Станіслаў Багданкевіч: Мары заўжды былі высокароднымі

Экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч адзначае сваё 80-годдзе. Напярэдадні мы запыталіся ў вядомага эканаміста і палітыка, што яго хвалявала і хвалюе, якім ён бачыць мінулае і дзень сённяшні, пра што марыць?

Фота  з сайта www.belgazeta.by

— У першую пяцігодку беларускай незалежнасці, калі вы кіравалі Нацыянальным банкам, якім вам бачылася далейшае развіццё Беларусі? Пра якую краіну вы марылі?

— Мары заўжды былі высакароднымі. Марылі, што гэта будзе высокаправавая дзяржава, вольная, эканамічна развітая, якая карыстаецца павагай сваіх суседзяў, незалежная. Мы меркавалі, што створым такую краіну. І нейкую частку ў стварэнне незалежнай Беларусі я таксама імкнуўся ўнесці: распрацоўваў Канцэпцыю нацыянальнай грашова-крэдытнай сістэмы, ствараў законапраекты пра банкі і банкаўскую дзейнасць, пра Нацыянальны банк.

Я, калі распрацоўваў усе гэтыя дакументы, яшчэ быў загадчыкам кафедры банкаўскай справы ў Наргасе. Пасля, ужо на пасадзе старшыні Нацбанка, імкнуўся захаваць суверэнітэт, незалежнасць банкаўскай сістэмы — мы здолелі ўвесці нацыянальную валюту, усталяваць першы яе рынкавы курс, які быў стабільным на працягу цэлага года, мы стварылі разнастайныя нарматыўныя матэрыялы — як павінна працаваць уся гэтая сістэма...

Я лічу сваёй заслугай тое, што вядучыя супрацоўнікі Нацыянальнага банка ўсе па два разы прайшлі стажыроўку ў вядучых банках Еўропы і ЗША. Нашы спецыялісты былі і ў Даніі, і ў Францыі, і ў Германіі, і ў Швецыі, і ў Англіі, і ў ЗША. Я сам прайшоў стажыроўку ў Парыжы і ў Лондане. І ўсё гэта — дзеля станаўлення суверэннай Беларусі, каб наша краіна стала часткай еўрапейскай супольнасці.

Станіслаў Багданкевіч і Станіслаў Шушкевіч. Фота bymedia.net

— Вы згодныя, што Беларусь на той час знаходзілася на тых жа стартавых пазіцыях, што і Польшча або Чэхія? І, адпаведна, магла б развівацца настолькі ж эфектыўна?

— Безумоўна. Што датычыць Чэхіі, то ў нас былі крыху горшыя пазіцыі, а што датычыць Польшчы, дык яны былі такія ж, а можа нават і крыху лепей. Бо палякі ў той час прыязджалі да нас і гандлявалі тут запчасткамі да ровараў, матацыклаў і ўсім такім падобным. То бок яны спрабавалі аднаўляць сваю краіну. А мы ўсё ж такі атрымалі ад Савецкага Саюза досыць развітую прамысловасць, адукаваныя кадры...

— Ці бачыце вы таленавітых эканамістаў у сённяшнім урадзе або ў Адміністрацыі прэзідэнта?

— Натуральна, там ёсць такія спецыялісты. Той жа былы памочнік прэзідэнта Кірыл Руды, якога зараз саслалі паслом у Кітай. Мы з ім думаем амаль аднолькава, я згодны з яго тэзісамі, як неабходна развіваць беларускую эканоміку. Ну, прынамсі на 90% мы супадаем па думках.



