Станіславу Нарбуту — 160. Лекару ад лекара

Некалі я выпадкова даведаўся, што ў Браславе знаходзіцца магіла лекара, які не толькі лекаваў, але і пабудаваў бальніцу, а калі памёр, яго хаваў увесь Браслаў і наваколле. Мяне зацікавіла гэта гісторыя яшчэ і таму, што я сам лекар.



Станіслаў Нарбут


На магіле гэтага лекара за народныя сродкі ўзвялі абеліск. Раней я чуў, што ля Гомельскага тубдыспансера за кошт былых калег і супрацоўнікаў устаноўлены бюст аднаго з пачынальнікаў лёгачнай хірургіі ў Беларусі. А тут — за народныя сродкі. Натуральна, захацеў убачыць гэты абеліск. Напэўна, адзіны ў Беларусі помнік лекару, які паставіў народ. Мясцовыя хлапчукі ахвотна згадзіліся правесці мяне да абеліска.

 

Аднак, калі мы падышлі да невялікага ўзвышша, на якім стаяў светлы абеліск, мяне чакала расчараванне. Бо на абеліску значылася, што ён прысвечаны ахвярам нядаўняй вайны. Але хлапчукі заўзята запэўнівалі мяне, што гэта менавіта той, «доктараўскі», абеліск. Хлапчукам я не паверыў. Між тым, пра былога браслаўскага лекара ўжо не забываў.

 

Чым больш сведчанняў пра жыццё і дзейнасць гэтага лекара знаходзіў, тым больш упэўніваўся, што ўсё сваё жыццё, з дзіцячых гадоў, і нават пасля смерці, для розных уладаў (царскіх, савецкіх, польскіх і зноў савецкіх) ён заставаўся нязручным толькі за тое, што хацеў жыць свабодным, незалежным чалавекам і сумленна, як належыць інтэлігенту, дапамагаць людзям, годна выконваць свае прафесійныя функцыі.

 

Дык што ж гэта за лекар? Гэта — Станіслаў Нарбут, які быў трэцім, самым малодшым сынам Тэадора Нарбута — нашчадка старажытнага шляхецкага роду герба «Трубы», ваеннага інжынера, гісторыка і археолага. Станіслаў нарадзіўся ў радавым маёнтку Шаўры на Гродзеншчыне 4 траўня 1853 года. Калі ўспыхнула паўстанне 1863 года, усе старэйшыя сямейнікі не засталіся ў баку ад падзей. Яго старэйшы брат Людвік, паплечнік Каліноўскага, загінуў у баі. Уладальнікаў маёнтка Шаўры абвясцілі небяспечнымі «дзяржаўнымі злачынцамі». Бацьку перасялілі пад нагляд паліцыі ў Вільню, дзе ён хутка памёр. Маці адправілі ў Пензенскую губерню, другога брата, Баляслава, — яшчэ далей, у Краснаярск. Маёнтак разам з багацейшай гістарычна-археалагічнай калекцыяй і бібліятэкай канфіскавалі. Род Нарбутаў пазбавілі шляхецкай годнасці. Выключэнне зрабілі толькі для маленькіх Станіслава і яго сястры, якія засталіся без бацькоў і без роднай хаты.

 

11-гадоваму Станіславу далі прытулак у Вільні сваякі і сястра бацькі. З іхняй падтрымкай і дапамогай ён закончыў вучобу ў першай Віленскай гімназіі ў 1871 годзе. Але набыццё спецыяльнасці для яго ператварылася ў велізарную праблему. Бо ён — сын і брат «дзяржаўных злачынцаў» — не меў права паступаць ва ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы Расійскай імперыі. Але, дзякуючы дапамозе сястры, іншых сваякоў, сяброў і знаёмых, у 1872 годзе Нарбут паступіў на лячэбны факультэт Баварскага каралеўскага ўніверсітэта ў Мюнхене. Праз 7 гадоў, у 1879 годзе, атрымаў не толькі дыплом лекара, але і ступень доктара медыцыны. Тут, за мяжой, і пачалася яго лекарская практыка.

 

Станіслава Нарбута цягнула на радзіму. Але, каб мець права там лячыць людзей, патрэбен быў дыплом лекара, выдадзены ў Расіі. Таму ён быў вымушаны паступіць у Дэрптцкі ўніверсітэт і закончыць у ім два курсы, каб атрымаць другі дыплом лекара.

