыны адбываецца важная падзея — аб’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй. Літаральна 17 верасня 1939 года на першым вольным мітынгу Серафіма выбіраюць старшынёй Часовага валаснога сялянскага камітэта ў вёсцы Дзярэчын. Але НКУС «убачыў» у асобе Татарына замаскіраванага класавага ворага. І 11 кастрычніка 1939 года органы НКУС яго арыштавалі як «польскага шпіёна» і за тое, што ён працаваў у контррэвалюцыйных арганізацыях — БСРГ, ТБШ, «Змаганні», і прыгаварылі да 10 гадоў ППК. Ён быў этапаваны ў Іўдэльскі канцлагер НКУС Свярдлоўскай вобласці Расіі. А 13 красавіка 1940 года арыштавалі ўсю яго сям’ю (жонку і траіх дзяцей) і вывезлі на поўнач Казахстана. Умовы жыцця там былі даволі складаныя: клімат улетку сухі, спякотны, зімою — вялікія маразы, завеі. Працавалі шмат, заробкі былі мізэрныя, на дзень атрымлівалі толькі па два вядры вады.

Праз год сям’ю Татарына перавезлі ў Кустанайскую вобласць на будаўніцтва чыгункі. Працавалі ў кар’еры, капалі і ссыпалі зямлю. Там адпрацавалі тры гады. І ў 1945 года жонку і дзяцей Серафіма Татарына перавезлі ў Кіеў, адкуль іх забраў муж, які ўжо быў вызвалены з лагераў, ваяваў на фронце, атрымаў раненне. Але пасля вайны знайшоў сям’ю і забраў усіх на Зэльвеншчыну.

На Бацькаўшчыне

Калі дажыналі першае пасляваеннае жыта, Серафім Татарын пешшу адправіўся ў райцэнтр. Дамоў вярнуўся ноччу ў гуморы: за дзень уладкаваў усе справы, звязаныя з адкрыццём пачатковай школы ў роднай вёсцы Вострава. А 1 верасня ён, узяўшы падручнікі, і, як ніколі, шчаслівы, пайшоў у школу. Вучні дружна і шчыра прывіталі свайго настаўніка-земляка.

Пасля арганізацыі мясцовага калгаса «Радзіма» ў вёсцы Вострава адкрылася і пачала працаваць сямігадовая школа. У гэты час Серафім Лук’янавіч закончыў завочна педвучылішча і гістарычны факультэт настаўніцкага інстытута.

17 гадоў ён выкладаў у роднай школе гісторыю, і першы ўрок у кожным навучальным годзе ён прысвячаў барацьбе працоўных Заходняй Беларусі за лепшую долю. Разважаў заўсёды натхнёна, пераканаўча, цікава, быццам сваю біяграфію.

Памёр Серафім Татарын у 1988 годзе. А рэабілітавалі яго ў 1956-м. У канцы 1990-х гадоў, калі я бываў у Дзярэчыне на Зэльвеншчыне ў настаўніка мясцовай школы Пятра Марціноўскага (1932–2006), той часта прыгадваў мне Серафіма Лук’янавіча Татарына: «Я добра ведаў гэтага простага і шчырага, гаваркога і няўрымслівага чалавека. Сустракаўся з ім у яго школе, на розных раённых нарадах, у кнігарні, у рэдакцыі раённай газеты «Праца», куды ён, як актыўны селькор, прыносіў свае артыкулы. Сваім багатым педагагічным вопытам ён шчыра дзяліўся з настаўнікамі на канферэнцыях і метадычных аб’яднаннях. А вечарамі чытаў лекцыі бацькам у клубах, сустракаўся з моладдзю. Яго дом у Востраве жыхары Зэльвеншчыны называлі ласкава Домам Серафіма. Ён часта казаў, што лёс у жыцці выпаў на яго долю нялёгкі, але з перакананнем заўсёды падкрэсліваў: «Але калі б давялося пачаць спачатку — я не збочыў бы з абранага беларускага шляху…» 

Абмеркаванне:

  • Ирина
  • 2013-07-30 20:31:01
=У гады Першай сусветнай вайны сям’ю Татарыных выгналі рускія казакі ў бежанства ў Расію=

У меня вопрос к автору - почему русские казаки выгоняли? На сколько я помню по историческим источникам, из гродненской губернии была организована эвакуация жителей, около 1 миллиона человек, время
военное, сложное, автор расставляет неверные акценты. "Выгнать" или "эвакуироваться" , согласитесь звучит по-разному
  • Алесь
  • 2013-07-31 17:01:48
Наколькі я ведаю ў газеце "Праца" друкаваліся ўспаміны Татарына... магчыма хтосьці ведае ў якіх дакладна нумарах??

Каментаваць