Так сыходзяць паэты

Генадзь Бураўкін чакаў гэтую сваю апошнюю кнігу. Мусіць, думка пра яе і трымала яго ўсе тыя майскія дні…

 

Генадзь Бураўкін. Фота Сяргея Шапрана



27 мая ўвечары разам з Уладзімірам і Вольгай Някляевымі і Глебам Лабадзенкам мы былі ў Бураўкіна. Разам з намі быў і адзіны, сігнальны экземпляр кнігі «Нагаварыцца з зоркамі», які дзякуючы выдаўцу Генадзю Вінярскаму сёння ўручную склалі ў тыпаграфіі. Дома знаходзіліся Юлія Якаўлеўна і дзеці Генадзя Мікалаевіча Святлана і Аляксей.

 

«Генадзь Мікалаевіч, паспелі», — сказаў я. Бураўкін, як падалося, неяк разгублена трымаў кнігу ў руках, нібыта не ведаў, што з ёй рабіць, пасля паднёс яе да вуснаў, ціха-ціхенька прамовіў: «Малайцы». Ён больш нічога не сказаў — мусіць, ужо не ставала сіл. Потым паклікаў Някляева.

 

Генадзь Бураўкін: Валодзечка…

 

Уладзімір Някляеў: Што, дарагі мой, што, мой харошы?

 

Г. Б.: Дзякуй.

 

У. Н.: Гэта не столькі мне, колькі вось Шапрану і Лабадзенку. Шапран, ён удзень і ўночы сядзеў. І трэба сказаць, што хлопцы проста малайцы. Я ў захапленні ад іх…

 

С. Ш.: Генадзь Мікалаевіч, кніга выйшла шмат у чым дзякуючы і Генадзю Вінярскаму з выдавецтва «Кнігазбор». Каб ён не падключыўся да справы, дык яшчэ б чакалі і чакалі.

 

Г. Б.: Дзякуй. Дзе ён?

 

У. Н.: Ён на рабоце. Але скажам яму «дзякуй» ад Бураўкіна.

 

Г. Б.: Ой, малайцы!

 

Адкаркавалі бутэльку шампанскага. «Давай будзем выпіваць за кніжку, бо што гэта за паэт, які не будзе выпіваць за сваю кнігу?! Гэта абы што, а не паэт! — жартам казаў Някляеў і пасля сур’ёзна: — Генадзь, твае родныя — сын, дачка, жонка — і людзі, якія любяць цябе і якія прыйшлі ў гэты дзень, віншуюць цябе з выхадам тваёй чарговай кніжкі. З выхадам кнігі вялікага беларускага паэта, сапраўднага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна. З тым — ура!» І Генадзь Мікалаевіч ледзь чутным рэхам: «У-ура». Потым Някляеў, адзначыўшы: «Проста выдатныя вершы, я зачытваўся, калі гэта рэдагаваў», дэкламаваў свае любімыя вершы з новай кнігі, у тым ліку «Столькі тлуму, столькі грому…», «Старэем. Запазнела служым прозе…». Пасля ўжо Юлія Якаўлеўна запыталася: «Ты задаволены, што хлопцы табе такі падарунак зрабілі, Ген?»

 

Г. Б.: Канешне… Канешне.

 

У. Н.: У цябе Крыжоўка выйшла як у Пушкіна Болдзіна, вось што я табе скажу.

 

Г. Б.: А што, правільна.

 

С. Ш.: Бураўкінскае Болдзіна.

 

Г. Б.: Праўда.

 

У. Н.: Кніжка проста класная. Яна на ўзроўні той кнігі, якая выйшла ўжо па смерці Рыгора. Прыкладна з тым жа асэнсаваннем жыцця і смерці, існавання на зямлі і над ёй. Так што, ты проста малайчына, Генадзь.

 

Г. Б.: Ой, хлопцы, нагаварылі…

 

У. Н.: Ну, ты напісаў — мы нагаварылі…

 

Г. Б.: Ну, дзякуй… Дзякуй, хлопцы, дзякуй.


