Станіслаў Суднік: Мова вяла мяне па жыцці

21 верасня 60-гадовы юбілей адзначыў Станіслаў Суднік, старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ, рэдактар газеты «Наша слова» і часопіса «Лідскі летапісец», публіцыст, паэт і перакладчык. Пра сваё жыццё і любімую працу юбіляр распавёў Эле Дзвінскай.

 



Мова мне дапамагала

— Не адзін раз мне даводзілася чытаць аповеды беларусаў пра тое, як ім цяжка даводзілася з беларускай мовай у рускамоўным асяроддзі савецкіх часоў, як яны вымушаны былі цярпець кпіны з-за сваёй беларускасці.

У маім жыцці ўсё было наадварот. Беларуская мова мне дапамагала, яна мяне ахоўвала, вяла па жыцці, забяспечвала, калі хочаце, месца ў самых розных калектывах, і нават кар'ерны рост. Першы верш у жыцці, які я вывучыў, быў верш Францішка Багушэвіча «Здарэнне», які я пачуў ад бабулі.

У 1976 годзе мне ўдалося натрапіць на беларускамоўны асяродак у Мінску. На 4-м курсе ў нас быў ужо вольны выхад у горад (Станіслаў Суднік вучыўся ў ВІЗРУ — рэд.). Я часта бываў у цэнтральнай кнігарні і пазнаёміўся са студэнтамі ўніверсітэта Ігарам Чарняўскім і Міколам Мікалаевым. Менавіта на іх я абапёрся ў 1988 годзе, калі мы пачыналі беларускі рух у Казахстане і Цвяры. Менавіта ад Ігара я павёз у Казахстан першую адраджэнскую літаратуру і першую касету з песнямі Сокалава-Воюша.

І яшчэ адзін чалавек пакінуў у тыя часы глыбокі след у маёй свядомасці. Гэта Фёдар Янкоўскі.

У 1983 годзе мяне нечакана, без маёй згоды, перавялі на палігон у Казахстан. У нашай частцы было каля 30 беларусаў, ды мо яшчэ столькі выпускнікоў Мінскай вучэльні, у многіх з якіх жонкі былі беларускамі. З прычыны сваёй нешматлікасці беларускае зямляцтва было больш згуртаваным, чым, скажам, украінскае, якое налічвала 70–80 чалавек. Згуртаванасць беларускага зямляцтва абумоўлівалася і тым, што многія беларусы ўжывалі па-за службай беларускую мову.

Нацыянальная свядомасць

— Спрыяльная сітуацыя для перарастання зямляцтва ў нацыянальны рух склалася ў 1988 годзе, калі я, будучы яшчэ маёрам, быў прызначаны на вельмі высокую пасаду. Маё прызначэнне пацягнула шэраг іншых прызначэнняў. На больш высокія пасады паступова пайшлі Іван Ягораў з Гомеля, Міхаіл Бабушкін з Бранска, Леанід Лапо, Сяргей Міхалевіч з Мінска, у частку прыйшло шмат маладых беларускіх афіцэраў.

У тым жа 1988 годзе былі ўстаноўлены стасункі з Мінскам. Мы атрымалі доступ да беларускай літаратуры новага часу. Тады да гэтага спрычыніўся Ігар Чарняўскі. З 1989 года ў Мінску мы абапіраліся ў асноўным на Міколу Міхноўскага і Алеся Емяльянава.

Першай акцыяй стаўся збор подпісаў за дзяржаўнасць беларускай мовы. Тады пад гэтым зваротам падпісаўся 21 афіцэр. Наш ліст быў надрукаваны ў дзвюх газетах Беларусі і ўвайшоў у даклад Ніны Мазай Вярхоўнаму Савету БССР. Гэты збор подпісаў быў адным з першых збораў за беларускую мову. Праўда, пасля гэтага наступныя нашы лісты і звароты ў Беларусі друкаваць перасталі.

