Мікола Статкевіч: Трэба пражываць сваё жыццё, а не чужое

Упершыню за шмат гадоў экс-кандыдат у прэзідэнты, экс-палітвязень, сацыял-дэмакратычны лідар, проста выдатны чалавек і шчаслівы муж адсвяткуе свой дзень народзінаў не за кратамі, а сярод родных і сяброў. 12 жніўня Мікалай Статкевіч адзначае сваё 60-годдзе.

Мікалай Стакевіч з жонкай Марынай (фота з фб МІкола Статкевіча)


Гледзячы на гэтага поўнага агню чалавека нават язык не паварочваецца назваць яго амаль пенсіянерам.

— Спадар Мікола, што для вас вашы 60 гадоў?

— Па-першае, гэта ўзрост, так што, прымаю спачуванні (смяецца). Псіхалагічна гэта цяжкаватая дата, бо мы ж ведаем, якая працягласць жыцця ў нашай краіне, асабліва сярод мужчын. Але гэта дакладна не нагода, каб падводзіць якія-небудзь вынікі. Бо якія вынікі можна падводзіць у нашай сітуацыі? Беларусь ёсць, але яна пад пагрозай. Трэба нешта рабіць, каб яе захаваць, колькі хопіць сіл… Таму нельга спыняцца, а вынікі будзем падводзіць у дэмакратычнай Беларусі, за якую яшчэ трэба пазмагацца…

— З шасцідзесяці пражытых гадоў — больш за 20 — гэта тое самае змаганне. Не падобна на змаганне з ветракамі?

— Абсалютна не. Я памятаю тыя часы, калі здавалася, што Беларусь не ацалее і не выжыве. Але зараз я веру, што і ацалее, і выжыве… Таму ўсё, што робіцца, не марнае.

— Няўжо ні разу не было жадання спыніцца, пайсці іншым шляхам?

— Спыніцца ў чым? Перастаць любіць сваю краіну? А як жа пачуццё адказнасці? Я свой выбар зрабіў. Тым больш, што ў мяне жыццёвыя варыянты былі розныя, было з чаго выбіраць. Я быў паспяховым афіцэрам, паспяховым навукоўцам і нават распачынаў свой паспяховы ІТ-бізнес напачатку 1990-х гадоў. Але я выбраў па сабе. Людзі розныя. І галоўнае — ведаць сябе, выбіраць па сабе, не выбіраць чужое.

Мікола Стакевіч і Уладзімр Караткевіч. 10 жніўня 2016 год


— І няма зараз шкадавання ні пра што?

— Абсалютна няма. Гэта калі казаць пра прынцыповы жыццёвы выбар. А так у жыцці, канечне, ёсць тое, пра што можна пашкадаваць. Нельга ж прайсці па жыцці нікога не штурхнуўшы, нікога не пакрыўдзіць, вось пра гэта і шкадуеш. Але гэта з асабістага.

— А пра што з асабістага шкадуеце?

— Пра асабістае я не буду казаць. Я ведаю, што людзі любяць пра гэта пачытаць, паназіраць праз шчыліну ў замку. Але гэта маё жыццё. І я не буду пра яго расказваць шырокаму колу. Я і так пражыў столькі гадоў, можна сказаць, пад павелічальным шклом, калі мой кожны чых фіксаваўся. Таму хоць зараз дайце мне асабістую прастору.

— Тады вернемся да грамадскага. Зараз увесь інтэрнэт абмяркоўвае ваш заклік выйсці на плошчу 12 верасня. Навошта? Не баіцеся, што можаце апынуцца на плошчы ў адзіноце?

— Гэта не важна, колькі чалавек выйдзе на Плошчу. Важна захоўваць уласную годнасць. І мая годнасць, маё пачуццё адказнасці падказваюць мне, што нельга ўвесь час быць хлопчыкам для біцця. Зараз зноў усю нацыю зневажаюць гэтым танным спектаклем. І што, усе павінны выцерціся моўчкі і ісці далей, у тым ліку некалі крутыя апазіцыйныя партыі? Гэта не проста непавага да сябе. Гэта ўжо праца супраць Беларусі. Бо калі тыя, хто ўзяў на сябе ролю альтэрнатыўных эліт, выразнікаў нацыянальнай ідэі, будуць сябе так паводзіць (быць хлопчыкамі для біцця), яны гэту нацыянальную ідэю, будуць зневажаць, ганьбіць і дыскрэдытаваць у вачах людзей. А людзі ж выбіраюць, ацэньваюць ідэі па ўчынках, па тых, хто прэзентуе ідэі. Таму, калі ты выбраў Беларусь, ты нечым дзеля яе рызыкуеш і ахвяруеш. Інакш не маеш права называць сябе лідарам.

