Суботнікі — радзіма Зянона Пазьняка

Калі хто думае, што назва вёскі Суботнікі неяк звязана з камуністычным мінулым, той памыляецца. Паселішча з часоў ВКЛ уваходзіла ў склад Віленскага ваяводства.



Зянон Пазьняк


Касцёл Святога Уладзіслава — тутэйшы помнік архітэктуры неаготыкі. Граф Уладзіслаў Умястоўскі, які ў ХІХ стагоддзі прафінансаваў будоўлю, цэглу замовіў у Францыі. Алтар зрабілі варшаўскія майстры, палатно ж у ім — баварскае.

Між іншым, у гэтым касцёле і ахрысцілі Зянона Пазняка, які нарадзіўся ў Суботніках напрыканцы Другой сусветнай вайны. У вёсцы яшчэ жывуць людзі, якія памятаюць Зянона не як трыбуна і палітыка, а як вучня і маладзёна. Прыадчыніць завесу над уласным жыццём, якую ўзвёў ён сам, было таксама адной з мэт вандроўкі.

Касцёл Святога Уладзіслава Фота аўтара 

Памежная зона

Калі я выйшаў ля павароту на Суботнікі, адразу адчуў, што патрапіў у зону бязлюддзя, неўзараных палеткаў ды некранутых лясоў воддаль. Тлумачэнне таму простае — 30-кіламетровая памежная з Літвой зона. Гэта гадамі выклікае нараканні ў мясцовых. Каб прыехаць да іх, патрабуецца запрашэнне з вёскі, заверанае ў сельсавеце. Няма — ловяць-штрафуюць… Ад паўмільёна і болей. Мой запрашальны квіток быў выраблены праз знаёмцаў з Ліды.

Да Суботнікаў суботнім жа ранкам давялося 15 кіламетраў ісці пехатой, так і не сустрэўшы ніводнага спадарожнага аўто. Адзіны ж маршрутны аўтобус у райцэнтр і назад ходзіць раз на тыдзень, па панядзелках. Пра што мне найперш паскардзіўся 77-гадовы пан Чэслаў, чыя хата сустрэлася мне праз першыя 5 кіламетраў. «Паедзь у тое ж Іўе да ўрачоў, — паскардзіўся ён, — а пасля пакутуй, як вярнуцца назад!»

Тым не менш, аптымізму пан Чэслаў не губляе — засталіся садок, куркі і пенсія ў паўтара мільёна. Смеючыся, кажа, што за яе можна купіць нештачка, як за заробак у 30 рублёў у савецкія часы.

Яшчэ праз два кіламетры дарогі спыніўся каля хаты Станіславы Едзь. 75-гадовая цётка Станіслава, убачыўшы мяне здаля, выйшла сустрэць з 5-гадовым унукам Андрусём. 44 гады адпрацавала яна даяркай у калгасе. Сваю кароўку дагэтуль трымае. Уратавала ад уладных «рэпрэсій» парсючкоў. Цяпер радуецца, што Лідскі мясакамбінат увайшоў у лік трох у краіне, якім дазволены экспарт свініны ў Расію.

Дапамагаюць і дзеці — іх у яе шасцёра. Разам з матуляй жыве толькі сын-камбайнер. Са скрухай кажа, што, зарабіўшы на ўборцы 7 мільёнаў, узімку і мільёна не атрымае. І ўсё-ткі дапамагае суседцы, адзінокай спадарыні Галіне, якая страціла зрок. Апавядае, што ў той неяк схапіла сэрца, і «хуткая» адмовілася везці ў іўеўскую бальніцу — маўляў, «сваімі» да рэшты заваленая.

У Суботніках жа лякарню 9 гадоў таму закрылі на маіх вачах, калі праездам завітаў туды ў першы раз. На вуліцу выкінулі 26 чалавек абслугі, зубнога ўрача, ліквідавалі чатыры сацыяльныя ложкі. Улады цынічна назвалі гэта «рэструктурызацыяй ложкавага фонду». Бабулькі са слязьмі жаляцца на свае хваробы і лёс. Дарэчы, будынак лякарні на 50 ложкаў быў збудаваны яшчэ ў 1930-я на сродкі Лігі нацыяў.