Газета «Рокаш»

— Хутка ўзнікла пытанне пра ўласную газету. Мой аддзел ужо на той час меў дастаткова моцную кампутарную базу. Сканеру не было. Прынтар быў матрычны. Беларускага шрыфту не было. Але было жаданне. І мы прыступілі да рэалізацыі праекту выдання беларускай газеты "Рокаш". У жніўні 1990 года была аддрукавана першая сотня асобнікаў. "Рокаш" быў вызначаны як газета Прыазёрскай гарадской рады ТБМ імя Францішка Скарыны (Джэзказганскай вобласці, Казахскай ССР). Гэта была другая газета ў гісторыі (пасля "Нашага слова"), якая выйшла пад шыльдай ТБМ.

Газету «Рокаш» забаранілі 23 жніўня 1991 года, яна была першай забароненай беларускай газетай новага часу.

Беларускае згуртаванне вайскоўцаў

— Падчас жнівеньскага путчу 1991 года ў Мінску было заснавана Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. На 12–13 кастрычніка быў прызначаны ўстаноўчы з'езд. Прапусціць гэты з'езд мы не маглі. Мы падрыхтавалі да з'езду два плакаты са знакамі распазнавання ў беларускім войску і ўзнагародамі беларускай дзяржавы.

Але нават маёй улады было недастаткова, каб адправіць дэлегацыю з Казахстана ў Беларусь. Давялося прымяняць вайсковыя хітрасці. Некаму была арганізавана камандзіроўка, нехта падгадаў адпачынак, хтосьці "прыхварэў". Тым не менш, з далёкага Казахстану прыехалі чатыры чалавекі: я, маёр Мікола Маргун, капітан Ігар Супаненка, старшы лейтэнант Віктар Грамадка.

Правядзенне з'езду БЗВ дазволіла нашай інтэлігенцыі, нашым дэпутатам зразумець ролю беларускіх афіцэраў у Савецкай Арміі, зразумець іх настроі. Правядзенне з'езду дазволіла рассеяць страх перад войскам, і потым, у снежні 1991 года, праводзіць правільную палітыку пры падзеле Узброеных Сілаў СССР. У лістападзе 1991 года выйшаў 9-ты нумар "Рокаша", якраз той, у якім быў рэпартаж пра 1-ы з'езд БЗВ. 10-ты нумар газеты выйшаў у снежні пасля Белавежскіх падзеяў. У студзені 1992 года былі надрукаваныя 20 асобнікаў "Шыхтовага статута Беларускага Войска".

Пасля заканчэння Цвярской Акадэміі імя маршала Жукава я заехаў у Мінск і папрасіў яшчэ аднаго з генералаў умяшацца ў мой перавод у Беларусь. Нарэшце я прыехаў служыць у Масты.

31 снежня 1992 года я першым прыняў прысягу на вернасць Рэспубліцы Беларусь у маім падраздзеле. Потым пачаў прыводзіць да прысягі афіцэраў, прапаршчыкаў, сяржантаў і салдатаў. Само сабой, тэкст прысягі быў на беларускай мове. Бацюшка свянціў кожны аўтамат. Пасля таго, як у шыхт стаў апошні салдат, я падаў каманду: "Зважай!", адчынілася акно, і з магнітафона загучаў гімн "Магутны Божа". З гэтым гімнам мастоўскі зенітна-ракетны дывізіён зрабіў свой крок у гісторыю як адзіны вайсковы падраздзел у незалежнай Беларусі, што прыняў прысягу на вернасць Бацькаўшчыне пад духоўны гімн усіх беларусаў "Магутны Божа".

У той час у дывізіёне было паложана весці заняткі па беларускай мове, што я ахвотна і рабіў. Заняткі па беларускай мове ішлі ва ўсіх Узброеных Сілах. Вось так і пайшла гэта мая служба ў беларускім войску. У той жа час у СПА Узброеных Сілаў Беларусі ішла рэформа. Мы змагаліся за Беларускае войска, я адзін мог на фоне ўсялякіх тэорый па лініі БЗВ ці БНФ праводзіць гэтую беларусізацыю на практыцы. Мог і праводзіў.

