Таццяна Вадалажская: «Нашыя слухачы — гэта авантурысты»

Вакацыі скончыліся — Лятучы ўніверсітэт распачынае чарговы навучальны год. Чым арганізатары парадуюць тых, каму не хапае класічнай школьна-ўніверсітэцкай адукацыі?

Таццяна Вадалажская). Фота з сайта 3sektar.bу

 

Пра асаблівасці «лятучага» навучання мы пагутарылі з вядомай метадолагам і сацыёлагам, выкладчыцай Лятучага ўніверсітэта Таццянай Вадалажскай.

Таццяна, распавядзіце, калі ласка, якую праграму Лятучы ўніверсітэт прапануе слухачам на гэты год?

— Сёлетняя праграма, з аднаго боку, новая, а з іншага — працягвае тэмы, што былі і раней. У гэтым годзе яна засяроджаная на тым, каб зразумець, сканструяваць індывідуальнасць — і асабістую, і пэўную нашую супольную. Праграма прапануе розныя тэхнікі, метады — перш за ўсё, філасофскага канструявання працы з рэчаіснасцю і з сабой. У гэтым годзе, гэтак жа, як і ў мінулым, у нас два ўзроўні адукацыі. Першы ўзровень — для вольных слухачоў, калі на курсы запісваюцца ўсе, хто хоча. Курс — гэта звычайна дзесяць-дванаццаць заняткаў, якія праходзяць прыкладна раз на тыдзень. Мы прапануем дзевяць курсаў, сярод якіх — курсы Уладзіміра Мацкевіча, Ігара Бабкова, Міхала Анемпадыстава, Школа Бібліі Ірыны Дубянецкай ды іншыя. Другі ўзровень — гэта «Школы Магістраў Гульні». У гэтым годзе мы не набіраем новыя групы, але ёсць данабор, і, калі маецца жаданне, можна патрапіць у тыя групы, якія ўжо працуюць — Школу гісторыі ідэй, Метадалагічную школу, Школу ВКЛ і Школу сацыяльна-філасофскай аналітыкі. Будзе і шэраг семінараў — гэта больш змястоўная і грунтоўная праца з калегамі.

— Ці мажліва спалучаць, напрыклад, навучанне ў звычайным універсітэце ці працу з вучобай у Лятучым?

— У нас дзейнічае гэтак званы «прынцып індывідуальных траекторый». То бок, ніхто не фармуе праграму для кожнага, а навучэнцы абіраюць самі, куды ім ісці: на адзін курс альбо на ўсе. Але, калі запісацца на ўсе, у вас будуць занятыя ўсе вечары. Таму трэба разлічваць на асабістыя фізічныя і інтэлектуальныя магчымасці.

Многія нашы слухачы «перацякаюць» з года ў год, праходзячы розныя курсы. А многія засяроджваюцца на адной тэме, бо кожны год мы прапануем розныя праграмы. І нават калі назва курса засталася такой самай, змест заўсёды мяняецца, не паўтараецца.

Як праходзяць самі заняткі?

— Паколькі ў нас усё арыентавана не на дысцыпліны ці тэмы, а, хутчэй, на асобу выкладчыка, то і заняткі выбудоўваюцца, зыходзячы з гэтага. Напрыклад, Ірына Дубянецкая чытае лекцыі пра Біблію — і ў іх з навучэнцамі праходзіць супольная праца над тэкстам. Ты можаш проста сядзець і слухаць, а можаш прапаноўваць свае пераклады, інтэрпрэтацыі. У нашых філосафаў, відаць, троху больш лекцый, але гэта не адмяняе дыскусіі і спрэчкі. У мінулым годзе курс Уладзіміра Мацкевіча скончыўся серыяй філасофскіх інтэрв’ю і дыялогаў са слухачамі — магчыма, і ў гэтым годзе так будзе. Хатніх заданняў практычна няма, таму за непаспяховасць нікога не выганяем.

— «Сярэдні» слухач Лятучага ўніверсітэта — гэта хто?

— Мы спрабавалі вызначыць гэтага «сярэдняга»слухача, але цэласны вобраз не складаецца. Гэта вельмі розныя людзі: ад кандыдатаў навук, якія ходзяць, хутчэй, да калегаў дзеля размоў і дыскусій, да ўчорашніх школьнікаў, якія шукаюць новых ведаў. Часцей, гэта не студэнты, а людзі, якія ўжо скончылі ВНУ і адчуваюць патрэбу ў далейшым развіцці.

«Лятучы ўніверсітэт» — гэта выклік не толькі для студэнтаў, але і для выкладчыкаў, бо мы выкладаем перад групамі, ад якіх ты не ведаеш, чаго чакаць. Большая праблема — не ў тым, што ў слухачоў розны ўзровень, а ў тым, што гэта не студэнты, якія ведаюць, што яны абавязаныя нешта здаць, а абсалютна вольныя людзі, якія маюць свае мэты і задачы на гэтыя курсы, маюць свой досвед. Спачатку вельмі складана зразумець групу, але звычайна праз некалькі заняткаў ужо ўсталёўваюцца пэўныя адносіны. Гэта і выклік, але і цікава.

— Вось чытаеш назвы курсаў, напрыклад, «Тэхнікі сімвалічнай інтэрпрэтацыі» альбо «Уводзіны ў посткаланіяльную тэорыю» — і становіцца страшна, што нічога не зразумееш на занятках...

— Па-першае, цяжка павінна быць, і гэта нармальна. Імкненне да спрашчэння — гэта не для ўніверсітэта. Па-другое, шмат што залежыць ад таго, ці гатовы чалавек разбірацца і нешта аналізаваць, альбо проста атрымліваць разжаваную інфармацыю. У нас вельмі розныя выкладчыкі, можна параўнаць розныя стылі мыслення і знайсці таго, з кім табе найбольш зручна высвятляць праблемы, што цябе цікавяць.

Наогул, такога кшталту адукацыя — гэта складана, гэта цяжка па-чалавечы, бо ты змяняешся, а калі ты змяняешся, трэба адмаўляцца ад сябе ўчорашняга. Мы і не імкнёмся да ўтылітарнай адукацыі, цяпер такіх магчымасцяў хапае, навошта рабіць тое, што робяць іншыя.

«Лятучы універсітэт» — гэта, у пэўным сэнсе, гульня. Ты прыходзіш і не ведаеш, якім ты выйдзеш. Гэта пэўная рызыка. Мне падаецца, што новыя людзі, якія прыйдуць у гэтым годзе, — гэта авантурысты ў добрым сэнсе гэтага слова.

— Ці можаце парэкамендаваць нейкі адмысловы курс чалавеку, які толькі пачынае знаёміцца з «Лятучым універсітэтам»?

— Вельмі складана нешта рэкамендаваць, мне падаецца ўсё вельмі цікавым. Я б параіла глядзець не на назвы курсаў, а на выкладчыкаў, тым больш пра кожнага з іх можна знайсці досыць інфармацыі ў інтэрнэце. Пачытайце і вызначце чалавека, з якім вам будзе цікава задаваць пытанні сабе і сусвету.


Важна! Запіс на курсы і ў школы Лятучага ўніверсітэта адкрыты да 12 кастрычніка. Запісацца, а таксама падрабязна азнаёміцца з праграмай і зместам курсаў можна на сайце Лятучага універсітэта www.fly-uni.org. Навучанне бясплатнае, заняткі праходзяць на беларускай і рускай мовах. 

Каментаваць