Генадзь Бураўкін. Фота Сяргея Шапрана


 

Услед за тым Някляеў прыгадаў адзін з апошніх вершаў Барадуліна, які быў напісаны за тры дні да яго сыходу, 28 лютага, і які ніхто — ні Валянціна Міхайлаўна Барадуліна, ні Бураўкін, ні Някляеў — не здолеў расшыфраваць. Удалося расчытаць толькі першыя два радкі: «Генадзь і ў залётах, І ў працы адзін…» Цяпер жа Някляеў казаў: «А той верш апошні, які прысвяціў табе Барадулін, дык ён неразборлівы па той прычыне, што Рыгор скінуў табе сваю кардыяграму сэрца. Вось што значыць сапраўдны сябар…» І потым: «Я хачу сказаць, што малайцы рабяты. Вось мы з табой часцяком, Генадзь, жаліліся, успамінаючы старэйшае пакаланне, што падраслі маладзейшыя нейкія не такія. Так, ёсць і не такія, а ёсць, аказваецца, і такія. Як заўсёды яно было, так і ёсць. Гэта нам здаецца, што там у нас адны малайцы былі рассыпаныя… Гэтак уладкаваная ўсё-ткі чалавечая памяць, што калі нават, як развязаны сноп, абмалочваецца, зерне на таку застаецца. Так што з кніжкай усё добра. Зерне. Цяпер трэба пераходзіць да другога параграфа нашай праграмы — да прозы, хоць бы да мемуарнай для пачатку, пра што мы і дамаўляліся. Добра было б, каб ты напісаў гэтую кніжку на тваім крыжоўскім-болдзінскім лецішчы, бо ніхто, апроч цябе, не ведае таго, што ведаеш адзін ты...»

 

Бураўкін на гэтыя словы маўчаў, зрэдку цяжка ўздыхаючы. Відаць было, што ён знясіліўся, і нам час сыходзіць.

 

У. Н.: Ну што, дарагі, яшчэ раз віншую цябе з кніжкай. Мацуйся, мой любы дружа.

 

Г. Б.: Дзякуй.

 

У. Н.: Ты ўсё трываеш, як сапраўдны ваяр...

 

Г. Б.: Дзякуй… Дзякуй, дарагі.

 

І пасля яшчэ раз: «Дзякуй, хлопцы, дзякуй. За ўсё дзякуй». Перарывіста, праз сілу выгаворваючы словы і гледзячы так, нібыта быў яшчэ з намі і нібыта ўжо й не…

 

Развітваючыся, я ўзяў Генадзя Мікалаевіча за руку. Кожнага разу ў самыя апошнія дні я, развітваючыся, паціскаў яму руку, бо ў самога яго на тое ўжо не ставала сіл. (Праўда, яшчэ ў першыя дні ён падымаў на развітанне сціснуты кулак — у знак вітання, і кожнага разу мне міжвольна прыгадваўся Васіль Быкаў, які рабіў гэтаксама, калі былі ў яго ў Бараўлянах). Звычайна Генадзь Мікалаевіч ніяк на гэта не рэагаваў, але цяпер затрымаў мае пальцы ў сваіх, дужа слабых, і нейкі час трымаў, не адпускаючы. Я яшчэ сказаў «да пабачэння», маючы на ўвазе сустрэчу ці яшчэ тут, ці ўжо там, бо ўжо тады прамільгнула думка, што мы развітваемся, відаць, цяпер ужо назаўсёды.

 

…Па-мойму, Генадзь Мікалаевіч і сам не мог спачатку паверыць у тое, што апошняе і галоўнае яго жаданне гэтых дзён нарэшце здзейснілася. А потым, мусіць, быў проста ўсцешаны тым, што гэта адбылося. Уладзімір Някляеў пасля напісаў: «За тры дні да ягонай смерці мы прынеслі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна — развітальная… І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было не шчасце ці радасць, цяжка шчасцю ці радасці выявіцца на мяжы жыцця і смерці, — гэта было Вялікае Супакаенне. Што жыццё пражыў, як належыць. Зрабіў у ім, што мог. Так сыходзяць паэты».

Каментаваць