Не ведаю, колькі выйдзе людзей 12 верасня. Для мяне істотна, што прыйду я. Галоўнае — ісці сваім шляхам і захаваць сваю годнасць.

А мой шлях — гэта рабіць усё, каб Беларусь была свабоднай і дэмакратычнай.

— Калі стала зразумела, што гэта ваш шлях, што выбар канчаткова зроблены?

— Вельмі часта людзі — і я не выключэнне — робяць нейкія крокі інтуітыўна, робяць тое, што ідзе з душы, а потым праз пэўны час асэнсоўваюць і тлумачаць. Я знайшоў тлумачэнне, калі быў час, на першай хіміі. А да таго моманту гэта проста былі мае натуральныя ўчынкі, я быў сабой.

Кіраўніцтва БЗВ. Стаіць злева Анатоль Гурыновіч, справа Сяргей Чыслаў, сядзяць злева направа Лявон Дзейка, Мікола Статкевіч, Алесь Станкевіч, Мікола Бірукоў (памёр у красавіку2011г.). Хлопцы ў форме ДРАБ (дружына рэгіянальнай аховы і бяспекі) прозвішчы не вядомыя. 1995 г.Фота з фб Леаніда Дзейкі


Тое, што назад павярнуць нельга, я зразумеў падчас адной сустрэчы ў вучэбным цэнтры ў Барысаве, калі стваралася Беларускае згуртаванне вайскоўцаў. Тады былі людзі, якія хацелі зрабіць сапраўды нацыянальную беларускую армію. Памятаю двух маёраў, якія на той сустрэчы трымалі націск вышэйшых чыноў. Я разумеў, што гэта няпроста для людзей, якіх з 17 гадоў вучылі падпарадкоўвацца тым, у каго больш зорак. І, па шчырасці, быў уражаны. Пасля я падышоў да аднаго з тых маёраў і запытаўся, ці не страшна яму ісці супраць сваіх начальнікаў. Ведаеце, што ён адказаў? «Калі бывае становіцца страшнавата, — сказаў ён, — я ўспамінаю 20 жніўня 1991 года, нам усім было так страшна, і тут я ўключаю радыё і чую, як вы заклікаеце не слухаць злачынных загадаў і не страляць у свой народ. А гэты ж заклік фактычна трапляў пад расстрэльны артыкул. І я думаю: яму ж, напэўна, было больш страшна, але ён гэта зрабіў. Дык чаго ж я зараз баюся?»

Тады я зразумеў, што назад шляху няма. Прынамсі, калі захоўваць сябе і сваю годнасць. І спачатку, па шчырасці, гэта ледзь не загнала мяне ў дэпрэсію. Але пасля я зразумеў, што кожны чалавек павінен пражываць сваё жыццё — не чужое. Ісці сваім шляхам. А каб ісці па ім годна, не трэба баяцца. Я вельмі часта ўзгадваю тую размову.

— Такім чынам, ісці сваім шляхам і весці за сабой людзей Мікола Статкевіч не баіцца? А засталося што-небудзь, чаго вы баіцеся?

— Любы нармальны чалавек баіцца за сваіх блізкіх. Я дагэтуль забараняю сваім дзецям прыязджаць сюды, бо баюся за іх. Я баюся за сваю жонку, Марыну. Увесь час за кратамі я стараўся гэта хаваць, але яны гэта ўсё роўна ўбачылі. Таму і адбыўся той замах на Марыну (маецца на ўвазе аварыя, у якую трапілі Марына Адамовіч і адвакат Аляксандр Галіеў, калі ехалі са спаткання са Статкевічам у турме. — рэд.). Ну і, зразумела, як любы нармальны мужчына я баюся згубіць сябе.

— Што значыць для вас ваша Марына?

