Свет паэзіі Алеся Каско. Да 65-годдзя паэта

З Алесем Каско мне ўпершыню давялося сустрэцца на радзіме паэта, у час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах. Пазнаёміў мяне з Алесем таксама ўраджэнец Ганцаўшчыны, сябра Каско, паэт Віктар Гардзей.

Другая наша сустрэча адбылася ў тым жа 2011 годзе, у Палацы мастацтва, на 16-м з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў. Менавіта з таго часу я сачу за творчасцю гэтага таленавітага майстра слова.

Нарадзіўся Алесь Каско 10 снежня 1951 года ў вёсцы Чудзін, у звычайнай працоўнай сялянскай сям’і. З гэтай старадаўняй палескай вёскай звязаны жыццёвы і творчы шлях беларускага этнографа і фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага, тут жылі цудоўныя казачнікі Дудар, Даніла Кулеш, Рэдкі. Магчыма, палеская першабытная прырода, край, авеяны казкамі і паданнямі, паспрыялі таму, што Алесь Каско рана пачаў пісаць вершы. Яго першы верш «Пралескі» з’явіўся ў ганцавіцкай раёнцы ў 1968 годзе.

Бацька паэта, Кастусь Рыгоравіч, майстар на ўсе рукі, і маці, Аксіння, майстрыха-вышывальшчыца і ткачыха, падтрымлівалі паэтычнае натхненне свайго сына. На станаўленне Алеся Каско як паэта вялікае ўздзеянне зрабіла вучоба на філалагічным факультэце Брэсцкага педынстытута, дзе ён пазнаёміўся і пасябраваў са студэнтамі-паэтамі Алесем Разанавым, Міколам Пракаповічам, Васілём Жуковічам.

Пасля заканчэння педынстытута малады настаўнік працаваў у школах Берасцейшчыны, у тым ліку і ў роднай школе ў вёсцы Чудзін, затым быў карэспандэнтам у Жабінкаўскай раённай газеце «Сельская праўда», на абласным тэлебачанні, а з 1991 года ўзначальваў Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў. Некаторы час ён працаваў і ў газеце «Звязда».

Зараз ён на адпачынку, жыве ў Жабінцы. Жонка, Людміла Канстанцінаўна, працуе адказным сакратаром жабінкаўскай раённай газеты «Сельская праўда». Творчы шлях паэта Алеся Каско адзначаны выхадам у свет шэрагу цікавых паэтычных зборнікаў: «Вестка», «Скразная лінія», «Набліжэнне», «45», «Трохкроп’е», «Свой камень», «Нічога больш», «Прыадхінуты небасхіл». За зборнік паэзіі «Час прысутнасці» (1994) паэт быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова.


На маёй кніжнай паліцы, побач з раней выдадзенай кнігай «Нічога больш», стаіць паэтычны зборнік Алеся Каско «Межавыя знакі», які нядаўна выйшаў у свет. У кнігу ўвайшлі выбраныя вершы, напісаныя на працягу мінулых дзесяцігоддзяў, а таксама новыя творы паэта. Акрамя вершаў, у «Межавых знаках» прысутнічаюць цікавыя навелы і мініяцюры, а таксама «Чудзінскі дзённік», з якога можна шмат цікавага даведацца пра жыццё паэта і пра яго родных.

Што хвалюе аўтара ў гэтым і ў іншых зборніках? Найперш, лёс нашай краіны, непакой за будучыню Беларусі, за беларускую мову, зберажэння прыроды. Як сапраўдны сем’янін, Алесь Каско ганарыцца сваім радаводам, шануе і паважае родных і блізкіх. Шэраг вершаў ён прысвяціў выдатным беларускім паэтам. Верш «Паэт — рака» ён прысвяціў Народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу, у якім і імя паэта, і яго паэзію ён атаясамлівае з магутнай ракой Ніл, што нясе жыццё:

«Не выветрыцца дух Айчыны,
не сыдзе грунт яе на пыл:
нібы егіпецкай пустыні,
жывільны дар нясе ёй Ніл».

Уражвае верш паэта «Не там», прысвечаны Максіму Багдановічу, 125-годдзе якога сёлета, 9 снежня, будуць адзначаць прагрэсіўныя колы Беларусі. Гэты верш ён прысвяціў таксама і іншым беларускім паэтам, месцы пахавання якіх дакладна яшчэ не ўстаноўлены.

Глыбока кранае душу верш паэта «Саракавіны», які ён прысвяціў сваёй маці:


«Так зелена, весне,
што вішня сама
ступіла да весніц.
А мамы няма.
У хаце прыбрана,
у хаце гурма:
людзей, нібы ў храме,
а мамы — няма».

Алесь Каско ганарыцца сваім вытокам, цудоўнай палескай зямлёй, дзе ён нарадзіўся і дзе прайшлі яго дзяцінства і юнацтва.

Адмоўнае стаўленне да моўнага рэферэндуму, ад якога беларуская мова апынулася ў заняпадзе, паэт выказаў у вершы «Напярэдадні  рэферэндуму 15 мая 1995 года» наступнымі радкамі:


«Вось — гвалтоўны гісторыі ход:
пагарджаны вякамі народ,
што душою аглух і аслеп,
плюне ў мову, і ў сцяг свой, і ў герб.
І тады, як адвернецца свет,
не апомніцеся, прэзідэнт?
— Нет!»

Паэта як патрыёта Беларусі непакоіць лёс Радзімы, і пагрозу незалежнасці Беларусі ён ба­чыць ад усходняга суседа — Расіі. Гэтая тэма прагучала ў вершы «Усходнія суседзі»:

«Яны выйшлі з варагаў,
перамяшаліся з чынгісханамі,
спарадзілі жахлівых, ермакоў, пугачовых.
У ботах пятроўскіх,
папыхваючы каўказскаю піпкаю,
прайшлі паўшара Зямнога.
Што край мой на іхняй карце?
Абшару малюсенькі ўскраек.
Яшчэ не ўтаптаны ў дарогу хлеба акраец».

Прыцягальная ў паэзіі паэта і лірыка. Каханню прысвечаныя такія яго вершы, як «Рэдкі настрой», «Яна і ён», «Дзве зары».



10 снежня Алесю Каско споўніцца толькі 65 гадоў, а гэта для творцы, паэта, пара залатой восені. І хочацца спадзявацца, што творчы лёс і надалей не адвернецца ад паэта, і ён парадуе чытачоў сваімі новымі творамі. Добрага здароўя табе, паважаны Алесь Канстанцінавіч, папутнага ветру ў твае ветразі!



Каментаваць