Справы і мары Ігара Язэпенкі

Першыя археалагічныя раскопкі студэнт-гісторык правёў у сусветна вядомым урочышчы Грэнск (лог ракі Сож у ваколіцах вёскі Ворнаўка Кармянскага раёна Гомельскай вобласці). Менавіта пасля гэтай экспедыцыі мара пра археалогію стала рэальнасцю для Ігара Язэпенкі (ліпень 1981 года)

 

 Незабыўная вячэра са смажанай рыбай у намётавым летніку на Камарыне


З гэтым высокім хударлявым рамантыкам я пазнаёміўся ў 1993 годзе на Рагачоўшчыне падчас раскопак. Разам з Ігарам Язэпенкам у даследаваннях бралі ўдзел ягоны старэйшы калега Мікола Крывальцэвіч і маладыя даследчыкі старажытнасцяў пад кіраўніцтвам мясцовага краязнаўцы Алеся Рыкунова з археалагічнага гуртка Рагачоўскага краязнаўчага цэнтру.

 

Потым Ігар Язэпенка абараніў дысертацыю і напісаў грунтоўную манаграфію «Паселішчы неаліту і ранняга перыяду эпохі бронзы міжрэчча Бярэзіны і Дняпра». У інтэрв’ю НЧ навукоўца распавёў пра сваю працу, пра дасягненні і пра сваю мару аб стварэнні першага ў Беларусі Нацыянальнага археалагічнага парка.


Вокладка манаграфіі археолага


Схаваная гісторыя

 

У выніку даследаванняў нядаўна знайшліся артэфакты, якія могуць сведчыць пра тое, што яшчэ ў IV тысячагоддзі да н. э. з надпарожжа Дняпра ў Верхняе Падняпроўе прыйшлі плямёны вандроўнікаў-намадаў індаіранскага паходжання, якія на той час ужо зрабілі свойскімі коней. Пра гэта сведчыць гаршчок сярэднестагоўскай культуры эпохі энеаліту, знойдзены ў рэчышчы Дняпра насупраць санаторыя «Прыдняпроўскі» ў Рагачоўскім раёне Гомельшчыны. Дадатковыя даследаванні могільнікаў і паселішчаў вакол незвычайнай знаходкі дапамогуць выявіць арэал гэтай лесастэпавай культуры.


Гаршчок сярэднестагоўскай культуры эпохі энеаліту IV тысячагоддзя да н.э. Знойдзены ў рэчышчы Дняпра насупраць санаторыя "Прыдняпроўскі". Артэфакт сведчыць пра прысутнасць у Падняпроўі культуры намадаў індаіранскага паходжання, якія здолелі прыручыць коней


14-ці паселішчаў позняга неаліту і ранняй бронзы (сярэдзіна III пачатак II тысячагоддзя да н.э.) у міжрэччы Бярэзіны і Дняпра, якія былі раскапаныя з 1990 па 2007 гады, дало мажлівасць звязваць гэтую тэрыторыю з колам культур агульнаеўрапейскай шнуравой керамікі (усходняя Швейцарыя, паўднёва-ўсходняя і паўночная Нямеччына, цэнтральная Польшча).

 

Усё гэта сведчыць пра вельмі стракаты ландшафт першабытнага жыцця на тэрыторыі міжрэчча Бярэзіны і Дняпра. Апроч таго, з’яўляецца новы этап у гісторыі айчыннай археалогіі — перыяд энеаліту — пераходу ад каменнага веку да веку металу, падмацаваны адпаведнымі артэфактамі.

 

Навукоўцам таксама цікава адсачыць транзіт культуры намадаў і яе мажлівае ўзаемадзеянне з культурай мясцовых індаеўрапейскіх плямёнаў. Так што наперадзе беларускіх археолагаў чакае яшчэ шмат цікавых адкрыццяў.


На першых студэнцкіх археалагічных выведках на рацэ Друць ля вёскі Прыбар, што ў Бялыніцкім раёне Магілёўшчыны (18–20 красавіка 1981 года)


 

На водкуп рабаўнікам

 

Помнікі археалогіі, як важныя складнікі нацыянальнай і сусветнай культуры, патрабуюць комплекснага падыходу да іх уліку, вывучэння, аховы і выкарыстання. Асаблівую занепакоенасць выклікае стан захавання помнікаў археалогіі, у першую чаргу, айчынных курганных могільнікаў ранняга сярэднявечча. Менавіта гэтыя ўнікальныя матэрыяльныя гістарычна-культурныя каштоўнасці становяцца асноўнымі аб’ектамі рабавання з боку «чорных капальнікаў».