Увесь гэты час дывізіён адчуваў моцны прэсінг. Праверкі і камісіі сталі звыклымі. І ўсё недахопы, недахопы, недахопы…

На нейкім этапе гэтых недахопаў назбіралі дастаткова. У Міністэрстве быў узяты курс на разгром БЗВ, і я лёгка трапляў пад гэтую кампанію, хоць афіцыйна я не ўваходзіў у арганізацыю. Як толькі сітуацыя вакол мяне прыціхла, узнікла магчымасць актывізаваць дзейнасць нацыянальных структураў у Ваўкавыскім раёне. Я наведаў Гудзевіцкі музей, асабіста пазнаёміўся з Алесем Белакозам. Паспрабавалі стварыць суполку ТБМ у Росі.

Замак у Лідзе

Вайсковы слоўнік

— Урыўкамі, прыхапкам я працаваў над руска-беларускім вайсковым слоўнікам. Слоўнік быў спланаваны на 7 тысяч слоўных артыкулаў (пазней атрымаецца 8 тысяч). Працы было шмат. Служба не дазваляла ўдзяляць гэтай справе шмат часу. Тым не менш я па сваёй наіўнасці лічыў, што ніхто акрамя мяне гэтага не зробіць, і працягваў пісаць слоўнік. Не памятаю ўжо добра, як тое сталася, але са мной звязалася незалежная выдавецкая кампанія "Тэхналогія" і прапанавала выдаць кароткі варыянт слоўніка. Мне належала зрабіць выбарку адной тысячы слоўных артыкулаў і перадаць у выдавецтва. Гэтую тысячу я падрыхтаваў даволі хутка і дадаў да яе раздзельчык "Каманды і камандныя словы".

Летам 1993 года гэты слоўнічак пабачыў свет. Гэта быў першы вайсковы слоўнік у новай Беларусі.

«Наша слова»

— У канцы 1994 мяне выбралі старшынёй Лідскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне». У мяне была ідэя стварыць газету. «Новую газету ў Лідзе рэгістраваць не даюць, а ў Мінску прападае «Наша слова», — думаў я.

У 1997 годзе Эрнест Ялугін абвясціў аб закрыцці «Нашага слова». На з’ездзе я прапанаваў: «Аддайце газету ў Ліду». Тады мяне не зразумелі і не паслухалі. Але пазней я звярнуўся да Генадзя Бураўкіна, які ўзначальваў ТБМ, і ён прыняў рашэнне перадаць газету ў Ліду.

Я звярнуўся да знаёмага бізнэсоўца. Ён аплаціў у друкарні друк трох нумароў газеты. Ён не спыніў падтрымку газеты пасля папярэджання, і 12 гадоў выдаткоўваў грошы кожны месяц негалосна. Гэта была значная падтрымка.

У нас зусім не было ніякай тэхнікі, толькі адна мая старэнькая машынка. Язэп Палубятка з Мастоў перадаў стары кампутар. Прайшоў некаторы розгалас пра газету.

Вярстала газету дзяўчына з друкарні. Мае сыны Максім і Арцём стаялі за спіной і асвойвалі справу. Потым яны пачалі ўпарта вучыць мяне. Усё перайшло ў мае рукі, з’явіўся больш моцны кампутар. Нам дапамаглі набыць сканер. Не было электроннай пошты, сувязь ішла па факсу. Газета стала выходзіць на 8 палос, потым з’явілася перспектыва выдання на 12 палос. Дапамагалі нам фінансава дзве фірмы. Потым увесь фінансавы бок перайшоў на Лідскую арганізацыю ТБМ. Улады зарэгістравалі газету ў вобласці. Потым была створана ўстанова інфармацыі «Выдавецкі дом ТБМ».

Фота аўтара

Каментаваць