Нядаўна я быў на некалькіх круглых сталах у Нацбанку, і быў уражаны высокім узроўнем прафесіяналізму цяперашніх загадчыкаў упраўленняў, кіраўнікоў дэпартаментаў, намеснікаў Калаура. У іх сучаснае мысленне, сучасныя падыходы, разуменне таго, як стабілізаваць валютны курс, як перамагчы інфляцыю, як арганізоўваць крэдытныя зносіны ў эканоміцы. Калі гэтым людзям даць паўнамоцтвы, магчымасці, не ўлазіць адміністрацыйна ў іх дзейнасць, то яны будуць нічым не горшыя за Бальцэровіча ды іншых паспяховых рэфарматараў.

Мы праваліліся са сваёй грашовай сістэмай, з інфляцыяй, з валютным курсам, таму што ўвесь час было адміністрацыйнае ўмяшальніцтва ў справы прафесіяналаў. Па законе (і пры мне так было) Нацыянальны банк мае аўтаномію ад ураду, і ніхто з выканаўчай улады не павінен умешвацца ў яго працу. Але, на жаль, у нас аўтарытарны рэжым, і ўся гэтая практыка цяпер зламаная.

Станіслаў Багданкевіч на пасяджэнні Вярхоўнага Савета. Фота kp.ru


— Што вы адчулі, калі зразумелі, што Лукашэнка збіраецца закансерваваць сацыялістычную сістэму ў эканоміцы?

— Тут я крыху памыляўся. Я памятаю свае першыя сустрэчы з ім, калі ён ужо быў кіраўніком дзяржавы. Я ніколі не быў ягоным прыхільнікам, ніколі за яго не галасаваў. Але ўсё ж, калі мы з ім размаўлялі, ён не адкідаў мае прапановы. Я памятаю, мы размаўлялі пра тое, што цэны мусяць вызначацца з аднаго боку сабекоштам, а з іншага — попытам ды прапановай. І гэта — рухавік развіцця эканомікі. Ён быццам бы пагаджаўся. А пасля высветлілася, што ён не супярэчыў, але вырашыў усё адно нічога не рабіць.

Мы яму падрыхтавалі праграму першачарговых мер па эканамічных зменах — і ён яе падпісаў. А пасля адмовіўся выконваць. Мне здаецца, што яго сапсавала, канешне, Расія. Якая на халяву давала нам незаробленыя рэсурсы. Насельніцтва пачало жыць ва ўмовах, калі краіна атрымлівала каля 10 мільярдаў долараў у год датацый — у выглядзе танных нафты ды газу, у выглядзе магчымасці прадаваць у Расію неканкурэнтаздольныя тавары, аўтамабілі, станкі кудысьці ў Іркуцкую вобласць, і гэтак далей.

Вось Лукашэнка і давёў краіну ўпэўненасцю, што можна жыць за кошт іншай краіны, прывязаўшы сваю радзіму да такой метраполіі. Не дзіва, што калі ў Расіі пачаўся крызіс, эканоміка Беларусі пачала падаць.

— Якія падзеі ў эканоміцы, у краіне, пасля 1995 года выклікалі ў вас самыя моцныя эмоцыі?

— Я разумеў прыроду нашых цяжкасцяў у першую пяцігодку незалежнасці. Вы разумееце, эканоміка на 75% залежала ад рэгіёнаў былога СССР. Больш за 40% эканомікі Беларусі працавала на «абаронку». І калі б у нас было нармальнае кіраўніцтва, то першая задача — стварэнне нацыянальнай эканомікі. То бок эканомікі, якая б найперш працавала на ўнутраныя патрэбы. Тады б не было, як зараз, калі я купляю польскую рыдлёўку, чэшскую фарбу… Нам дагэтуль больш важныя станкі, трактары — хаця мы спажываем дзясятую долю з таго, што вырабляем.

Станіслаў Багданкевіч. Фота 90s.by

Трэба было структурна пераарыентаваць эканоміку на ўнутранае спажыванне. Але Лукашэнка на гэта не пайшоў. Ён вырашыў: захаваем тое, што было створана раней. Быццам бы прыгожы лозунг — мы захавалі заводы, а прыбалты не захавалі. А на чорта тыя заводы, калі тыя ж прыбалты маюць ВУП на душу насельніцтва на 30–50% болей, чым мы маем сёння? Што нам дало захаванне буйных дзяржаўных кампаній?