 

Згодна заканадаўству, ахова помнікаў археалогіі ўскладзена на мясцовыя саветы і чыноўніцтва, а на практыцы — на супрацоўнікаў краязнаўчых музеяў у якасці дадатковага абавязку. Але далёка не ў кожным музеі працуе спецыяліст-археолаг. Таму помнікі археалогіі становяцца аб’ектамі пільнай увагі не дзяржавы, а ў першую чаргу рабаўнікоў.

 

Многія чыноўнікі, якія працуюць у мясцовых саветах, прыродаахоўных інспекцыях, лясніцтвах і землеўладкавальных службах, з-за адсутнасці сістэмнага падыходу да помнікаў археалогіі проста не звяртаюць на іх аніякай увагі. І тады адбываецца знішчэнне гэтых унікальных носьбітаў старажытнасцяў. Так, у 2013 годзе падчас добраўпарадкавання пляжу Камарын у Рагачове быў знішчаны фрагмент культурнага пласту.

 

Для больш дзейснага ўліку, вывучэння, аховы, папулярызацыі і музеефікацыі помнікаў археалогіі прапаную стварыць на тэрыторыі Рагачоўскага раёна першы ў краіне Нацыянальны археалагічны парк.


 Агульны выгляд раскопу 2011 года на стаянцы Камарын–5 (левы бераг аднайменнага старычнага возера Дняпра насупраць Замчышча ў Рагачове, дзе на гары месціўся замак каралевы Боны)


 

Рагачоўшчына як археалагічны парк

 

На Рагачоўшчыне ў рэчышчы Дняпра на невялікай тэрыторыі ад Гадзілавічаў да Альсагоркі агульнай плошчай каля 45 квадратных кіламетраў зафіксавана каля 60 (!) аб’ектаў археалогіі — стаянак і паселішчаў, грунтовых і курганных могільнікаў. Толькі некалькі раёнаў краіны могуць пахваліцца такой высокай канцэнтрацыяй помнікаў старажытнасцяў. Большасць з іх адносіцца да эпохі неаліту і ранняга перыяду эпохі бронзы (IV–II тыс. да н.э.). На гэтай тэрыторыі таксама захаваўся шэраг вядомых умацаваных гарадзішчаў (Рагачоўскае, Задруцкае, Лучынскае і Збароўскае), дзе адсочваюцца культурныя напластаванні ранняга жалезнага веку і сярэднявечча.

 

Паколькі шматлікія неалітычныя паселішчы рэгіёна не закранутыя антрапагенным уздзеяннем, на некаторых з іх можна прасачыць чатыры, а то і пяць этапаў засялення. Вось чаму менавіта гэтыя помнікі могуць стаць эталоннымі ў вывучэнні пераходу ад неаліту да ранняй бронзы.


 Ігар Язэпенка (другі злева) сярод студэнтаў — сённяшніх супрацоўнікаў і аспірантаў Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі падчас раскопак на неалітычнай стаянцы Сведкае–2 Рэчыцкага раёна, што на Гомельшчыне (кастрычнік 2009) 



У наваколлі Лучына і Ходасавічаў выяўлена шмат курганоў — самых старажытных на Беларусі, а на ўскрайку селішча Ходасавічы — мясцовае капішча, верагодней за ўсё прысвечанае Пяруну, — паганскі культавы помнік X — пачатку XI стагоддзя на беразе возера Святое. Ля Гадзілавічаў вывучаны курганны некропаль дружыннікаў-радзімічаў X–XII стагоддзяў са шматлікімі фрагментамі зброі і ўпрыгожаннямі.

 

Самы буйны скарб з грашовых знакаў безманетнага перыяду, знойдзеных на Беларусі, зафіксаваны ў Задруцкім гарадзішчы ў прадмесці Рагачова. На гэтым гарадзішчы ў 1893 годзе ў гліняным гаршчку знайшлі 89 цэлых і 3 фрагментаваныя грыўны — зліткі агульнай вагой 14,5 кілаграмы, схаваныя ў XIII стагоддзі. Імператарская археалагічная камісія ў Санкт-Пецярбурзе размеркавала скарб паміж музеямі сталіцы, Масквы, Разані, Арла, Ноўгарада, Херсона, Берлінскага каралеўскага нумізматычнага камітэта, Пенсільванскага ўніверсітэта (ЗША), а таксама распрадала прыватным калекцыянерам. У 1929 годзе Дзяржаўная акадэмія гісторыі матэрыяльнай культуры ў Ленінградзе 13 зліткаў Задруцкага скарбу перадала Эрмітажу.