Па дарозе сустракаю 46-гадовага даглядчыка Вацлава Багданкевіча. Шлях яго штодзень — 4 кіламетры на ферму і назад, дзе працуе з 8 раніцы да 17.00. Ад улады нічога не чакае: «Ай, хіба Лукашэнка зведае калі-небудзь, што ў Суботніках вытвараюць?! Учора хлеб адной цаной, заўтра другой. Каго ні паставяць, нам усё роўна гараваць…»

Перад самай вёскай заходжу да «заможнейшага» ў наваколлі гаспадара — 45-гадовага фермера Івана Пашко, аднаго з чатырох у Суботніках. Хоць прыватным уласнікам яго можна назваць з вялікай напругай. На двары — старая «сямёрка», трактарок 1982 года выпуску, касілка. У арэндзе ўсяго 2 гектары. Саджае бульбу, якую ў яго закупляе райбаза гародніны. Кажа, каб была магчымасць узяць тэхніку па лізінгу, пацягнуў бы і 30 гектараў. А каб наладзіліся адносіны з Літвой, зрабіў бы замах і на ўсе 100 — глеба добрая. Ураджайнасць па 200 цэнтнераў. Але закупнікі з Расіі ў 30-кіламетроўку завітваць не рашаюцца. Таму і дарогі пустэльныя — моладзь не мае перспектыў і збягае…

Сучасныя Суботнікі

Суботнікаўцы сваю вёску называюць «паміраючай». Некалі ў Суботніках і 43 вёсачках і засценках навокал пражывала да 4 тысяч чалавек, засталося менш тысячы, ды і тое пераважна пенсіянераў. Быў тут спіртзавод ды макаронны цэх. 4 гады таму ўзнік аграгарадок. Грошай хапіла, каб асфальт у цэнтры пакласці ды школу адрамантаваць. На сёння для дзеяздольных ці не адзінае месца працы — жывёлагадоўчая ферма «Жымаслаўль» на 2 тысячы галоў. Але ж заробак… Трактарысты пасля ўборкі атрымліваюць бясплатна па 2–3 тоны зерня.

Старыя з настальгіяй узгадваюць заможныя часы да прыходу Саветаў. Бацька 79-гадовай пані Багдзюль меў засценак з мілым яе сэрцу назовам Божы Дар. Служыў у Войску Польскім у «чвартым палку ўланаў». Лавіў «шпіёнаў», што з СССР праз «усходнія крэсы» пераходзілі ў Нямеччыну. НКУС раскулачыла і адправіла яго на 10 год па 58-м артыкуле ў Нарыльск, дзе будаваў чыгунку. Пасля памёр у шахце ў Карагандзе. Спытваю, ці трымаюць крыўду на Савецкую дый цяперашнюю ўладу?

— Канешне! Лукашэнка мне ж нічога не вярнуў. Унучка пытаецца — бабуля, што ты на ўсіх здымках у адной і той жа сукенцы? А на вачах — некалі свае 50 гектараў зямлі ды 40 гектараў саду.

Да слова, супраціў камуністычнай уладзе прымаў тут і адкрытыя формы. Я яшчэ паспеў сустрэцца з Янам Навіцкім — асобай легендарнай і паважанай на ўсёй Іўеўшчыне. Гэта дзякуючы яму некранутым застаўся касцёл Святога Уладзіслава.

У 1974 годзе тагачасныя калгасныя кіраўнікі вырашылі зрабіць з храма лазню. Дзядзька Ян, які граў там на аргане, арганізаваў дзясяткі лістоў ад пратэстуючых вернікаў ва ўсе інстанцыі — ад абласнога ўпраўлення культуры да ЦК КПСС.

У КДБ яго на допыты выклікалі па 2 разы на тыдзень. Здзекаваліся і пагражалі, што дзеці «згібеюць» і «нікуды ніколі не выедуць са двара». Правакавалі — паставілі муку вазіць з кабетамі, якім далі «заданне» ўкрасці колькі мяхоў, каб павесіць на Навіцкага справу. Але вяскоўкі яго не здалі — рассыпалі муку па машыне. Мне ў часе размовы ён сказаў:

Каб райкам загадаў старшыні калгаса павесіць мяне — павесілі б. Але я быў «пасвенціўшыся», што не паддамся партыі гэтай

Аднак на ўсіх постсавецкіх мясцовых выбарах яўка ў Суботніках была ці не стоадсоткавая. Сваё тлумачэнне мне даў настаўнік і экс-старшыня выбарчай камісіі Іван Курсевіч:

— З калгасных часоў старыя выбаршчыкі трасуцца: не прагаласуеш як загадаў старшыня сельсавета, значыць, кармоў не выпішуць ці карову на далёкія загоны гнаць прымусяць. Быў выпадак, смех і гора, — балатаваліся на адным участку доктар і брыгадзір. І вось бабулька, да якой прыехалі са скрынямі, кажа — дзеткі, каго ж мне выкрэсліваць? Доктара — дык не будзе лячыць, брыгадзіра — сена не дасць. Хай лепш удвох застаюцца! Галоўны козыр у руках улады — тое, што паставіла насельнікаў у стан жабрацтва. І ўвесь час удала гэтым карыстаецца…

 

 

Малая радзіма пра Зянона

 

На выбарах 1994, нягледзячы на шалёную антыпазнякоўскую прапаганду, за Зянона прагаласавала больш за 70 працэнтаў яго аднавяскоўцаў. У вёсцы тады існавала суполка БНФ. Пасля распалася і на ўсіх наступных выбарах фронт цярпеў паразу.