 

Чаму для далейшага жыцця ён выбраў Браслаўшчыну? У лісце да сястры Станіслаў пісаў: «Я ў 1882 годзе прыбыў у Браслаў як першабытны медыцынскі Адам, бо ніколі раней тут лекара не было. Адразу ж улез на браслаўскую гару і ўбачыў у наваколлі 11 азёраў, і ўрачыстасць наваколля глыбока запала мне ў сэрца».

 

Спачатку ён меў прыватную практыку ў Друі і Браславе. А калі з’явілася вакансія ўрача другога ўчастка Нова-Аляксандраўскага павета, Станіслаў 29 красавіка 1904 года падаў прашэнне на імя ковенскага губернатара. Губернатар 6 (шэсць!) разоў адмаўляў. Пасля ўсіх праверак асобы прасіцеля на лаяльнасць, калі ўлады канчаткова пераканаліся, што праваслаўнага кандыдата на гэтую пасаду не будзе, яны задаволілі просьбу каталіка Станіслава Нарбута. І той 4 жніўня 1904 года пачаў афіцыйна працаваць. Гэта, бадай, адзіны выпадак у Беларусі, калі доктар медыцыны працаваў у павятовым мястэчку.

 

У першую чаргу Нарбуту трэба было пабудаваць бальніцу. Менш чым за два гады цагляная бальніца была ўзведзена. Па тых часах для Браслава, у якім было 2,5 тысячы жыхароў, гэта была выдатная, першакласная лячэбніца. У час майго знаходжання ў Браславе ў ёй яшчэ размяшчалася дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы. Цяпер там скіт Полацкага Свята-Панцелеімонаўскага манастыра.

 

 

Сельская бальніца, пабудаваная Станіславам Нарбутам

 

 Разам з тым Нарбут набываў велізарны аўтарытэт лекара ў жыхароў Браслаўшчыны. Людзей прываблівалі ягоныя жыццялюбства, няўрымслівасць, жартаўлівасць, бескарыслівасць, надзейнасць, гатоўнасць у любы момант аказаць дапамогу, прынцыповасць, талерантнасць да людзей розных нацыянальнасцяў, веравызнання і маёмаснага становішча. Яго шанавалі за патрыятызм, за любоў да роднага краю. Ён валодаў пяццю мовамі. Нарбуту даводзілася лячыць усе хваробы: унутраныя, жаночыя, вачэй, вуха, горла і носа, а таксама інфекцыйныя і дзіцячыя. Сам ён аддаваў перавагу хірургіі і акушэрскай дапамозе.

 

Доктар Нарбут не абмяжоўваўся лекарскімі клопатамі. Вялікія беды і страты драўлянаму мястэчку і вёскам Браслаўшчыны прыносілі частыя пажары. У 1895 годзе ён становіцца адным з заснавальнікаў Браслаўскай пажарнай дружыны, якую ўзначальваў да Першай сусветнай вайны. Праца страхавой касы мястэчка таксама праходзіла з яго ўдзелам. Вельмі негатыўна і непрымірыма доктар ставіўся да п’янства і, як сябар павятовай камісіі, рашуча перашкаджаў распаўсюджванню гэтай звычкі сярод местачкоўцаў. У 1907 годзе ён заснаваў таварыства народнай цвярозасці. Станіслаў Нарбут захапляўся тэатрам, таму ўдзельнічаў у аматарскіх пастаноўках як актор і рэжысёр. Выдаваў газету «Дух Браслава».

Калі пачалася вайна, яму давялося пакінуць Браслаў і ўдзельнічаць у баявых дзеяннях на Паўночна-Заходнім фронце загадчыкам вайсковага лазарэта. У час аднаго з баёў яго цяжка параніла, з-за чаго яму ампутавалі нагу. Толькі ў пачатку 1919 года Нарбут вярнуўся ў Браслаў і працягнуў лекарскую практыку.

 

Калі Браслаў занялі часткі Чырвонай Арміі, Станіслаў не стаў хаваць свайго крытычнага стаўлення да бальшавікоў, але застаўся верным свайму прызначэнню: аказваў лекарскую дапамогу ўсім хворым і параненым людзям.