— Гэта ўжо пытанне з асабістага, але на яго я адкажу. Мы з ёй, можна так сказаць, адной крыві. Мы глядзім на гэты свет аднолькава, што вельмі важна. Бо бывае, што людзі застаюцца самотнымі, нават калі жывуць разам. Але са мной побач ёсць чалавек, які мае аднолькавыя каштоўнасці, які гатовы мяне падтрымаць, калі мне гэта будзе трэба. І я гатовы яе падтрымаць. Гэта вельмі істотна. Гэта не юнацкія пачуцці, гэта не проста жарсці — гэта нешта большае, глыбокае. Мне з Марынай пашчасціла. Я ёй удзячны за гэта. Я раней бы ў турме ніколі б так не адказаў, бо вельмі за яе баяўся.

Мікола Статкевіч. 10 жніўня 2016 год


— Дык можа час плюнуць на ўсё гэта змаганне? З’ехаць куды падалей і жыць звычайным жыццём, без Плошчы, сутак, штрафаў, турмы? Разам з каханай, побач з дочкамі і ўнукамі?

— На што плюнуць? На краіну? Для мяне Беларусь, хай гэта прагучыць пафасна, — частка мяне самога.

Акрамя таго, што значыць нармальнае жыццё? Яшчэ раз паўтаруся, у кожнага сваё жыццё. І ў маім жыцці няма месца звычайным радасцям абывацеля (смяецца). А сур’ёзна, калі я з’еду, буду жыць ціха і спакойна — гэта будзе, напэўна, для кагосьці самае нармальнае жыццё, але гэта будзе не маё жыццё. У мяне было шмат часу, асабліва ў адзіночцы, каб пра ўсё гэта падумаць, усе асэнсаваць і для сябе зразумець. Таму зараз я дакладна ведаю, што ў любым узросце, здаровым ці хворым, я буду намагацца хоць што-не­будзь зрабіць для краіны, без якой сябе не ўяўляю. І дзякуй Богу, зараз моцы ў мяне дастаткова.  

— А ўлады спрабавалі выціснуць з краіны?

— Безумоўна. Было па-рознаму. Былі дабразычліўцы, якія прапаноўвалі з’ехаць. У СІЗА КДБ невядомыя ў масках казалі: ну хопіць ужо, едзь да ўнукаў у Германію. Быў у камеры падсадны з прэс-хаты… Пастаянна гучала гэта тэма. Я нават на ёй займеў пэўныя магчымасці ў турме. Я пачаў казаць: «Ды я б з’ехаў, але моваў не ведаю». І калі ў крытай турме, у адзіночцы, я падаў заяву на моўныя курсы, то на поспех асабліва не спадзяваўся, але атрымаў дазвол. Ім так хацелася, каб з’ехаў (смяецца).

— Ну, калі не з’ехалі, то давядзецца юбілей святкаваць. А з кім і як вы будзеце гэта рабіць?

— Я па шчырасці, не надта разумею, нашто наогул адзначаць дні народзінаў пасля 25 гадоў. Але паколькі гэтым разам я не за кратамі, то, напэўна, прыйдзецца. Гэта ўжо амаль палітычнае мерапрыемства (смяецца). Магчыма, давядзецца адзначыць у некалькі этапаў. Запрашу сваіх сяброў і таварышаў па партыі, безумоўна, будзе бацька, брат. Ну і, канечне, мая Марына, на ўсіх этапах святкавання.

Беларускія сацыял-дэмакраты. Новы 1998 год. Офіс БСДП (НГ) на Партызанскім праспекце, 53.Фота з фб Леаніда Дзейкі


Дарэчы, хачу скарыстацца нагодай і падзякаваць усім журналістам друкаваных СМІ, што да мяне даходзілі, якія віншавалі мяне з Днём народзінаў за кратамі. Гэта «Новы Час», «Наша Ніва», «Народная Воля», «Белгазета». Там, за кратамі, віншаванне ў газеце было пэўнай акцыяй у маю абарону, гэта быў пэўны крытэр маёй абароненасці. Дзякуй вам вялікі!


* * *

Рэдакцыя газеты «Новы Час» шчыра віншуе Міколу Статкевіча з 60-годдзем! Зычым здароўя, прагі жыцця, плёну ва ўсім і захавання сябе!

Абмеркаванне:

  • Лукашист
  • 2016-08-12 17:00:39
вопрос, что этот змагар сделал за последний год кроме тупых выкриков "СЫХОДЗЬ СЫХОДЗЬ"?
P.S да и не только за год

Каментаваць