 

Сцяпан Мураўёў Фота аўтара

 

Былы дырэктар і настаўнік гісторыі мясцовай школы, 88-гадовы Сцяпан Ігнатавіч Мураўёў паразу Зянона Пазьняка на першых у краіне выбарах тлумачыў тым, што той напужаў вяскоўцаў «разгонам калгасаў», адменай пенсій, поўным разрывам сувязей з Расіяй. Пра гэта пісалася ў сфальшаваных і раскіданых па вёсцы ўлётках, з адпаведна «адрэдагаванай» праграмай БНФ. У апошнюю сустрэчу Сцяпан Ігнатавіч ударыўся ў школьныя ўспаміны пра юнага Пазьняка:

 

Вучыўся добра, быў сябрам драматычнага гуртка. Але ў хаце выхаванне было яўна не савецкае. Да прыкладу, у трэцім класе намаляваў сябе вугальныя вусы «пад Пілсудскага» і некалькі гадзін такім сядзеў на ўроках. Я сам за ручку цягнуў яго ў прыбіральню пад кран. А яшчэ любіў тузаць за коскі дзяўчат. Але моцна і назаўжды паважаю яго пасля Курапат. Перадайце праз газету маё яму прывітанне!

 

Спадарыня Аза Юркіна была ў Суботнікі размеркавана адразу пасля заканчэння педінстытута. У Зянона выкладала расейскую мову і літаратуру ў 9 класе. Яна ўспамінае:

 

Ён часта бываў прастуджаным. І каб перамагчы хваробы, актыўна займаўся спортам, у прыватнасці, гіравым. У выніку, узніклі праблемы з сэрцам, былі пропускі заняткаў. Але я заўжды на ўроках адчувала яго сур’ёзны, удумлівы позірк. Яму падабаліся героі дзеяння, што ў рашучы момант не вагаліся, а ведалі што рабіць.Такія, як Сяргей Цюленін з «Маладой гвардыі» Фадзеева. Пра апошняга напісаў мне сачыненне. Не памятаю, аднак, каб з кім-небудзь моцна сябраваў…

 

…На першых прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе аўтар гэтых радкоў быў даверанай асобай кандыдата Зянона Пазьняка. У часе кампаніі я рыхтаваў перадвыбарчыя эфіры лідара БНФ на дзяржаўным радыё. Ва ўладных СМІ панавала сапраўдная вакханалія, калі яго бацькі, родныя хлусліва называліся «паліцаямі», «фашысцкімі прыслугачамі». Зянон Станіслававіч пасля аднаго з удалых запісаў прыгадаў свайго дзядзьку, камандзіра танка, які згарэў пры пераправе праз Одэр, прапусціўшы наперад цаной жыцця ўвесь экіпаж. Я прапанаваў тут жа ўключыць факт у эфір. Але ў Пазьняка зайгралі жаўлакі: «Гэта нельга, не для ўсіх, бо мая інтымная рэч!»

 

Дагэтуль не магу даць адказ, ці мае права на такое рашэнне публічны палітык, калі супраць яго высоўваюцца канкрэтныя асабістыя абвінавачванні.

 

 Міхась Бурачэўскі Фота аўтара

 

Пры канцы вандроўкі за мной заехаў мой добры знаёмца, сябра ТБМ, краязнаўца Міхась Бурачэўскі. Ён на Лідчыне правёў не адну кампанію «за Пазьняка і БНФ». Далучыўся да завочнай дыскусіі:

 

— У беларусаў здаўна выпрацавалася нялепшая традыцыя — з большай ахвотай гаварыць і падтрымліваць чужых, а не сваіх прарокаў. Да таго ж, сямейства Пазьняка з вясковага шэрагу ў Суботніках заўжды выбівалася сваёй глыбокай адукаванасцю і, па тагачасных мерках, заможнасцю. З іншага боку, у апазіцыі да ўлады сёння знаходзіцца кожны, хто адчуў, як пагоршылася жыццё. І калі шлях Праўды да чалавечай душы для некага перакрыты быў хлуслівай прапагандай, у пэўны час свядомасць сябе праявіць.

 

 ***

Разам з Міхасём перад ад’езам заходзім у касцёл Святога Уладзіслава. Спыняемся перад партрэтам графа Умястоўскага, чытаем жалобны надпіс, перад якім неаднаразова ў розныя гады стаяў і Зянон Пазьняк. Вось гэтыя словы, якія таксама паўтараю ў цяжкія хвіліны: «Зломлены, але не жалюся».

Каментаваць