 

Па-за межамі мяркуемага нацыянальнага парка на Рагачоўшчыне зафіксаваны шэраг іншых выбітных помнікаў старажытнасцяў. Сярод іх — добра захаванае Вішчынскае гарадзішча канца XI — сярэдзіны XIII стагоддзяў на правым высокім беразе Дняпра, дзе быў знойдзены адзін з найбольш выдатных па мастацкай каштоўнасці грашова-рэчавых скарбаў Беларусі, курганныя могільнікі радзімічаў X–XII стагоддзяў і дрыгавічоў X–XII стагоддзяў ля вёскі Ветачка, адметныя выкшталцонымі жаночымі ўпрыгожаннямі.


Археалагічны нацюрморт, які злучае сучаснасць з сівой даўніной. Прыгожая неалітычная кераміка; крэмень, без якога немажліва ўявіць жыццё першабытнага чалавека; пэндзлі як інструмент сапраўднай пяшчотнай археалогіі


Апроч таго, тэрыторыя будучага Нацыянальнага археалагічнага парку вылучаецца шэрагам буйных водных аб’ектаў (рэкі Днепр і Друць, якія зліваюцца крыху на поўдзень ад Замкавай гары Рагачова; старыцы Дняпра — Камарын, Добрае ці Святое, Сасонка і Прорва), наяўнасцю вядомага геалагічнага разрэзу — помніка прыроды нацыянальнага значэння «Чырвоная горка» ў межах санаторыя «Прыдняпроўскі», што месціцца каля вёскі Збароў, багатай фаўнай і флорай, у тым ліку буйнымі хваёвымі тэраснымі лясамі, участкамі нізінных дубраў і змешаных лясоў. На заліўных лугах Прыдняпроўскай нізіны часцяком сустракаюцца расліны-чырвонакніжнікі.

 

Справа будзе прыбытковай

 

Усё гэтае багацце гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны краю патрабуе адпаведнага кіравання ў рамках Нацыянальнага археалагічнага парку. Гаворка ідзе пра поўную інвентарызацыю помнікаў археалогіі, арганізацыю іх належнай аховы, дэталёвага вывучэння і шырокай папулярызацыі.


Першыя археалагічныя раскопкі студэнт-гісторык правёў у сусветна вядомым урочышчы Грэнск (лог ракі Сож у ваколіцах вёскі Ворнаўка Кармянскага раёна Гомельскай вобласці). Менавіта пасля гэтай экспедыцыі мара пра археалогію стала рэальнасцю для Ігара Язэпенкі (ліпень 1981 года)


Спачатку трэба вылучыць 15–20 знакавых помнікаў старажытнасці. Ля кожнага неабходна ўзвесці адпаведныя стэнды з падрабязным апісаннем (на беларускай, рускай і англійскай мовах) кожнай каштоўнасці, з кароткай гісторыяй этапаў яе стварэння і вывучэння, з выявамі, у тым ліку з разрэзам помніка ў 3D-фармаце. Апроч таго, помнікі археалогіі трэба пазначыць такім чынам, каб яны былі відаць з паветра і космасу. Усе гэтыя найбольш цікаўныя сведчанні першабытнага жыцця неабходна звязаць турыстычнай сцежкай.

 

У праграму археалагічных фэстаў, што лепей за ўсё ладзіць на Замкавай гары Рагачова, дзе былі знойдзены ўнікальныя зааморфныя выявы кабанскай культуры з бронзы сярэдзіны I тысячагоддзя да н.э. і сякеркі з рагоў лася сярэдзіны IV тысячагоддзя да н.э., можна ўвесці дзейнасць майстэрняў першабытных продкаў сучасных беларусаў па вырабу прыладаў працы, зброі і ўпрыгожанняў, прадугледзець розныя творчыя конкурсы і спаборніцтвы па азначанай тэматыцы.

 

Для тых, хто цікавіцца старажытнай гісторыяй краю, рэальна запланаваць у Нацыянальным археалагічным парку тэматычныя пешыя, водныя экскурсіі і вандроўкі на паветраных шарах. Для ўдзельнікаў традыцыйных міжнародных навуковых канферэнцый археолагаў каля санаторыю «Прыдняпроўскі» ўзвесці сучасны гатэль на вадзе. А праграму гэтай канферэнцыі добра аздобіць фэстам беларускай песні старадаўняй народнай і сучаснай бардаўскай…

 

Стварэнне Нацыянальнага археалагічнага парку на тэрыторыі Рагачоўскага раёна падштурхне да распрацоўкі ўзорнай дэталёвай праграмы па ахове і папулярызацыі помнікаў археалогіі, будзе спрыяць развіццю краязнаўства і турыстычнай прывабнасці рэгіёну.


Рамантычны ранішні туман над возерам Камарын

            

Каментаваць