 

За польскім часам ён заняў пасаду павятовага лекара. Новыя ўлады падазрона паставіліся да яго як да «рускага чыноўніка», які лячыў чырвонаармейцаў. Нават распачалі следства. У бальніцы яны размясцілі староства і паліцыю. Натуральна, гэта вельмі абурала Нарбута. За лекара заступіліся мясцовыя каталіцкія святары. Аднак нацягнутыя адносіны з польскімі чыноўнікамі ў Нарбута так і засталіся да канца яго дзён. «Тут, у Браславе, я дажыў да старых гадоў і як адданы сабака сыду са свайго паста…» — запэўніў лекар сястру ў лісце ў 1924 годзе. Браслаўчане ж не толькі абралі Станіслава Нарбута ганаровым старшынёй пажарнай аховы мястэчка, але і адну з вуліц Браслава назвалі Нарбутаўскай.

 

У студзені 1925 года Нарбут пакінуў дзяржаўную службу, але працягваў лекаваць людзей. У пачатку сакавіка 1926 года ён выехаў на вазку да хворага. Па дарозе моцна прастудзіўся, але даехаў, дапамог хвораму, а ўжо потым паклапаціўся пра сябе. Аднак хвароба прагрэсіравала, і 11 сакавіка Нарбут памёр ад запалення лёгкіх. У адной з віленскіх газет у некралогу нябожчыка назвалі Нестарам зямлі Браслаўскай.

 

Удава і чацвёра асірацелых дзяцей Станіслава Нарбута засталіся без сродкаў на існаванне і без прытулку. Жыхары Браслаўшчыны вырашылі паставіць на магіле свайго лекара помнік. За кароткі час сабралі больш чым дастаткова грошай. Тады частку з іх накіравалі на пабудову дома для яго сям’і. Адзін з жыхароў Браслава ахвяраваў свой кавалак зямлі на Замкавай гары на ўзвядзенне помніка лекару. Адносна хутка абеліск быў пабудаваны, і ля яго засвяціў вялізарны ліхтар.

 

                           Стэла-помнік на магіле Станіслава Нарбута, што на Замкавай гары ў Браславе. Узведзена жыхарамі горада

Калі адбылося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, новыя ўлады вуліцу Нарбутаўскую перайменавалі ў вуліцу Кірава. Нават збіраліся знесці помнік Нарбуту. Аднак, як кажуць, рукі не дайшлі, дакладней — не паспелі. Затое паспелі пашчыраваць вандалы. У выніку памятная дошка «ад жыхароў Браслаўскага павета» знікла, знік і ліхтар. Так стаяў гэты абеліск некалькі дзесяцігоддзяў знявечаны. Потым, у пасляваенны час, на ім умацавалі дошку, якая сведчыла, што гэта помнік ахвярам апошняй вайны (менавіта яе і давялося мне бачыць). Але знікла і яна. І зноў з дзясятак гадоў помнік лекару заставаўся ў непрыстойным стане.

 

Надышлі бурныя 1990-я гады. Народ пачаў праяўляць цікавасць да сваёй гісторыі. Намаганнямі грамадскіх дзеячаў, краязнаўцаў, гісторыкаў, інтэлігенцыі Браслава, Віцебска, Літвы напаўзабытае імя Станіслава Нарбута пачало вяртацца людзям. Але ўжо нікога з яго нашчадкаў не засталося на радзіме: усе знайшлі прытулак у Польшчы і Даніі.

 

Асабліва парупіліся браслаўчане на ўзнаўленні памяці аб сваім лекары ў 2003 годзе, калі яму спаўнялася 150 гадоў. У мясцовым краязнаўчым музеі пашырылася экспазіцыя матэрыялаў пра яго жыццё і дзейнасць. На абеліску з’явілася драўляная дошка, прызначаная «таленавітаму ўрачу-гуманісту ад удзячных жыхароў Браслаўшчыны», і зноў засвяціў ліхтар у вышыні. Праз нейкі час драўляную дошку змянілі на бронзавую з надпісам на беларускай лацінцы: Станіслаў Осцік Нарбут. 1853–1926. Лекару ўдзячная Браслаўшчына». У двары Браслаўскай ЦРБ устанавілі бронзавы бюст Нарбута, які адліты за сродкі, заробленыя браслаўчанамі на суботніку.

 

Здавалася б, усё добра: памяць і свядомасць людзей узноўленыя, праўда і справядлівасць перамаглі. Але не-не ды ўзнікае нейкая трывога, пачынаюць гнясці сумненні: ці не паўторацца акты вандалізму?

Каментаваць