Калі я пісаў заяву на звальненне з пасады старшыні Нацыянальнага банку, я першым пунктам указаў: мае дакладныя запіскі адносна развіцця краіны ігнаруюцца, іх перастаў разглядаць кіраўнік дзяржавы. А другі пункт — тое, што ў парушэнне закону Лукашэнка пачаў умешвацца ў справы Нацбанка праз маю галаву. Скажам, каб даць камусьці крэдыты пад неэфектыўныя праекты. Мы спрабавалі яму давесці — і не я адзін, мяне тады і Мясніковіч падтрымліваў, часам нават і Лінг. Ну а пасля на адным з пасяджэнняў Лукашэнка публічна кажа: «Станіслаў Антонавіч, я ведаю, што вы хочаце сказаць, і я вам слова не даю!». Я гляджу — мае калегі ўжо пачынаюць пагаджацца з ім па ўсіх пытаннях.

Такія мы — беларусы!

— Чаго вы чакаеце ад 2017 года?

— На жаль, у мяне няма вялікага аптымізму. Ёсць аптымізм чыста гістарычны — бо эканоміка развіваецца цыклічна. І пасля вялікага падзення звычайна пачынаецца хаця б павольнае, але ажыўленне. У нас ужо ёсць падзенне прыбыткаў недзе на 20%, ВУП апусціўся на 3%. Ідзе рэцэсія.

Таму я спадзяюся, што ў другой палове наступнага года ўжо магчымае ажыўленне. У той жа час можа быць і пагаршэнне — калі будуць зроблены новыя грубыя памылкі. А для ажыўлення эканомікі найперш патрэбна зніжэнне падаткаў. Трэба ствараць нацыянальную эканоміку, а мы замест гэтага ўвесь час гаворым пра экспарт. А што нам з таго экспарту, калі мы з бюджэту датуем калгас, змяншаючы зарплату людзям, а пасля вырабленае масла прадаем у Расію па зніжаным кошце. Гэта ж не нармальная эканоміка! Трэба забяспечваць унутраны рынак — і, натуральна, рабіць на экспарт нешта высокарэнтабельнае.

— Якія вашы самыя вялікія спадзяванні? Я зараз не пра эканоміку, я пра чалавечае...

— Мне здавалася, што самым галоўным у чалавека, у тым ліку у чыноўніка, павінна быць пачуццё ўласнай годнасці. Адстойванне сваіх перакананняў, сваіх прынцыпаў. Але я гэтага, на жаль, не бачу. Не толькі ва ўладзе, але і ў народзе тое ж самае. Вось мая жонка вырашыла падтрымаць Лябедзьку і сабраць подпісы, каб вылучыць яго кандыдатам. Увесь наш пад’езд ведае мяне і яе, пры сустрэчы кланяюцца, размаўляюць інтэлігентна... А калі яна пайшла па кватэрах за подпісамі, то ўсе баяцца, усе чагосьці стогнуць... Дзіўна проста. Які народ — такая і апазіцыя. Такая ў нас і ўлада.

Станіслаў Багданкевіч з жонкай. Фото kp.ru

Калі б неяк аднавіць гэтае пачуццё гонару за сваю краіну, за нацыю, за беларусаў, годнасць кожнай асобы, яе грамадзянскасць... Тады аптымізму было б болей. А так — які народ, такая і ўлада. І Лукашэнка цалкам адпавядае большасці нашага насельніцтва, якое можа нешта сказаць толькі на кухні.


Абмеркаванне:

  • Сергей Боровский, благодарный студент давних лет
  • 2017-01-03 10:06:43
С юбилеем, Станислав Антонович! Долгих лет жизни без болезней и огорчений.

Каментаваць